Аб правядзенні заняткаў у рамках мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі

20 сакавіка 2023 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі у рамках мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі работнікаў і спецыялістаў на 2023 г. была праведзена лекцыя «Полацкі магістрат: гісторыя ўстановы, гісторыя фонду», у ходзе якой намеснік дырэктара архіва кандыдат гістарычных навук М.Д. Макараў распавёў працоўнаму калектыву пра гісторыю органаў самакіравання магдэбургскага Полацка ў XVI–XVIII стст. і іх дакументальную спадчыну, якая ў наш час сканцэнтравана ў фондзе 1823 («Полацкі магістрат») НГА Беларусі.

У ходзе лекцыі была асветлена гісторыя такіх сацыяльных інстытутаў у сістэме гарадскіх улад Полацка эпохі ранняга Новага часу, як войтаўства (лантвойтаўства), магістрат, мужы гмінныя, паліцэйскія і судова-выканаўчыя органы. Разглядаліся пытанні функцыянавання ў сістэме гарадскіх улад трох канцылярый: войтаўскай, магістрацкай і мужоў гмінных. Асаблівая ўвага была звернута на гісторыю фарміравання комплексу дакументаў фонду 1823 («Полацкі магістрат»), сувязі гэтага комплекса з працай трох згаданых канцылярый і яго лёсы ў розныя гістарычныя эпохі.

Прадстаўленная ў ходзе лекцыі інфармацыя, несумненна, будзе карыснай для архівістаў, бо дазволіць ім лепей разумець фонды беларускіх гарадоў з магдэбургскім правам, якія ў наш час зберагаюцца ў НГА Беларусі.

Изображение

Изображение

Изображение