Национальный |
||||
Сборники |
||||||||||||
ГЕРБОЎНIК БЕЛАРУСКАЙ ШЛЯХТЫТом 2
ПрадмоваГiстарычны лёс не вельмi спрыяў захаванню нацыянальнай спадчыны Беларусi. Драматычныя падзеi знiшчылi вялiкую частку нашага дакументальнага багацця, раскiдалi яе рэшткi па розных краiнах. Да канца 1980-х гадоў у грамадстве не надавалася належнай увагі развіццю генеалогіі. Дэмакратызацыя грамадскага жыцця на пачатку 1990-х гадоў абудзiла вялiкую цiкавасць да ўласнае генеалогii сярод шырокiх слаёў насельнiцтва Беларусі. Людзей цiкавяць самыя розныя пытаннi — этнiчныя каранi, паходжанне прозвiшча, абставiны жыцця продкаў i iх лёс, роднасныя сувязi i г.д. Мець уласны радавод, хоць бы i не шляхецкi, стала модна. Зрэшты, так i павiнна было быць. Радавод — гэта не проста генеалагiчныя звесткi. Радавод — гэта памяць. Хто не памятае мінуўшчыны, той не мае будучыні. Гэта падкрэслiвае значную гуманiстычную накiраванасць i перспектыўнасць сучасных генеалагiчных даследаванняў. Мяжа ХХ-ХХІ стст. атрымалася для беларускай генеалогіі дастаткова плённай: з’явіўся шэраг прац як тэарытычнага, так і практычнага накірунку. Варта ўзгадаць рэгіянальныя гербоўнікі — “Малы гербоўнік Наваградскай шляхты” (Мн., 1997) і “Малы гербоўнік Халопеніцкай шляхты” (Мн., 1999), а таксама адпаведныя артыкулы ў даведніках “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” і энцыклапедыі “Вялікае Княства Літоўскае”, працы С.Амелькі, У.Вяроўкіна, В.Насевіча, С.Рыбчонка, З.Яцкевіча і іншых даследчыкаў 1 . Галоўнымі крыніцамі для вывучэння самых розных генеалагічных пытанняў сталі пераважна архіўныя (неапублікаваныя) дакументы, што захаваліся ў гістарычных архівах Беларусі ў Мінску і Гродна. Самы вялікі і адзін з найбольш каштоўных комплексаў па генеалогii беларускай шляхты — былы архiў Мiнскага губернскага дваранскага дэпутацкага сходу (далей ДДС), што захоўваецца ў НГАБ. Апроч генеалогіі гэтыя дакументы захавалі шмат звестак, патрэбных для развіцця агульнай медыевістыкі і гісторыі новага часу, спецыяльных гістарычных дысцыплін — геральдыкі, сфрагістыкі, памежных навук — анамастыкі, гістарычнай геаграфіі і іншых. Зважаючы на гэта, НГАБ у 1994-1995 гг. распрацаваў доўгатэрмiновую праграму “Генеалогія і геральдыка шляхецкіх родаў Беларусі”. Яе мэта – падрыхтаваць да выдання энцыклапедычны даведнік па генеалогіі і геральдыцы шляхты Беларусі, на падставе ўсебаковага вывучэння архіўных дакументаў. Характэрная асаблівасць шляхецкай генеалогіі — разнастайнасць крыніц, якія цалкам ахапіць практычна немагчыма, таму матэрыяламі для падрыхтоўкі гербоўніка сталі асноўныя крыніцы перыяду існавання Расійскай імперыі: пратаколы вывадовай камiсii (выводы і далучэнні), радаслоўныя кнігі (генеалагічныя табліцы), асабістыя справы аб дваранстве роду 2 . Сёння гэтыядакументы захоўваюцца ў фондзе № 319. Увогуле з архіва Мiнскага ДДС захавалiся пратаколы практычна за ўсе гады (96% ад зводу), вялiкая колькасць асабістых спраў (каля 4000 адз., што складае прыблізна 72% ад зводу), крыху генеалагічных табліц, што ўяўляюць сабой падабенства радаводных кнiг (без натавання доказаў на шляхецтва) 3 . Другая асаблiвасць шляхецкай генеалогii — наяўнасць радаводу — таксама патрабуе пiльнай увагi. Лiчыць радавод, што маецца ў архiўных справах, распрацаваным можна толькi ўмоўна. Яшчэ ў канцы XIX — пачатку XX ст. вядомыя расійскія генеалогі М.Лiхачоў, Л.Савелаў i iншыя навукоўцы звярнулi ўвагу на неабходнасць крытычнага аналiзу шляхецкай генеалогii, а польскі даследчык I.Дважачак наогул ахарактарызаваў першую палову XIX ст. (калі адбылася пераважная большасць выводаў) як росквiт “фальшывай” генеалогii 4 . Найбольш значныя недахопы радаводаў, што змешчаны ў выводах ДДС — блытанiна ў пачатках генеалогii (як вынік выкарыстання мiфiчных, некрытычных i памылковых звестак), нярэдкая фальсiфiкацыя асобных дакументаў i фрагментаў генеалогii, стварэнне штучных радаводаў для зацвярджэння Сенатам. Усё гэта патрабуе ад даследчыка арыентацыi сярод самых розных крынiц, ведання пэўных гiстарычных i iншых працэсаў, умення крытычна аналiзаваць атрыманую iнфармацыю. З вопыту работы ў архiве адзначым некаторыя моманты ў шляхецкiх радаводах, што павiнны насцярожваць даследчыка: - прадстаўленне выпiсаў з актавых кнiг, якiя знiшчаны, або спасылка на актыкацыю дакумента ў iх; У 2002 г. быў выдадзены першы том «Гербоўнiка беларускай шляхты», што змясцiў радаводы больш за 190 шляхецкiх родаў Беларусi на лiтару «А». Ён даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю, таму ёсць сэнс нагадаць галоўныя прынцыпы апісання матэрыялаў і падрыхтоўкі іх да выдання. За ўзор для напісання гербоўніка былі ўзяты класічныя працы А.Банецкага “Herbarz Polski” і С.Урускага “Rodzina. Herbarz szlachty polskiej”, грунтоўнасць якіх вытрымала амаль стогадовае выпрабаванне 6 . З крыніцазнаўчага пункту гледжання, з улікам сучасных навуковых норм і патрабаванняў, былі прыняты захады, каб як мага больш дакладна перадаць апрацаваныя архіўныя матэрыялы і правільна перакласці іх на беларускую мову. Дзеля гэтага быў захаваны пакаленны роспіс, што прысутнічаў у структуры выводаў, з увядзеннем суцэльнай (валавай, агульнай) нумарацыі на ўсіх прадстаўнікоў роду (у яго ўключаны і прадстаўнікі жаночай лініі, згаданыя ў дакументах, але пераважна не трапіўшыя згодна з дзеючым дваранскім заканадаўствам у радавод). Чарговасць размяшчэння канкрэтных асоб у калене строга адпавядае парадку, які ёсць у дакуменце, або згодна з храналогіяй дат іх нараджэння (ад ранейшай). Радаводы да першага выводу ўключна пададзены цалкам, без аніякіх скарачэнняў, пазнейшыя звесткі падаваліся сцісла і часам у абагульненым выглядзе. Уласныя імёны пададзены дакладна, як у дакуменце, што дазваляе нярэдка меркаваць аб этнічнай ці канфесійнай прыналежнасці яго носьбіта, асабліва ў пачатках генеалогіі; гэта ж тычыцца ўсіх прозвішчаў і геаграфічных назваў. Інфармацыя па генеалогіі канкрэтнага прозвішча, змешчаная ў “чужых” радаводах, да патрэбнага артыкула не далучалася, аднак пазначана ў асабовым паказальніку. Адшуканыя ў матэрыялах недакладнасці , незразумеласці ці проста памылкі , дадатковая інфармацыя , што не тычыцца ўласна генеалогіі ( асабліва звесткі пра дату і месца актыкацыі дакументаў ), а таксама ўсе заўвагі і крытычна - аналітычныя разважанні аўтараў ( рэдактараў ) вынесены ў зноскі . У канцы кожнага артыкула пададзены крыніцы, што былі выкарыстаны для стварэння радавода. Асаблівая ўвага надавалася адкрыццю мажлівых фальсіфікацый дакументаў, што нярэдка сустракаюцца ў архіўных дакументах, і высвятленню рэальнай генеалогіі роду. Артыкулы па генеалогіі ўсіх родаў напісаны па аднолькавай схеме, якая складаецца з наступных частак: першая: назва — падаецца прозвішча і яго варыянт (калі ўжываўся) з пазначэннем назвы гербу ці яго варыянта (змены), якім дадзены род карыстаўся; другая: уступная частка — звесткі, адкуль па родавым паданні паходзілі ці дзе пражывалі складальнікі выводу, а таксама прыналежнасць іх да шляхты, зямян ці іншага стану. Тут жа падаюцца звесткі пра наданне гербу ці зменаў, карыстанне гербавымі ці родавымі прыдомкамі і інфармацыя, якая была запісана ў выводзе як вядомая, але не звязаная непасрэдна з дадзеным радаводам; трэцяя: асноўная частка — апісанне генеалогіі, якая падаецца ў выглядзе пакаленнага роспісу. Яна ўключае ўказанне рэальнага, засведчанага пэўнымі звесткамі і дакументамі, родапачынальніка, яго нашчадкаў з пазначэннем сваяцкіх сувязяў, шлюбаў, фактаў валодання імі зямлёй і маёнткамі, прызначэння ці выбару на пасады і выканання адпаведных абавязкаў, нясення цывільнай або вайсковай службы, месцаў пражывання, перасялення і г.д. Асноўная частка завяршаецца інфармацыяй пра даты выводу ў ДДС з указаннем часткі радаслоўнай кнігі, да якой род быў аднесены, і ўказа Дэпартамента Герольдыі пры Сенаце аб зацвярджэнні (ці незацвярджэнні) роду ў дваранстве Расійскай імперыі; чацвёртая: крыніцы — падаецца спіс усіх выкарыстаных аўтарам для стварэння дадзенага радаводу архіўных і публікаваных матэрыялаў. Да гербоўніка падаецца неабходны навукова-даведачны апарат, складзены выключна на падставе апрацаваных дакументаў без выкарыстання якіх-небудзь спецыяльных даведнікаў. Лічба ў ім абазначае парадкавы нумар артыкула — адпаведна дужкамі і падкрэсліваннем пазначаны роды, якім прысвечаны асобныя артыкулы. Асабовы паказальнік уключае ўсе згаданыя прозвішчы (з варыянтамі, прыдомкамі) і імёны вядомых гістарычных асоб з пазначэннем іх пасад, урадаў і г.д. Саслоўная прыналежнасць адзначалася толькі для нешляхецкіх станаў. Асаблівая ўвага надавалася ўліку жаночых ліній, таму жанчыны пададзены некалькі разоў, на дзявочыя і шлюбныя прозвішчы, з указаннем (пры мажлівасці) чарговасці шлюбу, бацькоў і іншых звестак. Геаграфічны паказальнік уключае ўсе ўласныя назвы населеных пунктаў, геаграфічных і адміністрацыйна-тэрытарыяльных аб’ектаў з указаннем тытулу (для населеных месцаў) і яго адміністрацыйна-тэрытарыяльнай прыналежнасці падчас існавання Рэчы Паспалітай ці Расійскай імперыі. Алфавітны спіс гербаў змяшчае іх назвы ў гербоўніку з указаннем родаў, якія імі карысталіся 7 . Выданне першага тома падкрэслiла актуальнасць распрацоўкi тэмы i яе галоўныя накiрункi i прынцыпы. Разам з тым выявiлiся пэўныя магчымасці для ўдасканалення працы. Для зручнасцi карыстання ўведзена новая падвойная нумарацыя прадстаўнiкоў рода: першая лiчба адпавядае нумару канкрэтнага прадстаўнiка ў агульнай генеалагiчнай схеме, другая лiчба — нумару, пад якiм запiсаны яго бацька. Замест чорна-белых штрыхаваных малюнкаў пададзены арыгiнальныя малюнкi гербаў з архiўных дакументаў XIX ст. Прыналежнасць малюнка герба канкрэтнаму роду пазначана лічбамі ў дужках у змесце за адпаведным артыкулам. Падаецца польскамоўны варыянт прозвішча артыкульных родаў, зафіксаваны ў дакументах (у асабовым паказальніку). Нягледзячы на пэўныя цяжкасцi, праца працягваецца, i зараз чытач мае магчымасць азнаёмiцца з наступным томам на лiтару «Б». Ён змяшчае генеалогii больш за 300 шляхецкiх родаў Беларусi. Сярод iх ёсць i вядомыя прозвiшчы: Багдановiчы, Багушэвiчы, Буйвiды, Булгакi, Быкоўскiя i iншыя. Не трэба разглядаць зробленыя радаводы як закончаныя i адзiна правiльныя. Яны абмежаваны канкрэтным колам апрацаваных крынiц, якiя падчас змяшчаюць фрагментарную i нават не заўсёды дакладную iнфармацыю. Галоўную задачу аўтары бачылi ў наступным: крытычны аналiз захаваўшыхся дакументаў, стварэнне агульнай генеалагiчнай схемы рода, як мага больш поўнае знаёмства карыстальнiкаў з важнейшымi дакумент амі — доказамі на шляхецтва — і генеалагiчнымi звесткамi, што ў іх змешчаны. Аўтарскi калектыў выказвае вялiкую ўдзячнасць кiраўнiцтву архiва, усiм калегам, што дапамагалi стварэнню i публiкацыi гэтай працы. С.Рыбчонак ____________________
1 Галенчанка Г.Я. Генеалогія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мн, 1994. С. 505-507; Нарбут А.Н. Генеалогия Белоруссии. Вып. 1- 4. М., 1994-1996; Малы гербоўнік Наваградскай шляхты. Мн., 1997; Яцкевіч З. Малы гербоўнік Халопеніцкай шляхты. Мн., 1999; Амелька С. Шляхецкі род Сямашкаў гербу “Лебедзь”: рассяленне, паходжанне і гістарычна-культурнае значэнне ў XVI – XIX стст. // Герольд. 2001, №1. С. 27-34; Вяроўкін-Шэлюта У. Васіль-Цяпінскі й род Слушкаў-Цяпінскіх у ХVI стагоддзі // Годнасць. 1994, №1. С. 15-21; Dumin S. Herbarz rodzin tatarskich Wielkiego Ksiestwa Litewskiego. Gdansk, 1999; Залівака А. Агляд сучасных публікацый па генеалогіі Беларусі // Архіварыус. Вып. 3. Мн., 2005. С. 168-180; Насевіч В.Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў. Мн., 1993; Рыбчонак С. Крыніцы па генеалогіі Беларусі XVI – пачатку XX ст. Метадычныя парады. Мн., 2003; 2 Гл. Рыбчонак С. Крыніцы па генеалогіі беларускай шляхты і правядзенне архіўных даследаванняў // Гербоўнік беларускай шляхты. Т. І. Мн., 2002. С.17-27. 3 Нядаўна фрагменты асобных радаслоўных кніг Мінскай губерні былі выпадкова адшуканы ў архіве былога Мінскага абкама КПБ, дзе выкарыстоўваліся як вокладкі да іншых спраў. 4 Медушевская О.М. Генеалогические исследования польских историков // История и генеалогия. М., 1977. С. 271. 5 Прыклад з падрабязным аналізам асабістых спраў на дваранства, у т.л. фальсіфікаваных доказаў, гл. Рыбчонак С. Радаводная справа шляхецкага роду Міцкевічаў // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып . 7. Мн ., 2006. С . 109-120. 6 Boniecki A. Herbarz polski. T. 1-16. Warszawa, 1899-1914; Uruski S. Rodzina. Herbarz szlahty polskiej. T. 1-21. Warszawa, 1904-1938. 7 Больш падрабязна пра прынцыпы апісання матэрыялаў , у т . л . па геральдыцы , правілы моўнай перадачы ўласных назваў гл . ва ўступных артыкулах С . Рыбчонка , У . Свяжынскага і З . Яцкевіча да 1- га тома « Гербоўніка …» ( С . 28-33).
ЗМЕСTПРАДМОВА СПІС СКАРАЧЭННЯЎ УМОЎНЫЯ АБАЗНАЧЭННІ 1. БАБІНСКІЯ гербу «ЛЯЛІВА » АСАБОВЫ ПАКАЗАЛЬНІК ГЕАГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК СПІС МАЛЮНКАЎ ГЕРБАЎ МАЛЮНКІ ГЕРБАЎ АЛФАВІТНЫ СПІС ГЕРБАЎ З ПАЗНАЧЭННЕМ РОДАЎ, ЯКІЯ ІМІ КАРЫСТАЛІСЯ
|
niab@niab.by | |||