Национальный |
||||
Статьи |
||||||||||||
С.А. Рыбчонак
Радаводная справа шляхецкага рода Міцкевічаў.
Радавод Адама Міцкевіча ў бок яго нашчадкаў добра вядомы і не з’яўляецца прадметам нашай гутаркі. Нас цікавяць продкі Адама як мага глыбей. Пытанне гэтае да сенняшняга дня застаецца адкрытае. Сярод архіўных дакументаў першай крыніцай для вырашэння гэтай задачы з’яўлецца справа Мінскага дваранскага дэпутацкага схода (далей – ДДС) аб дваранскім паходжанні рода Міцкевічаў (НГАБ, ф. 319, воп. 2, спр. 1991). Справа мае вокладку блакітнага колеру (у Мінскім ДДС такім колерам абгорнуты ўсе справы незацверджаных у дваранстве родаў), расшыта (гэта значыць мае абмежаванні выкарыстання і капіравання). У ей маецца 92 асобных аркуша (па нумарацыі 1-85а, з якіх некаторыя аркушы літарныя), асобныя лісты крыху заплямлены (відавочна з-за падмакання). Усе аркушы захаваліся дастаткова добра (без пашкоджанняў), таму можна сцвярджаць пра поўны комплекс дакументаў справы (больш падрабязней гл. дакумент 22 нашай нумарацыі). У межах фонда (319 “Мінскі дваранскі дэпутацкі сход”) справа аднесена да катэгорыі “асабліва каштоўных”. Ніякіх аўтографаў Адама Міцкевіча ў ей няма, таму на падрабязным археаграфічным апісанні яе выгляда спыняцца не будзем. Таксама адзначым, што ў справе есць дакументы на лацінскай, польскай і рускай мовах. Коратка нагадаем гісторыю складання справы. З канца 18 ст. Беларусь апынулася ў складзе Расійскай імперыі, і агульнае расійскае заканадаўства было распаўсюджана на яе тэрыторыю. Згодна з “Жалаванай граматай дваранству” (1785) у губернскіх цэнтрах былі створаны дваранскія дэпутацкія сходы, а ў іх структуры асобныя вывадовыя камісіі, што займаліся разглядам усіх радаводных пытанняў. Калі буйныя і мажныя магнацкія роды напачатку сабаціравалі працу згаданых вывадовых камісій, то шматлікая збяднелая шляхта на пач. 19 ст. бягом кінулася пацвярджаць свой дваранскі статус. Не выключэннем тут быў і, як мы ўбачым далей, дасведчаны судоўца Мікалай Міцкевіч – бацька Адама. Менавіта па яго хадайніцтву (гэтае хадайніцтва ў справе не захавалася) Гродзенскі ДДС разглядаў вывад рода Міцкевічаў і прыняў адпаведную пастанову ў 1804. Пачаткова умовы прызнання ў дваранстве Расійскай імперыі былі не вельмі складанымі, а пастанова ДДС аб такім прызнанні лічылася дастатковай. З пач. 1830-х (з поваду розных прычын, у т.л. буйных фальсіфікацый дваранскіх радаводаў, што адкрыліся ў дзейнасці ДДС заходніх губерняў) умовы прызнання сталі больш жорсткімі, а канчатковае прызнанне (зацвярджэнне) стала прэрагатывай Дэпартамента герольдыі пры Правячым Сенаце. Перайдзем да разгляда канкрэтных дакументаў справы. Схема нашага аналіза будзе наступная: мы гартаем справу па парадку, кожны асобны дакумент улічваем (№, назва па-беларуску) і аналізуем патрэбныя звесткі. Арк. 1 – тытульны – “Справа №104. Дакументы Міцкевічаў”. Гэта пачынаецца асобная ўкладная справа з канкрэтнымі дакументамі-доказамі, раней была прашыта і апячатана. 1) 1а- 1а адв. – Дабравольны квітацыйны запіс ад Францішка Верашчакі Яну і Марыянне з Лешчылоўскіх Міцкевічам на выкуп у апошніх 2 пустак у Прудах, што былі здадзены ў заставу Міцкевічам памерлымі Буткоўскімі, датаваны 20.03.1739. Арыгінал. 2) 2-2а – Сведчанне, выдадзенае ад в [ ыконваючага ] а[бавязкі] навагрудскага маршалка павятовага суддзі Вяржбоўскага, што прадстаўнікі рода Рымвід-Міцкевічаў (пералічаны нашчадкі Яна, у т.л. Адам, Міцкевічы) “…жительствуя с древних времен в здешнем уезде и владея земными имениями с населенными крестьянами, никогда к подушному окладу не принадлежали и ныне не принадлежат…”. Датавана 03.09.1840. Арыгінал. 3) 3-4 – Выпіс з актавай кнігі Гродзенскага земскага суда ад 14.03.1696 з актыкацыей прадажнага запіса ад Валенція Грыгор’евіча Міцкевіча Крыштафу Міцкевічу на маентак Міцькоўцы Гродзенскага пав. за 5000 зл. пол. ад 03.06.1695. Копія. З арыгіналам звяраў сталаначальнік Цярпіцкі. Выпіс быў выдадзены 16.09.1841 па просьбе губернскага сакратара двараніна Юзафа Папроцкага. 4) 5-6адв. – Выпіс з кніг ГТ ВКЛ Гродзенскай кадэнцыі ад 25.06.1789 с актыкацыей генеалогіі Міцкевічаў (згаданы прадстаўнікі рода ад родапачынальніка Адама да Мікалая М.). Актыкацыю рабіў Юзаф Маркевіч, шамбелян ЯКМ, патрон Міцкевічаў. Маюцца арыгінальныя подпісы суддзяў Трыбунала, аб згоднасці з кнігамі засведчыў рэгент актавы ГТ ВКЛ Тамаш Серафіннік Красоўскі. Копія, маецца пячатка Трыбунала. Даты складання дакумента ці выдання копіі няма. 5) 7-8адв. – Выпіс з кніг ГТ ВКЛ Гродзенскай кадэнцыі ад 25.06.1789 с актыкацыей тэстаманіяльнага запіса шляхты і абывацелей Лідскага пав. Адаму, Юзафу, Стэфану і Базылю, дзядзькам, і Мікалаю, пляменніку, Міцкевічам аб паходжанні з Радуньскай парафіі Лідскага пав. ад Валенція Міцкевіча ад 10.08.1787. Актыкацыю рабіў Юзаф Маркевіч, шамбелян ЯКМ, патрон Міцкевічаў. Маюцца арыгінальныя подпісы суддзяў Трыбунала, аб згоднасці з кнігамі засведчыў рэгент актавы ГТ ВКЛ Тамаш Серафіннік Красоўскі. Копія, маецца пячатка Трыбунала. (Адзначым амаль што 100% падабенства выгляду дакументаў 4 і 5, у т.л. афармленне подпісаў – С.Р.). 6) 9-10адв. - Выпіс з актавай кнігі Гродзенскага земскага суда от 14.02.1785 з актыкацыей тэстамента Яна Крыштофавіча Міцкевіча ад 04.05.1768. Копія. З арыгіналам звяраў сталаначальнік Цярпіцкі. Выпіс быў выдадзены 16.09.1841 па просьбе губернскага сакратара двараніна Юзафа Папроцкага. На адвароце апошняга аркуша маецца завярэнне, зробленае членам камісіі “Высочайше утвержденной в 3 день ноября 1842 года” гродзенскім павятовым страпчым 30.07.1851 (подпіс неразборлівы). 7) 11-12 - Выпіс з актавай кнігі Гродзенскага земскага суда от 28.01.1785 з актыкацыей прадажнага запісу ад Якуба і Адама, родных братоў, Міцкевічаў роднаму ж брату Стэфану Міцкевічу на маент. Міцькоўцы Гродзенскага пав. за 3000 зл. пол. ад 05.06.1784. Копія. З арыгіналам звяраў сталаначальнік Цярпіцкі. Выпіс быў выдадзены 16.09.1841 па просьбе губернскага сакратара двараніна Юзафа Папроцкага. На ліцавым баку апошняга аркуша маецца завярэнне зробленае членам камісіі “Высочайше утвержденной в 3 день ноября 1842 года” гродзенскім павятовым страпчым 30.07.1851 (подпіс неразборлівы). (Адзначым амаль што 100% падабенства выгляду дакументаў 3, 6 і 7 – С.Р.). 8) 13-14адв. – Выпіс з актавай кнігі Навагрудскага земскага суда ад 2.07.1781 с актыкацыей прадажнага запіса ад Міхала Сасіновіча Марыянне, маці, Якубу, Адаму, Юзафу, Стэфану і Базылю, сынам Міцкевічам на фальв. Гарбатовічы ў Навагрудскім ваяв. за 1000 зл. пол. ад 20.04.1770. Актыкацыю рабіў Людвік Грэчыха, каморнік Навагрудскага ваяв., патрон Сасіновіча. Маюцца арыгінальныя подпісы суддзяў, аб згоднасці з кнігамі засведчыў рэгент земскі навагрудскі Ігнаці Туганоўскі. Пячаткі няма, хоць і напісана, што выпіс завераны пячаткай Навагрудскага земскага суда. Як вынікае з тэкста, прадажны запіс быў актыкаваны першы раз 13.08.1770 у Навагрудскім гродскім судзе, а другі раз спосабам пераноса 02.07.1781 у земскім судзе, адкуль і зроблены выпіс. Копія. На адвароце апошняга аркуша маецца завярэнне аб адпаведнасці арыгіналу зробленае навагрудскім павятовым страпчым 17.05.1852. 9) 15-16адв. – Выпіс з актавай кнігі Навагрудскага гродскага суда ад 19.09.1787 з актыкацыей прадажнага запіса ад Крыштофа і Хрысціны Міцкевічаў і Грыгорыя і Марыянны Малюшыцкіх Адаму Букрэю на маент. Вольца Букрэеўская Навагрудскага ваяв. за 200 зл. пол. ад 23.04.1700. Копія. Дата выдання выпіса не пазначана, маецца пячатка і завярыцельны подпіс Каэтана Абуховіча, рэгента (?). На адвароце апошняга аркуша маецца завярэнне аб адпаведнасці арыгіналу зробленае навагрудскім павятовым страпчым 17.05.1852. 10) 17-17адв. – Выпіс з актавай кнігі Навагрудскага гродскага суда ад 19.09.1787 с актыкацыей заставы ад Крыштофа і Хрысціны Міцкевічаў і Грыгорыя і Марыянны Малюшыцкіх Крыштафу Дашкевічу на маент. Вольца Букрэеўская Навагрудскага ваяв. на тры гады за 200 зл. пол. ад 1696. Копія. Актыкаваў Людвік Грэчыха, каморнік, і патрон Міцкевічаў. Дата выдання выпіса не пазначана, маецца пячатка і завярыцельны подпіс Каетана Абуховіча, рэгента (?). На адвароце апошняга аркуша маецца завярэнне аб адпаведнасці арыгіналу зробленае навагрудскім павятовым страпчым 17.05.1852. 11) 18-19адв. – Выпіс з пратаколаў судовых Навагрудскага земскага суда ад 15.02.1802 аб прызначэнні Барбары з Сапліцаў, удаве па Адаму Міцкевічу, і дзецям апекуноў. Копія. Згоднасць з арыгіналам заверыў рэгент Францішак Сямірадзкі, унізе і на адвароце аркуша маецца завярэнне аб адпаведнасці арыгіналу зробленае навагрудскім павятовым страпчым 17.05.1852. 12) 20-20а адв. – Выпіс з метрычнай кнігі аб народжаных па Навагрудскаму касцелу з запісам аб хрышчэнні Казіміра-Юрыя, сына Мікалая і Барбары з Маеўскіх Міцкевічаў за 07.03.1804. Выпіс зроблены 11.06.1832, завераны 20.06.1832 кс. Хлявінскім, дэканама навагрудскім, і 3.08.1832 асэсарам Віленскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі Мамертам з Тульштына Гербуртам. Копія. 13) 21-21а адв. - Выпіс з метрычнай кнігі аб народжаных па Варанчанскаму парафіяльнаму касцелу з запісам аб хрышчэнні Юзафа, сына Феліцыяна і Дэахары з Кадлубаеў Міцкевічаў за 10.05.1814. Выпіс зроблены 04.06.1832, завераны 16.07.1832 Дыянісіем Хлявінскім, дэканам навагрудскім, і 26.10.1832 асэсарам Віленскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі Мамертам Гербуртам. Копія. 14) 22-22а адв. - Выпіс з метрычнай кнігі аб народжаных па Варанчанскаму парафіяльнаму касцелу з запісам аб хрышчэнні Феліцыяна, сына Адама і Вікторыі з Сапліцаў Міцкевічаў за 17.05.1789. Выпіс зроблены 01.08.1840 і завераны варанчанскім кс. П.Дзяржкоўскім. 10.11.1840 выпіс заверыў дэкан навагрудскі Мікалай Чапрацкі, а 30.09.1841 асэсар Віленскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі Ян Маркевіч. Копія. 15) 23-24 - Выпіс з метрычнай кнігі аб народжаных па Варанчанскаму парафіяльнаму касцелу з запісам аб хрышчэнні Гіпаліта, сына Адама і Вікторыі з Сапліцаў Міцкевічаў за 10.01.1797. Выпіс зроблены 01.08.1840 і завераны варанчанскім кс. П.Дзяржкоўскім. 10.11.1840 выпіс заверыў дэкан навагрудскі Мікалай Чапрацкі, а 30.09.1841 асэсар Віленскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі Ян Маркевіч. Копія. На арк. 24а пачынаецца ўласна справа аб дваранстве, дзе маецца перапіска і інш. дакументы, раней была прашыта і апячатана. 16) 25-25адв. – Пасямейны спіс рода Рымвід-Міцкевічаў гербу “Порай”, дзе згаданы 5 яго прадстаўнікоў, у т.л. Адам М. Спіс складзены 1.06.1832 і падпісаны Феліцыянам Адамавічам Міцкевічам, засведчаны навагрудскім маршалкам Канстанцінам Радзівілам. Арыгінал. 17) 26-26 адв. – Лінія (генеалогія) рода Міцкевічаў, схематычны чорна-белы малюнак, родапачынальнікам паказаны Адам Міцкевіч, заканчваецца генеалогія Мікалаем – бацькам Адама, усяго паказана 10 каленаў, 69 асоб. Ідэнтычна дакументу 41). Маюцца арыгінальныя подпісы толькі двух суддзяў Трыбунала (Сапегі і Прушынскага), аб згоднасці з кнігамі засведчыў рэгент актавы ГТ ВКЛ Тамаш Серафіннік Красоўскі. Копія2). Звяртае ўвагу факт, што ў апошнім калене намаляваны толькі Мікалай (бацька Адама), нібыта для яго спецыяльна малявана. Даты складання дакумента ці выдання копіі няма. 18) 27 – на развароце пасямейны спіс рода Міцкевічаў гербу “Наленч”, пазначаны 2 прадстаўніка. Не мае дачынення да генеалогіі нашых Міцкевічаў, трапіў у справу памылкова. Без даты. 19) 28 – на развароце “генеалогія і доказы на шляхецтва рода Міцкевічаў”. Без даты3). Апошняя дата, што згадана ў дакуменце 29.11.1804 (дата вывада Міцкевічаў у Гродзенскім ДДС). Генеалогія пададзена ад Валенція да сыноў Мікалая Францішка, Адама і Аляксандра. 20) 29-30 – на разваротах. 1832. Гэта пераклад на рускую мову дакумента 16. Копія. 21) 31-31адв. – на разваротах “пакаленны роспіс і доказы рода Рымвідаў-Міцкевічаў”. Дата складання адсутнічае, апошняя дата, што згадана ў дакуменце 20.12.1832 (дата далучэння ў Гродзенскім ДДС). Генеалогія пададзена ад Валенція да Францішка, Адама, Аляксандра і Казіміра-Юрыя сыноў Мікалая і Юзафа сына Феліцыяна Міцкевічаў. Копія, “зверыў Вышкоўскі”. Мяркуем, што датуецца 1832 (гл. дакумент 25). 22) 32-33адв. – рэестр папераў і дакументаў справы Міцкевічаў. Дата складання не пазначана, апошні згаданы дакумент датаваны 19.06.1842. У рэестры згаданы 34 дакумента (найперш падаем нумарацыю з рэестра, у дужках згодна нашай нумарацыі), у т.л. 1 (16), 2 (19, тут ен датаваны 1804), 3 (9), 4 (1), 5 (8), 6 (4 і 17)4), 7 (5), 8 (10), 9 (11) 10 (24), 11 (20), 12 (25), 13 (26), 14 (12, 13), 15 (27), 16 (28), 17 (29), 18 (30), 19 (31), 20 (32), 21 (33), 22 (35), 23 (14, 15), 24 (2), 25 (34), 26 (36), 27 (39), 28 (38), 29 (3), 30 (6), 31 (7), 32 (37), 33 (40), 34 (41). Як бачым усе дакументы, што значыліся ў рэестры, у справе захаваліся, хоць бы і былі крыху пераблытаны5). Есць нават больш дакументаў, бо рэестр быў складзены ў 1842, а перапіска цягнулася да 1859. 23) 34-35 – вывад шляхецтва рода Міцкевічаў у Гродзенскім ДДС 29.11.1804. Копія. Даты выдання копіі няма. 24) 36 – цэдула з канцылярыі Віленскага універсітэта ў Гродзенскі ДДС ад 08.02.1826, дзе між іншым сказана: "сим свидетельствуем, что доказательство о дворянском происхождении Адама Николаева сына Мицкевича, представленное в выписке из книг городских Новогрудского уезда за подписанием новогрудского регента Мартина Кмита от 2 октября 1815 года за №445, находится при делах сего ж университета”. 25) 37-37адв. – цэдула навагрудскага маршалка Канстанціна Радзівіла ў Гродзенскі ДДС з хадайніцтвам аб разглядзе просьбы Гіпаліта Міцкевича аб далучэнні да рода нованароджаных Юзафа Феліцыянавіча и Казіміра-Юрыя Мікалаевіча Міцкевічаў. 15.12.1832. 26) 38-38адв. – просьба Гіпаліта Міцкевича навагрудскаму маршалку К.Радзівілу аб далучэнні да рода нованароджаных Юзафа Феліцыянавіча и Казіміра-Юрыя Мікалаевіча Міцкевічаў. 10.11.1832. 27) 39-39адв. – пастанова Гродзенскага ДДС аб разглядзе просьбы Гіпаліта Міцкевіча. 20.12.1832. Пастанавілі: далучыць. 28) 40 – цэдула камісіі “высочайше учрежденной для ревизии действий Гродненского ДДС” у Гродзенскі ДДС от 08.05.1836, дзе сказана: “… возвращая в оное собрание дело о происхождении рода Мицкевичев, признанного в дворянстве по определению 29 ноября 1804 года, просит: истребовав от Мицкевичев, документы, вошедшие во состав означенного определения, препроводить обще с делом в оную комиссию на ревизию”. 29) 41-41 адв. – пастанова Гродзенскага ДДС ад 11.05.1836 аб запатрабаванні ад Міцкевічаў арыгінальных дакументаў. 30) 42 – цэдула навагрудскага маршалка Мікалая Вольскага ў Гродзенскі ДДС з прадстаўленнем арыгінальных дакументаў Міцкевічаў. 19.08.1836. 31) 43-44 – просьба Гіпаліта Адамавіча Міцкевіча навагрудскаму маршалку М.Вольскаму аб перасылцы арыгінальных дакументаў у канцылярыю Гродзенскага ДДС. 03.08.1836. У гэтым прашэнні пералічаны наяўныя дакументы рода Міцкевічаў. Пералічаны наступныя дакументы (першы № з прашэння Міцкевіча, другі № - з нашай нумарыцыі): 1-4, 2-17, 3-9, 4-8, 5-1; далей 6-10, 7-5, 8-11. 32) 45-47адв. – пастанова Гродзенскага ДДС ад 28.08.1836 аб разглядзе 8 (?) арыгінальных дакументаў рода Міцкевічаў. Гэта надзвычай важны дакумент, таму мы спынімся на ім падрабязна. Як заўважыла камісія ДДС, Міцкевічы прадставілі 4 дакументы, што ўжо ўвайшлі ў пастанову Гродзенскага ДДС 29.11.1804 (гэта – былі 1, 4(+17), 8, 9), а таксама 3 новаадшуканых 5, 10, 11). Агулам атрымліваецца 8 арыгінальных дакументаў, бо 4 і 17 асобныя дакументы, хаця б і свярджалі адно і тое ж6). Вывадовая камісія палічыла, што не ўсе патрэбныя дакументы былі прадстаўлены і пастанавіла: абавязаць Міцкевічаў прадставіць усе дакументы і метрыкі, завераныя духоўным начальствам. 33) 48-49 – пастанова Гродзенскага ДДС ад 15.11.1837, дзе між іншым гаворыцца: паведаміць Віленскай рэвізійнай камісіі, што Міцкевічы патрэбныя дакументы не прадставілі. 34) 50-50адв. – пастанова Гродзенскага ДДС ад 09.08.1841. Між іншым вырашылі: даслаць прадстаўленыя метрыкі ў Віленскую рыма-каталіцкую кансісторыю для пацвярджэння. 35) 51-51адв. – просьба Феліцыяна Адамавіча Міцкевіча ў Гродзенскі ДДС аб разглядзе справы і прадстаўленні патрэбных метрык і сведчання. 05.08.1841. Дарэчы, Феліцыян прадставіў толькі дзве метрыкі (сваю і брата Гіпаліта) і сведчанне навагрудскага маршалка ад 03.09.1840 аб неналежнасці Міцкевічаў да падатнага стану. Месца жыхарства Феліцыяна пазначана наступнае: маент. Кульбачын Лідскага пав. княгіні Сцыпіенавай7). Гл. таксама дакумент 34. 36) 52 – цэдула Віленскай рыма-каталіцкай кансісторыі ў Гродзенскі ДДС ад 30.09.1841 аб засвядчэнні хросных метрык Феліцыяна і Гіпаліта Міцкевічаў. 37) 53-54 – пастанова Гродзенскага ДДС ад 23.10.1841. Між іншым пастанавілі: доказы далучыць, справа накіраваць у рэвізійную камісію для разгляда. 38) 55-55адв. – просьба Фелікса Адамавіча Міцкевіча ў Гродзенскі ДДС с прадстаўленнем на разгляд трох новых доказаў шляхецтва. 17.10.1841. Спынімся ўважліва на новых доказах Феліцыяна-Фелікса: гэта дакументы 3, 6 і 7. 39) 56-57адв. – пастанова Гродзенскага ДДС ад 11.10.1841. Між іншым пастанавілі за атрыманыя з Вільні метрыкі спагнаць з Міцкевічаў патрэбныя пошліны. 40) 58-59 – цэдула рэвізійнай камісіі ў Гродзенскі ДДС ад 11.01.1842. Дамо слова дакументу: “комиссия, признавая такие доказательства согласными с правилами… полагает определение оного собрания о дворянстве Мицкевичев 29 ноября 1804 и дополнительные резолюции 20 ноября 1832 да 23 октября 1841 годов состоявшиеся, почитать основательными, с тем чтобы представлены были к делу заверенные по надлежащему метрики о крещении Николая Яковлева и сыновей его Франца, Адама и Александра. За сим, внеся Мицкевичев в подлежащий список для представления Временному присутствию герольдии, уведомить о том и депутатское собрание”8). 41) 60-60адв. – пастанова Гродзенскага ДДС ад 19.06.1842. Пастанавілі: абавязаць Міцкевічаў прадставіць неабходныя метрыкі. 42) 61 – Цэдула навагрудскага павятовага маршалка ў Мінскі ДДС аб паведамленні магчымасці выдаць двараніну Феліцыяну Адамаву Міцкевічу даведку, што ягоныя дакументы прадстаўлены ў дэпартамент герольдыі Правячага Сената для канчатковага разгляда. 31.03.1844. 43) 62-62адв. – пастанова Мінскага ДДС ад 29.05.1844. Між іншым пастанова падкрэсліла: «из дела же видно, что Мицкевичи, требуемых комиссиею метрик и переводов с документов по настоящее время не представили». 44) 63-64адв. – пастанова Мінскага ДДС ад 08.06.1851. Між іншым гаворыцца: «По рассмотрении этого дела оказалось: а) представленные к делу документы заключаются в выписях, каковые не заверены по принадлежности уездными стряпчими; б) из документов этих видно, что Мицкевичи доказывают дворянское свое происхождение по владению предками недвижимым имением с крестьянами Мицьково называемым, положенным в Гродненском уезде, но о действительности оного существования … удостоверения не имеется; в) при этом же деле не имеется копий с документов и переводов с оных писанных на установленной гербовой бумаге, и д) нет свидетельства уездного предводителя дворянства… определили: … обратиться к новогрудскому уездному предводителю дворянства, чтобы обязал подпискою Фелицияна и Гиполита Мицкевичей к немедленному представлению в сие собрание копий документов и переводов с оных...». Пастанавілі: абавязаць Міцкевічаў прадставіць усе вышэйпазначаныя пункты. 45) 65 – Цэдула Навагрудскага павятовага страпчага Выгоўскага ў Мінскі ДДС з дасланнем завераных дакументаў рода Міцкевічаў, атрымана 27.05.1852. Гамонка ідзе пра дакументы 8-11, на якіх маецца запіс аб завярэнні датаваны 1852. 46) 66-66адв. – Цэдула Гродзенскага павятовага страпчага ў Мінскі ДДС ад 22.07.1852, дзе гаворыцца: «Присланные ко мне … четыре документа, служащие доказательством дворянства фамилии Мицкевичей при сем в депутатское собрание возвращая с надлежащим двух документов Комиссии для поверки актов посвидетельствованием, имею честь уведомить, что как книги Главного Трибунального Суда за 1789 год хранятся в особо устроенном архиве в г.Вильне с давнего времени, то последние два документа Комиссиею не посвидетельствованы». Тут згадваюцца дакументы 6 и 7, што были завераны 30.07.1851. Зыходзячы з тэкста дакумента пра віленскі архіў можна меркаваць, што згадваюцца таксама дакументы 4, 5 і 17. 47) 67-67адв. - Распіска дваран вак. Гарбатовічы Феліцыяна і Гіпаліта Адамавічаў Міцкевічаў, дадзеная прыставу 2 стана Навагрудскага пав., што яны абавязаны прадставіць у Мінскі ДДС неабходныя дакументы. 18.08.1851. 48) 68-68адв. – Цэдула Гродзенскага губернскага праўлення ў Мінскі ДДС, што маент. Міцькова у Гродзенскім пав. не існуе. 22.09.1851. 49) 69 – Цэдула навагрудскага маршалка ў Мінскі ДДС ад 23.11.1851 з дасланнем распіскі Феліцыяна і Гіпаліта Адамавіча Міцкевічаў. 50) 70-71 – Пастанова Мінскага ДДС ад 07.12.1856. У сувязі з тым, што Міцкевічы не выканалі патрабаванні пастановы ад 08.06.1851 (дакумент 44), пастановілі практычна тое ж, у т.л. даслаць адпаведныя цэдулы ў патрэбныя установы (гл. далейшыя дакументы ). 51) 72-73адв. – Цэдула Мінскага ДДС у Навагрудскі земскі суд ад 20.12.1856 з абавязаннем Феліцыяна і Гіпаліта Адамавічаў Міцкевічаў, што пражывалі ў вак. Гарбатовічы, прадставіць неабходныя дакументы. 52) 74-75 – Рапарт прыстава 2 стана Навагрудскага пав. у Навагрудскі земскі суд ад 16.03.1857, дзе гаворыцца: “… Фелициян и Гиполит Адамовы Мицкевичи умерли”. 53) 76-76адв. – Рапарт Навагрудскага земскага суда ў Мінскі ДДС з дасланнем распіскі Зузанны Міцкевіч, што патрабаванні Мінскага ДДС аб прадстаўленні дакументаў ей паведамлены. 02.04.1857. 54) 77 – Распіска Зузанны Міцкевіч. 07.03.1857. 55) 78 – Цэдула Гродзенскага губернскага праўлення ў Мінскі ДДС ад 17.07.1857, дзе між іншым гаворыцца: “… Правление честь имеет уведомить, что населенного крестьянами имения Мицьковце рода Мицкевичей не существует, а хоть подобного названия находится в Волковыском уезде, но таковое как шесть старожилых лиц той же деревни под присягою показали, состояло во владении рода Сцыпионов, и более 70 лет как отдано на фундуш Реплянского римско-католического костела…”. 56) 79-80адв. – Цэдула Мінскага ДДС у Навагрудскі земскі суд ад 04.02.1859. Між іншым пастанавілі: “… оному суду предложить, дабы обязал дворянку Сузанну Мицкевич, как к немедленному доставлению в сие собрание объяснения, где по настоящему распределению губернии и уездов существует имение Мицьковце и не переменило ли оно своего названия, так равно документов, затребованных сим собранием…”. Пад час росшукаў адкрылася, што Сузанна Міцкевіч пражывае ў маент. Дварэц Слонімскага пав. Гродзенскай губ. 57) 81 – Распіска Сузанны Міцкевіч ад 27.07.1859, дзе гаворыцца: “… требование Минского дворянского депутатского собрания … мне объявлено, и так как муж мой шесть лет тому назад как Волею Божею по старости лет умер, то документов о произхождении рода Мицкевичей от меня вовсе не зависит к представлению, а с таковым требованием прошу обратится к Иосифу Мицкевичу, катори жительствует в Новогродском уезде в имении Горбатовичах, а где имение Мицьковце существует мне неизвестно”. 58) 82-82адв. – Распіска Юзафа Феліцыянавіча Міцкевіча, дадзеная прыставу 2 стана Навагрудскага пав. ад 06.09.1859, дзе між іншым гаворыцца: “… отношение Минского дворянского депутатского собрания … мне объявлено, следствием чего поясняю, что все документы на дворянское происхождение рода Мицкевичей, какие только находились, представлены в Минское дворянское депутатское собрание, более же документов у него никаких нет и представить не может, равно где находилось или находится имение Мицьковце не сведущ. По личной просьбе неграмотного Иосифа Мицкевича вместо его расписался дворянин Баранцевич”. 59) 83-83адв. – Рапарт прыстава 2 стана Навагрудскага пав. у Навагрудскі земскі суд ад 06.09.1859 з дасланнем распісак Юзафа і Сузанны Міцкевічаў. На адвароце аркуша маецца рэзалюцыя суда: адшуканыя звесткі с распіскамі накіраваць у Мінскі ДДС. 60) 84-84адв. – Рапарт Навагрудскага земскага суда ў Мінскі ДДС з дасланнем распісак (тлумачэнняў) Юзафа і Сузанны Міцкевічаў. 11.09.1859. 61) 85 – Рапарт Варанчанскага тысяцкага прыставу 2 стана Навагрудскага пав. ад 02.07.1859, дзе гаворыцца: “… по делу вислания Зузану Мицкевичову она в имении Горбатович не наход и тся, она жительствуе в имении Дворце в стане Женчелском9)”. На гэтым справа аб дваранстве заканчваецца, бо апошні аркуш (85а) пусты. Як бачым, працэс зацвярджэння Міцкевічаў у дваранстве, распачаты ў 1804 яшчэ бацькам паэта Мікалаем Міцкевічам, цягнуўся 55 гадоў і скончыўся нічым. Негледзячы на тое, што Міцкевічы тройчы (у 1836 Гіпаліт і двойчы ў 1841 Феліцыян) прасілі аб разглядзе доказаў і прадстаўлялі доказы на шляхецтва, патрэбных згодна з расійскім заканадаўствам дакументаў яны так і не прадставілі, і род Міцкевічаў (Рымвідаў-Міцкевічаў) у дваранстве імперыі зацверджаны не быў. Цяпер займемся справамі генеалагічнымі. Што ж змяшчае рэальная генеалогія Міцкевічаў. Уважлівы аналіз сведчыць, што рэальная генеалогія павінна быць у вывадзе 1804. Яшчэ вядомы генеалог Дважачэк заўважаў, што практычна ўсе доказы шляхецтва, прадстаўленыя пасля апублікавання вядомых указаў 1830-х і пачатку працы рэвізійнай камісіі, фальсіфікаваныя, тое ж мы пісалі ў метадычным дапаможніку “Крыніцы па генеалогіі Беларусі”10). Справа Міцкевічаў, як бачым, - яскравы прыклад такіх махлярстваў. Канкрэтна гэта тычыцца апошніх доказаў Феліцыяна, звязаных з валоданнем маенткам Міцькоўцы Гродзенскага пав. Маленькім, але дастатковым доказам іх фальсіфікацыі ўяўляецца дакумент 55. Зважаючы на тое, што Феліцыян адшукаў свае новыя доказы пра Міцькоўцы, калі гасцяваў у княгіні Сцыпіенавай, маем самы просты вывад: спісаны гэтыя доказы з адпаведных дакументаў Сцыпіенаў са зменай Ваўкавыскага пав. на Гродзенскі. Есць сэнс уважліва прааналізаваць вывад 1804 (падаем дакладны пераказ): Крыштоф Міцкевіч, прыдомка Рымвід, сын Валенція, прадзед складальніка вывада, пакінуў сваю дзядзічную аседласць у Радуньскай парафіі Лідскага пав., перасяліўся ў Навагрудскі пав., ажаніўся з Хрысцінай Закржэўскай і атрымаў у пасаг частку фальв. Вольца (Wolca), якую пазней прадаў Адаму Букрэю (прадажны запіс 23.04.1700, актыкаваны 19.09.1784 у Навагрудскім гродзе). Крыштоф пакінуў сына Яна, які валодаў земскімі застаўнымі пасэсіямі (валоданнямі), а менавіта двума пусткамі ў Прудах (квітацыйны дакумент ад Верашчакі 20.03.1739). Ян з Лешчылоўскай11) прыжыў пяць сыноў Якуба, Адама, Юзафа, Стэфана і Базыля. Ян памер, але ўдава з дзецьмі набыла вячыстым правам фальварак Гарбатовічы ў Навагрудскім пав. ад Сасіновіча (прадажны запіс 20.04.1770, актыкаваны 14.08.1770 у Навагрудскім гродзе і пераносам 2.07.1781 у Навагрудскім земстве). А тое, што Міцкевічы плацілі падаткі з маентка сведчыць табель абюраты інтраты фальв. Гарбатовічы, якую камісія 23.07.1789 падпісала. А тое што іх папярэднік з Лідскага пав. перасяліўся, і тыя мясцовыя Міцкевічы сведчаць і навагрудскіх Міцкевічаў за сваіх сваякоў і нашчадкаў Яна прызнаюць, пра гэта даказвае лінія (генеалогія), актыкаваная ў ГТ ВКЛ 25.06.1789, а таксама сведчанне шляхецтва нашчадкаў Крыштофа і Яна 10.08.1789 датаванае, таго 10.11 ж года ў Лідскім земскім судзе актыкаванае. Якуб пакінуў сына Мікалая12), які есць рэальным (дзейсным) каморнікам мінскім і адвакатам навагрудскіх судоў. Мікалай ажаніўся з Барбарай Маеўскай і мае трох сыноў Францішка, Адама і Аляксандра. Другі сын Яна Адам мае сыноў Феліцыяна і Гіпаліта (выпіс з пратаколаў судовых Навагрудскага земства 15.02.1802). Астатнія сыны Яна Юзаф, Стэфан і Базыль беспатомныя памерлі. “Гэтых Міцкевічаў за шляхту прызнаем і да 1-й часткі радаводнай кнігі ўносім…”. Як бачым набор доказаў невялікі, нагадаем іх яшчэ раз па нашай нумарацыі: 9) прадажны запіс ад Крыштофа і Хрысціны Міцкевічаў і Грыгорыя і Марыянны Малюшыцкіх Адаму Букрэю на маент. Вольца Букрэеўская Навагрудскага ваяв. за 200 зл. пол. ад 23.04.1700. 1) дабравольны квітацыйны запіс ад Францішка Верашчакі Яну і Марыянне з Лешчылоўскіх Міцкевічам на выкуп у апошніх 2 пустак у Прудах, што былі здадзены ў заставу Міцкевічам памерлымі Буткоўскімі, Датаваны 20.03.1739. 8) прадажны запіс ад Міхала Сасіновіча Марыянне, маці, Якубу, Адаму, Юзафу, Стэфану і Базылю, сынам Міцкевічам на вальв. Гарбатовічы ў Навагрудскім ваяв. за 1000 зл. пол. ад 20.04.1770. 11) выпіс з пратаколаў судовых Навагрудскага земскага суда ад 15.02.1802 аб прызначэнні Барбары з Сапліцаў удаве па Адаму Міцкевічу і дзецям апекуноў. 17) лінія (генеалогія) рода Міцкевічаў, актыкаваная 25.06.1789 у ГТ ВКЛ. Такім чынам, першая генеалогія Міцкевічаў, заяўленая бацькам Адама яшчэ ў 1804, складаецца з шасці доказаў. Дакументы згадваюць Вольцу, Пруды, Гарбатовічы. Ніякіх Міцькоўцаў няма, што яшчэ раз сведчыць пра пазнейшыя падробкі. Больш таго. З шасці заяўленых у 1804 доказаў у справе не хапае апошняга. Гэта сведчанне шляхецтва нашчадкаў Крыштофа і Яна, датаванае 10.08.1789, актыкаванае 10.11.1789 у Лідскім земскім судзе. У справе гэтага дакумента няма і таму змест яго нам пакуль невядомы. Замест ўказанага Міцкевічы прадставілі дакумент 5 – тэстаманіяльны запіс шляхты і абывацелей Лідскага пав. Адаму, Юзафу, Стэфану і Базылю, дзядзькам, і Мікалаю, пляменніку, Міцкевічам аб паходжанні з Радуньскай парафіі Лідскага пав. ад продка Валенція Міцкевіча, датаваны 10.08.1787, актыкаваны ў ГТ ВКЛ Гродзенскай кадэнцыі 25.06.1789. Як бачым, не супадаюць даты і месцы актыкацыі. Гэтая загадка яшчэ чакае свайго адкрывальніка.
1) Гл. спасылку да пункта 6 рэестра.. 2) Бо на развароце злева ўнізе надпісана па-польску: «1789 г. чэрвеня 25 дня перад судом Трыбунала Галоўнага ВКЛ станавіўся патрон яснавельможны пан Юзаф Маркевіч тую генеалогію да актаў падаў». 3) Тут не згаданы Казімір-Юрый, што нарадзўся ў 1804, а таксама дзеці Адама Феліцыян і Гіпаліт, з чаго мяркуем, што складаў сам Мікалай каля 1804. 4) Літаральны тэкст пункта 6 рэестра – «поколенная роспись Мицкевичей 1789 июня 25 дня в Главном Трибунале явленная (в двух экземплярах)». Таму 6=4+17. 5) Па гэтай прычыне мы апрацавалі справу па парадку аркушоў і былі вымушаны зрабіць сваю нумарацыю дакументаў. 6) Таму і пазначаны ў рэестры справы за адным пунктам 6, але «в двух экземплярах». Гл. таксама пункт 31 - у прашэнні Міцкевіча пазначаны 5 старых дакументаў (па яго нумарацыі 1-5) і тры новаадшуканых (6-8). 7) Запамятайма гэтае прозвішча. 8) Вось яна, перамога. Ужо ў патыліцу дыхае. 9) Відавочна, маецца на ўвазе Дзятлаўская воласць Слонімскага пав. 10) Рыбчонак С.А. Крыніцы па генеалогіі Беларусі XVI – пачатку XX ст. Мінск, 2003. С. 32-33. 11) Вывад яе імя не згадвае, у квіце Верашчакі напісана Марыянна. 12) Прозвішча ці імя жонкі Якуба і маці Мікалаая ў вывадзе не згадана.
|
niab@niab.by | |||