«БЕРЕСТЬЕ / BRESSICIA / БРЭСТ: ПАД СТРЭЛКАМІ РАТУШНАГА ГАДЗІННІКА» (ДА 1000-ГОДДЗЯ БРЭСТА) - ЧАСТКА 3

У 2019 г. споўнілася 1000 гадоў першай узгадкі ў пісьмовых крыніцах горада Брэста (Берасця). У шэрагу юбілейных мерапрыемстваў Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі падрыхтавана віртуальная выстава «Берестье / Bressicia / Брэст: пад стрэлкамі ратушнага гадзінніка». Архіўныя дакументы прыадчыняюць старонкі жыцця нашых продкаў-берасцейцаў.

Изображение

ИзображениеАрхіў захоўвае тры асноўныя фонды па старажытнай гісторыі горада: «Берасцейскі гродскі суд» за 1564–1814 гг., «Берасцейскі земскі суд» за 1566–1821 гг. і «Берасцейскі магістрат» за 1573–1754 гг. Найбольшую колькасць дакументаў па гісторыі горада і яго жыхароў утрымлівае фонд магістрата. Самым старажытным дакументам фонда, які дае адлік яго храналагічных межаў, з’яўляецца выпіс за 1573 г. Прадстаўленыя на выставе дакументы створаны на трох асноўных пісьмовых мовах, якія бытавалі ў горадзе ў XVI–XVIII ст.: на старабеларускай, лацінскай і польскай.
Аблога Берасця шведскімі войскамі ў 1657 г. Гравюра Э.Дальберга.

Берасце стаў першым горадам на абшарах сучаснай Беларусі, які атрымаў прывілей на магдэбургскае права. 15 жніўня 1390 г. яго надаў гораду кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ягайла.

Канфірмацыйны прывілей караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Берасцю на вызваленне ад старога мыта, прадстаўлены на выставе, згадвае пажар на Рынку 15 лістапада 1595 г., падчас якога згарэла гарадская скрынка з прывілеямі. Змест ранніх каралеўскіх прывілеяў гораду мы ведаем па больш позніх актыкацыях у судовых кнігах і кнігах Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Самая ранняя актавая кніга Берасцейскага магістрата распачынаецца 5 кастрычніка 1623 г.1 Аднак на выставе прадстаўлены і больш раннія дакументы, якія былі актыкаваны ў кнігах XVII ст. Сярод іх ліст караля Стэфана Баторыя братам Верашчакам на перагляд іх справы ў Берасцейскім магістраце за 1585 г. Практычную рэалізацыю магдэбургскага права і перыпетыі штодзённага жыцця мяшчан напрыканцы XVI ст. апісваюць і некаторыя дакументы фондаў земскага і гродскага судоў.

Изображение
Пасля з’яўлення ў ВКЛ гарадоў на магдэбургскім праве склалася практыка падзелу магістрата на два падраздзяленні з судовымі і выканаўчымі функцыямі. Першае з іх называлася бурмістарска-радзецкім судом, другое – (лант)войтаўска-лаўнічым. Запісы аб пасяджэннях сведчаць, што першы суд ахопліваў справы цывільнага характару, другі – крымінальныя справы. Мелі месца і сумесныя пасяджэнні. На выставе маюцца дакументы, якія ўтрымліваюць адбіткі і райцаўскай, і лаўніцкай пячатак.

Заслугоўвае ўвагі дзейнасць канцылярый прадстаўленых судовых інстанцый, што адбілася ў вонкавым афармленні скураных пераплётаў некаторых кніг і аздабленні выявамі птушак пачатка аднаго з дакументаў. Гэта ўнікальны дадатковы матэрыял да ілюстрацыі праяў рэлігійнай і свецкай эстэтыкі, сімволікі таго часу на тэрыторыі горада. Пісары берасцейскага магістрата прыцягвалі ўвагу да асобных раздзелаў кніг, рэестраў, а таксама пачатку дакументаў каляровымі, па-мастацку аздобленнымі, ініцыяламі (буквіцамі), словамі, іншымі мастацкімі прыёмамі. У выніку войнаў сярэдзіны ХVII ст. горад шмат разоў падвяргаўся нападам, што адбілася на яго фінансавым стане і вылілася ў відавочнае пагаршэнне знешняга аздаблення актавых кніг у другой палове ХVII ст.

ИзображениеКола сюжэтаў, якія ахопліваюць дакументы, вельмі шырокае і закранае такія пытанні як арганізацыя самакіравання ў горадзе, узаемадачыненні паміж рознымі канфесіямі: праваслаўем, рыма- і грэка-каталіцтвам, пратэстанцкімі плынямі, іўдаізмам. У многіх гарадах Вялікага Княства Літоўскага з канфесійна неаднародным насельніцтвам склалася практыка падзелу ўдзельнікаў магістрата на праваслаўны (пасля 1596 г. – уніяцкі) і рымска-каталіцкі бакі. Праваслаўны бок у дакументах называецца «рускім» альбо «грэцкім», рымска-каталіцкі – «польскім», «лядскім» і «рымскім».

На старонках актавых кніг можна сустрэць самыя розныя віды дакументаў: скаргі, пратэстацыі, выракі па справах, элекцыйныя акты (дакументы аб выбарах ураднікаў), прысягі, сведчанні аб продажы і арэндзе маёмасці, тастаменты (завяшчанні), дарчыя лісты, каралеўскія прывілеі, інтрамісіі, інвентары, абвяшчэнні, квітацыі, пагадненні, рэляцыі, вызваленні ад шафарства і безліч іншых. Яны прадстаўляюць шырокі спектр ўзаемадачыненняў паміж жыхарамі горада. Фігурантамі судовых спраў выступаюць кавалі і злотнікі, купцы і рамеснікі, «белыя галовы» (жанчыны) і мужчыны, татары, яўрэі і немцы, бурмістры і войты, лаўнікі і райцы.

Дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі з’яўляюцца неацэннай крыніцай інфармацыі аб жыцці тысячагадовага Берасця і старажытных берасцейцаў.

Аўтары-складальнікі: 
В.У.Шылай
Год выставы: 
2019