Национальный |
||||
Статьи |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Дзяніс Васільевіч Лісейчыкаў,
Уніяцкія парафіі «Тураўскай епархіі» ў XVI - XVIII стст. [1]
Тураўская епархія з’яўляецца адной з самых старажытных на беларускіх землях. Яна была заснавана ў канцы Х ст. як адміністрацыйная адзінка ў складзе Кіеўскай мітраполіі. Пасля спусташэння Турава епіскапская кафедра ў 1241 г. была перанесена ў г. Пінск, а епархія пачала называцца Пінска-Тураўскай. Але ў складзе гэтай адзінкі працягвала існаваць асобная тэрыторыя, вядомая пад назвай «Тураўская епархія» [2]. У XIV ст. Пінска-Тураўская епархія тройчы пераходзіла пад юрысдыкцыю Галіцкай мітраполіі, але пасля яе скасавання зноў апынулася ў Кіеўскай. У сярэдзіне XVI ст. да тэрыторыі «Тураўскай епархіі» належалі цэрквы ў Тураве, Мазыры, Лучыцах, Давыд-Гарадку, а таксама манастыры ў Тураве, Мазыры, Яснай Гары і Морачы. З ХІІ ст. у навакольных ад Турава вёсках (Верасніца, Пагост, Перароў, Старажоўцы і інш.) вядомы каменныя помнікі, т.зв. «Тураўскія крыжы», побач з якімі існавалі капліцы, што пасля былі пераўтвораны ў парафіяльныя цэрквы. З XVI ст. да тэрыторыі «Тураўскай епархіі» было прынята адносіць цэрквы і манастыры Давыд-Гарадоцкага і Мазырскага паветаў. Пасля адміністрацыйных рэформаў 60-х гг. XVI ст. і ўсталявання новых межаў паветаў цэрквы «Тураўскай епархіі» апынуліся ў Кіеўскім, Мазырскім, Навагрудскім, Пінскім і Рэчыцкім паветах. З цягам часу колькасць цэркваў павялічвалася, але нармальнай разбудове іерархіі на Тураўшчыне перашкодзіла Брэсцкая унія 1596 г., якая падзяліла мясцовае святарства на два варожыя лагеры. З гэтага часу барацьба паміж уніяцкай і неуніяцкай іерархіяй на Тураўшчыне набыла пастаянны характар. З пераменным поспехам яна доўжылася да самога моманту скасавання уніі ў 1839 г. У плане распаўсюджання уніяцтва Тураўшчына ўяўляе нетыповы для Беларусі рэгіён. У той час, калі на большасці беларускіх земляў унія замацавалася ўжо ў другой палове XVII ст., Тураўшчына да сярэдзіны XVIII ст. заставалася пераважна праваслаўнай. У дадзеным артыкуле мы разгледзім асноўныя этапы станаўлення уніяцкай іерархіі і фарміравання сеткі уніяцкіх парафій на мясцовых землях. У канцы XVI – першай палове XVII ст. толькі адзінкавыя цэрквы на Тураўшчыне сталі уніяцкімі. Дакладных звестак аб іх колькасці ў гэты перыяд няма. У канцы 90-х гг. XVI ст. распаўсюджанне уніі тут стрымлівалася пастаяннай прысутнасцю казацкіх загонаў. 25 ліпеня 1609 г. ад імя чорнага і белага святарства ўсходняга абраду Рэчы Паспалітай быў складзены ліст аб тым, што яны будуць цвёрда трымацца адзінства з рымска-каталіцкай царквой. Пад гэтым лістом было некалькі дзесяткаў подпісаў, сярод якіх сустракаем і подпіс Якуба Грымашэвіча, святара царквы Св. Мікалая ў г. Мазыры [3]. Але ўжо ў 1616 г. пачаліся масавыя выступленні мазырскіх мяшчан супраць уніі [4], якія не спыняліся, бадай, на працягу ўсяго XVII ст. У 1620-1632 гг. на Тураўшчыне была нават часова адноўлена праваслаўная іерархія. У гэты перыяд пасаду праваслаўнага пінска-тураўскага епіскапа займаў Аўрамій Лецыд [5]. Першапачаткова унія на Тураўшчыне прыжывалася пераважна на землях, што належалі каталіцкай царкве. Напрыклад, дакладна вядома, што ў 1650 г. уніяцкай была царква ў м. Лельчыцы Мазырскага пав. [6] У фундушы віленскага каталіцкага епіскапа Юрыя Тышкевіча матэрыяльнае становішча яе святара параўноўваецца з «іншымі ў маёнтку нашым Убарцкім» [7], з чаго можна зрабіць выснову, што і іншыя цэрквы на землях віленскага епіскапства былі на той час уніяцкімі. Але насельніцтва гэтых земляў, відавочна, доўга яшчэ захоўвала сімпатыі да праваслаўя. Фундуш Стэфана Вайніловіча на заснаванне царквы ў в. Войткавічы Кіеўскага пав. ад 12 кастрычніка 1675 г. прадугледжваў штрафы з парафіян на карысць царкоўнай скарбонкі – 6 грошаў у выпадку, калі б хаця адзін чалавек з хаты не прысутнічаў на літургіі ў святочныя дні, 2 злотых і 16 грошаў – у выпадку, калі хто не з’явіцца на велікодную споведзь [8]. Прычыны магчымых пропускаў літургій і споведзяў відавочныя – насельніцтва аддавала перавагу праваслаўным цэрквам і святарам. Са зместу войткавіцкага фундуша вынікае, што нешматлікія ў канцы XVII ст. уніяцкія цэрквы Тураўшчыны часцяком «прастойвалі». Безвыніковымі былі і спробы уніяцкай іерархіі падпарадкаваць сабе духоўную сталіцу краю – Тураў. У 1627 г. пінска-тураўскі епіскап Рыгор Міхайловіч разам з прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў прыехаў у Тураў, каб уступіць у правы валодання некаторымі навакольнымі маёнткамі, якія павінныя былі належаць пінска-тураўскім епіскапам. Аднак у самім горадзе яго сустрэла «великое мнозство людей в улицы и на мосту замку Туровского з розным оружьем» [9]. Начале іх быў возны Пінскага павету Сасін Краменскі, які ўручыў спадарожніку епіскапа каралеўскаму двараніну Андрэю Цярлецкаму ліст ад імя князёўны Ганны Астрожскай, што уніяцкаму епіскапу не дазваляецца ўступаць у валоданне навакольнымі маёнткамі. Казацка-сялянская вайна 1648-1651 гг., у ходзе якой варта асобна вылучыць Тураўскае паўстанне 1648 г., і асабліва вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. паставілі справу уніі на Тураўшчыне пад пагрозу знікнення. Частыя набегі казакаў спрыялі вяртанню ў праваслаўе нешматлікіх уніяцкіх парафій. Пасля пералому ў ходзе вайны, які наступіў у 1660 г., становішча уніяцкай царквы зрабілася больш упэўненым, і пінска-тураўскія епіскапы аднавілі спробы замацаваць сваю ўладу на Тураўшчыне. Епіскап Андрэй Квасінскі-Злоты ў 1660 г. накіраваў у Тураў святароў, якія павінны былі распачаць працу па далучэнні цэркваў да уніі. Але епіскапа напаткала параза – святары-уніяты былі забітыя праваслаўным насельніцтвам. Дакладныя акалічнасці гэтага інцыдэнту невядомыя, але тураўскія забойствы атрымалі розгалас па ўсёй епархіі. Аб гэтым сведчыць наступны факт. Увесну 1661 г. у в. Плотніца Пінскага пав. быў прызначаны уніяцкі святар Крыштаф Шабунеўскі. 23 красавіка пасля праведзенага набажэнства ён выйшаў з храма. На цвінтары яго чакаў натоўп праваслаўных шляхціцаў – жыхароў Плотніцы, якія «не зважаючы ні на паспалітыя законы, ні на страх Божы, наважыліся зрабіць замах на Божы Дом і ўчыніць гвалт у царкоўных дзвярах. З кіямі, абухамі, шаблямі да айца святара … плотніцкага падскочылі і закрычалі: «Заб’ем і замардуем гэтага папа-уніята, як у Тураве ўжо трох папоў пазабівалі!» [10] Шляхціцам-уніятам удалося выратаваць Шабунеўскага і адбіць яго з рук раз’юшанага натоўпа. Тураўскія забойствы, між іншым, атрымалі свой працяг і пры наступным епіскапе Міхале-Марцыяне Белазоры. Як і папярэднік, ён накіраваў у Тураў аднаго з падначаленых святароў, які таксама быў забіты тураўлянамі. Пад 18 траўня 1672 г. маецца цікавы дакумент, які пралівае святло на гэтае забойства. Епіскап Белазор абвясціў забарону на свяшчэннаслужэнне інстыгатару сваёй капітулы айцу Самуілу Курціловічу за тое, што той абвінаваціў епіскапа ў датычнасці да тураўскіх забойстваў. «Якобы за поводомъ и причиною нашею (г.зн. епіскапа – Дз. Л.) отца Стефановского в Турове бито и мордовано» [11]. Курціловіч патлумачыў у чым палягае віна епіскапа: «Ижъ такого права никгды не било, жеби священника зъ месца на месце епископы переносити мели» [12]. Відавочна, што згаданы айцец Стэфаноўскі не з’яўляўся прадстаўніком святарскіх дынастый Турава альбо навакольных земляў і мясцовае насельніцтва ўспрыняло яго як чужака. Сам па сабе гэты факт сведчыць аб тым, што праваслаўнаму насельніцтву (і святарству ў першую чаргу) не падабалася ўзмацненне епіскапскай улады, якое назіралася ва уніятаў. Супраціў насельніцтва падмацоўваўся моцнымі сувязямі рэгіёна з праваслаўнымі цэнтрамі – Кіевам і Слуцкам. Пасланцы праваслаўных іерархаў часта наведвалі гэтыя мясціны. 10 лютага 1670 г. епіскап Белазор пры выездзе з Турава сустрэў трох праваслаўных святароў – парахонскага, лунінскага і бастынскага, якія ехалі на Тураўшчыну праводзіць візітацыю цэркваў ад імя намесніка Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі Слуцкага архімандрыта айца Васілевіча. Белазор сканфіскаваў усе дакументы, сярод якіх быў універсал архімандрыта і сродкі на правядзенне візітацыі. Праз тыдзень святары вызваліліся і прыбылі ў цэнтр праваслаўнай пратапопіі м. Давыд-Гарадок, дзе склалі скаргу аб інцыдэнце [13]. У 1674 г. Белазор сам паспрабаваў звізітаваць цэрквы Турава і навакольных вёсак. Дэлегаваны ім святар Майсей Зубковіч мусіў быў прыехаць у Тураў і абвясціць аб хуткім прыбыцці епіскапа. Але праваслаўныя святары Турава разам з парафіянамі пазачынялі цэрквы і не пусцілі да іх ні епіскапскага пасланца, ні самога Белазора [14]. У пачатку XVIII ст. Тураўшчына па-ранейшаму заставалася пераважна праваслаўнай. Як і раней унія прыжывалася ў асноўным на землях, што належалі каталіцкай царкве, у першую чаргу віленскім каталіцкім епіскапам і езуітам. Але на пачатку XVIII ст. гэты арэал пашырыўся – у 1711 г. пад Мазыром быў заснаваны Кімбараўскі кляштар цыстэрцыянцаў, які атрымаў значныя зямельныя валоданні з некалькімі дзейнымі цэрквамі. Кімбараўскі прыёр Бенедыкт Ражаноўскі як калятар пачаў звяртацца за высвячэннем святароў да цэркваў на сваіх землях да пінска-тураўскага уніяцкага епіскапа Яўхіма Цехановіча. Апошні быў вельмі ўсцешаны з’яўленню новага хаўрусніка у справе пашырэння уніі. Так, у лісце да Ражаноўскага ад 10 чэрвеня 1717 г. Цехановіч выказаў падзяку за прадстаўленага на высвячэнне Самуіла Татарскага (на жаль, невядома да якой канкрэтна царквы), прасіў і надалей прысылаць верных уніі асоб, падкрэсліваў важнасць адбору патрэбных людзей, «бо знаходзімся ў такім краі, дзе болей схізмы, чым нашых уніятаў, а таму ад пана патрабуецца вялікая абачлівасць» [15]. Ёсць падставы сцвярджаць, што да сярэдзіны XVIII ст. уніяцкім епіскапам так і не ўдалося правесці ніводнай (прынамсі, поўнай) візітацыі цэркваў Тураўшчыны. У гэты час тут актыўна дзейнічалі праваслаўныя візітатары. Калі ў 1777 г. пінска-тураўскі уніяцкі епіскап Г. Дашковіч-Гарбацкі пачынаў генеральную візітацыю цэркваў «Тураўскай епархіі», то ён адзначыў, што гэта чацвёртая візітацыя, і тое «для некаторых толькі цэркваў, а пасля падзелу на дэканаты другая альбо трэцяя і г.д.» [16] Епіскап меў на ўвазе, што чацвёртай гэтая візітацыя будзе толькі для тых цэркваў, якія даўно з’яўляюцца уніяцкімі, а для нядаўна далучаных – трэцяя, а то і другая. У першых радках адным з падпунктаў адзначалася «як даўно гэтая царква далучылася да Святога адзінства» [17]. Даты папярэдніх візітаў пералічваюцца пры візітацыі некаторых цэркваў, напрыклад, у в. Перароў Пінскага пав. – гэта 1754, 1759 і 1770 гг. [18] У іншых дэканатах даты крыху адрозніваліся – 1755, 1761 і 1771 гг. Дзве першыя візітацыі ініцыяваў епіскап Ю. Булгак, апошнюю – епіскап Г. Дашковіч-Гарбацкі. Гэтыя звесткі наводзяць на думку, што толькі з 50-х гг. XVIII ст. на Тураўшчыне ўсталявалася рэальная улада уніяцкіх епіскапаў. Першую візітацыю 1754-1755 гг. праводзіў генеральны афіцыял Пінска-Тураўскай епархіі манах-базыльянін Тадэвуш Зарускі [19], які засведчыў падзел епархіі на дзве «дыяцэзіі» – Пінскую і Тураўскую. На той час паводле яго падлікаў Тураўская «дыяцэзія» складалася з 3-х дэканатаў і 49-ці цэркваў: Мазырскі дэканат (26 цэркваў), Петрыкаўскі (12) і Тураўскі (11) [20]. У 1765 г. колькасць цэркваў Мазырскага дэканату павялічылася да 31 [21]. Паводле матэрыялаў трэцяй візітацыі 1770-1771 г., на тэрыторыі «Тураўскай епархіі» налічвалася ўжо 72 уніяцкія парафіяльныя царквы і 3 царквы пры базыльянскіх манастырах [22]. Працягвалі дзейнічаць на гэтай тэрыторыі таксама 30 праваслаўных цэркваў [23]. Падзел «Тураўскай епархіі» на дэканаты адбыўся незадоўга перад правядзеннем першай візітацыі 1754-1755 гг., а канчаткова аформіўся, відавочна, у часе яе правядзення. Паводле стану на 1769 г. колькасць цэркваў у складзе 3-х дэканатаў вырасла: Мазырскі (38 цэркваў), Петрыкаўскі (22) і Тураўскі (12). У першай палове 70-х гг. XVIII ст. на базе цэркваў, што належалі віленскаму каталіцкаму епіскапу ў Мазырскім і Кіеўскім пав. у раёне мястэчак Лельчыцы і Славечна, разам з трыма прылеглымі цэрквамі ў Пінскім пав. вылучыўся чацвёрты дэканат – Убарцкі [24]. Назва паходзіла ад ракі Убарць, уздоўж якой размяшчаліся уніяцкія парафіі новастворанага дэканату, і Убарцкай воласці, на землях якой знаходзіліся амаль усе гэтыя цэрквы. Колькасць уніяцкіх цэркваў у «Тураўскай епархіі» да таго часу дасягнула 78 і дэканацкія межы былі чарговым разам удакладнены. Паводле стану на 1777-1778 гг. дэканацкі падзел быў наступным: Мазырскі дэканат – 32 царквы, Петрыкаўскі – 20, Убарцкі – 15, Тураўскі – 11. Цэнтры дэканатаў знаходзіліся ў наступных населеных пунктах: Убарцкага – у в. Лельчыцы, Мазырскага – да 1774 г. в. Ворсічы, у 1774-1787 гг. в. Ванюжычы, Петрыкаўскага – у 1760-х гг. м. Астражанка, у 1770-х гг. м. Скрыгалаў, у 1780-х гг. в. Скрыгалаўская Слабада [25] (усе яны знаходзіліся на тэрыторыі Мазырскага пав.). Наяўнасць пасады тураўскага дэкана ў візітах 1777-1787 гг. не адзначана ніводнага разу. Затое існавала пасада тураўскага сурагатара, якому былі падначалены ўсе 4 дэканаты, г.зн. тэрыторыя ўсёй «Тураўскай епархіі». Цэнтр Тураўскай сурагацыі ў 1787 г. знаходзіўся ў м. Славечна Кіеўскага пав. [26] Цікава, што паводле стану на 1787 г. пасады тураўскага сурагатара, петрыкаўскага і убарцкага дэканаў займалі прадстаўнікі святарскага роду Загароўскіх. У іх руках на той час быў засяроджаны максімум ўлады на тэрыторыі «Тураўскай епархіі». У сярэдзіне XVIII ст. з павелічэннем колькасці падуладных пінска-тураўскім уніяцкім епіскапам парафій наспела неабходнасць прызначаць епіскапскіх намеснікаў. Дакладна вядома, што з 60-х гг. XVIII ст. існавала пасада адмысловага епіскапа «тураўскага», які падпарадкоўваўся пінска-тураўскаму епіскапу Ю. Булгаку. Ім быў Адам-Антанін Струс-Младоўскі [27]. Поўны тытул Струс-Младоўскага гучаў так: «епіскап тураўскі, каад’ютар пінскі, архімандрыт супрасльскі і полацкі, генеральны вікары і афіцыял усёй мітраполіі» [28]. Са зместу тытула вынікае, што ў яго носьбіта было адразу некалькі «працоўных месцаў» для выканання сваіх абавязкаў – Тураў, Пінск, Супрасль, Полацк і Вільня. Малаверагодна, што «афіцыял усёй мітраполіі», якому найбольш пасавала пражываць у сталіцы Вялікага княства Літоўскага, займаўся справамі малалікай і расцярушанай сярод палескіх балот «Тураўскай епархіі». У хуткім часе Струс-Младоўскі пайшоў на павышэнне. У 1768 г. ён зрабіўся каад’ютарам больш прэстыжнай Уладзімірска-Брэсцкай епархіі, а ў 1778 г. пасля смерці мітрапаліта Ф.-П. Валадковіча – яе епіскапам [29]. Вядома, што пасаду «тураўскага епіскапа і пінскага каад’ютара» займалі: у 1766–1769 гг. Юры-Гедэон Дашковіч-Гарбацкі, з 1769 г. пінска-тураўскі епіскап; у 1790–1795 гг. Ігнат-Язафат Булгак, з 1798 г. брэсцкі епіскап. Магчыма, і для іх тытул «тураўскага епіскапа» быў проста ганаровым званнем і прыступкай для далейшага кар’ернага росту, чым рэальным аб’ектам прыкладання сіл. Непасрэднае кіраўніцтва уніяцкімі парафіямі Тураўшчыны даводзілася ажыццяўляць сурагатарам. Паводле стану на 1769 г. насельніцтва уніяцкага веравызнання на тэрыторыі «Тураўскай епархіі» налічвала 40560 чалавек і складала 27,3 % ад колькасці уніяцкага насельніцтва ўсёй Пінска-Тураўскай епархіі [30]. Памеры парафій былі самыя мізэрныя – толькі ў 17 (з 78) цэркваў паводле стану на 1777 г. яны перавышалі 100 двароў. Сярэдняя ж колькасць двароў па «Тураўскай епархіі» ў 1777 г. складала 79,36 [31]. Як бачым, сярэдзіна XVIII ст. гэта перыяд імклівага росту колькасці уніяцкіх цэркваў у тураўскім рэгіёне (гл. Малюнак 1). Малюнак 1. Уніяцкія цэрквы «Тураўскай епархіі». Сярэдзіна 70-х гг. XVIII ст. [32] Дэканацкая структура «Тураўскай епархіі» была нераўнамернай. Больш за 40 % тэрыторыі займалі цэрквы і парафіі Мазырскага дэканату, а абсалютная большасць цэркваў знаходзілася на тэрыторыі Мазырскага пав. (54 з 78 паводле стану на 1777 г.). 14 цэркваў знаходзіліся ў Пінскім пав., 2 – у Рэчыцкім, 8 – у Кіеўскім пав. Каралеўства Польскага (Гл. Малюнак 1). Цікава, што ў 1777-1778 гг. у цэлым па «Тураўскай епархіі» 33,5 % цэркваў знаходзіліся на землях каталіцкай царквы, а ў Убарцкім дэканаце – аж 80 %! Дзве царквы Рэчыцкага пав., у м. Яўтушкавічы і в. Маканавічы, закраналі абшар, які лічыўся кананічнай тэрыторыяй Кіеўска-Віленскай мітрапаліцкай епархіі. Гэтая акалічнасць стала зачэпкай для міжепархіяльных спрэчак. 15 сакавіка 1769 г. мітрапаліт Ф.-П. Валадковіч выдаў указ аб тым, што Мазырскі дэканат перадаецца ў склад Кіеўска-Віленскай мітрапаліцкай епархіі [33] (гл. Дадатак 1). Яго падтрымаў дэкан Міхал Правалкоўскі і некалькі святароў. Але ўжо 15 верасня таго ж году 13 святароў Мазырскага дэканату выступілі з пратэстам супраць ініцыятывы мітрапаліта і напісалі скаргу свайму патрону епіскапу Г. Дашковічу-Гарбацкаму. 25 верасня яны склалі петыцыю, якая пачыналася ўрачыстымі словамі «Мы, клір Тураўскай епархіі Мазырскага дэканату…» і даводзіла да ведама ўсіх, што апрача пінска-тураўскіх епіскапаў, яны нічыёй духоўнай улады не прызнаюць [34]. Гарбацкі зрабіў падборку дакументаў, якія прадставіў папскаму нунцыю на доказ таго, што Мазырскі дэканат спрадвеку належаў да пінска-тураўскіх уладыкаў. 3 лістапада 1770 г. ён нават напісаў на адрас Валадковіча досыць зневажальны ліст (гл. Дадатак 2), дзе тлумачыў дзеянні мітрапаліта яго асабістай помслівасцю і непрыстойнасцю. Справа расцягнулася на некалькі гадоў, і ў выніку Валадковіч застаўся ні з чым. Гэты інцыдэнт сведчыць аб нетрываласці дэканацкіх межаў на Тураўшчыне. Да такой высновы падводзяць і частыя змены гэтых межаў – практычна ў кожным дзесяцігоддзі (гл. Дадатак 3). Варта адзначыць, што прэтэнзіі мітрапаліта не былі такімі ўжо безпадстаўнымі. У «дазамойскія» [35] часы, калі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел уніяцкай царквы пастаянна мяняўся за кошт далучэння да уніі праваслаўных цэркваў, межы і нават епархіяльная прыналежнасць дэканатаў не былі пастаяннымі. Так, вядома што ў 1682 г. да юрысдыкцыі той жа мітрапаліцкай епархіі часова адносілася тэрыторыя Барысаўскай пратапопіі – «вотчыны» полацкіх архіепіскапаў [36]. Так ці іначай, спрэчка за Мазырскі дэканат адчувальна ўдарыла па аўтарытэце уніяцкай іерархіі на Тураўшчыне. Гэта быў сігнал прыхільнікам праваслаўя, што шэрагі уніятаў далёка не маналітныя. Антыуніяцкія настроі ўзмацняла і актывізацыя дзейнасці праваслаўнай іерархіі ў 60-х гг. XVIII ст. У канцы 1767 г. Беларускі епіскап Георгій Каніскі разаслаў праваслаўнаму святарству Рэчы Паспалітай загады сабраць звесткі аб тых, хто жадае пакінуць унію [37]. Як сцвярджае М. Каяловіч, за кароткі тэрмін – з лістапада 1767 г. па студзень 1768 г. – было сабрана шмат такіх звестак. Нам удалося адшукаць спісы парафіян цэркваў «Тураўскай епархіі», якія выказалі жаданне пакінуць унію і далучыцца да праваслаўя. У спісе, складзеным 10 студзеня 1768 г. ігуменам Веніямінам Сакалоўскім і петрыкаўскім праваслаўным пратапопам Янам Будовічам адзначана 31 вёска Мазырскага пав., насельніцтва якіх цалкам выказала жаданне перайсці ў праваслаўе [38]. У 20 з гэтых вёсак існавалі уніяцкія парафіяльныя цэрквы. Атрымліваецца, што з сямідзесяці васьмі цэркваў «Тураўскай епархіі», парафіяне дваццаці з іх (25,6 %) не хацелі заставацца уніятамі яшчэ да падзелаў Рэчы Паспалітай. Але ў абсалютных лічбах колькасці парафіян гэтая прапорцыя выглядае крыху больш сціпла. Так, паводле інфармацыі з візітаў цэркваў «Тураўскай епархіі» 1777 г. [39] нам удалося ўстанавіць прыблізную колькасць насельніцтва той 31 вёскі – гэта 785 двароў (па 5 вёсках звестак няма). З тых жа візітаў вынікае, што колькасць парафіянаў 78 цэркваў «Тураўскай епархіі» складала 5476 двароў (па 9 цэрквах інфармацыя адсутнічае). Атрымліваецца, што згоду пакінуць унію ў 1768 г. выказала прыблізна 14,4 % парафіянаў цэркваў «Тураўскай епархіі». Нават калі адкінуць меркаванні М. Каяловіча, што з-за боязі адкрыта выступіць супраць уніі сваё жаданне пісьмова засведчылі не ўсе парафіяне, то лічбы ўсё адное застаюцца значнымі [40] (гл. Дыяграму 1). Цікава, што жаданне пакінуць унію выказалі жыхары толькі чатырох вёсак, якія належалі каталіцкай царкве – езуіцкія вёскі Юравічы і Тульгавічы (60 двароў), в. Колкі Мінскага кляштару бенедыкцінак (27 двароў) і в. Кураедзічы мазырскага каталіцкага плябана (25 двароў). У суме гэта 14,3 % ад усіх выказаўшых жаданне далучыцца да праваслаўя. Прычым, жыхары Кураедзічаў не хацелі афішаваць сваіх намераў– «хочуць далучыцца, але баяцца свайго ксяндза плябана» [41]. Дыяграма 1. Структура насельніцтва «Тураўскай епархіі» ў 1769 г. [42] На тэрыторыі «Тураўскай епархіі» дзейнічала разгалінаваная праваслаўная іерархія (гл. Малюнак 2), якая ў буйных гарадах і мястэчках мела па некалькі храмаў. Тут знаходзіліся цэрквы трох праваслаўных пратапопій: Давыд-Гарадоцкай, Мазырскай і Петрыкаўскай. Праваслаўныя пратапопы мелі крыху лепшае становішча за сваіх уніяцкіх візаві. Іх рэзідэнцыі знаходзіліся ў буйных населеных пунктах: усе цэрквы Давыд-Гарадка, Мазыра і Петрыкава былі праваслаўнымі. Гэтага нельга было сказаць аб уніяцкіх дэканатах. Назвы уніяцкіх дэканатаў (Мазырскі, Петрыкаўскі і Тураўскі) былі чыста намінальнымі. У Тураве і Мазыры ўвогуле не існавала уніяцкіх цэркваў, а уніяцкая царква ў Петрыкаве не мела ні ўласнага фундуша, ні дакладна вызначанай парафіі. Петрыкаўскі уніяцкі парох Ян Каржэўскі (1777 г.) жыў за кошт выплочваемай петрыкаўскім дваром грашовай дапамогі і здзяйсняў духоўную апеку над уніятамі ў розных вёсках Петрыкаўскага графства і ў самім Петрыкаве, што жылі сярод праваслаўнай большасці [43]. Малюнак 2. Праваслаўныя цэрквы на тэрыторыі «Тураўскай епархіі». Сярэдзіна 70-х гг. XVIII ст. Тое, што будынкі некаторых цэркваў пераходзілі ад уніятаў да праваслаўных і наадварот, гаворыць аб тым, што знешні выгляд храма пасля пераходу пад крыло іншай канфесіі, як правіла, не змяняўся. Гэта пацвярджаецца і тым фактам, што многія цэрквы на Тураўшчыне і ў 90-я гг. XVIII ст. захоўвалі свой аўтэнтычны «ўсходні» выгляд, асновай якога былі багата ўпрыгожаныя іканастасы. А вось розніца ў знешнім выглядзе святароў была адчувальнай. Галоўным адрозненнем праваслаўнага святара ад святара-уніята была наяўнасць барады. Святар Данілевіцкай уніяцкай царквы Рыгор Сулкоўскі, які паддаўся ў канцы 60-х гг. XVIII ст. на агітацыю праваслаўнай іерархіі, пакінуў унію і атрымаў высвячэнне ад праваслаўнага мітрапаліта ў Кіеве. У 1787 г. ён быў злоўлены слугамі убарцкага уніяцкага дэкана, які канстатаваў, што «праз запушчэнне галавы і барады яго (Сулкоўскага – Дз.Л.) постаць ператварылася ў неуніята, і загадаў яго належна пагаліць паводле уніяцкіх звычаяў» [44]. Колькасць такіх перабежчыкаў альбо як іх называлі ў той час «вераадступнікаў» («апастатаў») на Тураўшчыне была даволі значнай. Большасць іх заставалася на радзіме. Некаторыя, як святар Ванюжыцкай царквы Антон Заварскі, уцякалі ў Кіеў [45]. Ягоныя ўцёкі былі звязаны з невялікай містычнай гісторыяй. У апошнія гады служэння Заварскага ў Ванюжычах парафіяне часта бачылі царкву па начах у настолькі яркім святле, што беглі ратаваць ад пажару [46]. Цяжка даць гэтаму нейкае ўцямнае тлумачэнне, але гэтыя здарэнні былі запісаны на рахунак мясцовага культавага артэфакту – цудатворнага абраза Ванюжыцкай Божай Маці. Паводе стану на 1769 г. на тэрыторыі «Тураўскай епархіі» налічвалася 32 праваслаўныя святары [47]. Пінска-тураўскае святарства ўсходняга абраду было падзелена на два лагеры: уніятаў і праваслаўных. Прычым гэты падзел часта ішоў унутры адной і той жа святарскай дынастыі. Цікавая гісторыя адбылася з родам Яхімовічаў. Як сведчаць дакументы, першы з вядомых прадстаўнікоў роду, Антон Яхімовіч, быў свецкім шляхціцам уніяцкага веравызнання, які ў канцы XVII ст. быў забіты ў часе аднаго з нападаў казацкага войска. Яго малагадовы сын Стэфан ацалеў і, хаваючыся ад казакаў, уцёк у м. Давыд-Гарадок, дзе яго ўзяў на выхаванне мясцовы праваслаўны святар. Апошні аддаў хлопчыка на навучанне ў Кіеўскую акадэмію (былы Кіева-Магілянскі калегіум), якую Стэфан у 1709 г. паспяхова скончыў [48]. Пасля Стэфанаў дабрадзей ажаніў яго са сваёй дачкой і пакінуў у спадчыну святарскае месца. У хуткім часе Стэфан Яхімовіч дасягнуў пасады давыд-гарадоцкага пратапопа [49]. Ад яго гэтая пасада перайшла ў спадчыну сыну Фёдару, пасля – унуку Васілю, пасля – праўнуку Пятру [50]. Другая галіна роду, нашчадкі Стэфанава брата Дамініка, перабралася на тэрыторыю суседняй уніяцкай Уладзімірска-Брэсцкай епархіі, дзе яе прадстаўнікі займалі святарскія пасады ў шэрагу цэркваў. Адзін з Яхімовічаў, Антон, зрабіўся каталіцкім святаром і быў прызначаны на пасаду вікарыя Петрыкаўскага касцёла. Ён працягваў цікавіцца справамі распаўсюджвання уніі на Тураўшчыне і, у прыватнасці, быў ініцыятарам пабудовы новай царквы ў в. Ванюжычы Мазырскага пав., а таксама прыклаў значныя намаганні ў папулярызацыі культу абраза Ванюжыцкай Божай Маці [51]. Прадстаўнікі абедзвюх частак роду дасягнулі значных вышынь у святарскай кар’еры. Давыд-гарадоцкі пратапоп Фёдар меў сувязі ў праваслаўнай іерархіі Рэчы Паспалітай на вышэйшым узроўні. Яго крэўныя жылі ў Маскве. Так, у сакавіку-траўні 1764 г. айцец Фёдар атрымаў дазвол на вольны праезд у Маскву «для свяданя зъ братомъ его въ Святотроецкой Сергиевской Лавре находящимся иеромонахомъ Геннадиемъ» [52]. Другі брат Фёдара, Ян, апынуўся па іншы бок «барыкад». 13 кастрычніка 1776 г. з рук караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ён атрымаў прэзенту на пасаду святара саборнай уніяцкай царквы Унебаўзяцця Панны Марыі ў Вільні [53]. У 1781 г. мітрапаліт Ясон Смагаржэўскі прызначыў яго на пасаду кіраўніка Палескай сурагацыі, якая на захадзе межавала с «Тураўскай епархіяй». Мітрапаліт адзначыў, што на пасаду членаў сурагацыйнага суда Яхімовіч можа абіраць прадстаўнікоў не толькі са сваёй, Палескай, сурагацыі, але і з іншых [54], маючы на ўвазе, відаць, сувязі і ўплыў Яхімовіча на Тураўшчыне. Ускосна гэты факт сведчыць аб тым, што і ў мітрапаліта Смагаржэўскага існавалі нейкія прэтэнзіі на Мазырскі дэканат, тэрыторыю якога папярэдні мітрапаліт Валадковіч хацеў уключыць у склад Палескай сурагацыі. Падзеленымі на дзве часткі былі і іншыя буйныя святарскія дынастыі Тураўшчыны: Бруякі, Каранеўскія, Пігулеўскія і інш. Уніяцтва на Тураўшчыне так і не здолела пусціць глыбокія карані. Аб гэтым сведчаць падзеі канца 90-х гг. XVIII ст. За няпоўныя тры гады, ад моманту скасавання Пінска-Тураўскай епархіі ў 1795 г. да ўтварэння асобнага дапаможнага Пінскага епіскапства ў складзе Брэсцкай епархіі ў 1798 г. абсалютная большасць уніяцкіх прыходаў Тураўшчыны перайшлі пад праваслаўную юрысдыкцыю. І фактычна ў кожным выпадку дабраахвотна. З 11-ці цэркваў былога Тураўскага дэканату да 1798 г. праваслаўнымі зрабіліся 4, з 15-ці цэркваў Убарцкага – 5, з 20-ці цэркваў Петрыкаўскага – 15, з 32-х цэркваў Мазырскага – 24 [55] (падрабязней гл. Дадатак 3). Усяго 47 цэркваў з 78 [56]. Апрача гэтага, зрабілася праваслаўнай парафіяльнай царквой былая капліца ў в. Хобнае, прыпісаная да царквы ў м. Юравічы. Парафіі цэркваў Тураўшчыны, што перайшлі ў праваслаўе цягам 1795-1798 гг. налічвалі 4495 двароў з 33136 душамі насельніцтва абодвух палоў. У гэты ж самы час на тэрыторыі былой «Тураўскай епархіі» ва уніяцтве заставаліся 1464 двары з 8884 душамі насельніцтва [57] (гл. Дыяграму 2). Дыяграма 2. Структура насельніцтва былой «Тураўскай епархіі» ў 1798 г.[58] Варта адзначыць істотную розніцу паміж дзейнасцю пераведзеных у праваслаўе у 1795-1798 гг. цэркваў «Пінскай» і «Тураўскай» частак былой епархіі. У той час, як на Піншчыне палова новых праваслаўных цэркваў пуставала [59], а насельніцтва з духоўнымі патрэбамі звярталася да настаяцеляў неафіцыйных уніяцкіх парафій, што ўтвараліся на базе капліц, праваслаўныя цэрквы Тураўшчыны жылі паўнакроўным жыццём. * * * Такім чынам, з глыбокай старажытнасці і да канца XVIII ст. Тураўшчына з’яўлялася выключна багатай на царкоўную гісторыю рэгіёнам. У адрозненні ад астатніх беларускіх земляў міжканфесійныя адносіны тут нярэдка перарасталі ў крывавыя сутычкі. У плане распаўсюджвання уніяцтва тураўскія землі таксама вельмі істотна вылучаліся. Нягледзячы на тое, што пінска-тураўскі епіскап быў сярод ініцыятараў Брэсцкай уніі, а ягоныя наступнікі неаднойчы рабіліся уніяцкімі мітрапалітамі і іх намеснікамі, гэты рэгіён да самага канца XVIII ст. так канчаткова і не стаў уніяцкім. На момант падзелаў Рэчы Паспалітай каля 30 % насельніцтва Тураўшчыны заставалася праваслаўнымі. Адносна часта тут назіраўся пераход з уніяцтва ў праваслаўе (і наадварот) асобных парафій і святароў. Дэканацкая адміністрацыя, якая канчаткова сфарміравалася толькі ў сярэдзіне XVIII ст., вылучалася сваёй нестабільнасцю – часта адсутнічала кіраўніцтва, межы дэканатаў цярпелі пастаянныя змены, пад сумнеў ставілася епархіяльная прыналежнасць цэлых дэканатаў. Падзеі 1795-1798 гг. паказалі, што пранікненне уніяцкіх ідэй сярод мясцовага насельніцтва было неглыбокім. За тры гады ў праваслаўе вярнулася абсалютная большасць уніятаў «Тураўскай епархіі». Змены ў дэканацкай і канфесійнай прыналежнасці уніяцкіх цэркваў «Тураўскай епархіі» ў другой палове XVIII ст. [60]
Скарачэнні: Маз. – Мазырскі, Петр. – Петрыкаўскі, Пін. – Пінскі, Рэч. – Рэчыцкі, Тур. – Тураўскі, Уб. – Убарцкі, Уладз. – Уладзімірскі.
Cпасылкі:1. Поўную версію матэрыялу гл.: Лісейчыкаў Дз. Фарміраванне сеткі уніяцкіх парафій на тэрыторыі «Тураўскай епархіі» ў 1596-1795 гг. // Kosciol unicki w Rzeczypospolitej. Red. W.Walczak. – Bialystok, 2010. – S. 93 – 112. 2. Тэрыторыя, якая фігуруе ў дакументах XVI – XVIII стст. пад назвай «Тураўская епархія», ўваходзіла ў склад Пінска-Тураўскай епархіі і па-сутнасці з’яўлялася яе афіцыялатам, таму мэтазгодна будзе падаваць гэтае азначэнне ў двукоссі. У XVIII ст. ва уніяцкай іерархіі афіцыйна існавала пасада тураўскага епіскапа, які быў падпарадкаваны пінска-тураўскаму. 3. Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при управлении Виленскаго учебнаго округа (далей АСДЗСР). – Т. VI. – Вильна, 1869. – С. 157. 4. Хроніка Убарцкага Палесся / Аўтар-уклад. А.І. Атнагулаў; Навук. рэд. В.Н. Насевіч. – Мн.: Тэхналогія, 2001. – С. 51. 5. Хроніка Убарцкага Палесся … – С. 51. 6. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ). – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 31; Хроніка Убарцкага Палесся … – С. 52. 7. НГАБ. – Ф. 1733. – Воп. 1. – Спр. 42. – Арк. 234 – 234 адв.; цыт. паводле: Хроніка Убарцкага Палесся ... – С. 53. 8. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 19 адв. 9. АСДЗСР. – Т. VI. – Вильна, 1869. – С. 303. 10. Lietuvos valstybes istorijos archyvas (далей LVIA). – F. 597. – Ap. 2. – B. 104. – L. 1. 11. АСДЗСР. – Т. VI. – Вильна, 1869. – С. 228. 12. АСДЗСР. – Т. VI. – Вильна, 1869. – С. 228. 13. АСДЗСР. – Т. VI. – Вильна, 1869. – С. 350 – 353. 14. АСДЗСР. – Т. VI. – Вильна, 1869. – С. 263 – 264. 15. LVIA. – F. 597. – Ap. 2. – B. 94. – L. 2 адв. 16. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 1. 17. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 16 адв. 18. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 12 адв. 19. LVIA. – F. 597. – Ap. 2. – B. 94. – L. 16 в. 20. LVIA. – F. 597. – Ap. 2. – B. 94. – L. 18 адв. 21. LVIA. – F. 597. – Ap. 2. – B. 94. – L. 7 в. 22. Лісейчыкаў Дз.В. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі ў сярэдзіне XVIII ст. // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. Вып. 6 / рэдкал.: Ю.М. Бохан (гал. рэд.) [і інш.] – Мінск: БелНДІДАС, 2008. – С. 142 – 145. 23. Тамсама. 24. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 14. 25. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 37, 46, 53, 184 адв., 188, 201, 252 адв. 26. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 262 адв. 27. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41235. – Арк. 1; Rodzina: Herbarz szlachty polskiej. Opracowany przez Seweryna hrabiego Uruskiego przy wspoludziale Adama Amilkara Kosinskiego wykonczony i uzupelniony przez Aleksandra Wlodarskiego wydany staraniem i kosztem corek autora. – T. XI. – Warszawa: Sklad Glowny ksiegarnia Gebethnera i Wolfa, 1914. – S. 161. 28. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41235. – Арк. 1. 29. Rodzina: Herbarz szlachty polskiej... – S. 161. 30. Падлікі аўтара паводле: LVIA. – F. 634. – Ap. 2. – B. 698. 31. Падлікі аўтара паводле дадзеных НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. 32. Карты выкананы аўтарам на падставе наступных крыніц: LVIA. – F. 634. – Ap. 2. – B. 698; НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240; Ф. 694. – Воп. 5. – Спр. 178. – Арк. 75 – 78 адв. 33. LVIA. – F. 597. – Ap. 2. – B. 94. – L. 9. 34. LVIA. – F. 597. – Ap. 2. – B. 94. – L. 12. 35. Маецца на ўвазе перыяд да Замойскага сабору 1720 г., пасля якога адміністрацыйна-тэрыятарыяльнае кіраванне уніяцкай царквы істотна не змянялася да падзелаў Рэчы Паспалітай. 36. Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг.: Зборнік дакументаў / Укладальнік Д.В. Лісейчыкаў. – Мінск: І.П. Логвінаў, 2009. – С. 72 – 80. 37. Коялович М. История возсоединения западнорусских униатов старых времен. СПб., 1873. – С. 84. 38. НГАБ. – Ф. 694. – Воп. 5. – Спр. 178. – Арк. 75 – 78 адв. 39. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. 40. Гэтаму меркаванню пры ўсёй яго слушнасці можна супрацьпаставіць наступны аргумент: магчыма, не ўсе жыхары названых вёсак выказалі жаданне пакінуць унію. У спісе, складзеным Сакалоўскім і Будовічам, прысутнічаюць подпісы (крыжыкі) толькі некалькіх жыхароў па кожнай вёсцы, як правіла, гэта царкоўныя старасты і іх сем’і. Далей жа маецца заўвага “а таксама ўся грамада вёскі з усімі жыхарамі”. Так што, факт жадання далучыцца да праваслаўя ўсёй вёскай застаецца выключна на сумленні складальнікаў спіса – пракантраляваць іх не мог ніхто. 41. НГАБ. – Ф. 694. – Воп. 5. – Спр. 178. – Арк. 78. 42. Падлікі аўтара паводле: LVIA. – F. 634. – Ap. 2. – B. 698; НГАБ. – Ф. 694. – Воп. 5. – Спр. 178. 43. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 58 адв. 44. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 276. 45. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 69 адв. 46. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 68. 47. Лісейчыкаў Дз.В. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі ... С. 142 – 145. 48. НГАБ. – Ф. 319. – Воп. 2. – Спр. 3805. – Арк. 32. 49. НГАБ. – Ф. 319. – Воп. 2. – Спр. 3805. – Арк. 57 адв. – 58. 50. НГАБ. – Ф. 319. – Воп. 2. – Спр. 3805. – Арк. 48. 51. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41240. – Арк. 67 адв. 52. НГАБ. – Ф. 319. – Воп. 2. – Спр. 3805. – Арк. 37. 53. НГАБ. – Ф. 319. – Воп. 2. – Спр. 3805. – Арк. 42. 54. НГАБ. – Ф. 319. – Воп. 2. – Спр. 3805. – Арк. 17 – 17 адв. 55. НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 40401. – Арк. 1-2; Спр. 40402. – Арк. 1-1 адв.; Спр. 40403. – Арк. 1 – 1 адв. 56. Падлікі аўтара паводле: НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 40401, 40402, 40403. 57. Падлікі аўтара паводле: НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 41244, 41247. 58. Падлікі аўтара паводле: НГАБ. – Ф. 136. – Воп. 1. – Спр. 40401, 40402, 40403, 41244, 41247. (Прыведзеныя падлікі зроблены без ўліку 10 цэркваў і парафій, якія ўваходзілі ў склад «Тураўскай епархіі» і якія да 1796 г. былі альбо скасаваны, альбо апынуліся па-за межамі Мінскай губерні. Інфармацыя аб іх канфесійнай прыналежнасці на гэты момант адсутнічае). 59. Лісейчыкаў Дз.В. Схаваныя уніяцкія прыходы Пінскага павета канца XVIII – першай трэці XIX стст. // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. Вып. 4 / рэдкал.: Ю.М. Бохан і інш.] – Мінск: НГАБ, 2006. – С. 126. 60. Назвы населеных пунктаў падаюцца ў сучаснай беларускай арфаграфіі паводле даведнікаў: Рапановіч Я. Н. Слоўнік населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. – Мн., 1980. – 176 с.; Рапановіч Я. Н. Слоўнік населеных пунктаў Гомельскай вобласці. – Мн., 1986. – 240 с.
|
niab@niab.by | |||