Аб перадачы рэдкіх выданняў у Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь

У 2022 г. у працэсе ўпарадкавання фонду навукова-даведачнай бібліятэкі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі работнікамі ўстановы былі разабраны і апісаны няўлічаныя па бібліятэчных каталогах матэрыялы (галоўным чынам, кнігі і газеты XIX – першай паловы XX ст.), якія захоўваліся ў звязках і каробках з часу пераезду архіва у будынак па адрасе вул. Крапоткіна, 55.

Па выніках апісання і разбору няўлічаных дакументаў экспертна-метадычнай камісіяй НГА Беларусі было прынята рашэнне ўключыць профільныя матэрыялы, якія адпавядаюць храналагічным і геаграфічным рамкам асноўнага комплексу дакументаў архіва, у склад бібліятэкі НГА Беларусі, а частку няпрофільных матэрыялаў – перадаць вядучым рэспубліканскім бібліятэкам: Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна.

У пачатку 2023 г. Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь было прынята ў свае фонды каля 450 друкаваных адзінак. Яе супрацоўнікі з вялікім задавальненнем аформілі прыёмку матэрыялаў і адзначылі высокі ўзровень папярэдняй апрацоўкі, праведзенай работнікамі архіва. Сярод іншага, у фонды бібліятэкі адправіліся газеты XIX – першай паловы XX ст. на ідышы, рускай, фінскай, латышскай і нават на грузінскай мовах, а таксама вялікі збор кніг, часопісаў і брашур дарэвалюцыйнага перыяду. У Прэзідэнцкай бібліятэцы яны пройдуць неабходную рэстаўрацыю, пасля чаго стануць даступнымі для ўсіх жадаючых.

У бліжэйшы час плануецца перадача чарговых партый кніг і перыядычных выданняў з ліку раней няўлічаных, разабраных і апісаных работнікамі НГА Беларусі ў іншыя бібліятэкі краіны, дзе яны змогуць выкарыстоўвацца ў грамадска-карысных мэтах чытачамі і супрацоўнікамі.

Изображение