НачалоКарта сайтаОбратная связь  

Национальный
исторический
архив Беларуси


Прэс-рэліз на зборнік навуковых артыкулаў і паведамленняў «Архіварыус» (выпуск 10)



На старонках дзясятага выпуска зборніка навуковых артыкулаў і паведамленняў «Архіварыус» – дзясятага выпуска штогадовага перыядычнага выдання Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, асвятляецца шырокае кола пытанняў па гісторыі, архівазнаўству, археаграфіі, крыніцазнаўству і іншых спецыяльных гістарычных дысцыплінах. Публікуюцца дакументы па сярэдневяковай, новай і найноўшай гісторыі Беларусі, агляды архіўных фондаў і біяграмы беларускіх архівістаў. У навуковы ўжытак уводзіцца шэраг новых, раней невядомых дакументаў і фактаў.

Дадзены выпуск «Архіварыуса» складаецца з сямі раздзелаў, у якім змешчаны 27 артыкулаў.

Самы шырокі спектр артыкулаў прадстаўлены ў раздзеле «Крыніцазнаўства» (12 артыкулаў). Значную частку ўсіх артыкулаў зборніка складае раздзел крыніцазнаўства, дзе знайшлі сваё даволі поўнае адлюстраванне вынікі працы даследчыкаў з канкрэтнымі крыніцамі сярэдзіны XVI – першай чвэрці ХХ ст. Так, Р.І. Аўчыннікавай на падставе разнастайных звестак, у т.л. крыніц Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ), адзначаюцца асаблівасці клімату ў Беларусі ў 1810–1813 гг., яго змяненне і ўплыў на ход ваенных дзеянняў падчас французскага пахода 1812 г.; Р.В. Баравым апісваецца планіроўка і забудова ў XIX – пачатку ХХ ст. двух захаваных і трох страчаных кварталаў гістарычнага цэнтра Мінска, якія знаходзіліся паміж вуліцай Янкі Купалы і левым берагам Свіслачы; В.У. Галубовічам упершыню праводзіцца даследаванне ўзаемаадносін полацкіх мяшчан-хрысціян і яўрэяў у першай палове XVII ст., апісваецца рэдкі выпадак супраціўлення палачан засяленню горада яўрэямі ў 1633 г.; А.В. Грыбам разглядаюцца асаблівасці функцыянавання магістрацкіх урадаў і даследуецца дзейнасць ураднікаў па кіраванні горадам Дзісна ў перыяд Першай Рэчы Паспалітай; А.Л. Грывянёвым на падставе дакументаў НГАБ праводзіцца паглыбленае даследаванне гісторыі касцёла Святога Ружанца, іншых касцёлаў і капліц Полацкай парафіі ў другой палове XVIII – пачатку ХХ ст.; П.А. Каралёвым разглядаецца комплекс мер, якія прымаліся расійскімі ўладамі па вобласці захаванні помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку аб’ектаў архітэктуры, на беларускіх землях у перыяд Расійскай імперыі (1772–1917); А.А. Лашкевічам на падставе дакументаў НГАБ даследуецца дзейнасць Магілёўскага губернскага жандарскага ўпраўлення ў сферы палітычнага вышуку другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст.; А.М. Лукашэвічам усебакова разглядаецца эвалюцыя вайсковага кіравання на беларускіх землях у 1796–1812 гг.; П.А. Некрашэвічам даследуюцца супярэчлівыя ўзаемаадносіны паміж мірным насельніцтвам Валынскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў, а таксама Беластоцкай вобласці, і вайскоўцамі Асобнага Літоўскага корпуса ў перыяд паміж 1817 і 1830 гг.; І.В. Соркінай на падставе дакумента Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва аналізуюцца наступствы вайны 1812 г. для мястэчка Капыль Слуцкага павета Мінскай губерні; Ф.В. Чарняўскім аналізуюцца факты біяграфіі, сямейна-роднасныя сувязі і маёмаснае становішча грамадска-палітычнага дзеяча Стэфана Фёдаравіча Гладкага, пісара земскага ВКЛ у 1571–1617 гг.

У раздзеле «Публікацыя і археаграфічная апрацоўка архіўных дакументаў» два артыкулы з чатырох упершыню ўводзяць у навуковы ўжытак невядомыя дагэтуль крыніцы. Так, А.М. Лукашэвічам і З.Л. Яцкевічам публікуюцца 24 дакументы, якія асвятляюць пытанні палітычнага становішча Беларусі напярэдадні вайны 1812 г. і падрыхтоўкі беларускіх земляў як верагоднага тэатра вайсковых дзеянняў; В.В. Урублеўскім на мове арыгінала публікуецца ліст віцебскага скарбніка Ю. Пагоскага за 1787 г., які сведчыць аб цікавай з’яве прысваення сабе сялянамі шляхецкага паходжання. Тэматыка археаграфічнай апрацоўкі дакументаў прадстаўлена ў раздзеле двума артыкуламі Ю.У. Несцяровіча.

У раздзеле «Архівазнаўства» пад аўтарствам В.М. Нікіценкі знаходзіцца адзін але грунтоўны артыкул з тэматычнай падборкай дакументаў, прысвечаных дзейнасці міжведамаснай камісіі М.В. Калачова па пытаннях архіўнай справы ў 1873–1885 гг. Раздзел «Генеалогія і геральдыка» уключае адзін артыкул пад аўтарствам А. І. Шаланды, дзе даследуюцца генеалогія і геральдыка полацкіх баяраў Галубцэвічаў, упершыню апісваецца гербавая пячатка прадстаўніка роду Яцкі Багданавіча, датаваная 1541 г. Рубрыка, прысвечаная навукова-даведачнаму апарату, забеспячэнню захаванасці і ўліку дакументаў, на гэты раз прадстаўлена артыкулам В.В. Урублеўскага, дзе разглядаюцца асноўныя недахопы навукова-даведачнага апарату да фонду НГАБ «Мінская мяшчанская управа» (ф. 330) і прапануюцца канкрэтныя крокі па яго ўдасканаленню. У раздзеле «Постаці архівістаў» А.М. Латушкін і В.В. Урублеўскі працягваюць публікаваць біяграмы архівістаў Нясвіжскага архіва Радзівілаў і Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу.

Працягваецца агляд гістарычных прац іншых даследчыкаў. Тут змешчаны аннатацыі А.Б. Доўнара на выданне украінскай даследчыцы Н. Белавус, прысвечанае публікацыі і крыніцазнаўчаму аналізу 13 тастаментаў кіяўлян сярэдзіны XVI – першай паловы XVII ст.; В.В. Урублеўскага на першае айчыннае гістарычнае даследаванне, прысвечанае ордэну базыліянаў і праведзенае С.М. Клімавым; Ю.У. Несцяровіча на «Метадычныя рэкамендацыі па публікацыі польскамоўных дакументаў XVI–XIX стст.», складзеныя А.І. Шаландай; В.В. Урублеўскага і З.Л. Яцкевіча на «Кнігу магістрата места Полацка 1727 г.» — першую ў сучаснай айчыннай гістарыяграфіі поўную публікацыю ўсёй актавай кнігі асобнай дзяржаўнай установы перыяду Рэчы Паспалітай, падрыхтаваную да выдання А.М. Латушкіным і М.Дз. Макаравым. У артыкуле С.У. Жумара характарызуецца першы старшыня Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводству А.М. Міхальчанка (19.08.1947–12.02.2012). М.Ф. Шумейкам асвятляюцца пытанні арганізацыі працы над дакументальнымі зборнікамі, прысвечанымі гісторыі БДУ і выдадзенымі ў межах універсітэцкай серыі «Памяць і слава».

Навукова-даведачны апарат да публікацый характарызуецца наяўнасцю неабходных умоўных скарачэнняў, графічных матэрыялаў, крыніц і літаратуры, беларускамоўнага, рускамоўнага і англамоўнага рэзюмэ і зместа.

У адпаведнасці з загадам Старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2012 г. № 21 зборнік «Архіварыус» уключаны ў пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па гістарычных навуках.

Прызначаецца архівістам, гісторыкам, краязнаўцам і ўсім, хто цікавіцца старонкамі мінулага Беларусі.

Выданне магчыма набыць у кнігарні “Акадэмкніга” і ў бібліятэцы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.







Национальный
исторический архив Беларуси

niab@niab.by
Кропоткина, 55, Минск, Беларусь