«Архітэктурныя помнікі Магілёўшчыны ў фотаздымках Аляксея Вінэра». Частка 1

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца калекцыя лічбавых копій з дакументаў, створаных у 1939 годзе ў часе магілёўскай экспедыцыі Камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны БССР. Сярод дакументаў знаходзяцца пашпарты, планы, архітэктурныя заключэнні і гістарычныя даведкі.

Найбольшую цікавасць уяўляюць фотаздымкі мураваных і драўляных помнікаў гісторыі і культуры Беларусі XVII–XІX стcт. – кляштараў, касцёлаў, цэркваў, прычтавых пабудоў, ратуш і іншых архітэктурных аб’ектаў.

Аўтар фотаздымкаў – мастацтвазнавец Аляксей Уладзіміравіч Вінэр.

На віртуальнай выставе прадстаўлены фота наступных помнікаў: Бялыніцкай Уваскрасенскай царквы (да 1876 – касцёла кармелітаў), Буйніцкай Свята-Духаўскай царквы, Глухскай Мікалаеўскай царквы, Княжыцкай Аляксандра-Неўскай царквы (да 1866 – касцёла Св. Мікалая), Магілёўскай Брацкай Багаяўленскай царквы, Магілёўскай Васкрасенскай царквы (да 1820 – іезуіцкі касцёл Св. Ксаверыя), Магілёўскай Мікалаеўскай царквы, Магілёўскай Спаса-Праабражэнскай царквы, Магілёўскай Успенскай царквы, Пустынскага Успенскага сабору, Тупічэўскага Успенскага жаночага манастыра, Ануфрыеўскай царквы (разам з прычтавым будынкам), Шклоўскай Праабражэнскай мураванай царквы, Шклоўскай Троіцкай драўлянай царквы, Магілёўскага Успенскага касцёла ордэна кармелітаў, Магілёўскага фарнага касцёла Св. Казіміра, Мсціслаўскага кармеліцкага Успенскага касцёла, Фашчаўскага езуіцкага касцёла ў імя Адведзінаў Прысвятой Дзевай Марыяй Святой Альжбеты, Хонькавіцкага езуіцкага касцёла, Шклоўскага Пятра-Паўлаўскага парафіяльнага касцёла, Крычаўскага палаца Г.А. Пацёмкіна, ратушы і ратушнай вежы ў Магілёве, Магілёўскага езуіцкага калегіума, Шклоўскай ратушы, жылых дамоў у Магілёве і Бабруйску, мемарыяльнага комплекса ў памяць бітвы пры Лясной 28 верасня 1708 г.

Калекцыя ўяўляе асаблівую каштоўнасць для гісторыі беларускай архітэктуры таму, што ў яе матэрыялах зафіксаваны знешні выгляд аб’ектаў, многія з якіх не захаваліся да нашых дзён.

Тэматычны пералік фіксуе адміністрацыйна-тэрытарыяльную прыналежнасць помніка на дарэвалюцыйны час, яго архітэктурныя формы, прадстаўленыя на фотаздымках, змяшчае сігнатуру захавання ў межах калекцыі.

Арыгіналы фотаздымкаў знаходзяцца ў фондах Царкоўна-гістарычнага музея Мінскай духоўнай акадэміі.

 

Складальнік Вадзім Урублеўскі

19.06.2017

Авторы-составители: 
В.В. Урублеўскі
Год выставки: 
2017