НачалоКарта сайтаОбратная связь  

Национальный
исторический
архив Беларуси


Статьи



Ваньковічы. Слаўны род зямлі беларускай.

 

Выстаўка “Ваньковічы. Слаўны род зямлі беларускай” – вынік даўняго цеснага плённага супрацоўніцтва Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя”. На ёй прадстаўлены дакументы самага разнастайнага характару, якія адлюстроўваюць розныя бакі існавання роду і асобных яго прадстаўнікоў на тэрыторыі цяперашняй Беларусі: метрычныя запісы, пастановы Дваранскіх дэпутацкіх сходаў, гаспадарчыя рэестры, генеалагічныя табліцы, службовыя атэстаты і замежныя пашпарты.

Дакументы па часе ахопліваюць без малога два стагоддзі: самыя раннія з іх датуюцца пачаткам XVIII стагоддзя, самыя познія – 1913 годам. Яны непрадузята і ў той жа час ярка апавядаюць і аб службовых вяршынях адных прадстаўнікоў роду і аб драматычных старонках у лёсах іншых. У выбары дакументаў перавага аддавалася тым, у якіх адлюстравана становішча ўсяго роду, альбо тым, якія распавядаюць аб самых цікавых для нас персанажах – выдатным мастаку Валенціі Ваньковічу і яго спадчынніках і Эдвардзе, яго стрыечнаму брату, уладальніку дома, у якім размяшчаецца музей. Практычна з усімі дакументамі гледачы пазнаёмяцца ўпершыню.
Вядома, экспанаты выстаўкі – гэта толькі малая толіка таго велізарнага дакументальнага масіву, які захаваўся да нашых дзён і які неабходна яшчэ доўгі час вывучаць. Упэўнены, што гэта прынясе нам новыя знаходкі, новыя адкрыцці, новае разуменне таго, чым з’яўляецца культура ў XIX стагоддзі.

Ваньковічы – вядомы беларускі шляхецкі род, які вылучаецца як сваёй старажынтасцю, так і велічынёй, і багаццем. У розныя гады яму належалі маёнткі ў Смілавічах, Шыпянах, Алесіне, Калюжыцах, Зазер’і і інш. Прадстаўнікі роду займалі адметныя пасады ў дзяржаўнай управе: былі харунжымі, ваяводамі, скарбнікамі, маршалкамі, кашталянамі, старостамі, суддзямі і інш.
У Дэкрэце ад 12 ліпеня 1802 г. адносна роду Ваньковічаў узгадваецца герб “Ліс”: срэбная страла без апярэння ў чырвоным полі, размешчаная вастрыём да гары. Два разы яна перакрэслена, што ўтварае крыж. Над шлемам з кароны відаць выявы чырвонага ліса, павернутага ўправа, з узнесеным хвастом.

Свой пачатак род Ваньковічаў бярэ ў глубокай даўніне, у XVI ст., згодна з генеалагічным дрэвам (1828), кожнаму элементу якога адпавядае асобны дакумент, які даказвае прыналежнасць чалавека да роду. Гэта выпіскі з метрычных кніг, тэстаменты, шлюбныя запісы, куплі і залогі на маёнткі, дакументы аб падзеле маёмасці і г.д. Прыкладам іх можа стаць выпіска з метрычнай кнігі Гальшанскага касцёла аб нараджэнні Аляксандра Яна, сына Тэадора Ваньковіча ад 19 мая 1804 г. Дарэчы, Аляксандр з’яўляўся стрыечным братам мастака Валенція Ваньковіча.

Пасля далучэння земляў былога ВКЛ да Расійскай імперыі роду Ваньковічаў сярод іншых давялося пацвердзіць сваё шляхецкае паходжанне. Выстаўка дае магчымасць пабачыць дакументы Мінскага Дваранскага сходу ад 12 ліпеня 1802 г., зробленыя для Станіслава Ваньковіча (1756 г.нар.?), а таксама ад 1833 г. для яго сына Эдварда (1793-1872) аб пацвярджэнні шляхецкага паходжання. Ваньковічы былі запісаны ў шостую частку радаводнай кнігі, куды змяшчаліся старажытныя дваранскія роды, чый радавод пачынаўся раней за 1685 год.

Самым раннім з дакументаў, прадстаўленных на выстаўцы, з’яўляецца выпіска з кніг Трыбунала Вялікага княства Літоўскага аб актыкацыі (натарыяльным завярэнні) тэстаменту Тэадора Ваньковіча. Актыкацыя адбылася 21 лютага 1704 г.
Староста падусвяцкі, стольнік і падстароста мінскі Тэадор Антоні Ваньковіч (пам. у 1709 г.) праз гэты тэстамент ахвяраваў каталіцкаму ордэну баніфратаў 10 тысяч злотых, а таксама пляц на Старым (Нізкім) рынку ў Мінску і фальварак Кальварышкі непадалёк ад горада. Дзякуючы фундацыі Тэадора Ваньковіча баніфраты збудавалі кляштар і шпіталь на 18 ложкаў пры ім. на жаль, будынкі гэтага комплексу не захаваліся да нашага часу.

Валенцій Ваньковіч нарадзіўся ў сям’і патомных суддзяў, аднак лёсам яму было наканавана стаць таленавітым партрэтыстам, адным з найлепшых беларускіх масткоў-рамантыкаў.

Амаль ўсё жыццё Валенцій правёў на беларускай зямлі: дзяцінства прайшло на Міншчыне, юнацтва – у Полацку, пазней была Вільня – сапраўдны культурны цэнтр – з яе знакамітым і прэстыжным універсітэтам. З 1825 по 1829 гады Валенцій знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу (менавіта тут у 1828 г. быў напісаны партрэт А. Міцкевіча на гары Аю-Даг, які прынёс мастаку славу). Пасля, у 1829 годзе – ужо атрымаўшы акадэмічную адукацыю і вядомасць – Валенцій зноў вяртаецца на Міншчыну ў радавы маёнтак Сляпянка, дзе яго чакала сям’я: жонка Анеля з Растоцкіх з 2-гадовым сынам Адамам.

Геаграфія перамяшчэння нашага земляка па жыцці была ў большай ступені звязана з месцамі, дзе знаходзіліся навучальныя ўстановы, прытым адны з лепшых у 1-й трэці XIX стагоддзя. У цэлям вучоба Валенція расцягнулася на 18 гадоў. Амбіцыі мастака не зменшыліся і за гады сямейнага жыцця, а, хутчэй, наадварот: у 1839 годзе Валенцій адважыўся на паездку ў Еўропу, дзе знаходзіліся цэнтры класічнага і перадавога мастацтва таго часу. Як аказалася, гэта вандроўка стала першай і апошняй для мастака: пражыўшы ў Германіі 2 гады, ён прыбыў напрыканцы 1841 года ў Парыж, дзе захварэў на сухоты і памёр у дзень свайго нараджэння … На выстаўцы ўпершыню дэманструецца выпіска аб смерці Валенція Ваньковіча.

… Перад паездкай аленцій напісаў духоўнае завяшчанне на выпадак смерці, дзе шмат радкоў прысвяціў тэме выхавання і будучай адукацыі сваіх дзяцей. Жонка Анеля не пашкадавала нічога, каб спраўдзіць надзеі і заветы свайго мужа: юнакі атрымалі добрую адукацыю, прычым усе тры ва ўстановах ваеннага тыпу.

Старэйшы Адам стаў паручнікам інжынерных войскаў (частковае ўяўленне аб яго службе і жыцці да 1861 года дае дадатковы фармулярны спіс, які прысутнічае на выстаўцы). Малодшы сын Ян пасля заканчэння Пецярбургскага ляснога інстытата таксама даслужыўся да чына паручніка і працаваў у Белавежскай пушчы. сярэдні Казімір выхоўваўся ў адным з лепшых ваенных кадэцкіх карпусоў сярэдзіны XIX стагоддзя – Аляксандраўскім, які знаходзіўся ў Брэсце.

Ваенная адукацыя адыграла немалаважную ролю ў далейшым жыцці сыноў мастака – усе тры прынялі актыўны ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг., пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага.

У час паўстання Ян пад псеўданімам “Ляліва” кіраваў партызанскім атрадам на Брэстчыне, пазней яму ўдалося выехаць у Еўропу. Адам быў паўстанцкім грамадзянскім начальнікам Мінскага павета, за сваю дзейнасць быў асуджаны на пасяленне ў Сібір. Падобны лёс напаткаў і Казіміра: за ўдзел “в мятеже” яго таксама выслалі з Радзімы…

Прадстаўленыя дакументы з Нацыянальнага гістарычнага архіва дапамагаюць зірнуць на род Ваньковічаў шырэй і ўбачыць не толькі дасведчаных суддзяў і старанных гаспадароў маёнткаў, але і творчых натур, і гарачых патрыётаў беларускай зямлі ўвогуле.

Эдвард Ваньковіч (1793-1872) – вядомы памешчык, маршалак шляхты Мінскага павета, старшыня Мінскага Губернскага міравога суда, а таксама адметны і руплівы гаспадар. Філіял Нацыянальнага мастацкага музея “Дом Ваньковічаў. культура і мастацтва 1-й паловы XIX ст.” знаходзіцца ў сядзібным доме, які доўгі час належаў памешчыку Эдварду Ваньковічу. Акрамя гэтай сядзібы ў Мінску па вул. Валоскай (так раней называлася вул. Інтэрнацыянальная) ва ўласнасці Эдварда ў Мінскім і Ігуменскім паветах знаходзіліся маёнткі Зазер’е, Князёўка, Слабодка, Гарадзішча і інш. У экспазіцыі прадстаўлены дакумент з апісаннем самага вялікага з іх – маёнтка Сляпянка, у які ўваходзілі такія сяленні, як Вялікая Сляпянка, Камарўка, Сціклеў, Маляўшчына, Навіны, Зялёны луг і Рэтрэта. Тэрытарыяльна ён займаў усходнюю палову сучаснага Мінска. Сядзібны палац размяшчаўся ў Вялікай Сляпянцы (зараз гэта раён Мінска). Ён захаваўся да нашага часу па вул. Парніковай, 24 (недалёка ад Нацыянальнай бібліятэкі), а частка вялікага Камароўскага лесу з рэдкімі раслінамі ўвайшла ў склад Батанічнага сада.

Эдвард Ваньковіч вёў узорную гаспадарку, ён значна павялічыў памеры зямельных уладанняў, якія атрымаў у спадчыну. Адзін толькі маёнтак Сляпянка налічваў 196 валок, што складала каля 4300 га.

Нашчадкі Эдварда Ваньковіча паспяхова перанялі яго талент руплівага і ўдалага гаспадара. Так, яго сын Зігмунт і ўнук Пётр-Павел былі ў свій час вельмі заможнымі і ўплывовымі асобамі ў Мінскай губерні. Найбольш вядомым нашчадкам Эдварда Ваньковіча (унукам па дачцэ Ганне) быў Эдвард Вайніловіч, выдатны гаспадарчы і палітычны дзеяч Беларусі, дэпутат, член Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі, заможны памешчык Мінскай губерні, знакаміты мецэнат. Перш за ўсё, яго ведаюць як фундатара шматлікіх храмаў розных канфесій на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці, касцёла святых сымона і Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску.

Сярод дакументаў другой паловы XIX стагоддзя, прадстаўленых на выстаўцы, ёсць некалькі пашпартоў, прашэнні, купчая крэпасць, дакументы Таварыства ўзаемадапамогі роду дваран Ваньковічаў і пасямейны спіс, складзены са звестак розных гадоў. Разначтайны характар дакументаў дазваляе ўсебакова, а значыць і больш аб’ектыўна ўбачыць жыццё роду ў новай парэформеннай сітуацыі.

Некаторыя яго галіны працягваюць памнажаць свае багацці і ва ўмовах разарэння былых “дваранскіх гнёздаў”. Самыя багатыя прадстаўнікі роду (Леў Апалінар’евіч з сынамі Паўлам, Вітольдам і Львом з Шыпян і Смілавіч, Станіслаў з Рудакова, Вітольд з Калюжыц, Пётр са Сляпянкі) вырашылі падтрымаць сваіх сародзічаў і сталі заснавальнікамі таварыства ўзаемадапамогі дваран Ваньковічаў, у агульную касу якога яны ўнеслі шмат грошай, на якія маладое пакаленне магло атрымаць добрую адукацыю, а сталыя маглі годна жыць і падтрымліваць унутрысямейныя сувязі.

 

 

 

 

 


Национальный
исторический архив Беларуси

niab@solo.by
Кропоткина, 55, Минск, Беларусь