НачалоКарта сайтаОбратная связь  

Национальный
исторический
архив Беларуси


Статьи



Дзяніс Васільевіч Лісейчыкаў,
кандыдат гістарычных навук,
намеснік дырэктара НГАБ

 

Уніяцкія парафіі Мінска ў XVII–XIX стст.

 

Пытанне дзейнасці уніяцкіх парафіяў у Мінску заўсёды выклікала цікавасць даследчыкаў. Негледзячы на тое, што гісторыі Мінска прысвечана шмат публікацый, да сённяшняга часу канчаткова не высветлена – колькі цэркваў пад якімі тытуламі ў якія гады рэальна існавала ў горадзе. Нават грунтоўная праца польскага навукоўца В. Колбука [1], якая прэтэндуе на вычарпальнасць у справе вывучэння парафіяльнай разбудовы, у выпадку з Мінскам толькі заблытвае сітуацыю. Ды і ў самых інфарматыўных крыніцах – пратаколах візітацый – пад рознымі гадамі падаюцца цэрквы пад рознымі тытуламі. Самыя дакладныя звесткі аб мінскіх цэрквах сабраны ў працах Р. Баравога [2], але ён акцэнтуе ўвагу найперш на іх тапаграфіі.

Паспрабуем разабрацца ў сітуацыі і разгледзець праблему уніяцкай парафіяльнай сеткі Мінска ў святле дакументаў, што маюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы.

На жаль, практычна нічога невядома аб структуры уніяцкіх парафіяў Мінска першых дзесяцігоддзяў існавання уніі. Ёсць дакладныя звесткі, што напярэдадні вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. у Мінску налічвалася 12 уніяцкіх цэркваў [3]: Св. Тройцы, Ушэсця Божага, Св. Барыса і Глеба (усе на Траецкай Гары), Ператварэння Божага і саборная Нараджэння Панны Марыі (на Замку), Уваскрасення Божага (на Уваскрасенскай альбо Гомшынскай вуліцы) Св. Параскевы (на Татарскай вуліцы), Св. Мікалая (на юрыдыцы уніяцкіх мітрапалітаў), Св. Юр’я (на рагу Ракаўскай вуліцы) і Міхала Арханёла (месцазнаходжанне не ўстаноўлена). Сюды ж, безумоўна, трэба дадаць і дзве базыльянскія пляцоўкі – мужчынскі і жаночы Свята-Духаўскія кляштары. Акрамя гэтага ёсць інфармацыя, што да 1633 г. у Мінску існавала яшчэ адна парафіяльная царква – Св. Казьмы і Дзям’яна. Але ў 1633 г. на яе месцы быў пабудаваны касцёл кляштара бернардзінак [4]. Да моманту заключэння Брэсцкай уніі 1596 г. у Мінску было вядома яшчэ некалькі цэркваў. Р. Баравы называе наступныя: Св. Ефрасінні Полацкай, Нараджэння Божага, Св. Яна Хрысціцеля і Апекі Панны Марыі [5]. Але, магчыма, даследчык блытае дзве апошнія з капліцамі, што з адпаведнымі тытуламі існавалі ў Крупцах і Сляпянцы.

На тэрыторыі, занятай у сярэдзіне XVII ст. маскоўскімі войскамі, уніяцкія храмы, як правіла, пераходзілі пад праваслаўную юрысдыкцыю. Але ёсць падставы меркаваць, што ў Мінску працягвалі дзейнічаць і уніяцкія парафіі. У спісах тых, хто прысягнуў на вернасць маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу ў 1655 г., адзначаны «унейской поп» Мінскай царквы Ператварэння Божага Ян Балгароўскі [6].

Аднак у цэлым сетка уніяцкіх парафій у час вайны была моцна разбурана. Да моманту правядзення генеральнай візітацыі 1682 г. ў Мінску засталося восем дзейсных будынкаў храмаў, чатырма з якіх кіравалі два парохі – мінскі пратапоп Яўсей Кастроўскі і Ахрэм Змітровіч-Павуцінка [7]. Аднавілі сваю дзейнасць і базыльянскія кляштары. Адзін з іх, Свята-Духаўскі, узяў пад сваю апеку пустуючую мураваную царкву Ушэсця Божага, якой раней кіравалі белыя святары – «перад гэтым быў свецкі святар, і фундуш на свецкага святара, а зараз знаходзіцца ў пустках» [8].

Лёс астатніх пяці храмаў склаўся наступным чынам: царкву Св. Мікалая ў 1682 г. на ўласныя сродкі пачаў адбудоўваць мітрапаліт Ц. Жахоўскі, на месцы царквы Міхала Арханёла пабудаваў стайню мінскі староста Завіша [9], ад астатніх трох храмаў засталіся толькі пустыя пляцы. А ў 1693 г. пасля смерці Ц. Жахоўскага прыпынілася і аднаўленне царквы Св. Мікалая. Паводле стану на 1780 г. ад яе застаўся толькі цвінтар, на якім быў пастаўлены памятны крыж, а большая частка царкоўнага пляцу выкарыстоўвалася пад сенажаць [10]. Грунты Мікалаеўскай царквы былі пазабіраны Петрапаўлаўскім праваслаўным манастыром [11].

Свята-Духаўскія мужчынскі і жаночы кляштары былі зачынены ў 1795 г. У часы Расійскай імперыі ў Мінску працягваў дзейнічаць толькі жаночы кляштар Св. Тройцы. У 1809 г. яго царква згарэла і да 1820-х гг. адноўлена не была [12]. Набажэнствы адбываліся ў вялікай зале самога кляштара.

Мы не ставілі мэтай свайго даследавання вызначэнне колькасці царкоўных будынкаў у Мінску, нас найперш цікавіла інтэнсіўнасць душпастырскай дзейнасці уніяцкіх парафій. А вось тут сітуацыя выглядае крыху іначай. Як вынікае з архіўных дакументаў, уласную парафію мела далёка не кожная царква. Больш за тое, нам невядома ці ўсе пералічаныя храмы можна ў поўнай ступені аднесці да катэгорыі «цэркваў» ў сучасным разуменні гэтага слова. Справа ў тым, што ў XVI, XVII і нават пачатку XVIII ст. справаводы уніяцкай царквы часта не адлюстроўвалі розніцу паміж парафіяльнай і філіяльнай царквой (капліцай) – усе уніяцкія культавыя збудаванні (апрача, хіба, кляштараў) у тагачасных дакументах універсальна называюцца цэрквамі.

Наконт першай паловы XVII ст. дакладна невядома нічога. А вось у 1681 г. у Мінску ўзгадваюцца тры рэальна дзеючыя уніяцкія парафіі: Уваскрасенская, Траецкая і «Увазнясенская» (Ушэсця Божага, г. зн. парафія Свята-Духаўскага кляштара). Аб гэтым сведчыць фундуш мінскіх мяшчанаў тром уніяцкім парохам: Сымону Цыпрыяновічу, настаяцелю Свята-Духаўскага кляштара і вышэйзгаданым Кастроўскаму і Павуцінку ад 15 ліпеня 1681 г. [13].

Нягледзячы на тое, што Мінск моцна пацярпеў ад вайны, архівы парафіяльных цэркваў захаваліся даволі добра. Так, у 1819 г. сярод папераў Уваскрасенскай царквы знаходзілася 15 метрычных кніг, пачынаючы з 1650 г. (тут жа захоўваліся і метрыкі царквы Траецкага жаночага кляштару, парафія якой была далучана да Уваскрасенскай у 1800 г.) [14]. Самыя ж раннія дакументы з архіваў Уваскрасенскай царквы датаваліся 1620 г., саборнай – 1633 г., Траецкай – 1682 г. [15]. Уся гэтая багатая дакументацыя загінула ўжо ў савецкія часы.

Галоўная уніяцкая царква Мінску – сабор Нараджэння Панны Марыі – у час вайны 1654-1667 гг. была спалена. Яе функцыі некаторы час выконвала царква Траецкага жаночага кляштара. Аб гэтым ускосна сведчыць апісанне стану метрычных кніг гэтага храма 1682 г.: «Метрыкі хрышчэння дзетак і блаславення шлюбаў і іншы ўсялякі парадак, як і належыць сабору, маюцца» [16]. У 1766 г. саборная царква яшчэ не была адноўлена, а яе парафія адносілася да царквы Свята-Духаўскага кляштара. У 1780 г. сабор ужо дзейнічае, але пад новым тытулам – Унебаўзяцця Панны Марыі. Гэтая акалічнасць нават увяла ў зман аднаго з даследчыкаў дзейнасці мінскіх уніяцкіх парафій З. Яцкевіча, які быў упэўнены, што адшукаў у архіўных дакументах звесткі пра невядомую дасюль царкву [17]. А ў вышэйзгаданай працы В. Колбука з-за блытаніны з тытуламі пад 1772 г. увогуле не ўзгадваецца адзіная рэальна дзеючая (з парафіяльных) Уваскрасенская царква, затое ў якасці парафіяльных адзначаны Траецкая базыльянская і, што цікава, праваслаўная Петрапаўлаўская цэрквы [18].

Даследчыкі вельмі часта не бачылі розніцы паміж уніяцкімі і праваслаўнымі храмамі Мінска. І гэта невыпадкова. Варта адзначыць, што ў XVII ст. і нават першай палове XVIII ст. справа распаўсюджання уніі ішла даволі цяжка на тэрыторыі ўсяго Мінскага пав. Да пачатку XVIII ст. тут працягвалі існаваць вялікія «анклавы» праваслаўнага насельніцтва. Да іх ліку сярод іншага адносіліся і буйныя мястэчкі: Койданава, Рубяжэвічы, Саламярэчча, Смалявічы, Станькава і інш. Большасць з іх прыпадала на тэрыторыю т. зв. «Нойбургскіх маёнткаў», у 1695-1744 гг. фактычна экстэрытарыяльнай адзінкі ў складзе ВКЛ, уладальнікі якой нямецкія князі-пратэстанты спрыялі кальвінізму і праваслаўю. Значны працэнт праваслаўных налічваўся і ў самім Мінску нават у другой палове XVIII ст. (гл. Табл. 1).

Табл. 1. Структура насельніцтва г. Мінска ў 1766 г.[19]
У межах якой парафііУніятаўПраваслаўныхЯўрэяўТатарЛютэран
МужчынЖанчынМужчынЖанчынМужчынЖанчынМужчынЖанчынМужчынЖанчын
Уваскрасення Божага10715645503543423444--
Св. Тройцы1401204738231250----
Св. Духа144123--100103--55
УСЯГО:3913999288685695344455

Як сведчаць дакументы, уніяцкія парафіі паступова драбнелі. Інтэнсіўнасць гэтага працэсу ілюструюць наступныя лічбы: за перыяд з 1766 па 1819 г. колькасць уніяцкага насельніцтва на абсягу мінскіх парафій зменшылася амаль роўна ў два разы (гл. Табл. 2.). У часы Рэчы Паспалітай яшчэ назіраўся невялікі прырост колькасці уніятаў, у часы ж Расійскай імперыі яна імкліва змяншалася. Цікава, што нават той невялікім прырост у цэлым па парафіях у 1766-1792 гг. (за кошт прыгарадных вёсак), ішоў паралельна са змяншэннем колькасці уніятаў у самім Мінску.

Табл. 2. Памеры уніяцкіх парафіяў Мінску ў 1766-1819 гг.[20]
Назва парафіі1766 г.1780 г.1792 г.1819 г.
Св. Духа267 душ----
Унебаўзяцця Панны Марыі-62 дамы43 дамы212 душ-
Св. Тройцы594 душы144 дамы142 дамы631 душа235 душ [21]
Уваскрасення Божага757 душ150 дамоў182 дамы1031 душа589 душ
УСЯГО:1618 душ356 дамоў367 дамоў1874 душы824 душы

Царкоўнае кіраўніцтва было вымушана аб’ядноўваць некалькі парафій у адну, а частку цэркваў пакідаць без прыходаў. Свята-Духаўская парафія дзесьці ў 1770-я гг. была аддадзена адноўленаму сабору Ушэсця Панны Марыі. Да царквы Св. Тройцы жаночага базыльянскага кляштару з даўніх часоў належаў уласны прыход, а ў 1800 г. Берасцейскі епіскап Язафат Булгак далучыў парафію да Уваскрасенскай царквы [22].

Стасункі паміж парафіяльнымі святарамі і базыльянамі былі не вельмі прыязнымі. З сярэдзіны XVII ст. цягнуўся судовы працэс паміж парохамі саборнай царквы і Свята-Духаўскім кляштарам за права валодання цудатворным абразом Мінскай Божай Маці. Згодна з версіяй базыльян, абраз, які першапачаткова знаходзіўся ў саборы, у 1616 г. загадаў перанесці ў царкву Св. Духа сам мітрапаліт Язэп Вельямін-Руцкі [23]. Саборныя ж святары апелявалі да дакументаў, з якіх вынікала, што базыльяне тады яшчэ не жылі пры Свята-Духаўскай царкве, а, значыць, і абгрунтаванні іх некарэктныя [24]. Больш за тое, паводле дакументаў, сабраных саборнымі парохамі, выходзіла, што ў пачатку XVII ст. Мінскаму сабору (капітуле) падпарадкоўваліся цэрквы Св. Мікалая і Св. Казьмы і Дзям’яна, і што калі і можна было куды пераносіць абраз, то толькі туды.

Справа вырашылася ў 1795 г., калі пасля закрыцця Свята-Духаўскага кляштара абраз атрымала праваслаўная царква.

Апрача гэтага, былі іншыя «балючыя» месцы ў стасунках паміж белым і чорным мінскім святарствам. Аднаўленне кляштараў часта ішло на шкоду простым парафіяльным цэрквам. Так у 1670-х гг. на аднаўленне Свята-Духаўскага кляштара быў узяты вялікі звон і два кляпадлы з царквы ў м. Гайна Мінскага пав. [25]. Базыльяне часта пераварочвалі на сваю выгоду нават наступствы пажараў – яны ўзводзілі будынкі на пляцах пагарэлых парафіяльных цэркваў. У 1762 г., калі згарэў увесь цэнтр горада, мінскі староста адмыслова забараніў базыльянам весці будаўнічыя і аднаўленчыя працы на папялішчах фундушовых зямель парафіяльных цэркваў [26].

Пазіцыі уніяцтва ў Мінску паслабляліся не толькі з-за канфліктаў з базыльянамі і ўстановамі праваслаўнай царквы, але і з-за т. зв. працэсу «лацінізацыі» – пераходу часткі уніяцкага насельніцтва ў каталіцтва, які асабліва ўзмацніўся ў другой палове XVII ст. [27] Гэты працэс прыводзіў да размывання структуры царкоўнага кіраўніцтва і быў характэрны для многіх беларускіх зямель, асабліва на захадзе. Напрыклад, у некалі буйным Віленскім дэканаце ў 1819 г. засталося толькі тры царквы і адна капліца [28], якая з’яўлялася цэнтрам парафіі і мела свайго пароха. Храмы знаходзіліся адзін ад аднога на адлегласці ў некалькі дзесяткаў кіламетраў. Яны не мелі свайго дэканацкага кіраўніцтва і дэ-факто падпарадкоўваліся базыльянам.

Працэс «лацінізацыі» пасля далучэння Меншчыны да складу Расійскай імперыі, як гэта не парадаксальна, узмацніўся. Расійскі ўрад у першыя дзесяцігоддзі свайго кіравання не выпрацаваў якой-небудзь уцямнай палітыкі ў адносінах да уніяцкай царквы. Уніяцкае насельніцтва, не ўпэўненае ў далейшым лёсе сваёй царквы, актыўна пераходзіла ў рымска-каталіцкі абрад.

Невялікая колькасць парафіяльных уніяцкіх цэркваў у Мінску ў XVIII ст. часткова кампенсавалася наяўнасцю філіяльных капліц. Паводле стану на 1792 г. іх было тры: Апекі Панны Марыі ў Крупцах (у межах Уваскрасенскай парафіі), Св. Іллі ў Цне і Нараджэння Св. Яна ў Сляпянцы (абедзве ў межах Траецкай парафіі) [29]. У XVIII ст. існавала яшчэ і чацвёртая капліца (відавочна, былая царква Св. Параскевы), пра якую вядома толькі тое, што ад яе застаўся пляц, які ў народзе па-ранейшаму называлі Царковішчам [30], Старым Царковішчам альбо Пяцёнкай [31].

Мінскія парохі, апрача іншага, мелі і незвычайныя абавязкі. Горад быў вялікім і ў яго часта наведваліся святары з навакольных вёсак і мястэчак, асабліва ў час правядзення кірмашоў. Ад гэтага моцна цярпела душпастырская праца ў прылеглых да Мінска парафіях. Таму мінскім парохам загадвалася сачыць за з’яўленнем у горадзе сваіх калег. Так, Траецкаму пароху Яну Катовічу было даручана «каб па вуліцах хадзіў з той адзінай мэтай, … каб пра святароў, якія бадзяюцца і хаваюцца ад кіраўніцтва, … даносіць» [32].

Акрамя душпастырскай працы найбольш значнымі аспектамі дзейнасці уніяцкіх парафій была адукацыйная дзейнасць і заснаванне брацтваў.

Уніяцкая царква мела ў Мінску шэраг адукацыйных ўстановаў. Усімі імі апекваліся базыльяне. Калі на 4-й кангрэгацыі базыльянскага ордэна ў 1626 г. было пастаноўлена заснаваць адмысловую уніяцкую духоўную семінарыю, для яе размяшчэння быў абраны Мінск [33]. Для дасягнення гэтай мэты на працягу двух дзесяцігоддзяў збіраліся сродкі з усіх базыльянскіх кляштараў. Праўда, дзейнасць Мінскай семінарыі шырокага маштабу не набыла. Напярэдадні вайны 1654-1667 гг. у ёй вучылася толькі пяць алюмнаў, а заняткі вяліся двума выкладчыкамі – лацінскай і царкоўнаславянскай моваў [34].

У 1661 г. Мінская семінарыя ўзгадваецца як бяздзейсная [35] – яе маёнткі цалкам разрабаваны маскоўскімі войскамі. На 27-й кангрэгацыі ў 1667 г. яшчэ ўздымалася пытанне аб аднаўленні яе дзейнасці, але гэтыя пачынанні засталіся толькі на паперы. Але кляштарная школа дзейнічала да 1795 г. Паводле стану на 1819 г. 11 з 243 парафіяльных святароў Літоўска-Віленскай епархіі з’яўляліся яе выпускнікамі [36].

Пры жаночых кляштарах таксама дзейнічалі вучэльні. Нажаль, мы маем дакладныя звесткі толькі аб вучэльні ў Траецкім кляштары. Яна ўзгадваецца яшчэ пад 1682 г. – «на цвінтары» [37]. Паводле стану на 1819 г. у ёй вучылася 17 дзяўчат. Усе яны паходзілі з сем’яў бедных дваран, і толькі за чатырох з іх кляштар атрымліваў грошы (і тое мізэрныя). У вучэльні выкладаліся катэхізіс, Святая гісторыя, геаграфія, арыфметыка, музыка і маляванне. Акрамя гэтага дзяўчаты практыкаваліся «в свойственных их званию работах» [38].

У сярэдзіне XVII ст. у Мінску існавала два брацтвы – пры Свята-Духаўскім кляштары і пры саборнай царкве. Але аб іх дзейнасці вядома няшмат. Саборнае брацтва ўзгадваецца яшчэ пад 1592 г., г. зн. да заключэння уніі [39]. За яго кошт пры царкве ўтрымліваўся шпіталь для жабракоў, які ў 1617 г. быў аддадзены ў апеку настаяцелю Свята-Духаўскага кляштару Апанасу Пакосце [40].

Свята-Духаўскае брацтва пасля закрыцця кляштара ў 1795 г. спыніла сваю дзейнасць, а саборнае перамясцілася да Уваскрасенскай царквы. Калісьці братчыкам належала даволі значная нерухомая маёмасць у горадзе. У 1780 г. у дакументах ўзгадваецца былы брацкі дом каля маста цераз Свіслач, у якім размяшчаўся шпіталь [41]. Пазнейшыя дакументы даюць больш канкрэтную інфармацыю. Згодна з пратаколамі генеральнай візітацыі 1819 г. адзінае на той час мінскае уніяцкае брацтва мела тытул Св. Мікалая, але яго статут і дзейнасць не былі зацверджаныя мітрапалітам. Складался яно толькі з некалькіх чалавек, адзінымі абавязкамі якіх быў збор ахвяраванняў на карысць храма. Візітатар адзначаў, што прыбыткі ад гэтага невялікія – добра калі хто пабожны ахвяруе грош [42]. У дзень Св. Мікалая братчыкі здавалі сабраныя сродкі пароху. Усё сабранае ішло на набыццё свечак. Аднак адзначался, што пры рэгулярнай выплаце ахвяраванняў усімі парафіянамі, магло б выходзіць да дзесяці срэбных рублёў штогод. Мікалаеўскім братчыкам належалі чатыры пляцы на Ляхаўцы (кожны плошчай у адзін морг), якія засталіся ад скасаванага ў 1795 г. Свята-Духаўскага брацтва. Ад іх штогод набягала дванаццаць срэбных рублёў прыбытку [43].

У цэлым можна канстатаваць, што ў перыяд Расійскай імперыі жыццё адзінай уніяцкай парафіі затухала. Пры ёй не існавала ні школы, ні шпіталя. Аб’ём працы ў парохаў быў вельмі сціплым. У 1819 г. было ахрышчана 56 немаўлят, блаславёна 15 шлюбаў і адбылося 19 пахаванняў[44].

Пэўнае ажыўленне ў дзейнасці апошняй мінскай уніяцкай парафіі назіралася ў 1830-я гг. Пасля задушэння паўстання 1830-1831 гг., некаторыя уніяцкія святары, якія падазраваліся ў сімпатыях да паўстанцаў, утрымліваліся падчас следства ў Мінскай турме. Імі апекаваўся мінскі парох Пятро Сіткевіч, які нават узяў аднаго са сваіх калег на парукі і пасяліў ва ўласнай плябаніі [45].

Такім чынам, пасля вайны 1654-1667 гг. у Мінску дзейнічалі тры уніяцкія парафіі – дзве базыльянскія (цэркваў Свята-Духаўскага і Траецкага кляштараў) і адна Уваскрасенская. У 1770-х гг. Свята-Духаўская парафія была перададзена адноўленаму сабору Ушэсця Панны Марыі, а ў 1795 г. – Уваскрасенскай царкве, праз пяць гадоў да яе ж далучылі і Траецкую парафію. Так што ў 1800-1839 гг. у Мінску рэальна існавала толькі адна парафія – Уваскрасенская.

Даводзіцца канстатаваць, што за перыяд 243-гадовага існавання Брэсцкай уніі значнасць Мінска як цэнтра уніяцкай царквы з кожным дзесяцігоддзем няўхільна падала. Калі ў сярэдзіне XVII ст. тут існавала некалькі парафіяльных цэркваў і кляштараў, працавала духоўная семінарыя, дзейнічала друкарня, то ў 1820-я гг. у самім горадзе налічвалася ўсяго некалькі дзесяткаў вернікаў.

Скончым наш агляд парафіяльнага жыцця ў Мінску адным красамоўным фактам. Прывядзём урывак з асабістых характарыстык Караля Пастарнацкага, якога ў 1835 г. прызначылі сюды на месца вікарыя. На падставе гэтага можна зразумець, як ацэньвалася напярэдадні скасавання уніі прэстыжнасць апошняй мінскай уніяцкай парафіі.

«Караль, сын Яна, Пастарнацкі. 31 год. ... Скончыў два класы вучэльні. У рытуалах і тэалагічных навуках слабы. Да чытання духоўных кніг лянівы. Духоўныя паслугі адпраўляе з лянотай. Схільны да сварак і інтрыг. Ад піцця гарачых напояў не ўхіляецца, а часам і занадта ўжывае, і тады схільны да сварак з любым чалавекам. Убранства царквы і парадак у ёй падтрымліваць не любіць. Праз сваю хцівасць наважваецца і на непадпарадкаванне. А паколькі за блаславенне шлюба чужым парафіянам у адсутнасць святара ... знаходзіцца пад судом, сам кіраваць парафіяй не можа. Але пад наглядам урадніка можа сябе яшчэ неяк стрымліваць» [46].


Апублікавана ў Нашыя святыні: Матэрыялы міжнар. навук. канф., прысв. 500-годдзю Мінск. фарн. касцёла, 225-годдзю Магілёўск. Архідыяцэзіі, 220-годдзю Мінскай дыяцэзіі, Мінск, 7 чэрвеня 2008 г. / Польскі інстытут у Мінску; рэд-кал. Т. Кандрусевіч [і інш.]; навук. рэд. Т. Кандрусевіч, А.І. Мальдзіс і М. Каламайска. – Мн.: Выд. В. Хурсік, 2009. – С. 138–150.


Cпасылкі:

  1. Kołbuk W. KoŚcioły wschodnie w Rzeczypospolitey około 1772 roku. Lublin: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 1998.
  2. Напрыклад: Баравы Р. Менскія цэрквы // Вялікае княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 2. – Мн.: Беларуская навука, 2006. – С. 299-300.
  3. Т. зв. «Спіс Багуслава Радзівіла» канца 1640-х гг. падае крыху іншыя звесткі. Паводле яго ў Мінску існавалі наступныя уніяцкія храмы: «Уваскрасенне, Пяцёнка (відавочна, Св. Параскевы Пятніцы), Мікола, Юры, Спас у Замку, Прачыстая ў Замку, Прачыстая за Глябовічам, Тройца на Старым Месце, Увазнясенне на Старым Месце, унія Святога Духа, Святая Пакрова». – Гл.: НГАБ. Ф. 694. Воп. 1. Спр. 287. Арк. 10.
  4. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (далей ДГАЛ). Ф. 634. Воп. 3. Спр. 400. Арк. 66.
  5. Баравы Р. Менскія цэрквы // Вялікая княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 2. – Мн.: Беларуская навука, 2006. – С. 300.
  6. Памятники истории Восточной Европы. Источники XV-XVII вв. – Т. 4. – Крестоприводная книга шляхты Великого княжества Литовского 1655 г. – Москва-Варшава, 1999. - С. 60.
  7. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 42042. Арк. 2-3.
  8. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 42042. Арк. 2 адв.
  9. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 42042. Арк. 2 адв.
  10. ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 3. Спр. 400. Арк. 66.
  11. ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 3. Спр. 400. Арк. 66 адв.
  12. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41257. Арк. 158.
  13. НГАБ. Ф. 1503. Воп. 1. Спр. 17. Арк. 10-10 адв.
  14. НГАБ. Ф. 3245. Воп. 8. Спр. 9. Арк. 8 адв.
  15. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41245. Арк. 25-26 адв., 28 адв.
  16. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 42042. Арк. 2 адв.
  17. Яцкевіч З. Невядомая вуніяцкая царква ў Мінскім замку // Каштоўнасці мінуўшчыны. Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Мінска. Матэрыялы канферэнцыі. Мн.: Лекцыя, 1998. – С. 39-42.
  18. Kołbuk W. KoŚcioły wschodnie w Rzeczypospolitey około 1772 roku. Lublin: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 1998. – S. 88.
  19. НГАБ. Ф. 1502. Воп. 1. Спр. 9. Арк. 2-5 адв., 13-13 адв. (Неабходна ўлічваць, што ў дакуменце адсутнічаюць звесткі аб колькасці каталікоў).
  20. ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 3. Спр. 400. Арк. 1 адв., 63 адв., 66; НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41245. Арк. 25, 26 адв., 28 адв.; Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41256. Арк. 4 адв.; Ф. 1502. Воп. 1. Спр. 9. Арк. 2-5 адв., 13-13 адв.
  21. Траецкая парафія ў 1800-1839 гг. фактычна ўваходзіла ў склад Уваскрасенскай.
  22. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41257. Арк. 158 адв.
  23. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41245. Арк. 26 адв.
  24. ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 3. Спр. 400. Арк. 66.
  25. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 42042. Арк. 17.
  26. НГАБ. Ф. 1503. Воп. 1. Спр. 17. Арк. 4.
  27. АСДЗР. – Т. 12. – С. 87.
  28. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41256. Арк. 818.
  29. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41245. Арк. 25, 28 адв.–29.
  30. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41256. Арк. 2 адв.
  31. ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 3. Спр. 400. Арк. 64.
  32. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41245. Арк. 29.
  33. Археографический сборник документов относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при Управлении Виленскаго Учебнаго Округа. (Далей АСДСЗР) – Т. 12. – Вильна: Типография А. Г. Сыркина, 1900. – С. 31.
  34. Акты, издаваемые Виленскою Археографическою Комиссиею. – Т. 16. – Документы, относящиеся к истории церковной унии в России. – Вильна: Типография А. Г. Сыркина, 1889. – С. 523.
  35. АСДЗР. – Т. 12. – С. 76.
  36. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41256.
  37. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 42042. Арк. 2.
  38. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41257. Арк. 159 адв.
  39. НГАБ. Ф. 1503. Воп. 1. Спр. 17. Арк. 3.
  40. НГАБ. Ф. 1503. Воп. 1. Спр. 17. Арк. 5.
  41. ДГАЛ. Ф. 634. Воп. 3. Спр. 400. Арк. 66.
  42. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41256. Арк. 4.
  43. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41256. Арк. 4.
  44. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41256. Арк. 4 адв.
  45. НГАБ. Ф. 3245. Воп. 2. Спр. 189. Арк. 18-18 адв.
  46. НГАБ. Ф. 3245. Воп. 2. Спр. 350. Арк. 9.
  47. Арфаграфія арыгінала захавана.

ДАДАТАК

Пратаколы генеральнай візітацыі уніяцкіх цэркваў
Кіеўска-Віленскай мітрапаліцкай епархіі.
Фрагмент. Цэрквы ў г. Мінску. 1682 г. [47].

Protopopa miński.

Przewielebny w Bogu ociec Eusebi Kostrowski, protopopa miński w miescie Mińskim trzyma cerkwiey.

Naprzod załozenia Swiętey Troycy, przy kturey sam mieszką. W kturey na ołtarzu venerabile w puszce cynowey przystoyniey uczciwe stoy. Tuwalen osm. Na ołtarzach lichtarzow mosiądzowych par cztyry. Aperat fialkowy tabinowy szyty z stułą y naręczaki. Drugi buracikowy czarny bez stuły y naręczakow. Trzeci kitayczany czerwony sam ieden. Czwarty atłasowy biały sam ieden. Piąty atłasowy c(z)erwony naplecki złotogłowowe. Alby dwie tkackie. Cztyry komzy. Chustka iedwabiem czerwonym szyta. Antimis podwizny j(ego) m(iłoŚci) xiędza Kolędy. Kielich srebny s patyną pozłocistą, gwiazda y łyzeczka. Wozduszkow małych trzy, wielki ieden kitayczane. Plasz(c)zenica miasto antependium na Ołtarzu Wielkim tuwalnia do ocierania rąk kapłanow. W tey ze cerkwi ołtarz bokowy Naswięszey Panny. Obraz, na kturym koron dwie, serduszek srebnych cztyry, piąte pozłociste, tabliczek czterdziescia dwie, rączek cztyry, gw(i)azdeczek srebnych siedm, Naswię(t)sza Panna w promieniu sreb(nym), krzyzykow srebnych trzy, czerwony złoty na obrazie wisi łancuzkow srebnych dwa, na iednym krzyzyk pozłocisty, koralow roznych sznurow osm, apenagia, krzyz srebny do pocałowania. U tego z obrazu zapona kitayczana ceglasta. Obraz zas za procesią noszący, na kturym gwiazdeczka srebna, paciorek sznurow cztyry, krzyzykow mosiądzowych trzy. Obrazek we srebro oprawny Bło(gosłowionego) Jozefata, u tego z obrazu zaponek kitayczanych dwie. W tey ze cerkwi przed namiesnymi obrazami antependi czerwone. Obrazow przy filarzach dwa ozdobnych bez ołtarzow. Chorągwi szesc. Pokrycie na nałoyczyk buracikowe. Xięgi cerkiewne: Trafołoy pisany, Ochtay drukowany, inne xięgi wieleb(nego) oyca. Na zwonici dzwonow trzy, do sygnowania ieden. Gruntow do tey cerkwi, ani placa niema. W(ielebny) o(ciec) protopopa plebanią na umarłych postawił. Po zmarłym mieszczaninie sławatnym Teod(o)ru Maciuku na pułtory beczki gruntu do tey cerkwi nalezącego za miastem ograniczenia xiądz protopopa s kim graniczy nie wie. Przy tey ze cerkwi skoła na cwętarzu.

Druga cerkiew załozenie Przemienienia Pańskiego w Zamku. Venerabile w bursie w litoniku na ołtarzu uczciwie y ochendoznie zostaie tuwalen dwie, antependium płotniane. Aperatow, x(i)ąg y innych aparamentow, krom obrazow, zadnych niema. Ani gruntu, ani placu zadnego do tey cerkwi niemasz.

Trzecia zas cerkiew załozenia Praxedy Męczeniczki na ulicy Tatarskiey, w kturey aparamęta zadnego niemasz je(d)no deiisus na płotnie malowany, obraz Praxedy Męczeniczki na drzewie. Gruntow do tey cerkwi zadnych, tylko ogrod około cerkwi.

Czwarta zas cierkiew Soborna była w Zamku przed inewasią moskiewską. Po inkursii zas moskiewskiey tylko plac, to iest mieysce poswięcone, kture mieysce potrzebuie opatrzenia. Przynamniey aby krzyz był postawiony. Grunta do tego nienabudowanego placu, niwa nazwana Zakomorowką. Do tey ze cerkwi Ewanelia aksamitna czerwona, na kturey blach pięc pozłocistych, klawzurki srebne pozłociste, puklow p(i)ęc takze pozłocistych.

Piąta zas cerkiew załozenia Michała Archanioła była. Po inewosii moskiewskiey pustym mieyscem zostawała, na kturym wielmozny j(ego) m(iłoŚć) pan Zawisza, starosta minski, stayną pobudował. Funduszow y praw na zadną cerkiew nie pokazał. Niwa za błotem Komorowką.

Sam zas wiel(ebny) ociec protopopa przystoyny y poboznego zycia. Metriki krzszenia dziatek y dawania szlubow, inny wszelki porządek, jako nalezy kapitule, ma y porządnie pokazał.

Szosta cerkiew S(więtego) Mikołaia w iuryzdyce j(ego) m(iłoŚci) xiędza metropolity, kturey po inkursii moskiewskiey do tych czas nie było. Teraz, w roku 1682, poczęto budowac.

Siodma cerkiew murowana Wniebowstonpienia Pańskiego teraz w zawiadiwaniu oycow bazylianow conventu minskiego. A przed tym był kapłan swiecki y fundus na swieckiego kapłana, a teraz w pustkach zostaie.

W tym ze miescie J(ego) Krol(ewskiey) M(iło)sci Minsku.

Cerkiew załozenia Zmrtwychwstania Pańskiego przy kturey w(ielebny) o(ciec) Efrem Dmitrowicz Poucinka zostaie. W kturey wenerabile ustawicznie w cerkwi byc nie moze, bo barzo zbutwiała cerkiew. Tuwalen dwie. Kielich cynowy ze wszytkim. Liton. Antimis j(ego) m(iłoŚci) samego. Wozduszkow dwa, trzeci wielki. Aperat a(t)łasowe czerwone z stuło, pułatłasowe naręczaki. Alba tkacka. Xięgi wcałe iest wszytkie wielebnego oyca. Dzwonek ieden na dzwonicy, do sygnowania dwa. Lampa mosiądzowa. Kadzilnica mosiądzowa. Lichtarzow zescianych para. Gruntu do tey cerkwi niwa nazwana Bohuszówka na beczek trzy nasienia. Sianozęc w Czarnym Brzegu nad rzeką Swisłoczą na wozow siedm. Druga sianozęc w Cegelni na wozow trzy. Placow osm, na kturych ogrodnikow osm z zydem, co browar ma.

Plac, albo raczy mieysce, na ktorym przed inkursią moskiewską cerkiew załozenia S(więtego) Jerzego była. Do kturey cerkwi plac nadany, na kturym teraz ogrodnik ieden, drugi zyd mieszkaią.

Mieysce zas w tym ze Minsku na Troieckiey Gurze, na kturym była cerkiew załozenia S(więtych) Męczenikow Hleba y Borysa.

НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 42042. Арк. 2-3.

 

 

 

 


Национальный
исторический архив Беларуси

niab@niab.by
Кропоткина, 55, Минск, Беларусь