НачалоКарта сайтаОбратная связь  

Национальный
исторический
архив Беларуси


Статьи



Дзянiсаў У.М.

Сядзіба Манюшкі


Убельская сядзiба, дзе ў 1819 г. нарадзiўся кампазiтар Станiслаў Манюшка, знаходзiцца на ўскраiне вёскi з такой самай назвай у Чэрвенскiм раёне Мiнскай вобласцi.

Доўгi час гэты цiкавы помнiк гiсторыi i архiтэктуры быў мала вядомы шырокаму колу грамадскасцi на Беларусi. Толькi ў 1960-я гады Убель упершыню стаў згадвацца ў беларускай навуковай i папулярнай лiтаратуры, як месца звязанае з жыццём i дзейнасцю славутага кампазiтара XIX ст. 1

Трэба адзначыць, што першыя публiкацыi прысвечаныя убельскай сядзiбе з'явiлiся яшчэ ў другой палове XIX ст. Самай значнай з iх з'яўляецца нататка, змешчаная ў 1891 г. у "Слоўнiку геаграфiчным Польскага каралеўства..." 2. Гэты нарыс быў апублiкаваны без аўтарскага подпiсу, але хутчэй за ўсё яго падрыхтаваў А.Ельскi, якi з'яўляецца аўтарам большасцi матэрыялаў для гэтага выдання, якiя датычылiся Мiншчыны.

У нарысе гаворыцца, што Убель альбо Убелье, гэта вёска i маёнтак над ракой Волмай, надалёка ад Смiлавiчаў. У вёсцы 9 двароў. Сядзiбны фальварак 1465 дзесяцiн зямлi. Побач з сядзiбай -- "каталiцкая каплiца, пастаўленая ў мiнулым стагоддзi Манюшкамi". Калiсцi Убель належаў да аялiкага Смiлавiцкага маёнтка, гаспадарамi якога пачарзе былi Сапегi, Завiшы, Агiнскiя.

У канцы XVII ст. гэты смiлавiцкi маёнтак стаў уласнасцю вайсковага суддзi Вялiкага княства Лiтоўскага Станiслава Манюшкi. Тут у Убелi "...у Чеслава Манюшкi i Альжбеты з Маджарскiх 5 мая 1819 г. нарадзiўся аўтар "Галькi" Сталiслаў Манюшка. Дом, у якiм ён нарадiўся, да сённяшняга дня iснуе ў добрым стане, малюнак якога змясцiў Орда ў сваiм альбоме" 3.

Пасля Манюшкаў уладальнiкамi Убеля сталi Дзiкоўскiя, а ў якасцi пасагу Левiнii Дзiкаўскай гэты маёнтак перайшоў да Азенблоўскiх 4.

У наш час самай значнай публiкацыяй, прысвечаная Убелю, з'яўляецца кароткi нарыс, змешчаны ў фундаментальнай шматтомнай працы Рамана Афтаназi, якая датычыцца гiсторыi палацаў i сядзiб на тэрыторыi былой Рэчы Паспалiтай. I нфармацыя пра Убель ёсць у I томе, якi прысвечаны былому Мiнскаму ваяводству 5.

У пачатку свайго нарыса аўтар дае кароткую гiстарычную нататку, якая мала чым адрознiваецца ад разгледжанай папярэдняй публiкацыi 1891 г. Далей ён адзначае, што "Перад першай сусветнай вайной знаходзiўся сядзiбны дом, пабудаваны ў пачатку XIX ст. Чэславам Манюшкам". Менавiта ў гэтым доме нарадзiўся будучы славуты кампазiтар, сцвярджае аўтар.

Паводле малюнка Н.Орды, якi датуецца прыкладна 1870 г., Р.Афтаназi дае кароткае архiтэктурнае апiсанне сядзiбе, дзе адзначае, што дом быў драўляны, аднапавярховы з мезанiнам. Галоўны фасад будынка упрыгожваў чатырохкалонны порцiк. Будынак быў накрыты паўвальмавым гонтавым дахам. Дом стаяў пасярод вялiкага пейзажнага парку. З левага боку ад дома ўзвышаўся якiсьцi вялiкi будынак з вежай, накрытай шатровым дахам. З правага боку ад дома, на думку Афтаназi, знаходзiлася падобная вежа. Перад домам быў разбiты газон, упрыгожаны дэкаратыўнымi кустамi i клумбамi з кветкамi 6.

У больш познiя часы вядомая па малюнку Н.Орды Убельская сядзiба была значна перабудавана. Афтаназi сцвярджае, што быў разбураны мезанiн, а з тыльнага фасаду дабудавана адно альбо два бакавых крыла, якiя мелi больш нiзкiя дахi. Пасля разборкi мезанiна застаўся чатырохкалонны ганак, у якога быў зроблены новы франтон. Калонны, а таксама аконныя i дзвярныя лiштвы былi пафарбаваны ў белы колер. Аўтар падкрэслiвае, што ў яго не было нiякiх звестак па планiроўцы Убельскага дома як пры Манюшках, так i ў больш познiя часы 7.

Нягледзячы на мемарыяльную i архiўную каштоўнасць беларускiя даследчыкi мала цiкавiлiся архiтэктурным комплексам Убельскай сядзiбы. У такiх грунтоўных працах, як кнiга У.Чантурыi, альбо "Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi" мы незнойдзем нi воднага радка пра гэты цiкавы аб'ект 8. А.Кулагiн толькi згадвае Убель як прыклад невялiкага драўлянага сядзiбнага дома канца XVIII -- пач. XIX стст. 9 А.Федарук, у сваёй працы па гiсторыi садова-паркавага мастацтва Беларусi, акрамя агульнавядомай iнфармацыi нагадвае, што "... захавалiся невялiкiя фрагменты парка над ракой Волмай" 10.

Адзiнай спецыяльнай публiкацыяй, прысвечанай Убелю, з'яўляецца кароткая нататка, змешчаная Ю.Якiмовiчам спачатку ў "Энцыклапедыi лiтаратуры i мастацтва Беларусi", а потым у экцыклапедычным даведнiку "Архiтэктура Беларусi" 11.

Асноўнай крынiцай для гэтага нарыса з'явiлiся малюнкi Н.Орды. У комплекс сядзiбы ўваходзiлi сядзiбны дом, каплiца-пахавальня, гаспадарчыя пабудовы, парк. Ю.Якiмовiч падкрэслiваў, што ў архiтэктуры убельскай сядзiбы спалучалiся традыцыi народнага дойлiдства i элементы стылю класiцызму. Цэнтрам кампазiцыi быў сядзiбны дом. Гэта адпапавярховы з мезанiнам будынак. Ён меў прамавугольны план i быў накрыты высокiм пувальмавым дахам. "Цэнтр мансардавага галоўнага фасада быў вылучаны 4-калонным порцiкам з 3-х вугольным франтонам. Сцены звонку вертыкальна ашаляваны, вокны прамавугольныя. Перад домам быў невялiкi партэр з круглым у плане кветнiкам, за iм знаходзiўся пейзажны парк з каплiцай-пахавальняй -- цэнтральным 2-ярусным збудаваннем пад шатровым дахам, гаспадарчыя пабудовы" 12.

Пошукi архiўных крынiц, якiя датычаць гiсторыi Убельскай сядзiбы, вялiся ў самых розных фондах шматлiкiх архiваў Мiнска, Вiльнi i Варшавы. У Нацыянальным гiстарычным архiве Беларусi былi апрацаваны наступныя фонды: Канцылярыя мiнскага грамадзянскага губернатара /ф.295/; Мiнскае губернскае праўленне /ф.299/; Мiнскае губернскае прысутствiе /ф.242/; Мiнскае губернскае па земскiм i гарадскiм справам прысутсвiе /ф.22/; I гуменская павятовая управа /ф.523/; I гуменская павятовая земская управа /ф.327/; Мiнскi губернскi дваранскi дэпутатскi сход /ф.319/; Мiнскi галоўны суд 2-га дэпартамента /ф.588/; Мiнская грамадзянская палата /ф.146/; I гуменскi павятовы суд /ф.160/; I гуменскi земскi суд /ф.1484, 1761/; Мiнскi акруговы суд /ф.183/; Мiнская губернская чартёжная /ф.120/; Мiнскi губернскi камiтэт па складу iнвентароў памешчыцкiх маёнткаў /ф.142/; I гуменская дваранская апека /ф.634/ i iнш.

У гэтых фондах была знойдзена вялiкая колькасць дакументаў па гiсторыi радавода Манюшкаў, шматлiкiя матэрыялы гаспадарчага характеру, шэраг аўтографаў Ст.Манюшкi i г.д. Нажаль, дакументаў, непасрэдна па тэме нашага даследавання знайсцi не ўдалося. Гэта, у першую чаргу, iнвентары, чарцяжы, а таксама звесткi па рамонтах i рэканструкцыi Убельскай сядзiбы. Нават не захаваўся так званы "абавязковы" iнвентар 1840-х гадоў, нягледзячы на тое, што такiя iнвентары былi складзены па ўсiх маёнтках Мiнскай губернii. Акрамя таго шэраг графiчных матэрыялаў быў знойдзены ў фондах Нацыянальнага музея РБ.

У Вiльнi пошук матэрыялаў па тэме даследавання праводзiўся ў фондах Цэнтральнага дзяржаўнага гiстарычнага архiва Лiтоўскай Рэспублiкi, у архiве Бiблiятэкi АН Лiтоўскай Рэспублiкi, а таксама ў аддзеле рукапiсаў Бiблiятэкi Вiленскага унiверсiтэта.

У Варшаве самая значная частка крынiц была выяўлена ў зборах Архiва Варшаўскага музычнага таварыства iмя С.Манюшкi, а таксама а Аддзеле навуковай дакументацыi Нацыянальнага музея, Архiве I нстытута мастацтва Польскай Акадэмii навук.

Праведзеныя намi гiсторыка-архiўныя даследаваннi дазволiлi сабраць вельмi цiкавы iканаграфiчны матэрыял XIX -- пач. XXX стст., частка якога ў свой час была змешчана ў розных выданнях, але большасць якiх не была ўведзена ў навуковы ужытак. У 1872 г. у друку з'явiўся першы малюнак з выявай Убельскай сядзiбы пад назвай "Убель. дом дзе нарадзiўся Станiслаў Манюшка" 13. Пад малюнкам быў змешчаны надпiс, што гэта дрэварыт паводле малюнка Фелiкса Шыпнеўскага. Гэты малюнак неаднаразова перадрукоўваўся. Ён быў змешчаны i ў вядомым альбоме "Станiслаў Манюшка" /1964/. Праз некаторы час быў надрукаваны славуты альбом лiтаграфiй, зробленых паводле малюнкаў i акварэлей Н.Орды 14.

Калi параўнаць гэтыя два малюнкi, пры першапачатковым падабенстве, у выяве сядзiбнага дома ёсць значная рознiца. Так на першым малюнку будынак мае паўвальмавы дах, а на другiм -- мансардны, на першым порцiк мае 4 калонны, а на другiм -- 2, адпаведна фасады вертыкальна ашаляваныя ў першым выпадку, а ў другiм -- атынкаваныя i г.д.

Як нам удалося высветлiць, Шыплеўскi рабiў гравюру паводле акварэлi Н.Орды, арыгiнал якой захоўваецца ў Нацыянальным музеi ў Кракаве 15. Малюнак Н.Орды, якi з'яўляўся крынiцай для лiтаграфii, не захаваўся. Даследчыкi ўжо неаднаразова заўважалi пры пiльным разглядзе значную рознiцу памiж арыгiнальнымi малюнкамi Орды i лiтаграфiямi, таму для нас большую каштоўнасць уяўляе арыгiнал малюнка i зробленая на яго падставе гравюра

Ф.Шыпнеўскага.

У 1896 г. быў надрукаваны яшчэ адзiн малюнак з выявай Убельскай сядзiбы 16. Аўтарам яго быў бацька кампазiтара Чэслаў Манюшка. На наш погляд гэта найбольш старажытная выява дома Манюшкаў, якую можна датаваць 1820--1830 гг.

Першы фотаздымак сядзiбы ў Убелi быў надрукаваны ў 1910 г. 17 На гэтым здымку мы бачым дом Манюшкаў пасля значнай рэканструкцыi, у вынiку якой быў разабраны мезанiн i зроблена новая прыбудова. Вядомы яшчэ два фотаздымкi Убеля, зробленыя на пачатку XX ст. /да 1917 г./. Адзiн з iх быў змешчаны ў 1920-х гадах у кнiзе

С.Невядомскага, а другi ўжо ў 1950-я гады 18. Месца знаходжання арыгiналаў гэтых фотаздымкаў невядома.

У архiве Варшаўскага музычнага таварыства iмя Ст.Манюшкi ў Варшаве знаходзяцца цiкавыя графiчныя матэрыялы, якiя звязаны з Убелем. Яны паходзяць з сямейнага архiва Манюшкаў i ў свой час належалi бацьку кампазiтара Чэславу Манюшку. Гэтыя матэрыялы -- малюнкi, чарцяжы, схемы, планы i г.д. дазваляюць дакладна аднавiць не толькi знешнi выгляд сядзiбнага дома, але яго планiроўку, iнтэр'еры i г.д. у часы, калi Убель належыў Манюшкам.

* * *

Доўгi час Убельская сядзiба ўваходзiла ў склад Вялiкага Смiлавiцкага маёнтка, вядомага з XVI ст. Гэты маёнтак належаў Бакштанскiм, Кежгайлам, Сапегам, Завiшам. У XVII ст. Смiлавiчы належалi троцкаму ваяводзе, канцлеру Вялiкага княства Лiтоўскага Марцiну Аляксандру Агiнскаму /1632--1690/. Пасля яго смерцi Смiлавiчы, якiя ўваходзiлi ў склад "графства бакштанскага", перайшлi да Завiшаў. У XVIII ст. гаспадаром Смiлавiцкай сядзiбы стаў Мiхал Казiмiр Агiнскi /1830--1900/. У 1787 г. маёнтак i мястэчка Смiлавiчы I гуменскага павета набыў вайсковы суддзя Вялiкага княства Лiтоўскага Станiслаў Манюшка 19. У "Спiсе ўладальнiкаў маёнткаў I гуменскага павета", якi захоўваецца ў фондах Мiнскага галоўнага суда I-га дэпартамента, ёсць звесткi, што ў склад вялiкага маёнтка Манюшкi ўваходзiў i фальварак Убель 20. Пасля смерцi С.Манюшкi ў 1807 г. яго вялiкi маёнтак быў падзелены памiж яго сынамi, а дочкi атрымалi па 100.000 рублёў 21.

Фальварак Убель атрымаў у спадчыну сын Станiслава Чэслаў Манюшка. Ён нарадзiўся 20 лiпеня 1790 г. у Смiлавiчах. Як адзначае А.Валiцкi, Чэслаў Манюшка ў той жа дзень быў ахрышчаны мясцовым ксяндзом М.Гродзкiм 22. Пачатковую адукацыю Ч.Манюшка атрымаў пад кiраўнiцтвам ксяндза экс-мiсiянера Ю.Корвеля. Пасля гэтага вучыўся ў Смiлавiцкiм канвенце. Потым Ч.Манюшка пераехаў у Вiльню. Нам невядома, дзе Чэслаў працягваў сваю адукацыю, вiдаць, хутчэй заўсё ён хацеў паступiць у славуты Вiленскi унiверсiтэт.

Прадоўжыць адукацыю Чэславу перашкодзiлi падзеi руска-французскай вайны 1812 г. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў пяцiгадовым узросце Ч.Манюшка страцiў адно вока, ён уступiў у полк конных лiтоўскiх стралкоў. У 1813 г. /паводле А.Валiцкага ў 1815 г./ ён выйшаў у адстаўку 23.

Многiя даследчыкi адзначалi, што Ч.Манюшка быў таленавiтым рысавальшчыкам i яго матэрыялы з'яўляюцца каштоўнай iканаграфiчнай крынiцай па гiсторыi роду i асяроддзя Станiслава Манюшкi 24.

"20 лiпеня 1818 г. ён ажанiўся з Альжбетай Маджарскай i асеў у маёнтку Убель паблiзу Смiлавiч". Там 5 мая 1819 г. а 4 гадзiне ранiцы нарадзiўся ў яго сын, якога 8 мая ахрышчаны iменем Станiслаў..." 24. Як адзначаў А.Валiцкi, Чэслаў меў характар надзвычай сяброўскi i вясёлы. З погляду навуковай адукацыi ён не мог параўнацца са сваiмi братамi, але вайскавая служба, шматлiкiя падарожжы i сяброўства з цiкавымi людзьмi, не толькi з арыстакратыi але i з вельмi адукаванымi, аказалi значны ўплыў на яго выхаванне 25. Ён захапляўся маляваннем i з задавальненнем прысвячаў яму вольны час. Як адзначалi сучаснiкi, Чэслаў не атрымаў добрай мастацкай адукацыi, але сяброўства з рознымi мастакамi i шматлiкiя з нiмi сувязi дапамаглi Чэславу дасягнуць добрага ўзроўня. Сяброўскiя адносiны склалiся ў яго з Валенцiем Ваньковiчам i Якавам Дамелем. З першым з iх ён некаторы час нават жыў у адным доме i меў сумесную майстэрню" 26.

Акрамя таго Чэслаў быў заўзятым калекцыянерам. Ён збiраў творы мастацтва i вельмi часта плацiў вялiкiя грошы за каштоўныя рэчы.

Многiя даследчыкi адзначалi, што Чэслаў Манюшка быў таленавiтым рысавальшчыкам i яго матэрыялы з'яўляюцца каштоўнай iканаграфiчнай крынiцай па гiсторыi родi i асяроддзя Станiслава Манюшкi 27.

У архiве Варшаўскага музычнага таварыства iмя Станiслава Манюшкi захоўваецца частка сямейнага архiва Ч.Манюшкi i, у першую чаргу, значная колькасць альбомаў рознага фармату, дзе захавалiся пейзажныя, побытавыя i партрэтныя замалёўкi, зробленыя панам Чэславам. Некаторыя старонкi гэтых альбомаў запоўнены дзённiкавымi запiсямi i ўспамiнамi аздобленымi iлюстрацыямi.

Працуючы з гэтымi матэрыяламi нам пашчасцiла знайсцi цэлы шэраг архiтэктурных замалювак, выкананых Чэславам Манюшкам 28. Гэта праекты самых разнастайных жылых i гаспадарчых збудаванняў, каплiц i г.д. Знойдзеныя матэрыялы з'яўляюцца адным з самых сур'ёзных аргументаў у падтрымку думкi Р.Афтаназi, што Ч.Манюшка з'яўляўся i аўтарам праекта Убенскага сядзiбнага дома 26.

Акрамя таго сярод папер Ч.Манюшкi ўдалося знайсцi i чарцяжы /эскiзы да праекта?/ каплiцы, якая стаяла побач з сядзiбным домам у Убеле.

Згаданы намi раней малюнак сядзiбнага дома, якi быў апублiкаваны ў канцы XIX ст., да другой сусветнай вайны таксама захоўваўся ў зборах Варшаўскага музычнага таварыства, але сёння яго там няма. Нам удалося знайсцi толькi некалькi агульных краявiдаў Убеля, дзе можна бачыць фрагменты сядзiбнага дома 29.

Бадай самай каштоўнай знаходкай з'яўляецца невялiкi альбом, прысвечаны рамонту Убельскай сядзiбы, якi адбыўся ў 1835 г. 30 У гэтым альбоме ёсць нават замалеўкi будаўнiчых прац, але самае галоўнае, гэта 3 планы сядзiбнага дома, зробленыя Ч.Манюшкам.

Першыя два планы маюць агульны надпiс "Dom ubelski z r.1835 urzadzony" /Абсталяваны. У.Д./ Кожны з планаў мае падрабязную эксплiкацыю. На гэтых планах намалявана нават некаторая мэбля, а таксама раяль, якi стаяў у гасцiнай / "pokaj bawialny"/ 31.

Яшчэ адзiн план не мае эксплiкацыi, але да яго прыкладзены чартёж кухоннай печы.

У 1842 г. Чэслаў Манюшка быў вымушаны прадаць Убель за 17000 рублёў 32. У Нацыянальным гiстарычным архiве Беларусi ўдалося знайсцi цiкавы дакумент аб прадажы Убельскага маёнтка, якi датаваны 30 жнiўня 1842 г.: "Лето Тысяча Осемьсот Сорок второго Августа в Тридцатый день Игуменского уезда Помещик отставной капитан войск Польских Чеслав Станиславов сын и жена моя Елисавета Монюшки, выдали сею купчую крепость Слуцкого уезда помещику губернскому секретарю Ивану Федорова сыну Радзивиловичу Дзичковскому в том, што я Монюшко имею в отчинном моем владении наследственное по отце моем недвижимое имение, доставшееся по разделу с родными моими братьями Г:.: Игнатием, Домиником, Иосифом, Казимиром и Александром Монюшками сделанному, состоящее в Минской губернии в Игуменском уезде Убель называемом с принадлежащими и оному фольварками при которых фольварках и деревнях к оным принадлежащих числится и последней ревизии сто семнадцать мужеска и сто двадцать две женска пола душ с дворами, продал я таковое имение в вечное и потомственное владение без малейшего в чем либо исключения то е: как сам до сем оным владею Г: Ивану Дзичковскому за сумму семнадцать тысяч рублей серебром. Я же Елисавета Монбшкова соглашаюсь на сiю продажу ныне и на пред никаких претензий к Г: покупщику Дзичковскому иметь не должна и не буду"..." 33

Пасля смерцi I .Дзiчкоўскага ў 1849 г. гаспадыняй Убеля стала яго дачка Левiнiя, па мужу Аземблоўская. Яна валодала Убельскай сядзiбай фактычна да пачатку XX ст. Апошнi раз яе прозвiшча згадваецца ў спiсе землеўладальнiкаў I гуменскага павета за 1911 г.

Нажаль архiўных дакументаў па рамонтах i рэканструкцыях убельскага маёнтка з 1842 па 1917 гг. у архiве знайсцi не ўдалося. Няма i iнвентарных апiсанняў Убеля за гэты перыяд. Ёсць толькi звесткi аб тым, што ў 1864 г. згарэў драўляны вадзяны млын, пабудаваны Ч.Манюшкам 34.

Пасля 1917 г. у сядзiбным доме знаходзiлася Убельская школа, якая была разбурана ў гады другой сусветнай вайны.

* * *

Выяўленыя намi гiсторыка-архiўныя i iканаграфiчныя матэрыялы дазваляюць сцвярджаць, што комплекс Убельскай сядзiбы сфармiраваўся на пачатку XIX ст. Знойдзеныя намi малюнкi не толькi сядзiбнага дома, але i асноўных гаспадарчых пабудоў датаваны 1820-мi г. Вiдаць, асноўныя працы разгарнулiся пасля таго, як Ч.Манюшка ў 1813 /па iншых звестках у 1815 г./ перасялiўся ў Убель.

Магчыма трэба пагадзiцца з думкай Р.Афтаназi, што Ч.Манюшка сам кiраваў будаўнiцтвам сядзiбнага комплекса, хутчэй за ўсё ён i праектаваў усе будынкi /нам удалося знайсцi яго праектныя малюнкi фасадаў Убельскай каплiцы/.

Акрамя сядзiбнага дома ў 20--30-х гадах XIX ст. побач з домам iснаваў комплекс гаспадарчых пабудоў -- бровер, абора, станя i iнш. Побач з домам стаяла аранжарэя. Сваёй арыгiнальнай канструкцыяй вылучалася вежа-вяндлярня. Нам удалося знайсцi падрабязны план Убельскай сядзiбы, складзены Ч.Манюшкам, дзе пазначаны ўсе пабудовы комплекса, у тым лiку i месца, дзе стаяла каплiца 35.

У канцы XIX -- пачатку XX ст. сядзтбны дом быў значна перабудаваны. Гэта адбылося памiж 1891 i 1910 гг. /у 1891 г. дом меў такi самы выклад як i малюнак Н.Орды, а 1910 датаваны здымак дома пасля перабудовы/.

Матэрыялаў па рэканструкцыi альбо рамонтам Убельскай школы ў 1920--30-е гады знайсцi не ўдалося.

Разгледжаныя дакументы i, у першую чаргу, iканаграфiчныя матэрыялы дазваляюць не толькi аднавiць вонкавы выкгляд дома, дзе нарадзiўся С.Манюшка, але i дакладна ўзнавiць яго планiроўку i iнтэр'еры. Нам нават вядома месца, дзе стаяў раяль, на якiм iграў кампазiтар. Акрамя таго, ужо сёння сабрана дастаткова матэрыялаў, каб паставiць пытанне не толькi пра адбудову сядзiбнага дома, але i ўсяго комплекса Убельскай сядзiбы, якi мае выключнае гiстарычна-культурнае значэнне.

__________________

1 Фукс М. Манюшка на Беларусi. -- Полымя, 1967, N 6, с.

Мальдзiс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969, с.110--125.

2 Slownik Geograficzny zpolskiego b innych krajow slowianskich. W-wa, 1892, t.11, s.732.

3 Ibidem, s.732.

4 Ibidem, s.732.

5 Aftanazi R. Materialy do dzejow rezydencji. W-wa, 1986, t.1A, s.303.

6 Aftanazi R., op. cit., s.303.

7 Aftanazi R., op. cit., s.303.

8 Чантур i я В . А . Г i сторыя арх i тэктуры Беларус i. Мн., 1985. Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi. Мiнская вобласць. Мн., 1987, кн.2.

9 Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей в Белоруссии. Мн., 1981. С.35--37.

10 Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989.

С.165.

11 Энцыклапедыя литаратуры и мастацтва Беларуси. Т.5. -- Мн.,

1987. С.342; Архiтэктура Беларусi: Энцыкл. давед. -- Мн., 1993.

С.471.

12 Архiтэктура Беларусi. С .471.

13 Tygodnik ilustrowany, 1872, nr.234.

14 Album Widokow Historycznech Polski peswiecony Polfkom zrysowany z natury przez Napoleona Orde... W-wa, 1873, ser.1.

15 Katalog rysunkow architektonicznych ze zbiorow MN w Krakowie.

T.1: Rysunki N.Ordy. W-wa, 1975, s.193, il.151.

16 Tygodnik ilustrowanu, 1896, nr.19.

17 Ziemia, 1910, s.52; Aftanazi R., op. cit., t.1B, s.166.

18 Niewiadomski St. Stanislfw Moniuszko. Krakow, 1928, s.6--7. Станислав Монюшка. М., 1952. С.48--49.

19 Бравер Л. Продкi i сваякi Манюшкi. -- Маладосць, 1967. N 9.

С.154--155.

20 Бравер Л. Продкi i сваякi Манюшкi. -- Маладосць, 1967. N 9.

С .154.

21 Walicki A. Stanislaw Moniuszko. W-wa, 1873, s.1--19.

22 Ibidem., s.26.

23 Rudrinski W. Stanislaw Moniuszko. Cz.1. Krakow, 1955, s.20.

24 Walicki A., op. cit., s.27.

25 Ibidem., s.27--28.

26 Rudzilski W., op. cit., s.28.

27 Prosnak Jan. Stanislaw Moniuszko. Krakow, 1968, s.16.

28 Biblioteka, Muzeum i Archiwum Warszawskiego Towarzystwa Muzycznego im. St. Voniuszko: Albumy b pamietniki Cz.Moniuszki.

29 WTM, sygn.1320/M, K.9.

30 WTM, sygn. 376/M.

31 WTM, sygn. # 376/M, k.16w-17, 22w.

32 Rudrinski W., op. cit., s.444.

33 НАРБ. Ф.146. Воп.1. Спр.261. Арк.1--1адв.

34 Список лиц, владеющих в Игуменском уезде, Минской губернии, обложенною земским сбором землею в количестве не менее 200 десятин. -- Прибавление к N 45 Минских губернских ведомостей от 15 июня 1911 г., с.5; НАРБ. Ф.160. Воп.1. Спр.824. Арк.1.

35 WTM, sygn. 358/M.








Национальный
исторический архив Беларуси

niab@niab.by
Кропоткина, 55, Минск, Беларусь