НачалоКарта сайтаОбратная связь  

Национальный
исторический
архив Беларуси


Статьи



Вольга Бабкова, загадчыца аддзела старажытных актаў
Ірына Бобер, галоўны архівіст аддзела старажытных актаў
Наталья Барсукова, галоўны архівіст аддзеа старажытных актаў

 

Нечаканыя “знаходкі” на старонках актавых кніг другой паловы XVI ст.

 

Актавыя кнігі гродскіх, земскіх, падкаморскіх павятовых, а таксама магістрацкіх судоў XVI-XVIII стст. перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Актавыя кнігі з’яўляюцца найкаштоўнейшым помнікам канцылярска-юрыдычнай пісьменнасці, дакументы якіх да сярэдзіны афармляліся пераважна на старабеларускай мове.

У аддзеле старажытных актаў НГАБ працягваецца праца па ўводу судовых актавых кніг у навуковы ўжытак: ствараюцца ўнутраныя вопісы, асабовыя і геаграфічныя паказальнікі да кожнай адзінкі захавання, пішуцца прадмовы, дзе пазначаюцца ўсе яе характэрныя адметнасці. Падчас распрацоўкі актавых кніг земскіх і гродскіх павятовых судоў XVI ст. на іх старонках быў выяўлены шэраг такіх адметнасцей.

У сшытках, куды перапісваліся ў канцылярыях судовыя акты, часам па розных прычынах заставлаліся пустыя месцы на аркушах, ці цалкам пустыя аркушы (напрыклад, пасля сканчэння запісаў, якія вяліся на адных роках, перад пачаткам іншых). Канцылярыст мог скарыстаць гэтыя пустоты на аркушах па свайму разуменню. Яны маглі быць перакрэслены, на іх падпісак мог распісваць пяро, вымалёўваючы фігуры розных канфігурацый, пакінуць уласнаручны аўтограф, малюнак, вершаваныя радкі.. . Сустракаюцца ў актавых дакументах і прыгожааздобленыя ініцыялы, застаўкі, канцоўкі, што можа сведчыць пра уплыў на адукаваных перапісчыкаў тагачаснай друкаванай кніжнай культуры. Улічваючы, што капійныя (перапісаныя) канцылярскія судовыя кнігі вяліся па строга-выпрацаваным каноне, любое адступленне ад яго з боку падпіска, любы сустрэты выяўленчы элемент на старонках актавых кніг, уяўляе цікавасць і пашырае інфармацыю як пра саму гістарычную крыніцу, так і пра светаўяўленні тагачаснага чалавека.

* * *

У актавай кнізе №12 фонда “Слонімскі земскі суд” за 1591 г на арк. 80-80 адв. знаходзіцца аўтограф перапісчыка слонімскай земскай канцылярыі Івана Суеты, які на апошнім аркушы сшытка зрабіў наступныя запісы:

арк. 80 адв.

Книги ѡтправованые в рокγ 91 через
мене Ивана Суету

Конецъ ѡтправованья

Всихъ справъ вечистых
даровъ продаж купль и закупль


цнотливыи чоловекъ кажъдыи
стреже сумненья своего завждыи
Бо цнота кажъдого цнотливого быва вывышона над злото
А не цнота быва подептана и з славою его въ блото

Błogosławieny tho człowiek każdy
kthorzy nie bywa niezboznemi zawzdy

Рыфмаваныя радкі, верагодна ўласнай творчасці, Іван Суета напісаў на старабеларускай і старапольскай мовах, што безумоўна сведчыць на карысць адукаванасці службоўцы канцылярыі, а іх дыдактычны змест можа характэрызаваць як асобу перапісчыка, так і маральна-этычны светапогляд, які меў месца ў асяродку аўтара. Асабліва, калі ўлічыць вопыт працы ў канцылярыі, дзе штодня судовыя ўраднікі сутыкаліся з праявамі нязгодаў і канфліктаў паміж людзьмі розных станаў.

* * *

Пры распрацоўцы актавай кнігі №63 Берасцейскага земскага суда на с. 374 была знойдзена выява герба берасцейскага земскага пісара Льва Пацея і прысвечаны яму верш з подпісам пана Крыштафа Пшэўлоцкага.

На жаль захавалася мала звестак пра асобу Льва Львовіча Пацея. Паводле кнігі Севярына Урускага “Rodzina. Herbarz szlachty polskiej” (1917 г.) вынікае, што Леў Пацей быў прапраўнукам Ходзькі Каранеўскага, родапачынальніка сям’і Пацеяў, праўнукам яго сына Тышкі, двараніна вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка, унукам камянецка-падольскага ляснічага Пацея, ад якога род атрымаў сваё імя. Вядома, што бацькі, гаспадарскі пісар Леў Пацеевіч і яго жонка Ганна Лазчанка (у першым шлюбе кашталянавая смаленская Дамінікавая Пацавая), мелі трох сыноў і дачку. Постаць старэйшага сына Адама, зацяняла больш сціплыя фігуры братоў Фёдара і Льва. 55-гадовы Адам Пацей (больш вядомы пад манаскім імем Іпацій) стаў адным з ініцыятараў і арганізатараў Берасцейскай уніі 1596 г., а праз тры гады атрымаў сан мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі і ўзначальваў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву да сваёй смерці ў 1613 г. Лёс яго малодшых братоў быў цесна звязаны з Берасцейскім ваяводствам. Фёдар Пацей Каранеўскі да 1586 г. займаў пасаду пісара земскага берасцейскага, пасля стаў суддзёй гэтага суда, а яго ранейшае месца пісара заняў Леў Пацей. У захаваўшыхся ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі актавых кнігах Берасцейскага земскага суда апошнія згадкі яго прысутнасці на пасадзе пісара адносяцца да студзеня-лютага 1611 г. Вядома, што Леў Пацей быў жанаты на пані Зафіі з Локніцы і, паводле Урускага, меў дачку.

Малюнак герба і верш пад ім змешчаны ў актавай кнізе паміж запісамі скончаных Трохкрольскіх рокаў і яшчэ непачатых Траецкіх. Іх аўтрам з’яўляецца служэбнік Льва Пацея і, магчыма, падпісак берасцейскага земскага суда зямянін Любельскага (Люблінскага) ваяводства Крыштаф Мацеевіч Пшэўлоцкі. Верагодна, такі від ухвалення свайго пана быў традыцыйным для таго часу. Найбольш вядомым прыкладам гэтага з'яўляецца прысвечаны гербу падканцлера ВКЛ Льва Сапегі верш паэта Андрэя Рымшы, надрукаваны ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага ў 1588 г.

Дадзеная выява герба верагодна з’яўляецца поўнай версіяй уласнага герба Льва Львовіча Пацея, на карысць чаго кажуць літары, размешчаныя вакол герба: L. P. P. Z. W. B. — Liew Paciej pisarz ziemski woiewodstwa Brzeskiego. Поле герба падзелена на чатыры часткі. Уверсе знаходзяцца выявы гербаў [“Brzuska”] і [“Szeliga”]. Унізе — “Корчак” і “Сякера”.

Nie tylko ktory philozoph y mądra osoba
     ktorego by swiat sprawy wynaszał do nieba
Miała by cie opisać swoiemi rymami
     y cnotliwych postępkow wielkiemi sprawami
Ktorymis iest obdarzon (Pocieiu) laskawy
     od Boga niebieskiego prze swe piekne sprawy
I choc by cie kto nie znał te sliczne klieynoty
     kozdemy cie ogląsza s twey przyrodney cnoty
Przetosz y ia choc iestem rękodaynie tobie
     nie przypisuiąc nad ynsze rosumu sobie
Jako mogę a toli błahemi rymami
     domu twemu wienszuię wiecznie trwac wiekami
                                                            vałe
                                                            Krzystoph Przewłocky
                                                            scpt

(пераклад блізкі да арыгінала)

Не толькі філосаф і мудрая асоба,
Якога бы справы свет узносіў да неба,
Магла бы апісаць сваімі рыфмамі
І дабрадзейных учынкаў вялікімі справамі,
Якімі адораны (Пацей) міласцівы
Ад Бога нябеснага праз свае годныя ўчынкі
І хаця бы той, хто цябе не ведаў, тыя прыгожыя кляйноты
Кожнаму цябе абвяшчаюць з тваёй прыроднай цноты
Таму і я, хаця дабравольна табе служу,
Не прыпісваючы сабе большы за іншых розум,
Як змог гэтымі благімі рыфмамі
Дому твайму жадаю існаваць вечныя часы

                                                            Vałe
                                                            Крыштаф Пшэўлоцкі
                                                            Пісаў

* * *

Цікавыя запісы з малюнкамі выяўлены ў самай ранняй актавай кнізе №1 Гродзенскага земскага суда за 1556 г. на с. 111

…Пасля абвяшчэння прыгавора па скарзе пана Станіслава Скочкі на войтавую Матысавую Пяхціцкую за невяртанне пазыкі яе мужа яго цесцю Аляксею Пакрыўніцкаму ў суме 90 коп грошай літоўскіх [1], старэйшыя судовыя ўраднікі перадалі дакумент пісару для ўнясення ў судовую кнігу з мэтай надання яму юрыдычнай моцы. Упісваючы дакумент, памочнік пісара падпісак (дз'як), па невядомай прычыне пакінуў яго недапісаным, скончыўшы словамі: «…а так мы, суди, выслухавши жалобы и отпору их тому порозумевши и обачивши тогды…».

Застаецца толькі здагадвацца, што менавіта перашкодзіла перапісчыку скончыць дакумент: магчыма, ён першапачаткова атрымаў ад пісара не ўсе аркушы дакумента, ці згубіў апошнія, магчыма ён занядужаў, ці штосьці адцягнула яго ўвагу, і ён адклаў працу на некаторы час, але да гэтага дакумента больш не вяртаўся. Відаць, пісар, які сачыў за дзейнасцю падпіскаў і нёс адказнасць за іх абмылкі, не звярнуў увагі на нескончаную працу.

Праз некаторы час да пустой паловы старонкі звярнуўся іншы падпісак (пра што сведчыць іншы колер чарніла і почырк). Зрабіўшы шматкроп'е пасля тэкста, ён пачаў маляваць на вольным месцы, робячы наступныя запісы:

Микита Борисъ
колачи в кормане ховал же их
[гараздъ] штоб их не потерал
з митраполитом киевским

То есть к[ниги] животные
Жикгимонт Август божю м(и)л(о)стю
корол полскии полскии

Книжки животные

Сенко Борыс Кузма Демя
нова [не] ходи собе николи на ноч

Живот на череве а коли еще ни
жеи черева п[о]есе так же [ ]
згωжают межи собою

Книги животные
хто их γмее чытат
муси тот много дбать

Ян […] […ич]ъ

Героямі малюнкаў і запісаў сталі два самых буйных дзеячы ў краіне: свецкі — польскі кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст і духоўны — мітрапаліт кіеўскі.

Кароль і іншыя свецкія асобы прымалі ўдзел і аказвалі ўплыў на духоўныя справы. Як раз у 1556 г. адбылася змена двух кіеўскіх мітрапалітаў. Памёр мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі Макарый II (1534-1556). Пераемніку мітрапаліта Макарыя II, яшчэ пры яго жыцці ў 1551 г. кароль Жыгімонт II Аўгуст паабяцаў кіеўскую мітраполію. Віленскі скарбнік і ключнік, ігумен Віленскага Троіцкага манастыра Стэфан Андрэевіч Вялькевіч (Бялькевіч), мала абазнаны ў багаслоўі, у сакавіку 1556 г. быў абвешчаны мітрапалітам, хаця яшчэ паўгода заставаўся ў свецкім стане і меў сваё свецкае імя. Не праходзячы ніжэйшых ступеняў царкоўнага служэння, у верасні ён прыняў манаства, стаўшы мітрапалітам кіеўскім, галіцкім і ўсяе Русі Сільвестрам.

Магчыма, запісы на старонцы актавай кнігі пакінуты не адным падпіскам. Хто такія Мікіта, Барыс, Кузьма, Сенка? Можа быць людзі са світы караля ці мітрапаліта? Загадкай засталася таксама выява на апошнім знізу малюнку: верагодна гэта выява новага мітрапаліта Стэфана Андрэевіча Вялькевіча, яшчэ на той час свецкага чалавека (таму ў яго руках адсутнічае крыж), бо на малюнку пад падолам яго адзення дробнымі літаркамі напісана — «митроп»). А можа трэба чытаць «Змитрок»? А магчыма, гэта выява самога падпіска (Яна) ці кагосьці са згаданых асобаў? Дакумент пакідае шмат пытанняў.

Аб’ядноўвае ўсе гэтыя запісы неаднакратна згаданая фраза пра «книги животные», якая звязвае выяву караля Жыгімонта II Аўгуста з выявай мітрапаліта, дзе малюнак галавы караля ўвабраны ў вялікую літару «Т»: «Тое есть к(ниги) животные», такім чынам, усталёўваючы праз гэта нейкую ўзаемасувязь паміж двума буйнымі тагачаснымі дзеячамі.

У другой палове XVI в. асабліва вялікую папулярнасць і значэнне ў хрысціянскім свеце мелі жыцці святых: перапрацоўваліся старыя тэксты і пісаліся новыя. «Книги животные» — гэта кнігі пра жыццё святых: духоўных і свецкіх асоб, кананізаваных царквой. Галоўнымі героямі жыццяў былі не проста мучанікі, а людзі, якія адрозніваліся сваім хрысціянскім светапоглядам, працай на карысць веры, за што былі ўзнагароджаны цудатворным дарам. Гэтыя кнігі былі славеснымі іконамі святых. Напэўна аўтар запісаў у актавай кнізе меў на ўвазе не столькі пазнавальнае значэнне «книг животных», колькі павучальнае, бо яны папулярызавалі этычныя нормы хрысціянства і мелі выхаваўчае значэнне. Усхваляючы памерлых, кнігі неслі ўрок жывым у духу веры і царкоўных законаў.

На пустым аркушы 245 той самай актавай кнігі Гродзенскага земскага суда выяўлены яшчэ адзін запіс, у якім падпісак выказвае абурэнне пустым абяцанкам пана і ягоным збіцці, а таксама папярэджвае наступнікаў:

Николи не служи пану на обетницу обецает а ничог(о) не дает
коли говорат обецал як пан салгалъ як пес

                                                            Грышко Ивановичъ Романовскии

Мои ласкавыи пане албо пани брате хто колвек у тог(о) пана служити ме[т]
ничог(о) не выслужит толко на кии добръ бо рад с кием часто бит

                                                            Kto to pisał boday wisał
                                                            Кто то писал бодаи вы[c]ал

Застаецца пад пытаннем згадка Грышкі Іванавіча Раманоўскага. Хто гэта быў: пан, пра які ідзе гаворка ў запісе, ці той, які павінен заняць месца аўтара?

У актавай кнізе №13 Гарадзенскага земскага суда за 1594-1595 гг. часцей, чым у іншых актавых кнігах гэтага суда сустракаюцца прыгожааздобленыя ініцыялы. Паколькі ўсе дакументы ў кнізе пачыналіся аднолькавым уступам: «Перед нами врядниками судовыми земскими…», вялікая літара “П” даволі часта ўпрыгожвалася фражскім (раслінным) арнаментам, уласцівым для аздаблення кніг XVI — першай паловы XVII стст. Ініцыял кожнага разу вымалёўваўся па-новаму, але агульным для ўсіх былі кветкі і зубчатыя лісткі, якія маглі завяршацца выявай плода. Другі ініцыял — прыгожааздобленая літара «К», распачынае загалавак у дакументах, якія вяліся на роках 1595 г.: «Книги справ господарских земских …» Для ініцыяла намаляваны зярністы фон, а сама літара акрамя лісткоў, упрыгожана жгутамі, якімі яна нібы пераплецена. Такое аздабленне ўласціва балканскаму (жгутаваму) арнаменту, які ўжываўся ў XIV—XVI стст. Усе ініцыялы нарысаваны тым жа чарнілам, якім быў напісаны тэкст.

* * *

Шэраг прадстаўленых ініцыялаў літар “П” і “Н”, а таксама роспісаў пяра на пустых старонках судовых кніг узяты з актаў “Берасцейскага гродскага суда”, “Віцебскага земскага суда”, “Магілёўскага магістрата”, “Слонімскага земскага суда”, “Берасцейскага земскага суда”.

Гл. Дадатак да артыкула. «Ініцыялы літары «П»
Гл. Дадатак да артыкула. «Ініцыялы літары «Н»
Гл. Дадатак да артыкула. «Роспісы пяра на пустых старонках судовых кніг»

 


Cпасылкі:

1. НИАБ ф.1755, оп.1, д.1, л.108-111.

 

 

 

 


Национальный
исторический архив Беларуси

niab@niab.by
Кропоткина, 55, Минск, Беларусь