Да 150-годдзя з дня заснавання мінскага піваварнага завода «Багемія»

Мінск мае даўнія традыцыі вытворчасці піва. Звесткі пра існаванне розных бровараў у нашым горадзе можна знайсці ў старажытных актавых кнігах XVII–XVIII стст., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. адзін з самых вядомых бровараў, дзе выраблялі вельмі якаснае і смачнае піва, знаходзіўся ў прадмесці Ляхаўка (зараз гэта раён вуліцы Кастрычніцкай побач з канцэртнай залай «Мінск» і заводам «Крышталь»).

У першай палове XIX ст. у Мінску існавала ўжо шмат невялікіх бровараў-піваварняў. У спісе прадпрыемстваў за 1831 г. значыцца 8 «піваварняў», якія належалі Лейбе Натовічу, Іцку Файну, Сары Уравай, Мардуху Віленкіну, Шлёме Перліну, Лейзеру Копеліовічу, Ханону Берковічу і Іогану Керну. На гэтых броварах, як адзначаецца ў дакументах, яны «варылі на сваіх піваварнях… піва, «паўпіва», і мёд усялякіх гатункаў, не выключаючы піва і портэр на манер ангельскі».

Гісторыя сучаснага заводу ААТ «Аліварыя» пачынаецца з 1864 г. Гэтае прадпрыемства было заснавана дзякуючы намаганням мінскай мяшчанкі Рохлі Фрумкінай. Гэты мяшчанскі яўрэйскі род вядомы ў Мінску з канца XVIII ст., але ягоныя прадстаўнікі нічым адметным у гісторыі нашага горада да 1864 г. не вызначыліся. 28 студзеня 1864 г. Р. Фрумкіна звярнулася ў Мінскую губернскую будаўнічую і дарожную камісію з прашэннем, дзе адзначалася: «Маючы ўласны пляц з існуючымі на ім пабудовамі на рагу Загараднай і Аляксандраўскай вуліц у г. Мінску, цяпер жадаю на гэтым пляцы правесці перабудову існуючай на Загараднай вуліцы халоднай пабудовы ў жылы дом і пабудаваць другі дом з уладкаваннем у ім піваварнага завода, а таму, падаючы складзены на гэты прадмет чарцёж… прашу, каб загадана было: пададзены чарцёж зацвердзіць і паводле яго меркаваныя пабудовы дазволіць пад нагляд архітэктурнага памочніка…».

У архіўным фондзе «Мінская дарожная і будаўнічая камісія» захавалася падрабязная архіўная справа пра будаўніцтва і рэканструкцыю гэтага прамысловага прадпрыемства. Згаданы вышэй праект завода у хуткім часе быў цалкам узгоднены. Да канца 1864 г. усе будаўнічыя працы былі скончаны і новы мінскі бровар на рагу Загараднай і Аляксандраўскай вуліц быў уведзены ў эксплуатацыю. Афіцыйнай датай заснавання піваварнага завода Р. Фрумкінай лічыцца 29 студзеня 1864 г., калі Мінскае губернскае праўленне дало дазвол на стварэнне прадпрыемства. Бровар займаў значную частку гарадскога квартала, які быў абмежаваны сучаснымі вуліцамі Максіма Багдановіча (былая Аляксандраўская), Сурганава (былая Загарадная), Куйбышава (былая Шырокая) і Камуністычная (былая Мікалаеўская). Большасць будынкаў і збудаванняў гэтага прадпрыемства былі драўлянымі. У архіўных дакументах згадваецца, што завод Фрумкінай вырабляў некалькі гатункаў піва, ў тым ліку Баварскае, Сталовае і Пільзенскае і інш.

Амаль адразу гэтае прадпрыемства абагнала па аб’ёму прадукцыі ўсе піваварныя заводы, які існавалі на той час у Мінску. Дарэчы, у другой палове XIX ст. у Мінску дзейнічалі яшчэ некалькі заводаў, якія таксама выраблялі піва. Праз некалькі кварталаў ад бровара Фрумкінай на Белацаркоўнай вуліцы знаходзіўся завод, які належаў мешчаніну Неваху Любецкаму. На Ляхаўцы працягваў дзейнічаць старажытны бровар, уладальнікам якога ў другой палове XIX ст. быў надворны радца Юзаф Багдановіч. Акрамя таго меўся невялікі бровар быў на Падзамкавай вуліцы ў доме Элі Віленкіна, які вырабляў “простае чорнае піва”. На Садовай вуліцы, на ўзбярэжжы ракі Свіслач (гэта тэрыторыя сучаснага сквера імя Я. Купалы) стаяў бровар Фейгі Гурвіч.

Рохля Фрумкіна памерла 10 лютага 1876 г. і была пахавана на мінскіх яўрэйскіх могілках. Пасля яе смерці завод перайшоў у спадчыну да яе сыноў – купцоў другой гільдыі Арона і Неваха Фрумкіных. У 1880-х гг. ён вырабляў больш за 85000 вёдраў у год.

Новы перыяд у жыцці прадпрыемства звязаны з дзейнасцю мінскага гарадскога галавы графа Карла Эмерыкавіча Гутэн-Чапскага. Ён выкупіў бровар у Фрумкіных, адначасова ў 1894 г. па яго замове быў распрацаваны і зацверджаны праект на будаўніцтва новага сучаснага піваварнага завода на супрацьлеглым баку Аляксандраўскай вуліцы, побач са старым броварам Фрумкінай, які да гэтага часу працаваў ужо 30 гадоў. На думку некаторых даследчыкаў аўтарам праекту гэтага прадпрыемства магчыма з’яўляўся вядомы пецярбургскі архітэктар В. Шрэтар, які да гэтага паводле замовы К. Чапскага ў 1893 г. спраектаваў будынак для Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Новае прадпрыемства, якое атрымала назву «Багемія», належала Чапскаму. Яно мела самае сучаснае на той час тэхналагічнае абсталяванне і ў хуткім часе стала самым буйным піваварным заводам на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

У 1899 г. К. Чапскі вырашыў прадаць свой Мінскі піваварны завод «Багемія» братам Адаму, Мікалаю і Францу Францавічам Лекертам. Лекерты былі выхадцамі з Баварыі і з 1860-х гг. жылі ў Магілёве, дзе таксама пабудавалі буйны піваварны завод. Хутка асноўным уладальнікам прадпрыемства Мінскі піваварны завод «Багемія» братоў Лекертаў стаў Мікалай Лекерт. Звестак пра яго сям’ю вядома няшмат. Ён служыў унтэр-афіцэрам у 2-м уланскім палку германскай арміі, у 1903 г. ажаніўся з Паўлай-Адэтай Юльеўнай Шлінгензіпен. У 1904 г. Лекерты прынялі падданства Расійскай імперыі. Праз некалькі гадоў Мікалай Лекерт перааформіў усе маёмасныя правы на завод «Багемія» на сваю жонку. Пасля гэтага фармальным уладальнікам Мінскага завода «Багемія» братоў Лекертаў стала Паўла Юльеўна Лекерт, якой ён належаў да 1920 г. Перад Першай сусветнай вайной мінскі завод «Багемія» застаўся адзіным піваварным заводам у Мінску, выціснуўшы астатніх канкурэнтаў. Ягоная прадукцыя была вядома далёка за межамі Мінскай губерні. Аптовыя склады гэтага прадпрыемства знаходзіліся ў Бабруйску і нават у Вільні. Цікава, што ў гэты час сваякам Мікалая Лекерта належалі буйныя піваварныя прадпрыемствы ў Магілёве і Гомелі. У 1916 г. Мікалай Лекерт быў абвінавачаны ў шпіёнскай дзейнасці на карысць германскай арміі і высланы ў Сібір. Далейшы лёс яго невядомы.

У 1920-х гадах былы завод «Багемія» братоў Лекертаў быў нацыяналізаваны і праз некаторы час атрымаў назву піваварны завод «Беларусь» Белхарчтрэста ВСНГ БССР.

Аўтары-складальнікі: 
Дзянісаў Уладзімір Мікалаевіч
Год выставы: 
2015