Национальный |
||||
Статьи |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Матвейчык Дз.Ч.
Дамінік Квяткоўскі і яго «Думкі пра фарміраванне ўзброенай сілы»
Ліквідацыя Рэчы Паспалітай і далучэнне Беларусі і Літвы да Расійскай імперыі паклала пачатак новаму этапу ў іх гісторыі. Тым не менш, частка насельніцтва гэтых краінаў, за рэдкім выключэннем шляхецкага паходжання, адмаўлялася змірыцца з гэтым фактам і працягвала змагацца за аднаўленне адзінай для беларусаў, палякаў, літоўцаў, украінцаў і іншых народаў дзяржавы. Як вядома, гэтыя памкненні так і засталіся нерэалізаванымі, удзельнікі нацыянальна-вызваленчага руху пацярпелі паражэнне, а на іх абрынуліся рэпрэсіі, якія з цягам часу толькі ўзмацняліся. Як вынік гэтага атрымала сваё развіццё практычна невядомая дагэтуль з’ява — палітычная эміграцыя з беларуска-літоўскіх зямляў. Яе прадстаўнікамі былі пераважна тыя ўдзельнікі розных выступленняў,якія не мелі магчымасці застацца на радзіме праз асцярогі падпасці пад царскія рэпрэсіі альбо добраахвотна пакідалі родны край, жадаючы працягваць сваю барацьбу за мяжой. Асобнае месца ў гэтым руху займаюць паўстанні 1794, 1830–1831, 1863–1864 гг., якія з’явіліся найбольш яскравымі спробамі вызвалення з-пад расійскага панавання і аднаўлення Рэчы Паспалітай. Паражэнне кожнага з іх прыводзіла да чарговай хвалі эміграцыі іх удзельнікаў. На працягу 1772–1815 гг. назіралася некалькі хваляў эміграцыі. Усе яны былі непрацяглыя і нешматколькасныя. Хваля эміграцыі пасля паўстання 1830–1831 гг. прынцыпова адрознівалася гэтымі крытэрамі. За межы радзімы з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай выехала ад 8 да 10 тысяч яго ўдзельнікаў. Сярод іх былі сябры паўстанцкага Нацыянальнага ўрада, дэпутаты на Сейм Каралеўства Польскага, літаратары, буйныя грамадскія і культурныя дзеячы, прадстаўнікі заможных шляхецкіх родаў, кіраўнікі паўстанцкага войска. Iмі былі створаныя дзесяткі арганізацый розных кірункаў дзейнасці, дзякуючы ім у свет выйшла больш за сто перыядычных выданняў, вялізная колькасць гістарычных дакументаў, літаратурных твораў і навуковых працаў. Усё гэта стала прычынай, паводле якой гэтая хваля ўвайшла ў гістарыяграфію пад назвай Вялікая эміграцыя. Сярод яе прадстаўнікоў былі 1500–1700 нараджэнцаў Беларусі і Літвы [1, с. 53]. Адным з іх быў Дамінік Квяткоўскі. Пра жыццё і дзейнасць Дамініка Квяткоўскага вядома няшмат. Паводле «Біяграфічнага слоўніка афіцэраў лістападаўскага паўстання», ён нарадзіўся 15 жніўня 1788 г. у Віцебскай губерні і быў сынам Вінцэнта і Марыі [2]. Аднак ён сам у прашэнні, дасланым расійскім уладам у 1832 г., называў сваім месцам нараджэння вёску Цахлевічы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні [3, арк. 1–4]. Дата яго нараджэння падаецца верагоднай, бо ў тым самым «Біяграфічным слоўніку…» адзначаецца, што 3 лістапада 1806 г. ён паступіў добраахвотнікам у пяхотны полк напалеонаўскага войска, а ў хуткім часе пачаў служыць радавым у войску Княства Варшаўскага. Гэта вызначыла яго далейшую будучыню на некалькі гадоў, бо да 1814 г. ён служыў у напалеонаўскіх войсках, паступова ўздымаючыся па кар’ернай лесвіцы. 2 мая 1807 г. ён атрымаў чын падпаручніка, 10 кастрычніка 1809 г. — паручніка, 28 чэрвеня 1810 г. — капітана, 28 ліпеня 1813 г. — прыкамандзіраваны пры штабе 2-га кавалерыйскага корпуса, 15 студзеня 1814 г. — прызначаны камандзірам батальёна пры штабе 5-га корпуса, 8 сакавіка 1814 г. — пераведзены ў штаб кавалерыйскага гвардзейскага корпуса генерала Себасцьяні. За свае заслугі 2 красавіка 1814 г. ён быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага Легіёна. Пасля паразы Напалеона 2 траўня 1814 г. Квяткоўскі выйшаў у адстаўку ў чыне падпалкоўніка і прыбыў у Польшчу. Тут ён паступіў на службу ў войска Каралеўства Польскага — у чыне маёра ў 1-ы полк пешых стралкоў. З невядомай прычыны 29 ліпеня 1826 г. ён быў пазбаўлены ордэна Ганаровага Легіёна [2]. Верагодна, пасля гэтага ён выйшаў у адстаўку. Вядома, што ў Каралеўстве Польскім Д. Квяткоўскі ажаніўся і ў перыяд перад паўстаннем жыў у маёнтку Прывячэрын Куяўскага абвода Мазавецкага ваяводства разам з жонкай і дзецьмі. Як характарызавалі яго пазней расійскія ўлады, у гэты час ён «быў добрых паводзінаў і жыў спакойна» [3]. Пра ўдзел Квяткоўскага ў паўстанні таксама вядома няшмат. Пасля пачатку выступлення ў Каралеўстве Польскім ён далучыўся да яго і ўзяў удзел у фарміраванні так званага Літоўска-Валынскага легіёна. Гэтая вайсковая адзінка была створаная ў складзе Польскага войска пераважна з нараджэнцаў сённяшніх Беларусі, Літвы і Украіны. Iніцыятыва яе стварэння зыходзіла знізу — ад прадстаўнікоў тэрыторый, якія знаходзіліся ў Каралеўстве Польскім. У якасці камандзіра пешай часткі гэтага легіёна з чынам палкоўніка Квяткоўскі ўдзельнічаў у яе баявым хрышчэнні — у бітве пад Грохавам 25 лютага 1831 г. [4, s. 6, 28]. За свае заслугі ў паўстанні 9 чэрвеня (ці 1 ліпеня) 1831 г. ён быў узнагароджаны Залатым Крыжам [2]. Пасля паразы паўстання Квяткоўскі апынуўся ў Аўстрыйскай імперыі, у мясцовасці Iглаў, адкуль у 1832 г. падаў прашэнне расійскім уладам аб атрыманні даравання і дазволу на вяртанне ў маёнтак Прывячэрын. Спачатку прашэнне было перасланае Гродзенскаму грамадзянскаму губернатару для збору звестак пра яго ў Ваўкавыскім павеце, нараджэнцам якога ён называўся. Аднак, як было данесена ваўкавыскім маршалкам, ніякіх звестак пра Квяткоўскага аб яго дачыненні да Ваўкавыскага павета знойдзена не было. У выніку Гродзенская губернская следчая камісія, якая разглядала справы паўстанцаў па Гродзенскай губерні, прапанавала адаслаць справу Квяткоўскага князю Паскевічу-Ерэванскаму, намесніку Каралеўства Польскага, на той падставе, што ён усё жыццё пражыў і ўдзельнічаў у паўстанні менавіта там. Віленскі генерал-губернатар Даўгарукаў згадзіўся з гэтай прапановай, 22 снежня 1833 г. зацвердзіў яе, і на пачатку 1834 г. справа была перасланая ў Варшаву. Рашэннем Паскевіча Квяткоўскаму ў яго просьбе было адмоўлена на той падставе, што ён «выехаў у Францыю, чым пазбавіўся права карыстацца Усяміласцівейшай амністыяй нароўні з іншымі афіцэрамі былых польскіх войскаў, што вярнуліся своечасова да абавязку падначалення». Разам з гэтым ён абвяшчаўся выгнаннікам з дзяржавы, а яго маёмасць, калі яна мелася, прысуджалася да канфіскацыі ў казну. Гэтае рашэнне лістом ад 19/31 траўня 1834 г. было паведамленае гродзенскаму грамадзянскаму губернатару. Жонка і дзеці Квяткоўскага засталіся на радзіме [3]. Гэты выпадак не стаў выключэннем у першы час пасля паўстання. Многія актыўныя і шараговыя яго ўдзельнікі, што пасля паразы апынуліся на тэрыторыі Прусіі і Аўстрыі, падалі прашэнні расійскім уладам аб атрыманні амністыі. I многія, таксама як і Квяткоўскі, атрымалі адмовы не з прычыны сваёй прыналежнасці да якіх-небудзь актыўных антыўрадавых дзеянняў, а праз працяглы разгляд іх спраў карнымі органамі. Напрыклад, такі самы лёс напаткаў шмат якіх паўстанцаў з Віленскай губерні, якія пачаткова былі аднесеныя Віленскай губернскай следчай камісіяй (ВГСК) да 3-га разраду злачынцаў, а значыць, маглі бесперашкодна вярнуцца на радзіму. Аднак праз шматмесячны разгляд іх спраў і ўціск прускага ўрада, не дачакаўшыся ў Прусіі адказу на свае прашэнні, выехалі ў Францыю. За гэта яны чарговымі рашэннямі ВГСК былі аднесеныя да 2-га разраду злачынцаў як асобы, якія «абцяжарылі сваю віну ўцёкамі» [5]. У выпадку прыбыцця ў межы Расійскай імперыі, яны павінны былі б аддавацца пад суд, а іх маёмасць — канфіскоўвацца. Не атрымаўшы адказу на сваё прашэнне, а таму не маючы ніякіх гарантый бяспекі, Квяткоўскі з Аўстрыйскай імперыі выехаў на Захад. Спачатку ён апынуўся ў Дрэздэне, які служыў своеасаблівым перавалачным пунктам для былых паўстанцаў, а 29 чэрвеня выехаў адтуль у Парыж. Спачатку планавалася перавесці яго ў калонію ў горад Буржэ, куды накіроўваліся польскія эмігранты, якія ў гэты час прыбывалі ў Францыю, але 27 ліпеня 1832 г. ён атрымаў дазвол пасяліцца ў Парыжы [2]. Як сведчыць яго подпіс на белавіку рукапісу «Думак», прыбыў ён туды не адразу. 19 кастрычніка ён яшчэ знаходзіўся ў гарадку Санс (Sens) дэпартамента Ён (Yonne). 1 кастрычніка 1832 г. Квяткоўскі быў пададзены андыдатам на ўступленне ў Таварыства літоўскае і рускіх зямель (ТЛРЗ), а 1 лістапада 1832 г. прыняты ў яго склад [6, k. 164, 165; 7, k. 14]. Гэтае таварыства было створанае 10 снежня 1831 г. у Парыжы групай з 10 актыўных удзельнікаў паўстання — нараджэнцаў Беларусі, Літвы і Украіны. Сваімі мэтамі яно паставіла збор матэрыялаў па гісторыі паўстання ў «Літве і рускіх землях», апісанне гэтых краінаў з гістарычнага і статыстычнага пункту гледжання, даследаванне іх насельніцтва. Далёка не ўсё з планаванага ўдалося рэалізаваць. Найбольшай заслугай таварыства лічыцца збор у эміграцыі вялікай мемуарнай спадчыны пра паўстанне 1830–1831 гг. у Беларусі, Літве і Украіне [8; 9; 10]. Рэкамендацыі, неабходныя для ўступлення ў ТЛРЗ, далі Квяткоўскаму Люцыян Калупайла, Станіслаў Ходзька і Яўстах Янушкевіч. Тым не менш удзел Квяткоўскага ў працы ТЛРЗ можна ахарактарызаваць як пасіўны. Першы раз ён з’явіўся на паседжанні ТЛРЗ. Толькі праз месяц пасля прыёму — 2 снежня. У далейшым ён прыходзіў на паседжанні толькі 5 разоў (2 і 10 снежня 1832 г., 1 лютага, 31 сакавіка і 3 ліпеня 1833 г.), прычым у пратаколах гэтых паседжанняў ні разу не зафіксавана, каб ён выступаў на іх [6, k. 176, 180, 197, 202, 206]. Хоць у пратаколах адсутнічаюць звесткі пра тое, да якога аддзела належаў Квяткоўскі, аднак найбольш верагодным выглядае меркаванне пра яго ўдзел у дзейнасці так званага аддзела навук вайсковых, натуральных і тэхнічных. На думку I. Дамейкі, паводле ініцыятывы якога ў ТЛРЗ і быў уведзены падзел на два аддзелы, да гэтага аддзела павінны былі адносіцца «ваенная навука, матэматыка, навука прыродазнаўства, механіка, аграномія, тэхналогія, архітэктура і да т.п.» [6, k. 146–161]. Багаты вайсковы досвед Квяткоўскага, што выяўляецца ў яго «Думках», пацвярджае тое меркаванне, што ён браў удзел менавіта ў гэтым аддзеле да часу ліквідацыі падзелу 1 сакавіка 1833 г. У лютым 1833 г. у Парыжы Квяткоўскі падаваў прашэнне аб атрыманні пашпарта для выезду ў Дрэздэн, адкуль ён меў намер вярнуцца на радзіму. Аднак выехаць ён змог толькі ў траўні 1834 г. [2]. Далейшы яго лёс невядомы, але, мяркуючы па тым, што пра яго знаходжанне ў эміграцыі звестак не знойдзена, яму ўдалося прыбыць у Каралеўства Польскае. Несумненна, далейшыя пошукі ў архіўных сховішчах Варшавы і Парыжа дапамогуць праліць святло на невядомыя моманты ў жыцці і дзейнасці Д. Квяткоўскага. Рукапіс «Думак» захоўваецца ў зборах Польскай бібліятэкі ў Парыжы — установы, якая была створаная яшчэ самімі эмігрантамі ў 1839 г. і дасюль ёсць адным з найбольш багатых сховішчаў рукапісных матэрыялаў польскіх эмігрантаў XIX–XX стст. Ён трапіў у бібліятэку разам з паперамі Міхала Валовіча (шыфр 537/20) — яшчэ аднаго сябра ТЛРЗ, які пазней удзельнічаў у спробе ўзняць паўстанне на землях былога ВКЛ — так званай экспедыцыі Заліўскага, прыбыў у Слонімскі павет, стварыў невялікі партызанскі атрад, але быў схоплены расійскімі ўладамі і павешаны ў Гродне ў ліпені 1833 г. [11; 12]. Праца напісаная на 10 старонках фармату меншага за А4. Почырк добра чытаецца, якасць паперы добрая, нягледзячы на яе пажоўкласць ад часу. Тэкст напісаны на польскай мове з усімі характэрнымі для таго часу правіламі правапісу: напрыклад, «w całem woysku», «dostateczné», «iednego». Зацікаўленасць падобнай тэмай — сістэмай фарміравання войска — невыпадковая. На працягу ўсяго часу паўстання яго кіраўніцтва сутыкалася з бракам жаўнераў, а колькасная перавага расійскіх войскаў у некалькі разоў была, на думку прадстаўнікоў кансерватыўнага лагера эміграцыі, адной з асноўных прычынаў паразы паўстанцаў. У эміграцыі, дзе асабліва ў першыя яе гады, вяліся гарачыя дыскусіі наконт прычын паразы паўстання і сродкаў, неабходных для ўзнаўлення барацьбы і перамогі, прапаноўвалася вялікая колькасць праектаў, якія, на думку іх аўтараў, павінны былі гэтаму садзейнічаць. Напрыклад, у той жа Польскай бібліятэцы захоўваецца праца згаданага М. Валовіча з умоўнай назвай «Партызанская вайна», дзе ён прапаноўвае шэраг захадаў, якія павінны садзейнічаць разгортванню партызанскага руху на землях былой Рэчы Паспалітай і павышэнню яго эфектыўнасці. На гэтым фоне праца Квяткоўскага выглядае абсалютна заканамернай і лагічнай. Яна, несумненна, заслугоўвае ўвагі з боку даследчыкаў гісторыі грамадска-палітычнага руху і развіцця ваеннай думкі на Беларусі ў ХIХ ст. Афармленне працы максімальна набліжана да арыгінала. Усе падкрэсленыя фразы падкрэслены ў арыгінальным тэксце. Заўвагі, зробленыя па тэксце, прастаўлены таксама аўтарам рукапісу. Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры:
Дадатак ДУМКІ ПРА ФАРМІРАВАННЕ ЎЗБРОЕНАЙ СІЛЫ
дастатковай у любым выпадку,
|
Войска пад зброяй | Пяхота | Конніца | Артылерыя | Гарматы | усяго войска |
У час поўнага спакою | 83 768 | 42 168 | 4 800 | 240 | 130 736 |
У час верагоднасці вайны | 167 168 | 83 968 | 9 600 | 480 | 260 736 |
У час пагрозы вайны | 247 168 | 123 968 | 14 400 | 720 | 485 536 |
У час пачатку вайны | 327 168 | 163 968 | 19 200 | 960 | 510 336 |
З улікам валавой артылерыі, сапёраў, пантоннікаў і мінёраў нацыянальная ўзброеная сіла, заўжды гатовая да бою, складала б паўмільёна чалавек і да 2000 гармат з улікам валавой артылерыі.
З такой сілай Радзіма не апасалася б любога знешняга ворага, таму што значная колькасць мужчынскага насельніцтва, праходзячы праз усе класы войска і тым самым будучы навучанай вайсковай справе, разам з гарадскімі гвардыямі ў выпадку патрэбы магла б паставіць столькі жаўнераў [4].
Кожны вайсковец, каб быць сапраўды карысным жаўнерам-грамадзянінам, павінен умець прынамсі чытаць, пісаць і лічыць, каб пасля выслугі ў войску гадоў, азначаных правам, не быў цяжарам для краіны і меў пэўны спосаб утрымання сябе і сваёй сям’і, павінен валодаць якім-небудзь рамяством.
Калі навабранец не быў навучаны гэтаму, то трэба ў першых гадах яго службы выправіць тое, што ў яго маладосці было занядбанае. З гэтай мэтай у кожнай кампаніі войска, што знаходзіцца на сапраўднай службе, апрача навукі школы жаўнера і ўзвода, навук гарнізоннага, лагернага і дысцыплінарнага парадку, павінны быць заснаваны школы ўзаемнага навучання, чытання, пісання і лічэння пад кіраўніцтвам здольных падафіцэраў і афіцэраў.
З аднаго боку, навабранец не павінен быць перагружаны вучобай, з другога — час яго заняткаў павінен быць так арганізаваны, каб ён ніколі не быў без справы, таму як бяздзейнасць, якая заўжды вядзе да дрэннага, адвучае ад працы, да якой мы ўсеагульна прызвычаіліся. Часта бачым здаровых экс-вайскоўцаў, якія жабруюць на хлеб, бо хоць яны да пачатку вайсковай прафесіі былі працавітыя, але на працягу сваёй службы не мелі іншых заняткаў, апрача пары гадзінаў муштры і варты раз на тыдзень, бавячы рэшту часу ў нуднай бяздзейнасці, у вясёлых баламуцтвах у корчмах. Скончыўшы сваю вайсковую службу, а разам з гэтым адвучыўшыся ад працы, хоць цалкам здаровы, звычайна ён ні за што не бярэцца. Я не бачыў і лічу, што павінен быць рэдкім той феномен, каб сын земляроба, прызвычаены да працы, уласцівай сабе, пасля заканчэння многіх гадоў службы быў працавітым земляробам. Улічваючы патрэбу дабра індывідуальнага вайсковых асобаў і агульнага краіны, павінна быць пастаноўлена, каб жаўнер не быў занятым муштрой больш за дзве гадзіны, школы ўзаемнага навучання і іншыя не павінны таксама займаць у яго часу больш за дзве гадзіны, пакінуўшы яму чатыры гадзіны часу штодзень занятку працай рамяства, якое ён абярэ. Афіцэры ўсіх чыноў гэтым зоймуцца асабліва, каб была дасягнутая такая важная мэта агульнага дабра. Таму як кожны недасведчаны бачыць, што не толькі:
1о Войска будзе знаходзіцца заўжды ў гатоўнасці і дастатковай сіле, каб бараніць свабоду Радзімы і яе межы, але больш за гэта;
2о Гэтая ж краіна не будзе абцяжараная абавязкам утрымання выслужаных жаўнераў, але насупраць — кожны жаўнер, вярнуўшы сваімі паслугамі належны доўг сваёй Айчыне, будзе яшчэ карысным грамадству як актыўны грамадзянін.
Толькі гэтым спосабам без аніякага напружання магчыма ў кароткі час павялічыць адукаванасць і вытворчасць, а потым запэўніць індывідуальнае асобаў і агульнае краіны шчасце.
Каб не адштурхнуць шмат каго, хто і так ужо наракае на адарванне жаўнера ад уласцівых яго стану заняткаў і на вялікую колькасць аб’ектаў, якім ён павінен прысвяціць сябе, на гэтым месцы апускаецца заўвага, што (паводле прыкладу Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі) значная частка войска, што знаходзіцца пад зброяй, якая ў першых гадах сваёй службы дасягне згаданых намераў, можа (без аніякай асцярогі неўласцівых заняткаў і небяспекі Радзімы) быць ужытая ў час спакою для публічных працаў, як, напрыклад, ачыстка сплаўных рэк, пабудова дарог і мастоў, казармаў, стайні для конніцы, складоў і іншых дзяржаўных пабудоў. З часам мы пераканаемся, што ўсё гэта не толькі магчыма, але павінна і абавязкова, таму як такія працы будуць практычнай часткай навук апісанага плана, якія павінны выкладацца вайсковай моладзі.
Кожны жаўнер, што знаходзіцца на сапраўднай службе, пасля выслугі 4 гадоў пераходзіць са сваім вайсковым адзеннем у 1-ю Нацыянальную гвардыю, там ён атрымоўвае зброю, якую ў парадку і чысціні, як і мундзір, здае на адпаведны вайсковы склад пад нумарам свайго кантролю. Ён перастае, па сутнасці, знаходзіцца на сапраўднай вайсковай службе, але заўжды можа быць да яе прызваным. Ён не можа таксама нікуды аддаліцца з месца свайго жыцця, абранага ў ваяводстве, без ведання вайсковых уладаў. Калі ён хоча выехаць у іншае ваяводства, то толькі вышэйшая вайсковая ўлада можа дазволіць яму, а за межы краіны — сам міністр вайны.
1-я Нацыянальная гвардыя павінна збірацца штогод і практыкавацца ў муштры і манеўрах не менш за 10 дзён і не больш за 20, пасля чаго здае зброю і абмундзіраванне на склады, разыходзіцца па дамах і спакойна займаецца абраным ладам жыцця. Коні для конніцы, артылерыі і абозаў 1-й Нацыянальнай гвардыі паводле справядлівага размеркавання будуць утрымлівацца ў гатоўнасці і ў выпадку патрэбы адразу дастаўляцца жыхарамі ваяводства. Яны могуць быць пазначаны кляйном G. N. I. Такога каня грамадзянін без дазволу вайсковай улады не можа прадаць ці замяніць, аднак можа ўжыць яго для нескладанай працы, а ў кожным выпадку выбыцця, калецтва ці выхаду з азначанага ўзросту замяніць іншым, такім, які будзе прыняты вайсковымі ўладамі.
Коні для 2-й Нацыянальнай і Ваяводскай гвардый таксама будуць пазначаны клейнамі G. N. II. i G. W. Міністры ўнутраных спраў і вайны выдадуць распараджэнні, якія забяспечваюць у гэтым патрэбы краіны і як мага менш абцяжарваюць жыхароў.
Гарматы для артылерыі гвардый павінны знаходзіцца ў гатоўнасці ў арсеналах, асабліва для артылерыі 1-й Нацыянальнай гвардыі, так, каб тая магла выйсці ў поле паводле першага ж загаду.
Жаўнер, адслужыўшы 4 гады ў I Нацыянальнай гвардыі, будзе належаць да складу II Нацыянальнай гвардыі. Гэтая гвардыя не можа быць прызваная на сапраўдную службу ў час міру, але як толькі I Нацыянальная гвардыя будзе скліканая і стане са зброяй, II Нацыянальная гвардыя адразу павінна быць апранутай у мундзіры і быць гатовай да закліку, для гэтага яна ў такіх выпадках падлягае законам, якімі кіруецца I Нацыянальная гвардыя, але ў час поўнага міру бесперапынна аддаецца свайму ладу жыцця. Грамадзянскія ўлады пасля кансультацый з вайсковымі ўладамі могуць даваць сябрам гэтай гвардыі дазвол на выезд у розныя месцы краіны і ў выпадку жадання за мяжу, аднак без ведама міністра вайны выбыць не могуць.
У працягу службы ўступаючы ў гэтую гвардыю, жаўнер у час міру можа цалкам і без аніякіх перапынкаў аддацца заняткам свайго ладу жыцця, але як толькі II Нацыянальная гвардыя стане са зброяй, Ваяводская гвардыя павінна быць гатовая да прызыву на сапраўдную службу і падлягаць законам, якімі кіруецца I Нацыянальная гвардыя. Зброя для ўсіх гвардый павінна быць на складах ваяводства ў поўным камплекце, таксама як і ўсе лагерныя прыстасаванні, толькі мундзіры павінны быць выдадзеныя загадзя паводле загаду міністра вайны.
У кожным палку, асобным батальёне, кампаніі артылерыі, а нават і ў меншых атрадах павінны быць абраныя афіцэрамі і падафіцэрамі Гаспадарчыя рады і Адукацыйныя рады. У кожнай з гэтых радаў будуць прадстаўленыя сябры кожнага чыну без выключэння жаўнераў. Яны павінны быць так абраныя, каб з кожнай кампаніі быў прынамсі адзін. Гаспадарчыя рады будуць асабліва клапаціцца пра тое, каб публічны грош, прызначаны на патрэбы іх аддзелам, не быў патрачаны марна альбо несправядліва прысвоены загадчыкам сродкаў. Адукацыйныя рады будуць займацца паляпшэннем навучання ў адпаведных аддзелах. У абодвух выпадках звычайна старшынстваваць будуць камандуючыя. На сесіях, скліканых ад малодшага чыну да камандуючых штомесяц, Гаспадарчыя рады будуць займацца ўжываннем сродкаў, платнікі, кватэрмайстры, афіцэры, якія займаюцца дастаўкай адзення і ўтрымліваюць гаспадарку, павінны падаваць радзе рахункі і сродкі, а таксама ўсе доказы, якія будуць запатрабаваныя. Такія сесіі могуць мець месца і часцей, калі трое сябраў Рады прызнаюць патрэбу гэтага, і абедзве злучаныя Рады будуць абіраць кандыдатаў на падафіцэраў і афіцэраў да чына капітана ўключна. Ніводзін вайсковец не будзе адчуваць зняважлівага стаўлення і тым больш падвяргацца рукапрыкладству старшых якога б ні было чыну. У выпадку лёгкіх парушэнняў старшы мае права караць арыштам, у выпадку больш цяжкіх — будзе арыштаваны і аддадзены пад суд, а ім можа быць прысуджаны да цяжкага арышту, затрымкі аплаты на пэўны час, цялеснага пакарання і г. д. Несубардынацыя і невыкананне абавязкаў будуць сурова карацца цяжкім арыштам і нават ганебным выгнаннем з войска. Усе пастановы вайсковых судоў будуць праходзіць праз тры інстанцыі, калі абвінавачаны будзе апеляваць і паўсюль яму будзе дазволеная абарона.
Ніхто не можа быць чыноўнікам якога-небудзь роду айчыннай грамадзянскай службы, калі не выслужыць неабходных гадоў у войску і не атрымае станоўчага ва ўсіх адносінах пасведчання з гэтай службы. Калі з важных прычынаў у гэтым могуць быць якія-небудзь выключэнні, то прынамсі пры роўных умовах экс-вайскоўцы павінны мець перавагу.
Корпус ветэранаў не можа існаваць, а інвалідаў — вельмі нешматколькасны, калі толькі такое калецтва будзе мець месца, якое не толькі зарабіць на хлеб не дазволіць, але больш за гэта — не дасць магчымасцяў выконваць ніякіх абавязкаў публічнай службы. Пенсія інвалідаў павінна быць вышэйшая, чым у сапраўднай службе, асабліва для ніжэйшых чыноў. Ніякія пенсіі па гадах не будуць нікому выдавацца, хіба што па волі Сейма.
Толькі войска, што знаходзіцца пад зброяй, будзе атрымоўваць плату, якая павінна быць прапарцыйная коштам на харчаванне. Урад павінен клапаціцца пра тое, кааб вайскоўцы не спазнавалі галечы.
У час поўнага міру, калі які-небудзь полк ці аддзел быў бы ўжытым у працах у крэпасцях ці іншых публічных работах, жаўнер з такога аддзела будзе атрымоўваць толькі 1/3 частку платы, але за гэта ж асобна платнік будзе атрымоўваць у прапорцыі 22 ? гроша штодзень з той мэтай, каб кожнага ў прыватнасці заахвоціць да працы і працуючым, больш чым іншым, даць магчымасці большага заробку. Афіцэры і падафіцэры, якія атрымоўваюць адпачынак ці дазвол на працу ў прыватных асобаў (што можа быць дазволенае тым, што скончылі 2 гады службы), не маюць права на плату, але толькі яны самі маюць права распараджацца сваімі даходамі. Афіцэры, адпушчаныя на кароткі час, не страчваюць платы з прычыны значнага кошту іх абмундзіравання, але на час некалькітыднёвага адпачынку не могуць быць платнымі. Гаспадарчыя рады будуць клапаціцца пра тое, каб у першых выпадках публічная казна, а ў другіх — вайскоўцы не былі пакрыўджаныя.
У час вайны як войска, так і гвардыі, ужытыя ў сапраўднай службе, будуць платныя і, апрача гэтага, будуць мець дастаткова харчавання, складзенага з неабходнай колькасці хлеба, мяса ці саланіны, гародніны, солі і гарэлкі ці піва.
Усе пазіцыі харчавання ў час міру будуць закупляцца палкамі ці аддзеламі ва ўласных ваяводствах.
Адзенне войска павінна быць зграбным, але зручным і засцерагаць ад холаду. Што тычыцца колераў і крою — абавязкова нацыянальныя. Забеспячэнне гэтага павінна здзяйсняцца па ваяводствах. Ваяводскія рады будуць пры гэтым абараняць правы ваяводстваў, а генералы і Гаспадарчыя рады — публічнай казны і вайсковых індывідуумаў.
Адзенне жаўнера, што знаходзіцца на сапраўднай службе, пасля заканчэння азначаных гадоў становіцца яго ўласнасцю. Аднак ён павінен захоўваць яго, а таксама ўтрымліваць у парадку і чысціні, калі на працягу яго 4 гадоў службы ў I Нацыянальнай гвардыі ў час поўнага міру ніякага не атрымае, таму зборы і муштру ён павінен праходзіць у гэтым.
Адзенне гвардзейцаў нічым не адрозніваецца ад войска, што знаходзіцца пад зброяй, толькі I Нацыянальная гвардыя будзе мець па адным шаўроне, II Нацыянальная гвардыя — па 2, а Ваяводская гвардыя — па тры шаўроны.
Пяхота будзе ўзброеная лёгкімі карабінамі з доўгімі і шырокімі штыкамі, якія пры патрэбе маглі бы быць ужытыя як палашы, трэція шарэнгі будуць мець косы, але жаўнер павінен быць добра навучаны ўменню дзейнічаць гэтай зброяй. З гэтай мэтай кожны жаўнер, навучаны дзейнічаць карабінам, павінен вучыцца дзейнічаць касой.
Конніца павінна мець дзіды, палашы і пісталеты, а таксама маленькія карабіны, складзеныя прынамсі за спінай, так, як у пяхоты, каб яна магла ўжываць першую зброю на кані, а другую — будучы пазбаўленай каня ці наўмысна спешанай
Дыслакацыя брыгады ў кожным ваяводстве павінна так быць арганізаваная, каб была зручная для жыхароў і вайскоўцаў. Штаб брыгады і артылерыя — у ваяводскім горадзе, штабы палкоў з пэўнымі аддзеламі — у цэнтрах ваяводства і паветаў, батальёны, эскадроны і меншыя аддзелы — у іншых гарадах і мястэчках.
Урад павінен старацца, каб войска мела паўсюль зручныя казармы ў здаровых месцах, якое ён забяспечыць пасцелямі, начыннем, ацяпленнем і святлом.
Каб мець крыніцу, дзе было б магчыма шукаць здольных афіцэраў, трэба, каб апрача звычайных школ, што існуюць у краіне, былі заснаваныя ніжэйшыя школы ў палках і вышэйшыя вайсковыя ў дастатковай колькасці пры універсітэтах у якасці факультэтаў, а ў прыватнасці — школы артылерыі, інжынераў, школы вышэйшага штаба, а таксама флоту [5]. Час праходжання гэтых курсаў не можа залічвацца да гадоў вайсковай службы. Ніхто не можа быць афіцэрам ці вайсковым ураднікам, хто не з’яўляецца земляком, хто не скончыць паспяхова патрэбнай вучобы і не дакажа сваёй кваліфікацыі добрымі і прыкладнымі паводзінамі. Толькі тыя будуць пераведзеныя на вышэйшыя пасады, якія, служачы на ніжэйшых, даказалі, што годныя гэтага гонару з прычыны поўнай адпаведнасці, прывязанасці да Айчыны і Яе свабодаў, а таксама адвагі і мужнасці, патрэбных кожнаму вайскоўцу. Падначаленыя афіцэры будуць мець старшынства ў сваім корпусе, а вышэйшыя афіцэры і генералы — ва ўсім войску, і будуць павышацца праз выбары наступным чынам, пад чым павінна разумецца, што ніхто не будзе прапанаваны на вышэйшую ступень так, каб быў вызвалены ад службы і каб чарговасць не магла яму моцна дапамагчы, калі не будзе абраным. Як вышэй было сказана, да чыну капітана ўключна кандыдатаў абіраюць Гаспадарчыя рады, на чын маёра — капітаны, на падпалкоўнікаў — капітаны і маёры, а на палкоўніка — капітаны, маёры і падпалкоўнікі, на генералаў брыгады — усе штабс-афіцэры, на генералаў дывізіі — палкоўнікі і генералы брыгадаў. У выбарах генералаў вышэйшых ступеняў будуць удзельнічаць усе генералы. Міністр вайны выдасць наконт гэтага асобныя правілы, якія паклалі б канец інтрыгам, не дазволілі б крыўдзіць асобаў, якія не ўмеюць і не хочуць хадайнічаць за сябе, а таксама аблегчылі б паспяховасць выбараў. З абраных міністр вайны ці старшыня Урада будзе прызначаць тых, што атрымаюць найбольш галасоў. У выпадку роўнасці галасоў будзе павышаны старэйшы на службе. Выбар афіцэраў штаба пакідаецца генералам. Ніводзін афіцэр не можа жадаць адстаўкі, хіба што пасля 16 гадоў сваёй службы, але яму можа быць дадзеная адстаўка ў любы момант, як таксама і ў любы момант ён можа быць прызваны на службу. У час вайны гэта будзе ганьбай, так, як і дагэтуль было з тым, што будзе жадаць вызвалення ад службы. Адзенне афіцэраў, што тычыцца крою і колераў, павінна быць тым самым, што і жаўнераў палка, у якім яны служаць, з той розніцай, што з больш цёмнага сукна і аздоблены адзнакамі чыну. Жыць яны павінны ў казармах, каб тым лягчэй прасачыць ці выканаць сваю службу.
Я пісаў у Санс у Францыі
дня 19/10 1832 г.
Дамінік Квяткоўскі,
палкоўнік
Апублікавана ў: Асоба і час: Беларускі біяграфічны альманах. – Вып. 1. – Мн.: «Лімарыус», 2009. – С. 117–128.
niab@niab.by | |||