НачалоКарта сайтаОбратная связь  

Национальный
исторический
архив Беларуси


Статьи



Дзянісаў Уладзімір Мікалаевіч,
галоўны архівіст аддзела навуковага
выкарыстання дакументаў і інфармацыі

 

Касцёлы г. Мінска ў XVI – пачатку XX стст.
(паводле дакументаў НГАБ)

 

На працягу амаль тысячагадовай гісторыі ў Мінску склаліся багатыя рэлігійныя традыцыі. Дастаткова сказаць, што ў канцы XVIII ст. у горадзе налічваліся адзін парафіяльны касцёл і 11 каталіцкіх кляштараў. Акрамя таго, існавалі тры уніяцкія і адзін праваслаўны манастыр, а таксама тры уніяцкія парафіі.

Пра заснаванне першага каталіцкага храма ў Мінску на працягу XVIII – XIX стст. у розных публікацыях, а таксама ў візітах і інвентарах святыні сустракаюцца супярэчлівыя звесткі. Да сённяшняга дня не выяўлены пісьмовыя крыніцы пра існаванне ў Мінску фарнага касцёла, ранейшыя за XVI ст. Разам з тым доўгі час існавала паданне, што першы мінскі фарны касцёл быў заснаваны яшчэ ў XIV ст. паводле фундацыі вялікага князя ВКЛ і польскага караля Ягайлы. Напрыклад, у візітным апісанні мінскага Залатагорскага касцёла за 1908 г. згадваецца, што першую з каталіцкіх святыняў Ягайла пабудаваў з дрэва паміж 1386 – 1390 гг. у мястэчку Гайне Барысаўскага павета, а затым на прадмесці горада Мінска, якое завецца Траецкай Гарой – ім быў узведзены тут першы касцёл, які каля 1460 г. атрымаў ужо “в дар” ад польскіх каралёў фальварак Чурылавічы або Плябанец, які знаходзіцца ў Мінскім павеце і парафіі, у трох мілях ад горада. Гэты фальварак потым быў пераведзены ў фундуш мінскага капітула [1]...

Паданне пра тое, што першы мінскі касцёл фундаваў Ягайла, пачало складвацца ў XIX ст. Праўда, першыя даследчыкі, якія займаліся гісторыяй Мінска і мінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі ў першай палове XIX ст., прытрымліваліся гэтай версіі даволі асцярожна. Напрыклад, Ян Ходзька ў сваёй даволі грунтоўнай працы па гісторыі Мінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, якую ён пачаў пісаць ў 1830-я гады і скончыў у пачатку 1840-х, вельмі асцярожна прывязвае дату фундацыі мінскай фары да канца XIV ст. Ён падкрэсліваў, што адначасовасць фундацыі мінскага касцёла з касцёлам у мястэчку Гайна ў 1390 г. пацвярджаюць толькі мясцовыя паданні, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне [2].

Упершыню без усялякіх ваганняў сцвярджаецца, што першы мінскі касцёл быў пабудаваны з дрэва на Траецкай гары ў 1390 г., у невялікай гістарычнай запісцы невядомага аўтара, якая была створана ў 1840-я гг. і захоўваецца ў архіўным фондзе Мінскай рымска-каталіцкай кансісторыі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі [3]. Але гэтыя паданні не пацвярджаюцца пісьмовымі крыніцамі. На самой справе, як высветліў вядомы польскі даследчык Ежы Ахманьскі ў сваёй грунтоўнай працы, прысвечанай гісторыі Віленскага біскупства, першая каталіцкая святыня ў Мінску была фундавана вялікім князем ВКЛ Жыгімонтам Старым у 1508 г. або каля 1508 г. [4]. Гэты першы драўляны касцёл быў пабудаваны на Траецкай гары, што знаходзілася на левым беразе Свіслачы. Дарэчы, гэтая частка горада лічылася адной з самых старажытных і ў першай палове XVII ст. называлася “Старым Горадам”, а першы фарны касцёл у некаторых дакументах згадваецца як Траецка-Мінскі.

У пісьмовых крыніцах за 1537 г. згадваецца адзін з першых мінскіх плябанаў Ян Мікалаёвы Андрушовіч, які пазней у сярэдзіне XVI ст. стаў луцкім біскупам [5]. Мінская фара лічылася адной з самых багатых у Вялікім княстве Літоўскім. Ёй у XVI ст. належаў фальварак Чурылавічы або Плябанец, які меў 25 валок ворнай зямлі, акрамя фальварка касцёлу належалі лес, сенажаці, карчма на ўскраіне горада на Барысаўскі тракце, шматлікія зямельныя пляцы і будынкі як на Траецкай гары, так і ў іншых частках горада, а таксама так званыя “Плябанскія млыны” на рацэ Свіслач з “трыма камянямі”. У дакументах XVI ст. згадваецца драўляны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Міхаіла Арханёла, пабудаваны ксяндзом Мікалаем Морыцам. Звесткі пра ксяндза Морыца як мінскага плябана сустракаюцца ў розных дакументах другой паловы XVI ст.

Аб тым, як выглядала першая мінская каталіцкая святыня, можна меркаваць толькі паводле візітаў і інвентароў 1632 і 1636 гг. Гэта быў даволі вялікі драўляны крыжападобны ў плане будынак на каменным падмурку, які галоўным фасадам выходзіў на Траецкі рынак. Яго інтэр’еры ўпрыгожвалі тры драўляныя разныя алтары. На хорах знаходзіўся арган. Асобна ад святыні стаяла званіца з чатырма званамі. Побач знаходзіўся будынак плябаніі, а таксама іншыя збудаванні, у якіх размяшчаліся школа, шпіталь і касцельнае брацтва Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Асобны комплекс гаспадарчых пабудоў складалі стайня і шэраг іншых драўляных будынкаў. Побач з касцёлам знаходзіліся парафіяльныя могілкі. Тэрыторыя яго была абнесена драўлянай агароджай з брамамі. Касцёлу належала вялікая колькасць пляцаў з пабудовамі як на Траецкай гары, так і ў іншых частках горада, а таксама карчма, плябанскі млын на Свіслач з трыма камянямі, сенажаці, лес і фальварак Чурылавічы або Плябанец [6].

Новы драўляны будынак касцёла быў пабудаваны ў 1716 г. (паводле іншых звестак – у 1720 г.) ксяндзом Каролем Пятром Панцяржыцкім. Касцёл у плане нагадваў кавалерскі крыж з вялікім купалам у цэнтры. Да асноўнага аб’ёму былі прыбудаваны чатыры капліцы. Галоўны фасад упрыгожвалі дзве невялікія вежы з пазалочанымі жалезнымі крыжамі. Інтэр’ер храма ўпрыгожвалі пяць драўляных разных алтароў, два з якіх стаялі ў капліцах. У цэнтры галоўнага алтара знаходзіўся абраз Святой Тройцы, абапал якога стаялі залачоныя скульптуры Святых Апосталаў Пятра і Паўла. На хорах размяшчаўся арган, устаноўлены ў 1745 г. [7]. У 1709 г. пры Мінскім фарным касцёле віленскі біскуп Бжастоўскі зацвердзіў брацтва Шчаслівай смерці.

Першыя мінскія кляштары, заснаваныя ў XVII ст.

У другой палове XVI – першай палове XVII ст. Мінск перажываў своеасаблівы залаты век. Мацнеў яго эканамічны стан, змяняўся адміністрацыйны статус. Пасля вялікага пажару 1547 г. горад пачаў інтэнсіўна забудоўвацца паводле адзінага праектнага плана, складзенага на прынцыпах ідэальнага еўрапейскага горада эпохі Рэнесансу. Калі да сярэдзіны XVI ст. Мінск быў цалкам драўляным горадам, то ў другой палове таго ж стагоддзя пачалося будаўніцтва першых камяніц, а ў 1600 г. была ўзведзена новая гарадская ратуша. На яе вежы ўсталявалі першы гарадскі гадзіннік. Гэта сведчыць пра многае: няшмат гарадоў у Вялікім княстве Літоўскім магло дазволіць тады набыць сапраўдны гарадскі гадзіннік і, акрамя таго, утрымліваць з гарадскога бюджэту зэгармайстра, які гэты гадзіннік абслугоўваў і рамантаваў.

Калі да канца XVI ст. у Мінску існавала толькі адна каталіцкая святыня, то ў самым пачатку XVII ст. тут быў заснаваны першы каталіцкі кляштар. Ім стаў кляштар дамініканцаў, манументальныя муры якога былі ўзведзены на новай галоўнай плошчы горада – Новым Рынку. У першай палове XVII ст. на гэтай галоўнай плошчы горада былі заснаваны кляштары дамініканцаў, бернардзінцаў і бернардзінак, а на вуліцы Зборавай – кляштар бенедыктынак. У сярэдзіне XVII ст. з’явілася місія езуітаў.

Мінск моцна пацярпеў у час вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Горад быў цалкам разрабаваны, знішчана большая частка яго будынкаў, у тым ліку і Мінскі замак. Моцна пацярпелі не толькі каталіцкія і уніяцкія святыні, але нават праваслаўны манастыр Святых Пятра і Паўла на Нямізе. Быў падарваны эканамічны патэнцыял горада, і для яго аднаўлення спатрэбілася амаль сто гадоў. Пасля вайны пачалося паступовае адраджэнне зруйнаваных святынь. У другой палове XVII ст. у Мінску з’явілася толькі адна новая фундацыя. Гэта быў кляштар францысканцаў пабудаваны на рагу вуліцы Лошыцкай і Юр’еўскай.

Дамініканцы

Датай заснавання кляштара дамініканцаў у Мінску лічыцца 1605 г. Першым фундатарам святыні стала ўдава вендэнскага ваяводы Крыштафа Слушкі – Сафія. Паводле сведчання Уладзіслава Сыракомлі, першы мінскі каталіцкі кляштар падтрымала шляхта, якая вярталася праз горадз маскоўскага паходу. Яна арганізавала збор у фонд кляштара, што атрымаў назву “капытковага” [8]. Гэта была плата за правядзенне кожнага каня праз гарадскую заставу. Пазней у інтэр’еры дамініканскага касцёла было ўсталявана восем гербаў ініцыятараў гэтага збору. У 1615 г. мінскі ваявода Пётр Тышкевіч ахвяраваў манахам пляц на рагу Рынка для пабудовы мураваных будынкаў касцёла і кляштара. Пра дату ўзвядзення мураваных кляштарных пабудоў сустракаюцца супярэчлівыя звесткі. Шэраг аўтараў сцвярджалі, што каля 1605 г. польскія войскі засталі ў Мінску мураваны дамініканскі касцёл, іншыя – што мураваныя касцёл і кляштар былі ўзведзены ў 1615 г. Першы сур’ёзны даследчык архітэктурных помнікаў Мінска XVII–XVIII cтст. Мікола Шчакаціхін меркаваў, што падмуркі касцёла і кляштара дамініканцаў былі закладзены сапраўды ў 1605 г., але ў 1615 г. моцны пажар знішчыў усе пабудовы. Пасля гэтага будаўнічыя работы былі ўзноўлены, але завяршыліся яны толькі ў другой палове XVII ст. [9].

Можна меркаваць, што будаўніцтва мураванага комплексу дамініканскага кляштара пачалося ў 1622 г., калі Мінск паводле рашэння капітула ў Буску (гэта недалёка ад Львова) апынуўся ў складзе рускай правінцыі дамініканскага ордэна. Гэта меркаванне пацвярджае і адзін з дакументаў за 1623 г., дзе дамініканскі касцёл згадваецца як “нядаўна закладзены на вуліцы, што ішла ад Рынку да ракі Свіслач” (цяпер Інтэрнацыянальная) [10]. Будаўніцтва святыні актыўна падтрымала мясцовая шляхта.

Комплекс дамініканскага кляштара моцна пацярпеў у часы вайны 1654 – 1667 гг., калі ён адыгрываў ролю аднаго з абарончых фарпостаў горада. Паводле данясення з Мінска маскоўскага ваяводы Якаўлева, дамініканскі «...касцёл...вялікі, мураваны і высокі» [11]. Пасля вайны кляштар быў цалкам адноўлены. Падарожнікі, якія праязджалі праз Мінск у другой палове XVII ст., адзначалі пышнасць і багацце дамініканскага касцёла, а стольнік цара Пятра I П. Талстой, які пабываў у Мінску ў 1667 г. захапляўся яго арганам.

На працягу XVIII cт. кляштар неаднаразова рэканструяваўся. Першая значная перабудова была праведзена ў самым пачатку XVIII cт. Пра характар і аб’ём гэтых пераробак сёння меркаваць даволі цяжка. Вядома толькі, што ў 1703 г. скончыліся работы па мураванню новага будынка кляштара, а ў 1709 г. пачалася «...рэстаўрацыя касцёла, асабліва другой паловы нефа, якую трэба было выраўняць разам з капліцамі і астатняй часткай касцёла» [12].

Апошняя рэканструкцыя комплексу кляштара дамініканцаў праводзілася ў другой палове XVIII cт. У 1781 г. мінскі бурмістр і старшыня мулярскага цэха Андрэй Макарэвіч заключыў кантракт з прыёрам кляштара Бенедыктам Рыбчынскім на будаўнічыя работы [13]. Пасля гэтага, калі меркаваць па візітах і інвентарах канца XVIII – першай паловы XIX ст. значныя рамонты і перабудовы ў кляштары не праводзіліся [14].

Комплекс кляштара дамініканцаў займаў вялікі пляц, які выходзіў на Рынак. Тэрыторыя гэтага пляца была абмежавана вуліцамі Валоцкай, Дамініканскай і Юр’еўскай. Яго плошча складала 2 моргі і 58 прутоў (гэта каля двух га). У яго ўваходзілі мураваныя будынкі касцёла і кляштара, а таксама 2 драўляныя афіцыны і гаспадарчыя пабудовы: стайня, вазоўня, свіран і інш.

Дамінуючым элементам архітэктурнага комплексу з’яўляўся велічны касцёл Святога Тамаша Аквінскага, пабудаваны ў стылі барока. Гэта была трохнефавая бязвежавая базіліка з дзвюма капліцамі ў паўднёва-заходніх частках бакавых нефаў. У сярэдзіне нефы былі перакрыты крыжовымі скляпеннямі, інтэр’еры святыні ўпрыгожваліся манументальным фрэскавым жывапісам. У касцёле знаходзілася 13 стукавых і разных драўляных алтароў. Да прэзбітэрыя касцёла прылягаў прамавугольны ў плане будынак кляштара. На тэрыторыі комплексу знаходзіўся вялікі сад. Кляштар быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамай-званіцай.

Сёння мы дакладна не ведаем, колькі законнікаў-дамініканцаў было ў Мінску ў першай палове XVII ст. Захаваліся толькі дакладныя звесткі пра канец XVIII ст. – у 1796 г. у кляштары прабывалі чатыры законнікі [15].

Бернардзінцы

Першымі фундатарамі мінскага кляштара бернардзінцаў быў краснасельскі староста Андрэй Кянсоўскі і яго жонка Гальшка з Ляўковічаў. У 1624 г. яны адпісалі бернардзінцам вялікі пляц з драўляным домам побач з Рынкам. У 1628 г. гэты фундуш быў зацверджаны віленскім біскупам Яўстафіем Валовічам. Дзякуючы намаганням сына Андрэя Кянсоўскага, яна было скончана будаўніцтва першага драўлянага касцёла і кляштара, але яны праз пэўны час згарэлі. У 1638 г. віленскі біскуп Абрагам Война даў згоду на будаўніцтва новага, мураванага касцёла і кляштара. Да сярэдзіны XVII ст. муры касцёла бернардзінцаў былі закончаны [16].

Комплекс кляштара бернардзінцаў моцна пацярпеў у 1656 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 – 1667 гадоў. Пасля вайны кляштар аднавілі. У 1676 г. дзякуючы фундацыі Крыштафа Завішы пры касцёле была «вымурована» капліца, дзе пазней пахавалі прадстаўнікоў гэтага славутага шляхецкага роду. Рускі дыпламат П. Талстой, які наведаў Мінск у 1697 г., у сваіх нататках адзначаў “небагаты” выгляд мураванага касцёла бернардзінцаў.

У некаторых дакументах згадваецца яшчэ адна дата будаўніцтва касцёла – 1752 г., калі кляштар быў адбудаваны пасля вялікага пажару 1740 г. Дарэчы, кляштар гарэў і ў 1738 г. Але, верагодней за ўсё, тут маецца на ўвазе яго рэканструкцыя ў сярэдзіне XVIII ст. [17].

У 1753 г. на ахвяраванні рэчыцкага харунжага Я. Юдыцкага, які даў восем тысяч злотых, пры кляштары было заснавана брацтва Святой Ганны. У касцельнай крыпце і на бернардзінскіх могілках каля муроў касцёла былі пахаваны прадстаўнікі вядомых шляхецкіх і магнацкіх родаў – Завішаў, Кянсоўскіх, Тышкевічаў, Хмараў.

Паводле візітаў і інвентароў канца XVIII – першай паловы XIX ст. центральнае месца ў архітэктурным комплексе кляштара бернардзінцаў займаў касцёл Святога Юзафа, пабудаваны ў стылі барока. Гэта трохнефавая шасціслуповая базыліка з бязвежавым галоўным фасадам. Нефы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, капліцы – крыжовымі скляпеннямі з ляпным дэкорам. Інтэр’еры святыні былі аздоблены жывапісам. Унутры знаходзіліся дзевяць мураваных і разных драўляных алтароў. З поўначы да касцёла быў прыбудаваны П-падобны ў плане двухпавярховы будынак кляштара. За ім уздоўж вуліцы знаходзілася двухпавярховая мураваная афіцына, а таксама драўляныя гаспадарчыя пабудовы. Тэрыторыя кляштара была абнесена мураванай сцяной з брамамі [18].

У XVIII ст. пры кляштары існавала школа філасофіі, пры якой, паводле дакументаў 1753 – 1799 гг., было 8 – 10 студэнтаў і два выкладчыкі. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. у кляштары было 13 законнікаў і 12 клерыкаў (навучэнцаў школы філасофіі) [19].

Бернардзінкі

На супрацьлеглым баку вуліцы ад кляштара бернардзінцаў быў заснаваны кляштар бернардзінак. Першыя бернардзінкі з’явіліся ў Менску ў 1630 г. Спачатку ў іх не было свайго касцёла і кляштара. Сярод першых мінскіх бернардзінак лічылася Людвіна Завішанка – дачка віцебскага кашталяна Мікалая Завішы. Першым фундатарам кляштара бернардзінак стаў трокскі ваявода Аляксандр Слушка, дзякуючы намаганням якога ў 1633 г. быў пабудаваны драўляны касцёл і жылы корпус. Адначасова Слушка падараваў кляштару маёнтак Гатаў з чатырма вёскамі, столькімі ж карчмамі, двума млынамі, гэты маёнтак налічваў больш за 109 валок ворнай зямлі. У 1642 г. па ініцыятыве таго ж Слушкі пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла і будынкаў кляштара. Дабудаваць іх перашкодзілі ваенныя падзеі сярэдзіны XVII ст., і толькі ў 1687 г. новы касцёл быў кансекраваны ў гонар Звеставання Найсвяцейшая Панны Марыі [20]. У галоўным алтары святыні знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, якому нават была прысвечана спецыяльная кніга.

Пасля пажару 1741 г. комплекс кляштара бернардзінак аднавілі і рэканструявалі, а ў 1760-я гады ў касцёле закончылася будаўніцтва новага манументальнага мураванага алтара.

Паводле візіт і інвентароў канца XVIII – першай паловы XIX ст. касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны ў стылі барока, уяўляў трохнефавую 6-слуповую базіліку з двухвежавым галоўным фасадам. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем, а бакавыя – крыжовымі. У канцы XVIII ст. інтэр’еры святыні ўпрыгожвалі сем стукавых алтароў [21].

Да касцёла з поўначы прамыкаў двухпавярховы жылы корпус кляштара, які меў П-падобны план. На рагу Зыбіцкай і Бернардзінскай вуліц была пабудавана вялікая мураваная афіцына. На тэрыторыі комплексу знаходзіўся сад і драўляныя гаспадарчыя пабудовы.

Каля 1842 г. у мінскім кляштары бернардзінак знаходзілася 20 законніц-бернардзінак, паслушніца, кандыдатка і дзве законніцы ордэна тэрцыярак. У ім выхоўваліся таксама каля 20 дзяўчат, большасць з якіх страціла бацькоў [22].

Бенедыктынкі

Амаль адначасова з фундацыяй кляштара бернардзінак віленскім канонікам Войцехам Сялявам быў заснаваны ў Менску на Зборавай вуліцы кляштар бенедыктынак. У 1633 г. ён адкупіў у Самуэля Друцкага-Горскага і Аляксандра Сакалінскага два дамы “з будынкамі, пляцамі, гародамі і полем” на вуліцы Зборавай і перадаваў іх як фундуш бенедыктынкам [23]. 14 ліпеня 1633 г. гэты фундуш быў пацверджаны прывілеем караля Уладзіславам IV, а потым зацверджаны віленскім біскупам Абрагамам Войнам.

Першыя манашкі перасяліліся ў Мінск з Нясвіжа. Дзякуючы намаганням В. Сялявы былі пабудаваны драўляныя будынкі кляштара і касцёла Святога Войцеха біскупа-Мучаніка. Наступныя фундатары віленскі ваявода Крыштаф Хадкевіч і яго жонка Софія, княжна Друцкая-Горская распачалі будаўніцтва новага мураванага касцёла. 1 снежня 1647 г. Хадкевіч падпісаў кантракт з магістрам мулярскага рамяства Андрэем Кромерам на будаўніцтва новага мураванага касцёла бенедыктынак. Кромер да гэтага пабудаваў знакаміты касцёл у Будславе. Паводле кантракта ён павінен быў цалкам закончыць будаўніцтва касцёла ў 1649 г. Новы касцёл у Менску быў асвечаны біскупам Мікалаем Слупскім [24].

Кляштар моцна пацярпеў у час ваенных падзей сярэдзіны XVII ст. Пасля вайны святыня пачала паступова адраджацца. Быў узведзены новы мураваны жылы корпус на сродкі і дзякуючы намаганням Каыярыны Свірскай. У 1661 г. Марцыбела з роду Рагозаў, жонка Самуэля Зянкевіча, адпісала кляштару фальварак Кодкі ў Рэчыцкім павеце. Мецэнатамі кляштара былі Соф’я Зянкевіч, Сусанна і Алена Статкевічы, Сусанна Навадворская і іншыя.

У 1697 г. рускі дыпламат Пётр Талстой, які пабываў у Мінску, апісаў у сваім дзённіку мураваныя будынкі кляштара бенедыктынак і адзначыў, што законніцы вельмі прыгожа ігралі на арганах і дзівосна спявалі.

У 1780 г. комплекс кляштара быў рэканструяваны мінскім архітэктарам Т. Раманоўскім [25].

Паводле візітацый і інвентароў канца XVIII – XIX ст. касцёл Святога Войцеха быў аднанефавы. Галоўны фасад, які выходзіў на Зборавую вуліцу, фланкіравалі дзве трох’ярусныя вежы з купальнымі завяршэннямі. У інтэр’еры, перакрытым цыліндрычным скляпеннем, было пяцть мураваных і разных драўляных алтароў. Да паўднёвай вежы прылягаў мураваны двухпавярховы жылы корпус, накрыты высокім вальмавым дахам.

Акрамя таго на тэрыторыі кляштара знаходзіліся дзве афіцыны, бровар, свіран, стайня і іншыя драўляныя гаспадарчыя пабудовы, а таксама вялікі сад і агарод. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. кляштару належалі два фальваркі, восем вёсак, тры карчмы, млын і каля 93 валок ворнай зямлі [26]. У 1799 г. да мінскіх бенедыктынак належалі 22 законніцы. Паводле інвантара 1804 г. меўся фруктовы сад са 150 фруктовымі дрэвамі і агарод. У школе пры кляштары вучылася 18 дзяўчынак, але толькі шэсць з іх плацілі за вучобу [27].

Езуіты

Місія езуітаў была заснавана ў Мінску ў 1654 г. Менавіта тады смаленскі біскуп Геранім Сангушка набыў у мешчаніна Ягора Гегера вялікі мураваны палац, які стаяў на рагу Рынка і Койданаўскай вуліцы, дзе першапачаткова змясцілася місія [28]. У 1682 г. Яе падтрымаў трокскі ваявода Цыпрыян Бжастоўскі, які запісаў на калегіум і школу 50 тысяч злотых. Адначасова канцлер ВКЛ Марцыян Агінскі разам з жонкай Ізабелай з Глябовічаў запісаў яшчэ 50 тыс. Мінская місія ў 1686 г. была пераўтворана ў рэзідэнцыю, якая ў сваю чаргу ў 1714 г. атрымала статус калегіі [29].

У другой палове XVII ст. побач са старым палацам езуіты пабудавалі невялікі мураваны касцёл, а ў 1699 г. новы будынак школы [30].

У першай палове XVIII ст. у Мінску паўстаў у стылі барока велічны ансамбль калегіума езуітаў, які фактычна завяршыў фарміраванне архітэктурнага комплексу галоўнай рыначнай плошчы горада. Цэнтральнае месца ў ансамблі займаў касцёл Езуса, Марыі і Святой Барбары. Праект гэтай святыні быў распрацаваны ў Рыме. Падмуркі новага касцёла езуітаў былі ўрачыста закладзены ў 1700 г., а 16 красавіка 1710 г. святыню кансекраваў біскуп Канстанты Бжастоўскі [31].

Касцёл езуітаў уяўляў сабой трохнефавую шасціслуповую базіліку. Абапал апсіды ў бакавых нефах знаходзіліся дзве капліцы: Святой Тройцы і Святога Феліцыяна, фундаваныя ў 1722 г. Крыштафам Завішам. Галоўны двухвежавы фасад храма выходзіў на плошчу. У глыбокіх паўцыркульных нішах вежаў стаялі драўляныя скульптуры Святыха Пятра і Паўла, у цэнтральным франтоне – Марыі з дзіцем. На вежах былі ўстаноўлены чатыры званы – Казімір, Тадэвуш, Феліцыян і Якуб. Інтэр’ер святыні, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, быў багата аздоблены фрэскавым жывапісам. У галоўным алтары знаходзіліся 12 драўляных скульптур апосталаў.

Побач з касцёлам, у бок Койданаўскай вуліцы, знаходзіўся будынак калегіума, узведзены ў 1733 – 1747 гг. У 1750 г. да яго была прыбудавана трох’ярусная вежа з гадзіннікам. З паўночнага ўсходу да касцёла прылягаў прамавугольны ў плане будынак школы. На тэрыторыі двара знаходзіўся комплекс мураваных і драўляных гаспадарчых пабудоў [32].

У 1773 г. калегіум езуітаў быў ліквідаваны [33], касцёл ператвораны ў парафіяльны, а ў памяшканнях калегіума з 1774 да 1793 г. знаходзілася шасцікласная школа, падначаленая Нацыянальнай адукацыйнай камісіі.

Францысканцы

Кляштар францысканцаў быў заснаваны мінскім падкаморым Тэадорам Каралём Горскім, які 19 кастрычніка 1680 г. ахвяраваў францысканцам пляц на рагу вуліц Лошыцкай і Юр’еўскай для пабудовы касцёла і кляштара. У 1681 г. мінскі стольнік Тэадор Ваньковіч падараваў кляштару пляц на Татарскай вуліцы і запісаў дзве тысячы злотых. У 1689 г. Ежы Кастравіцкі ахвяраваў францысканцам яшчэ адзін пляц на Лошыцкай вуліцы, а Станіслаў Заблоцкі – пляц на вуліцы Нямігскай. У XVIII ст. мецэнатамі кляштара былі Антоній Прушынскі, Самуіл і Клара Камоцкія, якія ў 1746 г. адпісалі кляштару сенажаць Рубанкаўку, а Юрый Світы-Ільіч падараваў францысканцам у 1747 г. двор і пляц у горадзе [34].

Паводле візіты 1796 г. кляштар францысканцаў знаходзіўся на рагу вуліц Францысканскай і Юр’еўскай. Тэрыторыя яго складала 1 морг 7 прутоў і 73 прэнцікі. Касцёл Святога Антонія галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Францысканскую. Гэта быў драўляны крыжападобны ў плане, двухвежавы храм, накрыты гонтавым дахам. У паўночна-заходняй вежы знаходзіліся тры званы. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожвалі чатыры драўляныя алтары. У галоўным алтары, які аздаблялі 12 металічных ліхтароў, знаходзіўся абраз Святога Антонія. Астатнія алтары мелі абразы Святых Францыска, Яна і Найсвяцейшай Панны Марыі.

Паміж касцёлам і Юр’еўскай вуліцай знаходзіўся стары драўляны будынак кляштара. Недалёка ад галоўнай брамы стаяў вялікі драўляны дом, за ім – бровар і стайня. Новы мураваны г-падобны ў плане двухпавярховы будынак кляштара быў накрыты двухсхільным дахам; частка памяшканняў была перакрыта мураванымі скляпеннямі. У паўнёва-заходняй частцы тарэц даху быў закрыты трохвугольным франтонам, які аздаблялі скульптуры двух анёлаў і рэльефная выява сонца з прамянямі. На тэрыторыі кляштара знаходзіліся агарод, фруктовы дэкаратыўны сад. Тэрыторыя кляштара была абнесена мураванай і драўлянай агароджамі з брамамі. Галоўная брама знаходзілася перад уваходам у касцёл. У канцы XVIII ст. у кляштары было пяць законнікаў [35].

Святыні, заснаваныя ў XVIII ст.

У самым пачатку XVIII ст. у Мінску адбыліся фундацыі некалькіх каталіцкіх кляштараў. Так, у 1700 г. амаль адначасова былі заснаваны два кляштары – бенедыктынцаў і баніфратраў, а ў 1703 г. – кармелітаў. У 1752 г. у канцы Койданаўскай вуліцы, побач з гарадской брамай, з’явіліся шпіталь і касцёл рахітаў. Апошняя фундацыя паўстала ў 1771 г., калі на Францысканскай вуліцы з’явіўся кляштар марыявітак.

У другой палове XVIII ст. у Мінску была спроба заснавання яшчэ аднаго каталіцкага кляштара – трынітарыяў. Захаваліся звесткі пра фундуш мінскага земскага суддзі Матэуша Марцінкевіча і яго жонкі Тэрэсы з Філіповічаў на пляц з будынкамі ў горадзе Мінску паміж кляштарам францысканцаў і гарадскім валам для маладзечанскага трынітарскага кляштара з дазволам пабудаваць у Менску на гэтым пляцы касцёл з кляштарам або капліцу. Гэты дакумент датаваны 26 сакавіка 1761 г. [36]. Але ў Мінску кляштар трынітарыяў так не быў пабудаваны.

Бенедыктынцы

Кляштар бенедыктынцаў быў заснаваны жонкай мінскага харунжага Ганнай Статкевіч з Багушэвічаў, якая 20 красавіка 1700 г. ахвяравала ім вялікі пляц на рагу Койданаўскай вуліцы і Нямігскага завулка для пабудовы касцёла і рэзідэнцыі бенедыктынцаў. Адначасова яна падаравала кляштару сем тысяч злотых. Першыя манахі пераехалі сюды з кляштара бенедыктынцаў Святого Крыжа, што знаходзіўся каля Нясвіжа [37].

Хутка тэрыторыя была пашырана. Дзякуючы намаганням мінскага лентвойта Крыштафа Валіцкага, бурмістраў Міхала Кудышэвіча і Базыля Мазуркевіча кляштар атрымаў гарадскі пляц на рагу Койданаўскай вуліцы і Нямігскага завулка. Неўзабаве тут быў разбіты фруктовы сад. У 1762 г. Антоній і Марціна Багушэвічы далучылі да кляштара суседні пляц на Койданаўскай вуліцы, што дало магчымасць пабудаваць новую афіцыну і пякарню.

На працягу XVIII ст. мецэнатамі мінскай рэзідэнцыі бенедыктынцаў былі харунжы Фларыян Быкоўскі, Соф’я Ваньковіч, Юзаф Габрыэль Аскерка, Крыштаф Антоній Храпавіцкі, Русецкія і інш. Акрамя пляцаў і юрыдык у горадзе кляштару належаў фальварак Басыялаўка або Басалаўка за Татарскім канцом, які ў 1703 г. набыў для кляштара ксёндз Міхал Круковіч.

Паводле візіты 1797 г. новы драўляны касцёл Святога Міхаіла Архангела быў пабудаваны ў 1773 г. намаганнямі ксяндза Свідэрскага. Авальны ў плане будынак касцёла галоўным двухвежавым фасадам выходзіў на Койданаўскую вуліцу. Паміж вежамі знаходзіўся шчыт, які закрываў тарэц гонтавага даху, і быў завершаны жалезным крыжам. Інтэр’ер храма ўпрыгожвалі пяць жывапісных аптычных алтароў, намаляваных на палатне. У галоўным алтары знаходзіўся абраз Святога Міхаіла, а над ім – вялікі драўляны крыж з фігурай Езуса. У астатніх алтатарах былі абразы Найсвяцейшай Панны Марыі, Святога Бенедыкта, Святой Схаластыкі. У капліцы знаходзіўся абраз Езуса Назарэтанскага.

На рагу вуліц Койданаўскай і Феліцыянаўскай (былы Нямігскі завулак) знаходзіўся вялікі двухпавярховы драўляны будынак кляштара з алькежамі. На тэрыторыі яго месціўся комплекс гаспадарчых драўляных пабудоў, а таксама афіцына. За гаспадарчымі пабудовамі быў разбіты сад. Тэрыторыя кляштара абнеслі драўляным парканам з брамамі. Галоўная брама знаходзілася з боку вуліцы Койданаўскай [38].

У 1797 г. пробашчам рэзідэнцыі быў ксёндз Раман Варанец, якога прыслалі з нясвіжскага кляштара бенедыктынцаў. Ён займаўся выхаваннем хлопчыкаў шляхецкага паходжання, якія страцілі бацькоў. Акрамя гэтага ксяндза ў кляштары яшчэ быў адзін законнік [39].

Баніфратры

Кляштар баніфратраў быў заснаваны мінскім стольнікам і падстаростам Антоніем Тэадорам Ваньковічам, які ў 1700 г. ахвяраваў баніфратрам 10 тысяч злотых і вялікі пляц на Старым ці Нізкім Рынку пад будаўніцтва касцёла, кляштара, шпіталя і іншых пабудоў. Акрамя таго ён падараваў кляштару фальварак Кальварышкі, які знаходзіўся за горадам над ракой Свіслач. Гэты фальварак меў адну валоку і 15 моргаў ворнай зямлі і комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў. Адначасова старадубаўскі стольнік Мікалай Радкевіч падараваў кляштару дзве сенажаці над Свіслаччу.

У 1750 г. дыяспалітанскі біскуп Аўгусцін Любінецкі ахвяраваў кляштару 8 тысяч злотых на алтар Святога Аўгусціна. Акрамя таго кляштару належалі юрыдыкі ў горадзе, а таксама некалькі пляцаў з жылымі дамамі. У XVIII ст. мецэнатамі кляштара былі Марыяна Шышкава, Міхаіл Дэрмонта-Швіцкі, Станіслаў Ельскі, Скваркоўскія, Антоній Пшаздзецкі, Іосіф Статкевіч, Пётр Міцкевіч і іншыя.

Невялікі мураваны будынак касцёла, узведзены ў першай палове XVIII ст., моцна пацярпеў у час вялікага гарадскога пажару 1762 г. У 1764 г. прыёр кляштара Клеменс Вільчэўскі заключыў кантракт з майстрамі мінскага мулярскага цэху Антоніем Каплінскім і Пятром Макарэвічам на аднаўленне і разбудову касцёла, згодна з якім планавалася дабудаваць двухвежавы галоўны фасад і мураваную сакрысцію [40].

Паводле візіты 1796 г. мураваны прамавугольны ў плане аднанефавы будынак касцёла Святога Яна Божага галоўным двухвежавым фасадам выходзіў на рыначную плошчу. Інтэр’ер касцёла быў часткова перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Яго ўпрыгожвалі тры драўляныя разныя алтары. У галоўным двух’ярусным алтары, які ўпрыгожвалі чатыры ліхтары, знаходзіліся абразы Святых Яна Божага, Аўгусціна і Пана Езуса, а ў бакавых – абраз Найсвяцейшай Маці Марыі і фігура ўкрыжаванага Хрыста.

Драўляны двухпавярховы будынак кляштара выходзіў на Казьмадзям’янаўскую вуліцу. На першым паверсе знаходзіліся 18 крам, якія здаваліся ў арэнду, а на верхнім жылі законнікі. На Зыбіцкую вуліцу выходзіла двухпавярховая камяніца, у якой на першым паверсе было сем крам, а на другім – жылыя пакоі і кухня. На тэрыторыі кляштара знаходзіліся драўляны аднапавярховы будынак шпіталя на 18 ложкаў, а таксама комплекс драўляных гаспадарчых пабудоў і невялікі сад [41].

Пры кляштары была невялікая бібліятэка, якая мела каля 50 кніг і рукапісаў на лацінскай мове. У 1796 г. у кляштары знаходзіліся чатыры законнікі [42].

Кармеліты

Кляштар кармелітаў быў заснаваны мінскім стольнікам і падстаростам Антоніем Тэадорам Ваньковічам у 1703 г. Ён ахвяраваў пляц для будаўніцтва касцёла і кляштара на Юр’еўскай вуліцы і адначасова запісаў дзевяць тысяч злотых на маёнтку Глушынцы ці Іслач. У 1735 г. Ян Турчыновіч-Сушыцкі ахвяраваў кляштару некалькі пляцаў з будынкамі ў горадзе. Віленскі біскуп Міхал Зянькевіч у 1738 г. заснаваў пры кляштары брацтва Найсвяцейшай Панны Марыі Шкаплернай. У 1750 г. шатроўскі староста Тадэвуш Ваньковіч падараваў кляштару два пляцы на Юр’еўскай вуліцы і фальварак Доўгая Ніва ці Кальварыя з цагельнямі, які меў дзесяць моргаў ворнай зямлі і комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў.

Побач з фальваркам знаходзіліся кляштарныя могілкі з 36 капліцамі, якія ў 1795 г. былі ператвораны ў гарадскія парафіяльныя. У 1754 г. ксёндз Тамаш Стацэвіч ахвяраваў чатыры тысячы злотых для будаўніцтва Кальварыйскага касцёла, пры якім у 1755 г. было заснавана брацтва Пакут Паньскіх. У XVIII ст. мецэнатамі кляштара з’яўляліся Адам Дзерналовіч, Францішак і Барбара Свентарэцкія, Тадэвуш Варковіч, Прушынскія і іншыя. У XVIII ст. кляштару належалі некалькі пляцаў у горадзе з камяніцамі і крамы на Рынку.

У 1763 г. дзякуючы намаганням мінскага старосты Міхала Валадковіча было закончана будаўніцтва ў стылі барока мураванага касцёла Святой Марыі Магдалены. Гэта была прамавугольная ў плане трохнефавая базіліка. Цэнтральны неф пераходзіў ў невялікі прэзбітэрый з паўкруглай алтарнай апсідай. Галоўны бязвежавы фасад выходзіў на вуліцу Ракаўскую. Інтэр’еры храма былі перакрыты крыжовымі скляпеннямі, яго ўпрыгожвалі шэсць разных драўляных і мураваных алтароў. Галоўны мураваны шмат’ярусны алтар меў багаты ляпны дэкор і быў упрыгожаны аптычнымі роспісамі з фігурай укрыжаванага Хрыста. У ім знаходзіліся абразы Найсвяцейшай Панны Марыі, Святога Яна і Святой Марыі Магдалены. Чатыры бакавыя жывапісныя аптычныя алтары мелі абразы Найсвяцейшай Панны Марыі Шкаплернай, Святога Юзафа, Святой Тэклі, Святога Прарока Ільі. Пад касцёлам размяшчалася невялікая мураваная крыпта [43].

Побач з касцёлам знаходзіўся драўляны г-падобны ў плане аднапавярховы будынак кляштара, а таксама двухпавярховая камяніца і комплекс драўляных гаспадарчых пабудоў. У 1796 г. у кляштары было пяць законнікаў [44].

Рахіты

Кляштар рахітаў быў заснаваны 3 жніўня 1752 г. паводле фундацыі мінскіх бурмістраў Шышкаў, якія падаравалі рахітам пляц на Койданаўскай вуліцы побач з брамай і гарадскім валам для пабудовы кляштара і шпіталя, а таксама 750 злотых на ўтрыманне хворых. Адначасова ксёндз Тамаш Стацэвіч ахвяраваў кляштару 11 тысяч злотых і абраз Святой Веранікі. У 1788 г. Міхал Ансялеўскі падараваў кляштару дзве сенажаці недалёка ад горада. У XVIII – пач. XIX ст. кляштару належалі некалькі пляцаў з пабудовамі ў горадзе, а таксама фруктовы сад каля Нямігскай вуліцы і ветраны млын пры дарозе на Смілавічы [45].

Паводле візіты 1796 г. невялікі двухвежавы драўляны касцёл Святога Роха галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Койданаўскую. Інтэр’ер храма ўпрыгожвалі тры драўляныя разныя алтары. У галоўным знаходзіліся абразы Святых Роха, Веранікі і Юзафа. На тэрыторыі кляштара існаваў аднапавярховы драўляны шпіталь на 30 ложкаў, а таксама тры драўляныя жылыя дамы, у адным з якіх жыў ксёндз капелан. Побач знаходзіўся комплекс гаспадарчых пабудоў і агарод. Тэрыторыя кляштара была абнесена драўляным парканам, галоўная брама размяшчалася з боку вуліцы Койданаўскай. У 1796 у кляштары знаходзілася пяць законнікаў [46].

Марыявіткі

Мінскі кляштар марыявітак быў заснаваны 26 чэрвеня 1771 г. жонкай паройскага старосты Кунегундай Рушчыц з Матушэвічаў, якая ахвяравала пляц на Францысканскай вуліцы пад пабудову кляштара.

Паводле візітаў пачатку XIX ст. на тэрыторыі кляштара знаходзіўся вялікі драўляны жылы дом, які кляштар здаваў у арэнду, драўляная афіцына, дзе жылі законніцы, стайня і вазоўня, хлеў, іншыя гаспадарчыя пабудовы і невялікі агарод. Тэрыторыя кляштара была аддзелена ад Францысканскай вуліцы драўляным парканам з брамай. Пры кляштары існавала школа для дзяўчат, была невялікая бібліятэка, у якой налічвалася 26 кніг. У кляштары пастаянна знаходзіліся тры-чатыры законніцы, якія не мелі капліцы і хадзілі на набажэнствы ў касцёл езуітаў, які ў 1798 г. стаў мінскім кафедральным касцёлам [47].

Лёсы мінскіх святынь у XIX – пачатку XX ст.

Паводле трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Мінск у 1793 г. трапіў у склад Расійскай імперыі. У 1795 г. ён становіцца цэнтрам новаўтворанай Мінскай губерні. У 1798 г. у яе межах была створана Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Першы мінскі біскуп Якуб Дадэрка адразу разгарнуў актыўную дзейнасць па стварэнні новай дыяцэзіі. Дзякуючы яго намаганням былы касцёл езуітаў стаў кафедральным.

Будынак гэтай святыні, які моцна пацярпеў у 1796 г. у час пажару, быў цалкам адноўлены і рэканструяваны ў 1798 – 1800 гг. Адначасова на замову біскупа мінскі мастак Казімір Анташэўскі аздобіў новымі паліхромнымі роспісамі інтэр’еры кафедральнага касцёла. Ёсць падставы меркаваць, што Дадэрка асабіста кіраваў работай па аздабленні святыні [48].

Біскуп ініцыяваў таксама работы па перабудове касцёла і кляштара бенедыктынак. Архітэктурныя праекты па аднаўленні згаданых вышэй святыняў падрыхтаваў мінскі губернскі архітэктар Тэадор Крамер.

Мы пакуль не ведаем, чаму Дадэрка вырашыў скасаваць мінскі кляштар кармелітаў. Ён быў зачынены ў 1798 г. У яго будынкі быў пераведзены кляштар францысканцаў. Адначасова драўляны францысканскі касцёл Святога Антонія быў перанесены на новыя парафіяльныя мінскія Кальварыйскія могілкі, створаныя ў фальварку Кальварыя, які належаў кармелітам [49].

Будынкі былога кляштара францысканцаў былі перададзены Мінскай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася там да 1843 г., а з 1844 па 1869 гг. тут знаходзілася Мінская рымска-каталіцкая кансісторыя.

Першай каталіцкай святыняй у Менску, якая была цалкам страчана ў XIX ст., стаў фарны касцёл на Траецкай Гары. Будынак яго згарэў 14 жніўня 1809 г., але плябанія і гаспадарчыя пабудовы захаваліся. З 1 лістапада 1809 г. набажэнствы з Траецкай Гары былі перанесены ў Мінскі кафедральны касцёл на Высокім рынку і ў невялікую драўляную капліцу на Залатагорскіх могілках [50]. Пасля пажару быў распрацаваны праект рэгулярнай перапланіроўкі Траецкай Гары. У 1814 г. мінскі плябан ксёндз Ян Харэвіч атрымаў ад гарадскіх уладаў дазвол на будаўніцтва новага касцёла і плябаніі. Адначасова пляц парафіі быў значна пашыраны. Праект новага мураванага касцёла Святой Тройцы, які павінен быў выходзіць галоўным фасадам на Траецкую вуліцу, быў распрацаваны мінскім губернскім архітэктарам Міхаілам Чахоўскім і афіцыйна зацверджаны ўладамі 30 чэрвеня 1814 г. [51].

Але на будаўніцтва новай святыні не хапала сродкаў. Паспелі вымураваць толькі дом плябаніі і паставіць драўляныя гаспадарчыя пабудовы. У 1840-я гады пляц, на якім у XVI – XIX ст. знаходзіўся першы і самы старажытны мінскі фарны касцёл і самыя старажытныя каталіцкія могілкі XVI – XVIII стст., быў перададзены ўладамі пад будаўніцтва комплексу гарадскога шпіталя.

Трэба адзначыць, што пасля пажару 1809 г. біскуп Якуб Дадэрка зрабіў спробу заснаваць на Траецкай Гары яшчэ адну новую святыню. Паводле заказу Мінскага дабрачыннага таварыства архітэктар Чахоўскі распрацаваў праект пабудовы на новай рыначнай Траецкай плошчы комплексу касцёла і шпіталя сясцёр міласэрнасці. 30 жніўня 1810 г. Дадэрка ўрачыста асвяціў пачатак будаўніцтва і падмуркі новага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі [52]. Але муры касцёла і шпіталя былі выкананы толькі часткова. У 1840-х гадах недабудаваныя касцёл і шпіталь таварыства дабрачыннасці былі вымушаны прадаць праваслаўнай царкве пад будаўніцтва семінарыі.

Паступова царскія ўлады пачынаюць узмацняць ціск на рымска-каталіцкі касцёл. З пачатку ён быў не вельмі моцным, але пачынаючы з 1820-х гадоў такая палітыка становіцца ўсё больш жорсткай. Пачынаюць зачыняць каталіцкія кляштары. Першым у Мінску быў скасаваны кляштар рахітаў. Фармальнай нагодай для гэтага стаў яго кепскі эканамічны стан. У 1824 г. гэты кляштар разам з усёй маёмасцю быў далучаны да Мінскага кляштара баніфратраў [53].

Пасля задушэння паўстання 1830 – 1831 гг. пачалася хваля масавага закрыцця каталіцкіх кляштараў па ўсей тэрыторыі Мінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі.

У 1832 г. у Мінску быў скасаваны кляштар францысканцаў на Ракаўскай вуліцы. Яго маёмасць канфіскавалі. Доўгі час будынак касцёла францысканцаў выкарыстоўваўся пад склад, а ў другой палове XIX ст. быў цалкам разбураны [54].

Адначасова былі ліквідаваны кляштары бенедыктынцаў і дамініканцаў.

Маёмасць кляштара бенедыктынцаў была перададзена гарадскім уладам. Яны доўгі час выкарыстоўвалі будынак касцёла як склад. Да сярэдзіны XIX ст. усе пабудовы кляштара паступова былі разбураны, а яго тэрыторыя забудавана жылымі дамамі [55].

У 1836 г. быў скасаваны і кляштар баніфратраў, а яго шпіталь і іншыя пабудовы, у тым ліку і маёмасць былога кляштара рахітаў, перададзены Мінскаму прыказу грамадскай апекі (Приказ общественного призрения) [56]. У 1860-я гг. былы касцёл баніфратраў быў разбураны, а астатнія пабудовы прыстасаваны пад жыллё. Адначасова была забудавана і тэрыторыя былога кляштара рахітаў на Койданаўскай вуліцы.

Як ужо гаварылася вышэй, у 1832 г. быў зачынены і самы старажытны мінскі каталіцкі кляштар – кляштар дамініканцаў. Але мінскі біскуп Матэвуш Ліпскі дамогся, каб яго будынкі засталіся ва ўласнасці рымска-каталіцкага касцёла. У 1832 г. былы дамініканскі касцёл становіцца мінскім парафіяльным і атрымлівае тытул Святой Тройцы. Сюды былі перанесены набажэнствы Траецкай парафіі з Мінскага кафедральнага касцёла. У 1842 г. пад націскам улад набажэнствы ў былым дамініканскім касцёле спыніліся і былі перанесены ў невялікі драўляны філіяльны касцёл на парафіяльных Залатагорскіх могілках [57]. У будынкі былога кляштара дамініканцаў у 1844 г. пераведзена Мінская каталіцкая семінарыя.

У сярэдзіне XIX ст. у Мінску былі скасаваны яшчэ два кляштары. У 1850 г. быў зачынены кляштар марыявітак, а яго пляц разам з будынкамі прададзены пад забудову жылымі дамамі [58]. У 1853 г. скасавалі і кляштар бернардзінак [59]. Яго будынкі ў 1870 г. перададзены мінскаму праваслаўнаму мужчынскаму Свята-Духаваму манастыру.

Трэба адзначыць, што ў XIX ст. у Мінску былі пабудаваны дзве новыя каталіцкія святыні. У 1836 г. згарэў стары драўляны касцёл на Кальварыйскіх могілках. На яго месцы, дзякуючы фундацыі Паўлікоўскіх, у 1839 – 1841 гг. пабудаваны новы мураваны касцёл у стылі неаготыкі [60]. У 1861 – 1864 гг. на Залатагорскіх парафіяльных могілках на месцы старога драўлянага філіяльнага касцёла, дзякуючы фундацыі С. Леановіча, І. Лясковіча і іншых, паўсталі муры новага парафіяльнага касцёла Святой Тройцы ў стылі неаготыкі [61].

Пасля задушэння паўстання 1863 –1864 гг. пачалася новая хваля рэпрэсій супраць рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі. Была зачынена большасць каталіцкіх кляштараў, ліквідавана значная частка парафій. У 1864 г. зачынены мінскі кляштар бернардзінцаў [62]. Спачатку яго памяшканні выкарыстоўвалі пад следчую турму, дзе ўтрымлівалі ўдзельнікаў паўстання. Потым кляштар перадалі ваеннаму ведамству, а будынак касцёла прыстасавалі пад архіў.

У 1869 г. ліквідавана і Мінская рамска-каталіцкая дыяцэзія [63]. Адначасова Мінская рымска-каталіцкая семінарыя была пераведзена ў Вільню. У Вільню быў вымушаны выехаць і мінскі біскуп Адам Вайткевіч.

У пачатку 1871 г. быў скасаваны і апошні мінскі каталіцкі кляштар бенедыктынак. У 1873 г. яго будынкі пераабсталявалі пад праваслаўны жаночы Праабражэнскі манастыр [64].

Такім чынам да пачатку ХХ ст. у Мінску засталося толькі два парафіяльныя касцёлы. Гэта касцёл Святой Тройцы на Залатагорскіх могілках і былы кафедральны Марыінскі касцёл на галоўнай плошчы горада, якая пасля 1865 г. атрымала назву Саборнай плошчы.

У 1905 – 1910 гг. на Захар’еўскай вуліцы, дзякуючы фундацыі і асабістым намаганням Эдварда Вайніловіча і яго жонкі Алімпіі з роду Узлоўскіх быў пабудаваны ў неараманскім стылі велічны касцёл Святога Сымона і Святой Алены [65]. Адначасова пачаліся спробы па вяртанні старажытных каталіцкіх святыняў, зачыненых у XIX ст. Так, княгіня Магдалена Радзівіл неаднаразова прапаноўвала выкупіць за свае ўласныя сродкі будынкі былога кляштара дамініканцаў, у касцёле аднавіць набажэнствы, а кляштар пераабсталяваць пад дзіцячы шпіталь і прытулак. Княгіню некалькі разоў падтрымлівала мінская гарадская дума, але вышэйшыя ўлады ў Пецярбургу катэгарычна адхілялі рашэнні органаў мінскага гарадскога самакіравання.

У пачатку ХХ ст. у Мінску была зроблена яшчэ адна спроба пабудаваць новую каталіцкую святыню. У 1903 г. па ініцыятыве ксяндза Казіміра Міхалькевіча ў горадзе стварылі спецыяльны камітэт, які распачаў работу па падрыхтоўцы будаўніцтва новага парафіяльнага касцёла на Залатой Горцы. Для распрацоўкі праекта новай святыні з Варшавы быў запрошаны вядомы архітэктар Юзаф Дзяконскі. Праект новага храма ў неагатычным стылі быў афіцыйна зацверджаны ў 1906 г. Пачаўся збор ахвяраванняў, але сродкаў не хапала. Будаўніцтва зацягвалася. Далейшыя гістарычныя падзеі канчаткова перашкодзілі рэалізацыі гэтага цікавага праекта [66].

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. была адноўлена дзейнасць Мінскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі. Пачалося вяртанне зачыненых у XIX ст. старажытных святыняў. Першым у 1918 г. быў адчынены старажытны касцёл дамініканцаў. Былі выкананы работы па яго рэстаўрацыі, у тым ліку і фрэскавых роспісаў у інтэр’ерах. Затым быў адчынены і былы бернардзінскі касцёл. Яго таксама планавалася адрэстаўраваць. Але пасля 1920 г. пачала пісацца зусім іншая гісторыя.

 


Cпасылкі:

1. НГАБ, ф. 1781, воп. 26, спр. 1497, арк. 2 – 2 адв.
2. Chodźko [Jan] Ignacy Borejko. Diecezja Mińska około 1830 roku. T. 1. Lublin, 1998. S. 21.
3. НГАБ, ф. 1781, воп. 32, спр. 20, арк. 14 – 15.
4. Ochmański J. Biskupstwo Wileńskie w średiowieczu. Poznań, 1972. S. 45.
5. Дзянісаў У. Каштоўная крыніца гісторыі // Наша вера, 2004, № 4. С. 25.
6. НГАБ, ф. 24, воп. 1, спр. 468, арк. 26 – 46, 47 – 78.
7. НГАБ, ф. 24, воп. 1, спр. 468, арк. 80 – 87, 107 – 136.
8. Сыракомля У. Мінск. Мінск, 1992. С. 77; Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мінск, 1985. С. 34.
9. Шчакаціхін М. Помнікі старадаўняе архітэктуры XVII – XVIII стст. у Менску // Запіскі адз. гуманіт. навук, 1928. Кн. 6. С. 1 – 38.
10. Беларускі архіў. Мінск, 1930. Т. 3. С. 131.
11. Беларускі архіў. Мінск, 1930. Т. 3. С. 204.
12. Oddział rękopisów biblioteki PAN w Krakowie. N 1064. K. 20, 34.
13. Łopaciński E. Wiadomości o artystach Wilna i ziem okolicznych. // Prace i materiały sprawozdawcze Sekcji hist. sztuki Tow. Przyiaciół Nauk w Wilnie, 1938/1939. T.3. S. 330.
14. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 293, 349, 412.
15. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 256, арк. 34 – 40 адв.
16. Klasztory bernardyńskie w Polsce. Kalwaria Zebrzydowska, 1985. S. 220 – 221.
17. Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мінск, 1985. С. 48 – 49.
18. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 265, 285, 340.
19. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 256, арк. 24 – 32 адв.
20. Klasztory bernardyńskie w Polsce. Kalwaria Zebrzydowska, 1985. S. 532 – 533.
21. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 256, арк. 30 – 32 адв.
22. Klasztory bernardyńskie w Polsce. Kalwaria Zebrzydowska, 1985. S. 532 – 533.
23. Беларускі архіў. Мінск, 1930. Т. 3. С. 134 – 135.
24. Дзянісаў У. Мінскія бенедыктынкі: Гісторыя зруйнаванага кляштара // Наша Вера. 2003. № 2. С. 75 – 78.
25. Łoza S. Architekci budowniczowie w Polsce. Warszawа. 1954. S. 260.
26. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 256, арк. 60 – 67адв.
27. НГАБ, воп. 1781, воп. 27, спр. 282.
28. Беларускі архіў. Мінск, 1930. Т. 3. С. 178.
29. Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski і Litwy. 1564 – 1995. Kraków, 1996. S. 425 – 426.
30. Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мінск, 1985. С. 58.
31. Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski I Litwy. 1564 – 1995. Kraków, 1996. S. 425 – 426.
32. Paszenda J. Budowle jezuickie w Polsce. Kraków, 2000. T. 2. S. 273 – 286.
33. Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мінск, 1985. С. 64.
34. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Мінск, 2001. Кн. 1. С. 238.
35. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, срп. 256, арк. 50 – 54.
36. НГАБ, ф. 1727, воп. 1, спр. 13, арк. 533 – 534.
37. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Мінск, 2001. Кн. 1. С. 311 – 312.
38. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 256, арк. 56 – 58.
39. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 240, арк. 10адв. – 11; спр. 256, арк. 56 – 58.
40. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 2. С. 291—292.
41. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 240, арк. 4—9.
42. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 2. С. 291.
43. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 2. С. 294 – 295.
44. НГАБ, ф. 1781, воп. 26, спр. 256, арк. 42 – 46.
45. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 268, 302, 313, 345, 365.
46. НГАБ, ф. 1781, воп. 27,, спр. 256, арк. 12 – 15адв.
47. НГАБ, ф. 1781, воп. 27,, спр. 359, 399.
48. Chodźko [Jan] Ignacy Borejko. Diecezja Mińska około 1830 roku. Lublin, 1998. T. 1. S. 183 – 185.
49. Тамсама, s. 184 – 185; T. 2. S. 84, 123.
50. НГАБ, ф. 1781, воп. 26, спр. 468, арк. 1 – 49.
51. Дзянісаў У. Каштоўная крыніца гісторыі.// Наша вера. 2004. № 1.С. 26 – 28.
52. Chodźko [Jan] Ignacy Borejko. Diecezja Mińska około 1830 roku. Lublin, 1998. T. 1. S. 191 – 192.
53. НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 390, 396.
54. НГАБ, ф. 24, воп. 1, спр. 1836, 3043.
55. НГАБ, ф. 24, воп. 1,, спр. 17.
56. НГАБ, ф. 1781, воп. 24, спр. 930.
57. НГАБ, ф. 1781,, воп. 26, спр. 1497, арк. 1 – 49.
58. НГАБ, ф. 24, воп. 1, спр. 1205.
59. НГАБ, ф. 1781, воп. 24, спр. 5105.
60. Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Mińsku na Białorusi. Warszawа, 1996. S. 20 – 21; Сыракомля У. Мінск. Мінск, 1992. С. 25.
61. НГАБ, ф. 1781, воп. 26, спр. 1497, арк. 1 – 49.
62. НГАБ, ф. 1781,, воп. 24, спр. 1576.
63. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мінск, 1999. Т. 5. С. 180.
64. Дзянісаў У. Мінскія бенедыктынкі: Гісторыя зруйнаванага кляштара // Наша вера. 2003. № 2. С. 79 – 80.
65. Дзянісаў У. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены. Мінск., 1996.
66. Дзянісаў У. Каштоўная крыніца гісторыі. // Наша вера. 2004. № 1. С. 25.

 

 

 

 


Уладзімір Дзянісаў, гісторык культуры, галоўны архівіст НГАБ, ганаровы архівіст Беларусі, сябра Беларускай акадэміі архітэктуры. Даследуе гісторыю архітэктуры, культурнае і мастацкае жыццё Мінска XVI – XX ст.


Национальный
исторический архив Беларуси

niab@niab.by
Кропоткина, 55, Минск, Беларусь