Национальный |
||||
Статьи |
||||||||||||
Матвейчык Дз.Ч.
Матэрыялы фонду «Упраўленне дзяржаўных маёмасцяў Віцебскай губерні» як крыніца па гісторыі паўстання 1863–1864 гг.
Даследаванне паўстання 1863–1864 гг. застаецца актуальнай праблемай для беларускіх гісторыкаў. Да гэтага часу ў Беларусі не выдадзена манаграфічнай, комплекснага характару працы, якая б асвятляла падзеі паўстання ў Беларусі. Адзіная падобная спроба была зроблена ў 1930 г. Усеваладам Ігнатоўскім, якім была выдадзена праца пад назвай «1863 на Беларусі: Нарыс падзей». Іншыя манаграфіі па гісторыі паўстання ў Беларусі выдаваліся ў Расіі (Савецкім Саюзе) ці ў Польшчы. Адной з праблем, якая перашкаджае напісанню падобнай комплекснай працы, з’яўляецца няўведзенасць у навуковы ўжытак вялікай колькасці крыніц з беларускіх архіўных сховішчаў. У апошнія гады назіраюцца станоўчыя зрухі ў гэтым накірунку, і айчынныя крыніцы па гісторыі паўстання ўсё часцей становяцца аб’ектам увагі гісторыкаў. У пачатку ХХІ ст. былі пададзены некалькі аглядаў крыніц, у тым ліку адзін манаграфічнага характару (А. Фірыновіч) і выдадзены зборнік дакументаў [2; 18; 19]. Гэтыя працы з аднаго боку раскрываюць багацце беларускіх архіваў, але з другога актуалізуюць пытанне пра ўжыванне крыніц з іх у навуковых даследаваннях. Ніжэй робіцца спроба раскрыцця патэнцыялу крыніц Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі па гісторыі паўстання праз аналіз матэрыялаў аднаго фонду — «Упраўленне дзяржаўных маёмасцяў Віцебскай губерні». Палата дзяржаўных маёмасцяў Віцебскай губерні з’яўлялася часткай сістэмы створанага ў 1837–1838 гг. Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў Расійскай імперыі. У 1866 г. палаты ва ўсім міністэрстве былі пераўтвораны ва ўпраўленні. У іх функцыі ўваходзіла кіраванне казённымі аброчнымі артыкуламі, землямі і лясамі і пазямельнае ўладкаванне сялян. У Віцебскай губерні Палата дзяржаўных маёмасцяў была адчынена 1 сакавіка 1840 г. Яна мела тры акруговыя аддзяленні — Гарадоцкае, Полацкае і Люцынскае. Павятовых падраздзяленняў упраўленне не мела [1, с. 281–288; 3]. У адпаведнасці з «Правіламі для накладання секвестру на маёнткі асобаў, якія маюць дачыненне да непарадкаў, што ўзніклі ў памежных з Царствам Польскім губернях, і для загадвання і распараджэння гэтымі маёнткамі» ад 15 сакавіка 1863 г. «удзел у непарадках, што ўзніклі ў некаторых частках Заходніх губерняў, цягне за сабой адказнасць асабістую і па маёмасці» (§ 1) і «на маёнткі асобаў, што маюць дачыненне да непарадкаў, накладаецца, паводле распараджэння Галоўнага мясцовага Начальства, секвестр, у забеспячэнне адказнасці па маёмасці» (§ 2), пры гэтым «секвестраваныя маёмасці паступаюць у ведамства мясцовай Палаты Дзяржаўных Маёмасцяў» (§ 5) [10, арк. 2]. Парадак прыёму маёнткаў палатамі ў сваё ведамства, кіравання імі і складання справаздачнай дакументацыі тлумачыўся ў 32 параграфах адмыслова створнай інструкцыі, якая далучалася да вышэйзгаданых правілаў [10, арк. 3–4 адв.]. У сувязі з гэтым, пачынаючы з 1863 г., у архівах губернскіх палат дзяржаўных маёмасцяў пачынаюць з’яўляцца адпаведныя дакументы. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі маюцца на захаванні тры фонды ўпраўленняў дзяржаўных маёмасцяў — Мінскай (ф. 27), Магілёўскай (ф. 2189) і Віцебскай (ф. 2514) губерняў. Усе яны ўтрымліваюць матэрыялы па гісторыі паўстання 1863–1864 гг. Фонд Палаты (Упраўлення) дзяржаўных маёмасцяў Віцебскай губерні паступіў на захаванне ў НГАБ у 1948 г. з Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці ў колькасці каля 3000 адзінак. У наступны час ён працягваў папаўняцца матэрыяламі, выяўленымі ў іншых фондах і архівах, і з яго выбывалі няпрофільныя справы. У цяперашні час фонд згрупаваны ў 2 вопісы і змяшчае 3212 спраў за перыяд з 1779 па 1898 г. [3]. У фондзе на сённяшні дзень выяўлена 168 спраў, якія тычацца паўстання — у першым вопісе нумары гэтых спраў знаходзяцца ў прамежку ад 1969 да 2903, у другім — №№ 139–140, 230–231. Як гэта вынікае з самой спецыфікі фондаўтваральніка, яны прысвечаны такому баку паўстання, як правядзенне рэпрэсіўнай палітыкі Расійскай імперыі ў адносінах да яго ўдзельнікаў праз абмежаванне карыстання маёмасцю (накладанне секвестру або забароны) ці яе канфіскацыю. Неабходна ўлічваць, што не ўсе назвы спраў у фондзе сфармуляваны карэктна. Напрыклад, справа № 1994 мае назву «Справа аб секвестры маёмасці ў асоб, якія ўдзельнічалі ў паўстанні», а на самой справе яна тычыцца толькі аднога маёнтка — Дзмітрава Себежскага пав., частка якога была канфіскавана за ўдзел у паўстанні яе ўладальніка Альфонса Галынскага [8]. Таксама часам блытаюцца паняцці «секвестр» і «канфіскацыя» альбо не ўказваецца пераход аднаго віду пакарання ў другі. Справы, якія тычацца паўстання, маюць розны аб’ём — ад некалькіх да некалькіх соцень аркушаў. Гэта залежыць ад складанасці працэсу накладання секвестру ці канфіскацыі (напрыклад, валоданне нерухомасцю некалькімі асобамі і вылучэнне з яе часткі, якая належыць удзельніку паўстання, і да т.п.), памеру секвеструемай/канфіскуемай маёмасці (напрыклад, справа пра секвестр вялікіх уладанняў Адама Рэута хоць і вялася ўсяго 4 гады, але мае аб’ём у 451 аркуш [6]), актыўнасці/пасіўнасці ўладальніка(ў) пры накладанні пакарання ці спагнання, колькасці задзейнічаных пры секвестры/канфіскацыі дзяржаўных органаў і чыноўнікаў, часавай працягласці вядзення справы і іншых фактараў. Справы фонду, якія тычацца паўстання, маюць унутраны вопіс, змешчаны на самым яе пачатку на адмысловым бланку. Пераважная большасць выяўленых спраў тычацца секвестру і/ці канфіскацыі асобных маёнткаў ці маёнткаў асобных удзельнікаў паўстання. Такія справы пачынаюцца пераважна з чарнавіка распараджэння палаты чыноўніку асаблівых даручэнняў пра выкананне пастановы аб накладанні секвестру на маёмасць. І хаця ў далейшым розныя справы мелі розныя перыпетыі ў сваім развіцці, аднак набор дакументаў у іх прыкладна падобны. Найбольш частыя з іх наступныя:
Асобны пласт дакументаў у вышэйзгаданых справах складае дакументацыя аб спагнанні даўгоў на карысць крэдытораў з ужо канфіскаванай маёмасці (перапіска, пастановы, копіі даўгавых распісак і іншых дакументаў і да т.п.). Амаль усе справы фонду маюць поўнае ці адносна поўнае насычэнне. Аднак і з гэтага шэрагу трапляюцца выключэнні. Напрыклад, справа пра секвестр маёнтка Ігольніца Полацкага пав. Юзафа Шульца складаецца толькі з двух аркушаў, на адным з якіх змешчаны запіс аб былым складзе справы, а на другім — пастанова аб заканчэнні гэтай справы і яе здачы ў архіў [7]. Як правіла, справы, якія тычацца толькі секвестру асобных маёнткаў, заканчваюцца ў кастрычніку 1867 г. Апошні дакумент пры гэтым — чарнавік пастановы ўпраўлення — часта мае фармулёўку пра тое, што справа «з прычыны складання з маёнтка секвестру і перадачы ўладальніку не патрабуе далейшага вядзення, а таму, залічыўшы яе скончанай, здаць у свой час у архіў» [4, арк. 15]. Нашмат даўжэй вяліся справы, якія тычыліся канфіскацыі нерухомай маёмасці, асабліва тыя, дзе з’яўлялася неабходнасць выдзелу з маёнтка пэўнай часткі, якая прыпадала на валоданне ўдзельніка паўстання. Часта іх вядзенне працягвалася да 1870-х гг., а ў некаторых выпадках зацягвалася нават да 1880-х, як, напрыклад, справа пра маёнтак Станіславова Полацкага пав., канфіскаваны ў Яна Другавіны [12]. Хаця найбольш храналагічна позняя частка гэтых спраў тычыцца ўжо не столькі ўласна працэсу канфіскацыі, колькі кіравання канфіскаванай маёмасцю і яе гісторыі пасля канфіскацыі. Прычына гэтага — зацверджаныя імператарам палажэнні Камітэта міністраў ад 11 траўня 1873 г. і 3 лютага 1874 г., у адпаведнасці з якімі ўсе справы наконт канфіскацыі маёмасці ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг., якія не былі скончаны да 11 траўня 1873 г., павінны былі быць спынены, а маёмасць, калі не была прынята ў казну да 6 лютага 1874 г., павінна была вяртацца ўладальнікам [17, арк. 1–15 адв.]. Немалую каштоўнасць маюць статыстычныя звесткі пра агульную колькасць канфіскаванай маёмасці у Віцебскай губерні, што захоўваюцца ў матэрыялах фонду. Пераважна іх значная колькасць у так званых «зборных» справах за канец 1860-х — першую палову 1870-х гг. [13, арк. 4, 17–17 адв., 57 і інш.; 14; 15, арк. 22–24 адв., 127–128, 152–153 і інш.; 16; 17, арк. 23–26 адв., 30–61, 66–82, 384–384 адв., 404–414 і інш.]. Напрыклад, паводле «ведамасцяў» ад 1872 г., у кіраванні ўпраўлення знаходзіліся 21 цалкам канфіскаваны маёнтак, 25 — часткова і яшчэ 2 дамы; на працягу ж года некалькі маёнткаў выбылі па розных прычынах з яго ведамства. Стварэнне гэтых матэрыялаў мела абсалютна практычную мэту (напрыклад, вылічэнне даходаў ад канфіскаванай маёмасці, складанне спісу спраў, якія падлягаюць спыненню, і да т.п.), што, аднак, не зніжае іх каштоўнасці для ацэнкі маштабаў праводзімых рэпрэсій і іх эфектыўнасці. Пачынаючы з 1865 г. ва ўпраўленні пачынаюць весціся справы ўжо не аб канфіскацыі маёнткаў, а аб іх лёсе пасля канфіскацыі. Гэта справы аб продажы маёнткаў цалкам ці часткова, аб фарміраванні ўчасткаў на продаж у некаторых з іх, аб нанясенні шкоды канфіскаваным маёнткам (разрабаванні, незаконныя прысваенні ўласнасці і да т.п.), аб ліквідацыі даўгоў, што меліся на канфіскаваных маёнтках, і інш. Часта ў такіх справах пачынаюць фігураваць такія дакументы, як ацэначныя ведамасці, геадэзічныя апісанні, аркушы продажу і перапродажу і інш. Пры гэтым немалая ўвага надавалася ўпраўленнем прыняццю ў казну лясных участкаў і арганізацыі лясной гаспадаркі ў цэлым. У якасці прыкладу таго, для чаго пры правядзенні даследаванняў паўстання могуць быць карысныя матэрыялы гэтага фонду, магчыма прывесці звесткі пра формы супраціўлення грамадства мураўёўскім «эканамічным» рэпрэсіям. Як вынікае з гэтых матэрыялаў, сярод іх прысутнічалі наступныя:
Разам з гэтым неабходна адзначыць, што патэнцыял матэрыялаў разглядаемага фонду пры даследаванні паўстання 1863–1864 гг. дастаткова абмежаваны. У ім не выяўлена не толькі якіх-небудзь дакументаў пра падрыхтоўку паўстання ці ход ваенных дзеянняў у Віцебскай губерні (гэтага не магло быць з прычыны спецыфікі дзейнасці арганізацыі-фондаўтваральніка), але нават ніводнай копіі канфірмацыі (зацверджанага прысуду) па справе асобы, чыя маёмасць канфіскоўвалася ці секвестроўвалася. У рэдкіх выпадках сустракаюцца толькі згадкі пра прысуд асобы да пэўнага пакарання (напрыклад, юнака Браніслава Кібарта [11, арк. 69]) ці пра некаторыя абставіны ссылкі (напрыклад, аднадворца Дрысенскага пав. Вінцэнта Вярыгі [9, арк. 75]). Матэрыялы гэтага фонду тычацца выключна (варта паўтарыцца) такога боку паўстання, як рэпрэсіі супраць насельніцтва, прызнанага вінаватым у падтрымцы яго ў той ці іншай форме. Аднак факталагічны матэрыял, што змяшчаецца ў справах, з’яўляецца багатым і насычаным. Ён можа быць выкарыстаны не толькі ў працах па гісторыі рэпрэсій пасля паўстання 1863–1864 гг., але і па гісторыі палітыкі Расійскай імперыі на землях Беларусі ў другой палове ХІХ ст. у цэлым, эканамічнага развіцця Беларусі гэтага перыяду, практыкі дзейнасці расійскіх дзяржаўных органаў, а таксама пры правядзенні мікрарэгіянальных, генеалагічных і іншых даследаванняў разнастайнай тэматыкі. Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры
Апублікавана ў: Дакументальная спадчына Беларусі XIV–XX стагоддзяў: Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (Мінск, 26 чэрвеня 2013 г.) / рэдкал. У.І. Адамушка (старшыня) [і інш.]. – Мінск : А. М. Вараксін, 2014. – С. 98–105.
|
niab@niab.by | |||