Национальный |
||||
Сборники |
||||||||||||
Магілёўскі магістрат1597-1598, 1599-1600, 1602-1603. Выпуск II.Беларусь у актавых кнігах XVI-XVIII стст.ПрадмоваДругі выпуск серыі “Беларусь у актавых кнігах XVІ—XVIIІ стст.” змяшчае ўнутраныя вопісы актавых кніг Магілёўскага магістрата канца XVI — пачатку XVII ст. і з’яўляецца працягам першага выпуску, які выйшаў у 1999 г. і атрымаў шэраг станоўчых водгукаў у навуковай грамадскасці 1. У дадзенае выданне ўвайшлі рукапісы фонду “Магілёўскі магістрат” № 1817 вопісу № 1, якія маюць сучасныя справаводныя архіўныя нумары 4 (1597—1598 гг.), 5 (1599—1600 гг.) і 6 (1602—1603 гг.) 2. Адпаведна ў другім выпуску серыі ўнутраныя вопісы гэтых кніг атрымалі нумары ІІІ, IV, V, што звязана з тым, што першая, якая захавалася ў НГАБ, кніга “Магілёўскага магістрата” за 1579—1580 гг. была надрукавана Зміцерам Даўгялам у XXXIX томе актаў “Віленскай археаграфічнай камісіі” (далей — АВАК) і дзве наступныя пад нумарамі I, II былі надрукаваны ў папярэднім выпуску “Магілёўскага магістрата” 3. Структура выдання не змянілася. Як і ў першым выпуску — гэта прадмова, тры ўнутраныя вопісы, асабовы і геаграфічны паказальнікі, а таксама тэрміналагічны слоўнік. У сувязі з тым што ў папярэднім выданні ў прадмове змешчана даволі падрабязная гістарычная частка, якая ўключае гісторыю самога горада Магілёва, архіва магістрата, а таксама пытанні публікацыі ягоных дакументаў, мы вырашылі зараз апусціць гэтыя моманты ў прадмове. Нам падаецца вартым надаць больш увагі гісторыі самой установы, яе функцыям, структуры і складу. Вышэй згаданым пытанням у савецкай і сучаснай беларускай гістарыяграфіі не надавалася належнай увагі. Часцей за ўсё яны мелі даволі агульны характар альбо зусім не асвятляліся 4. У той жа час у Польшчы існуе шэраг манаграфічных прац Я. Ласоўскага, К. Скупеньскага, З. Гуральскага і інш. 5 Функцыі магістрата і ягоных ураднікаў крыху больш падрабязней спрабаваў разгледзець у 20-я гады XX ст. беларускі даследчык В. Дружчыц 6. Асобныя дакументы па гэтай тэме былі надрукаваны ў VII і VIII тамах “Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў”, а таксама ў першым томе “Беларускага архіва” 7. Рукапісныя арыгіналы гэтых і іншых дакументаў знаходзяцца ў фондзе Магілёўскага магістрата 8. Цікавейшы дакумент “Пункты да ардынацыі ў Магілёве 1633 г.”, які быў выяўлены намі ў “Архіве камеральным” у Архіве старажытных актаў у Варшаве (далей — AGAD). Фактычна гэта статут г. Магілёва, дзе падрабязна распісаны прынцып элекцыі (выбараў) магістрата, ягоны склад і функцыі войта, лентвойта, бурмістраў, радцаў, лаўнікаў і многія іншыя моманты жыцця і дзейнасці горада 9. Як вядома, першы войт Магілёва Няфёд Іосіфавіч быў прызначаны каралём Жыгімонтам Аўгустам пад час увядзення валочнай памеры ў 1561 г. 10 На жаль, фактычна нічога невядома пра ягоныя функцыі і абавязкі, таксама як пра саму постаць. Другім гэты ўрад, паводле прывілею караля Стэфана Баторыя на магдэбургскае права г. Магілёву ад 28 студзеня 1577 г., атрымаў пісар ВКЛ, падкаморы віленскі і дзяржаўца любашанскі Мікалай Войцахавіч Ясенскі герба “Ястрабец” 11. Відавочна, што гэта была ганаровая і даходная пасада. Паводле вышэй згаданага прывілею войт атрымліваў сядзібны пляц у Магілёве памерам у 12,5 прутоў, 2 валокі зямлі ў гарадскіх межах, 2 сенакосныя моргі, якія вызваляліся ад падаткаў на “вечныя часы”. Акрамя гэтага, ён атрымліваў трэцюю частку судовых прыбыткаў магістрата. У абавязкі войта ўваходзілі агульнае кіраванне судова-адміністрацыйнай і фінансавай дзейнасцю горада. Ён узначальваў войтаўска-лаўніцкі суд, які павінен быў разглядаць крымінальныя справы, а часам і аб’яднаны суд, які функцыяніраваў у Магілёве. Зразумела, што пасада войта ў Магілёве была даходнай і ганаровай. Знаходжанне ў горадзе самога войта, які займаў шэраг іншых і больш значных пасадаў, было неабавязковым. Адпаведна замест сябе М. Ясенскі, як і іншыя войты, прызначаў намесніка лентвойта (ляндвойта). В. Мялешка ў сваёй манаграфіі згадвае Харка Максімавіча, які, на ягоную думку, выконваў дадзеныя абавязкі з 1579 па 1584 г. 12 Да гэтага магілёўскі мешчанін Харка Максімавіч з 1577 па 1578 г. абіраўся лаўнікам. Нам удалося ўдасканаліць гэтыя звесткі. Прычым упершыню ў актавых кнігах Магілёўскага магістрата Х. Максімавіч, з прозвішчам Расёнак, згадваецца на пасадзе лентвойта 14.11.1578 г. і апошні 28.03.1588 г. Заўважым, у апошнім дакуменце гаворыцца аб праве валодання домам лентвойта Х. Максімавіча. Шэраг ранейшых крыніц за 1588 г. згадваюць жонку Х. Максімавіча Паланею (за якую выступае Яўлан Расёнак), а яго самога ўжо як мешчаніна Лоеўскага. Усе гэтыя прыгаданыя вышэй факты даюць магчымасць сцвярджаць, што лентвойтам мог быць мешчанін. Яшчэ адзін лентвойт Магілёва Ігнат Рамановіч выяўлены намі на гэтай пасадзе згодна актавых кніг з 14.11.1578 г. па 25.10.1580 г. Ён таксама, як Х. Максімавіч, называецца славутым і ўчцівым магілёўскім мешчанінам. Усё гэта дае магчымасць зрабіць высновы, што лентвойтамі ў Магілёве прызначаліся ў перыяд 1578—1588 гг. асобы з магілёўскіх мяшчан, якія часам мелі вопыт працы ў магістраце, як у прыкладзе з Х. Максімавічам, які перад гэтым займаў пасаду лаўніка. У перыяд з канца 1578—1580 гг. у Магілёве адначасова было два лентвойты. Пэўна, падобная традыцыя працягвалася і пад час трымання ўраду магілёўскага войта каралеўскім маршалкам, кашталянам менскім і віцебскім Марцінам Стравінскім герба “Суліма”, якое працягвалася з 1580 г. фармальна, да прызначэння, відаць, у 1597 г. войтам каралеўскага сакратара Яраша (Гераніма) Валовіча герба “Багорыя”. Паводле магілёўскіх актаў М. Стравінскі ўжо ў 1596 г. згадваецца як нябожчык, паводле Вольфа ён памёр ужо ў 1594 г. 13 Адсутнасць дакументаў за гэты перыяд не дае магчымасці казаць, хто ж кіраваў горадам у азначаны перыяд. Але бясспрэчна, што на працягу амаль трох гадоў горад не мог застацца без войта ці яго намесніка. Нам вядома некалькі мясцовых лентвойтаў на той час. Гэта Франц Жалігоўскі (15.10.1589), Павел Фёдаравіч, які згадваецца 3.09.1593 г., 25.05.1596 г., Аляксей Раманавіч, зафіксаваны 31.01.1594 г. і Васіль Левановіч 27.07.1594 г. Верагодней за ўсё яны з’яўляюцца магілёўскімі мяшчанамі. Безумоўна, нельга выключыць магчымасць таго, што яны часова выконвалі функцыі лентвойта пад час ягонай адсутнасці. Як адзначае В. Мялешка, магілёўцы атрымалі права абіраць лентвойта 14. Але варта заўважыць, што гэта працягвалася зусім нядоўга. Новы этап у кіраванні горадам пачынаецца з прызначэння на пасаду лентвойта Магілёва наваградскага войта і скарбніка ВКЛ Мікалая Бральніцкага герба “Газдава”, які ўпершыню зафіксаваны на старонках актавых кніг Магілёўскага магістрата 15.07.1596 г. і займае яе больш за 10 год. Факт з’яўлення на пасадзе лентвойта шляхціца, а тым больш войта сталіцы Наваградскага ваяводства, сведчыць аб павышэнні статуса Магілёва. Сам магістрат, альбо рада меская, паводле магдэбургскага прывілею 1577 г., не была выразна вызначана, ды наогул там згадваюцца, акрамя войта і лентвойта, толькі бурмістры і радцы. Зразумела, што структура, функцыі і парадак дзейнасці самога ўрада не маглі быць не вызначаны. Таму верагодней за ўсё ён быў традыцыйны і згодна лісту магілёўскага войта Аляксандра Людвіка Радзівіла 1636 г. быў падзелены на дзве часткі: войтаўска-лаўніцкі (лава) і бурмістроўска-радзецкі (рада) 15. Першы складаўся з чатырох лаўнікаў і павінен быў разглядаць у асноўным крымінальныя справы. Ягоныя пасяджэнні павінны былі праходзіць пад кіраўніцтвам войта, але часцей за ўсё кіраваў лентвойт. У другую частку ўрада ўваходзілі два бурмістры (звычайна кіравалі) і два радцы (пазней колькасць іх павялічылася да трох, затым да чатырох), якія займаліся шырокім спектрам пытанняў гарадскога самакіравання — ад адміністрацыйна-фінансавых да натарыяльна-судовых. На пасады бурмістраў, радцаў і лаўнікаў абіралі людзей аселых, не маладзей за 25 год 16. Некаторыя вучоныя лічаць, што рада абіралася з заможнай часткі мяшчан, вярхушкі гарадскога грамадства, пераважна з купецтва ў колькасці “водлуг потрэбы мескай” 17. Безумоўна, гэта павінны былі быць паважаныя і ганаровыя людзі ў горадзе. В. Дружчыц на падставе “Парадку судоў і спраў мескіх” лічыць, што ў гарадскі ўрад варта было абіраць людзей не вельмі багатых, а асобаў сярэдняй заможнасці 18. На карысць гэтай думкі сведчаць і падзеі 1580 і 1588 гг., калі ўзнікае 50 чалавек паспольства і яшчэ адзін кантрольна-дарадчы орган — 12 паспалітых. У абавязкі апошніх уваходзіла сачэнне за слушным выкарыстаннем гарадскіх сродкаў, а таксама разам з радай яны павінны былі займацца вырашэннем разнастайных пытанняў мясцовага жыцця 19. У прыватнасці, пасаду падскарбія часта займаў радца, які так і называўся — радца скарбовы. Акрамя вышэй адзначаных асобаў, пры магістраце абіраліся чатыры шафары (два ад рады, два ад паспалітых), якія займаліся гарадскімі фінансамі і ў канцы года павінны былі рабіць падрабязную справаздачу перад усім магістратам 20. Былі ў Магілёўскім магістраце і слугі мескія, якія пазней ператварыліся ў возных. Як вынікае з вышэй згаданага ліста А.Л. Радзівіла за 1636 г., у 1589 г., паводле прывілею, падзел паміж радай і лавай быў ліквідаваны і да 1634 г. засядаў аб’яднаны суд 21. Вывучэнне пытання персанальнага складу ўраднікаў Магілёўскага магістрата мае даволі шмат цяжкасцяў. Найперш, гэта фактычная адсутнасць актаў штогадовай элекцыі магістрата. Па-другое, пастаяннае замяшчэнне аднаго з бурмістраў гэтага года тым, хто займаў гэтыя пасады. Адзначым таксама, што ў дачыненні да магістрацкіх ураднікаў дзейнічала традыцыя ВКЛ ужывання ва ўсіх дакументах былой пасады таго ці іншага чалавека пажыццёва. Па-трэцяе, захаванасць саміх магістрацкіх актавых кніг за 1577—1602 гг. (усяго сем) 22. Толькі ў адным выпадку на пачатку актавай кнігі за 1602—1603 гг. мы маем спіс ураднікаў Магілёўскага магістрата, у прыватнасці пана Мікалая Бральніцкага, войта наваградскага і лентвойта магілёўскага, а таксама бурмістраў паноў Васіля Рамановіча і Івана Тарасовіча, радцаў паноў Аніські Ісаковіча, Васіля Шыхолы і Цішкі Гапановіча, лаўнікаў Васіля Скаргі, Багдана Радзьковіча, Грышкі Зяньковіча і Васіля Якімовіча ды падскарбія Халімона Кузмініча 23. Безумоўна, асобнае і вельмі істотнае месца займалі ў магістраце пісары. Яны фактычна з’яўляліся кіраўнікамі гарадской канцылярыі і архіва. Пад іх кіраўніцтвам вялося ўсё гарадское справаводства, актыкаваліся і выдаваліся дакументы. Вядомы наступныя імёны магістрацкіх пісараў Магілёва: Іван Пардневіч Шацкі (1577), Іван Багдановіч (1578—1580), Ян Сабаноўскі (1578—1580, 1584—1585), Ян Ляпшэўскі (1579), Нікадым Тапічэўскі (1588—1606). За сваю працу яны атрымоўвалі па 4 тынфы на тыдзень 24 . У справах канцылярыі і мясцовага архіва пісару дапамагаў адзін архівіст прысяглы, які атрымоўваў за сваю працу па 3 тынфы на тыдзень, а таксама адзін з радцаў. У фінансавых справах ім за дазволам войта павінен быў дапамагаць адзін з бурмістраў 25 . У аснову распрацоўкі дадзеных крыніц пакладзены іх апрацоўка, расчытанне, што таксама ўяўляе вялікую цяжкасць нават для спецыялістаў, якія займаюцца дакументамі менавіта гэтага часу. Адзначанае звязана з шэрагам фактараў. Па-першае, мова і палеаграфія дакумента. Як вядома, мова справаводства пачатку XVII ст. ВКЛ, за рэдкім выключэннем, старабеларуская. Дакументы напісаны кірылічным скорапісам, які мае адмысловыя своеасаблівасці, як рэгіянальныя — унутры краіны, так і міждзяржаўныя, прынамсі, у параўнанні са скорапісам Маскоўскай дзяржавы. Заўважым, што палеаграфічныя асаблівасці мовы старабеларускага справаводства да цяперашняга часу дастаткова не даследаваны спецыялістамі, што накладае важкі адбітак на прачытанне і адаптаваную перадачу як саміх дакументаў, так і асобных слоў. Тут непасрэдна выступае яшчэ адна вельмі істотная праблема — тэрміналагічная, што звязана з разнастайнасцю лексічнага матэрыялу. На жаль, ні адзін слоўнік (М. Гарбачэўскага, этымалагічны, гістарычны і інш. 26) не ў стане даць дакладнае і канчатковае тлумачэнне таму ці іншаму слову, не гаворачы ўжо пра юрыдычныя тэрміны, большая частка якіх паходзіць з замежных моў, у тым ліку лацінскай. Таму фактычна падобныя слоўнікі старажытнабеларускай актавай мовы ствараліся разам са складаннем унутранага вопісу дакументаў. Гэты практычны вопыт адлюстраваны ў тэрміналагічным слоўніку, які зроблены да кожнай з апрацаваных кніг, і пададзены ў канцы выдання. Да адзначаных праблем дадаецца яшчэ адна вельмі важная — фізічны стан кнігі. Зразумела, што рукапісныя помнікі, напісаныя атраментам, гусіным пяром на паперы, зробленай больш за чатырыста год таму, не маглі захавацца ў ідэальным стане. Нягледзячы на рэстаўрацыю апрацаваных кніг Магілёўскага магістрата, што была праведзена на пачатку 1970-х гадоў, іх стан пасрэдны і часта цяжкі для прачытання. Матэрыялам для дадзенага выдання з'яўляюцца тры арыгінальныя рукапісныя актавыя кнігі XVI ст. з фонду “Магілёўскі магістрат”, напісаныя скорапісам на старабеларускай мове, за выключэннем некалькіх дакументаў на старапольской мове. Першая з іх (фонд № 1817, воп. 1, спр. 4) складаецца з 1865 дакументаў, запісаных на 574 аркушах (памерамі 31,9 ? 20,8 см), якія ахопліваюць перыяд з 16 ліпеня 1597 г. па 13 ліпеня 1598 г. Яны напісаны на паперы, якая мае філіграні (вадзяныя знакі) у выглядзе гербаў “Газдава” (Лілія) — сустракаецца 148 разоў; “Ястрабец” (падкова рагамі ўгару з крыжам у цэнтры) — 29 разоў, “Любіч” (падкова рагамі да долу з двума крыжамі наверсе і ў цэнтры) — 8 разоў, “Абданк” (лацінская літара W) — 21 раз, “Окша” (сякера) — 8 разоў ды “Ліс” (двойчы перакрыжаваная страла) — 7 разоў. Другая кніга, якая захавалася, ахоплівае перыяд з 17 ліпеня 1599 па 12 ліпеня 1600 г., налічвае 524 аркушы (21 ? 31,5 см), на іх зафіксавана 1365 дакументаў. Папера кнігі мае філіграні ў выглядзе гербаў “Ястрабец” — 115 разоў; “Астрожскі зменены” (уверсе страла, якая абапіраецца на паўкола і маладзік унізе) — 14 разоў ды “Ліс” — 8 разоў. У трэцяй кнізе зафіксаваны на 383,5 аркушах (31,7 ? 20,6 см) 1527 дакументаў з 20 ліпеня 1602 г. па 12 ліпеня 1603 г. На паперы кнігі ёсць філіграні ў выглядзе гербаў “Абданк” — 78 разоў, “Любіч” — 15 разоў, “Біпенберг зменены” (у правым полі тарчы рог аленя, у левым выява адсутнічае) — 8 разоў; апошнюю выяву не ўдалося пакуль што атаясаміць: (паўкола (маладзік?), на які абапіраецца крыж, наверсе якога невялікі сцяжок (?) — 5 разоў. Для раскрыцця саставу і зместу дакументаў згаданых актавых кніг распрацаваны навукова-даведачны апарат, у які ўвайшлі вопіс загалоўкаў, асабовы і геаграфічны паказальнікі, спіс скарачэнняў, тэрміналагічны слоўнік. Усё гэта адаптавана да сучаснай моўнай транскрыпцыі. У выданні выкарыстоўваецца таблічная формула падачы матэрыялу. У апісальную частку вопісу ўключаны: парадкавы і справаводны нумары дакументаў (адпаведна першы і другі слупкі), загаловак дакумента і дата яго актыкацыі (трэці слупок), старонка, на якой у кнізе змешчаны дакумент (чацвёрты слупок). Асаблівасцю археаграфічнага афармлення вопісу з'яўляецца пададзеная для аблягчэння і дакладнасці пошуку дакументаў двайная нумарацыя загалоўкаў, у сувязі з тым што парадкавы і справаводны нумары дакументаў не заўсёды супадаюць, ёсць пропускі ў нумарацыі або яна ці дакументы адсутнічаюць. Нумарацыя да першай, другой і трэцяй актавых кніг асобная. У першай кнізе пранумаравана 1854 дакументы (справаводны нумар). Нумарацыя дакументаў пачынаецца з першага нумару (усяго 1865 дакументаў). Другая кніга таксама пачынаецца з першага нумару — усяго зафіксавана 1548 дакументаў (справаводных 1527). І апошняя трэцяя кніга непранумараваная. У першых дзвюх кнігах старая нумарацыя пачынаецца з першага нумару. Усе тры кнігі на пачатку маюць тытульныя аркушы. Адметным з'яўляецца і тое, што ў рэдакцыйных загалоўках выкарыстаны ўласныя назвы дакументаў, якія зафіксаваны звычайна ў актавых кнігах і азначаюць від (разнастайнасць) дакумента. Калі ўласная назва дакумента была не пазначана, выкарыстоўвалася слова “запіс”. Далей у загалоўку — дзеючыя асобы, сутнасць справы, назва мясцовасці, з якой звязаны змест дакумента. У сувязі з тым што ўсё справаводства Магілёўскага магістрата вялося ў будынку гарадской ратушы, месца складання дакументаў не пазначалася. У дужках побач з загалоўкам у прамым парадку пададзена дата актыкацыі дакумента. Год пазначаны ў графе “Назва дакумента”. Адразу за загалоўкам у тэкстуальных заўвагах да яго адзначаны недакладнасці тэксту дакументаў: пропускі, непаўната, пашкоджанні, нечытальныя месцы, якія ўзяты ў квадратныя дужкі са шматкроп'ем або проста шматкроп'е, дзе тэкст нельга было прачытаць. Трэба адзначыць, што ў працы захаваны і ўжыты лексічныя, стылістычныя і фанетычныя асаблівасці мовы тагачасных мясцовых жыхароў, перададзеныя на пісьме магістрацкім пісарам, што красамоўна перадаецца выкарыстаннем ім юрыдычнай, службовай, бытавой і іншай лексікі ў напісанні слоў, выразаў, імёнаў. Гэта захаваныя намі назвы дакументаў (квіт, сазнанне, пільнасць і г.д.), якія сёння ўжо з'яўляюцца гістарычнымі тэрмінамі, або ўзятыя ў двукоссе ў загалоўках выразы пры недакладным раскрыцці сутнасці справы, розныя варыянты напісання імёнаў і прозвішчаў, пададзеныя так, як у тэксце. Зводны асабовы паказальнік да трох кніг уяўляе сабой агульны алфавітны пералік прозвішчаў, імёнаў, імёнаў па бацьку, мянушак ці іншых найменняў асоб, што сустракаюцца ў тэкстах дакументаў і ў складзе навукова-даведачнага апарату. Калі адна і тая ж асоба згадвалася пад некалькімі імёнамі, то ўсе астатнія найменні або розначытанні збіраліся пад вызначаным асноўным, паказваліся ў дужках услед за асноўным, а ў адпаведных месцах паказальніка рабіліся спасылкай на асноўнае. Калі асоба ўпаміналася толькі па імені, мянушцы і г.д. і не магла быць вызначана, то яна пададзена і ў паказальніку так, як у дакуменце. Напрыклад, Лавор (Лаўр), Аўфер (Ахвер, Аўхвер), Шчанінін (Шчацініч, Шчыцініч, Шчэцініч). Жаночыя імёны перададзены максімальна набліжана да тэксту. Звычайна ў гэтых анамастычных нормах прысутнічаюць імёны і прозвішчы мужа і бацькі кабеты. У прыватнасці, Нямірыная Васілевая Марына Стэфанавая. Усе найменні ў паказальніку даюцца ў назоўным склоне. У тлумачэннях у другой калонцы прыводзяцца дадатковыя звесткі — пры наяўнасці ўказваецца пасада, прафесія, сацыяльнае становішча. У трэцяй калонцы знаходзяцца пералічэнні старонак дакументаў, на якіх упамінаюцца вынесеныя ў паказальнік асобы. Пазначаныя старонкі раздзяляюцца коскамі асобна ад першай, якая пазначана рымскай лічбай (III), другой (IV) і трэцяй (V) актавых кніг. Неабходна дадаць, што прыведзеныя ў выданні прозвішчы патранімічнага паходжання на -овіч, -евіч могуць з'яўляцца ў асобных выпадках і імёнамі па бацьку, але многія з іх ужо сталі альбо становяцца паўнавартаснымі прозвішчамі. Для таго каб даказаць, што тое ці іншае імя па бацьку, прыведзенае ў кнізе, не стала сапраўдным прозвішчам ці наадварот, неабходна правесці грунтоўныя генеалагічныя доследы. Зразумела, што на сённяшні дзень гэта нерэальна і малаверагодна. Да прыкладу, можна прывесці аўтарскія распрацоўкі ў галіне генеалогіі шэрагу магілёўскіх мяшчанскіх родаў, многія з якіх маюць патранімічнае паходжанне. Прынамсі, можна ўпэўнена казаць, што такія імёны па бацьку, як Лявонавіч, Азаравіч, Міткавіч (Міцькавіч) і інш., ужо ў канцы XVI ст. з'яўляліся прозвішчамі: Левановіч, Азаровіч, Мітковіч 27. Варта адзначыць, што патранімічныя формы на -овіч, -евіч у дакументах Магілёўскага магістрата выступаюць як прозвішчы ў тых жа маёмасных, спадчынных, крымінальных і іншых справах. Гэта азначае, што ў дадзеных выпадках імя па бацьку і прозвішча з'яўляюцца аднолькавымі юрыдычнымі нормамі, нягледзячы на іх напісанне (перадачу на пісьме) і трактаванне. І, зразумела, любы нашчадак шукаў і будзе шукаць дакументы сваіх продкаў на гэтае найменне, што і дало нам падставы ўмоўна лічыць дадзеныя патранімічныя формы ў якасці прозвішчаў. У разгорнутым геаграфічным паказальніку змешчаны ў алфавітным парадку тапанімічныя назвы, якія зафіксаваны ў дакументах. У ім, акрамя ўласна геаграфічных найменняў, ёсць паказанні на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, культавыя пабудовы і іншыя аб’екты. У выпадку з буйнымі гарадамі (Магілёвам, Полацкам і інш.) уключаны тапонімы і мікратапонімы. Аб'екты, звязаныя з гэтымі гарадамі, прадстаўлены асобна па тапанімічнаму прызнаку і ўнутры па алфавіту. Да таго ж у паказальніку ёсць вытворныя ад прыметнікаў формы, якія паходзяць ад адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Розначытанні пададзены ў дужках. Напрыклад, Азёры (Заазёры), Казабровічы (Казобрычы). Далей у другой калонцы ідуць кароткія тлумачэнні (вёска, мястэчка, урочышча і г.д.), а таксама лакалізацыя паселішчаў па адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму падзелу перыяду ВКЛ і сучаснаму. У трэцім слупку падаюцца спасылкі на старонкі з саміх актавых кніг — першай (III), другой (IV) і трэцяй (V), дзе сустракаюцца назвы. Усе назвы ў паказальніку пададзены ў назоўным склоне. Зводныя асабовы і геаграфічны паказальнікі, а таксама тэрміналагічны слоўнік дазволілі значна зменшыць аб'ём выдання. У сувязі з вялікім аб’ёмам дадзенае выданне падзелена на дзве часткі з захаваннем агульнай нумарацыі. Першая ўключае ўступ, прадмову, спіс скарачэнняў, унутраныя вопісы да III і IV кніг (стар. 1—393), другая — унутраны вопіс да V кн і г і і агульныя асабовы і геаграфічны паказальнікі, а таксама тэрміналагічны слоўнік (стар. 394—828). Аўтары-складальнікі выказваюць шчырую падзяку загадчыцам аддзелаў Г.А. Станкевіч, Т.С. Міхяёнак, вядучаму архівісту І.Р. Панасюк, галоўнаму архівісту А.А. Цвірка, архівістам першай катэгорыі В.Л. Сідзельнікавай і С.М. Хлябіч, а таксама А. Чарненка за дапамогу ў выяўленні і фіксацыі філіграняў. Вядучы навуковы супрацоўнік
1 Магілёўскі магістрат 1580—1581, 1588 . Вып. 1 . Мн.: БелНДІДАС, 1999; Вярэніч Ю. І актавую кнігу можна чытаць … // Літаратура і мастацтва, 1999. 26 лістап.; Jakubowskі А. Беларусь у актавых кнігах XVI — XVIII стст. Магілёўскі магістрат 1580—1581, 1588. Т . I . Mіnsk , 1999. S . 461 // Bіalostocczyzna . 1/57/2000; Жумарь С.В. Публикац и я архивных справочников в Белоруссии в 1990?х годах // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1. Мн., 2000. С. 75?92. 2 НГАБ. Ф. 1817. Воп. 1. Спр. 4, 5, 6. 3 АВАК. Т. XXXIX . Вільна, 1913. Магілёўскі магістрат 1580—1581, 1588 . Вып. 1. Мн.: БелНДІДАС, 1999. 4 Мелешко В. Могилев в XVI — сер. XVII в. Мн., 1988; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1-6. Мн., 1993-2001. 5 Goralskі Z. Encyklopedіa urzedow і godnoscі w dawnej Polsce. Warszawa, 2000; Losowskі Y. Kancellarіa mіast szlacheckіh woj. Lubelskіego. Lublіn, 1996; Skupenskі К. Notarіat w dawnej Polsce. Lublіn, 1996. 6 Дружчыц В. Магістраты ў беларускіх местах з майдэборскім правам у XV - XVII стст. Запіскі аддзел у гуманітарных навук працы, клясы гісторыі. Кн. 8. Мн., 1929. 7 Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг Могилевской и Витебской губерний. Витебск. Т. 7. 1876; Т. 8. 1877; Беларускі архіў. Т. 1. Мн., 1929. 8 НГАБ. Ф. 1817. Воп. 1. Спр. 11. Арк. 1, 2, 527-528. 9 AGAD. “ Archіwum kameralne ” II / 128. Арк. 375-381. 10 Яцкевіч З. Аб чым сведчаць раскопкі Няфёдаўскай вуліцы // Памяць “Магілёў”. Мн., 1998. Арк. 26. 11 Беларускі архіў. Т. 1. Арк. 32-34; Белорусский архив древних грамот. 1824. С. 34. 12 Мелешко В. Могилев в XVI — сер.XVII в. С. 179. 13 Urzednіkі i dіgnatory WKL XIV-XVIII w Kornіk. 1994. Арк. 136, 212 . 14 Мелешко В. Могилев в XVI — сер.XVII в. С. 181. 15 НГАБ. Ф. 1817. Воп. 1. Спр. 11. Арк. 2. 16 Дружчыц В. Магістраты… Арк. 401. 17 Мелешко В. Могилев в XVI — сер.XVII в. С. 178. 18 Дружчыц В. Магістраты… Арк. 401 . 19 ІЮМ. Т. 7. Арк. 320-321, 452-456, 474-476. 20 Мелешко В. Могилев в XVI — сер.XVII в. С. 180. 21 НГАБ. Ф. 1817. Воп. 1. Спр. 11. Арк. 2. 22 НГАБ. Ф. 1817. Воп. 1. Спр. 1-7 . 23 НГАБ. Ф. 1817. Воп. 1. Спр. 7. 24 AGAD “ Arhіwum kameralne ” II / 128. Арк. 377. 25 Там жа. 26 Словарь древнего актового языка Северо-Западного края и Царства Польского. Составлен Н. Горбачевским. Вильна, 1874; Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1—8. Мн., 1978—1993; Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 1—18. Мн., 1982—2001. 27 Магілёўскі магістрат… Арк. 7.
ЗместЧастка 1 Уступ да серыі Прадмова Спіс скарачэнняў Унутраны вопіс да актавай кнігі 1597—1598 гг. ( кніга III) Унутраны вопіс да актавай кнігі 1599—1600 гг. (КНІГА IV) Працяг у частцы 2
|
niab@niab.by | |||