Национальный |
||||
Да 150-годдзя з дня пачатку дзейнасці Віленскай археаграфічнай камісіі |
||||||||||||
Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў была створана як афіцыйная навуковая ўстанова паводле ўзору Кіеўскай археаграфічнай камісіі. Віленская камісія пачала сваю дзейнасць 12 красавіка 1864 г. у перыяд рэпрэсій царскіх уладаў пасля паўстання 1863–1864 гг. у Польшчы, Беларусі і Літве. Асноўнай мэтай дзейнасці Камісіі было абгрунтаванне аднаго з кірункаў вялікадзяржаўнай палітыкі — русіфікацыі Беларусі і Літвы. Прычыны, паводле якіх царскі ўрад не толькі дазволіў, але і фінансаваў працу Камісіі (выданні Камісіі разыходзіліся ў невялікай колькасці і сябе не акуплялі), былі выключна палітычнымі. Пасля паўстання 1863–1864 гг. урад узяў курс на максімальную русіфікацыю Беларусі, Украіны і Літвы. Асновай для гэтага павінна была паслужыць тая акалічнасць, што Беларусь, Украіна і нават Літва былі спрадвеку краінамі праваслаўнымі і рускімі. Пры гэтым царскі ўрад не прызнаваў ні беларусаў, ні ўкраінцаў у якасці асобных народаў. Найбольш пэўным паказчыкам панавання ў мінулым у гэтым краі праваслаўнага рускага насельніцтва, на думку царскіх міністраў, з’яўлялася наяўнасць праваслаўных альбо ўніяцкіх цэркваў ці хаця б якіх-небудзь згадак пра іх. Таму, рыхтуючы да выдання першых тамоў «Актаў», складальнікі, згодна з указаннем ўрада, у першую чаргу адбіралі такія дакументы, якія змяшчалі звесткі пра існаванне ў дадзенай мясцовасці праваслаўнай царквы. Праўда, даволі хутка ад гэтага правіла давялося адступіць, але і пазней царкоўным справам пры камплектаванні тамоў «Актаў» надавалася значная ўвага. У адпаведнасці з пастаўленымі задачамі падбіраліся і супрацоўнікі Камісіі. Удзельнічаць у яе працы павінны былі асобы праваслаўнага веравызнання, рускія па нацыянальнасці, крайнія манархісты, паслядоўнікі афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі. Абставіны, аднак, склаліся так, што ў Камісіі працавалі і ўкраінцы – былыя ўніяты, прынамсі першы старшыня Камісіі П.В.Кукальнік, а потым Я.Ф.Галавацкі, і нават латыш – былы пратэстант І.Я. Спрогіс. Аднак большасць супрацоўнікаў Камісіі мелі беларускае паходжанне. Узначальвалі Камісію ў першы час асобы, якія не мелі ніякага ўяўлення аб археаграфіі , але пазней на іх месца прыйшлі спецыялісты. У рабоце камісіі прымалі ўдзел П.А.Бяссонаў, Я.Ф.Галавацкі, М.I.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, Дз.I.Даўгяла, Ю.Ф.Крачкоўскі, К.I.Снітка, I.Я.Спрогіс, А.В.Турцэвіч, С.В.Шалковіч і інш. Паводле цэлага шэрагу прычын Вільня ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. стала значным цэнтрам выдання гістарычных крыніц. Да пачатку Першай сусветнай вайны ў Вільні былі сканцэнтраваны асноўныя архіўныя фонды па гісторыі Літвы і Беларусі феадальнага перыяду. За межамі Вільні заставаўся архіў Літоўскай метрыкі – дзяржаўны архіў Вялікага Княства Літоўскага. Выданне большасці актавых кніг было заснавана на дакументах Цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губерняў, дзе былі сабраны старажытныя акты да канца ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. з гарадоў і мястэчак гэтых губерняў. На працягу свайго існавання Камісія выдала 39 тамоў «Актаў», 7 несерыйных тамоў крыніц у 9 кнігах, зборнік палеаграфічных здымкаў, храналагічныя табліцы, некалькі алфавітных паказальнікаў і шэраг справаздач аб дзейнасці Камісіі. Такім чынам, за 50 гадоў сваёй дзейнасці Камісія выдала больш за 50 кніг аб’ёмам больш за 28 тысяч старонак. Больш за ўсё дакументаў, змешчаных у выданнях Камісіі, тычыцца Заходняй Беларусі. У тамах I–VII, XVII, XXI, XXII «Актаў» і ў такіх несерыйных выданнях, як «Пісцовыя кнігі» Пінскага староства і Гродзенскай эканоміі і «Рэвізія Кобрынскай эканоміі», знаходзяцца матэрыялы, якія адносяцца толькі да Заходняй Беларусі. Значная частка тамоў змяшчае дакументы пра Літву: Тамы X і XX прысвечаны гораду Вільні, у тамах VIII, IX, XXVI, XXX, XXXII сабраны дакументы Віленскага, Упіцкага, Троцкага і Вількамірскага гродскіх судоў. У двух тамах змешчаны матэрыялы па Цэнтральнай і Усходняй Беларусі: у т. XXXVI – акты Мінскага гродскага суда, у т. XXXIX – Магілёўскага магістрата. Тры тамы дакументаў (XIX, XXIII, XXVII) утрымліваюць матэрыялы пра Холмшчыну. У тамах XI, XII, XIII, XV, XVIII і XXVII знаходзяцца дакументы з самых розных раёнаў Вялікага княства Літоўскага. Тое ж можна казаць пра тамы XIV, XXV, XXXV, XXXVIII, у якіх змешчаны інвентары, і том XXXVII, прысвечаны вайне 1812 г. У тамах XXVIII і XXIX сабраны дакументы пра яўрэяў, у томе XXXI – пра татараў, у тамах XVI і ХХХIII – пра унію і гісторыю царквы (наогул матэрыялы аб царкоўных справах займаюць у гэтай серыі значна больш месца, чым гэта вынікае з назваў тамоў), у томе XXIV – акты аб баярах. Незалежна ад тэрытарыяльнага размеркавання дакументы, змешчаныя ў «Актах», тычацца галоўным чынам сацыяльна-эканамічнага ладу Беларусі і Літвы ў XVI–XVIII стст. Перавага дакументаў з Заходняй Беларусі тлумачыцца тым, што менавіта па гэтых тэрыторыях ў архіве Вільні захавалася больш за ўсё матэрыялаў. Толькі кніг Брэсцкага гродскага суда ў архіве налічвалася 124 па 500–2000 аркушаў у кожнай. Сябра камісіі М.І.Гарбачэўскі ў 1874 г. выдаў спецыяльны «Словарь древнего актового языка Северо-Западного края и Царства Польского». Археаграфічная падрыхтоўка дакументаў праводзілася самым прымітыўным чынам: перапісаны дакумент друкаваўся без каментарыяў і нават без зверкі з арыгіналам пры чытанні карэктуры. Ва ўсіх тамах «Актаў» маецца велізарная колькасць памылак друку, прычым не толькі ў тэкстах дакументаў, але і ў прадмовах. Пачынаючы з тома III Камісія замест каментарыяў стала выкладаць кароткі змест дакумента, друкуючы яго перад крыніцай. Матывавалася гэта тым, што дакументы, пісаныя не на рускай мове, для чытача незразумелыя. Аднак пазней дакументы сталі публікаваць толькі на мове арыгіналу, з перакладам у шэрагу выпадкаў лацінскіх тэкстаў. Загалоўкі дадзены амаль усюды па-руску, незалежна ад таго, ці мела апублікаваная крыніца назву ці не, і толькі ў асобных выпадках, калі дакумент быў напісаны па-старабеларуску, пакідаўся загаловак арыгінала. За выключэннем першых тамоў, у астатніх маюцца паказальнікі, асабовыя і геаграфічныя, а ў многіх – таксама слоўнікі, якія змяшчаюць тлумачэнне ўсіх старабеларускіх, польскіх і лацінскіх тэрмінаў, якія сустракаюцца ў тэксце. Такім чынам, акрамя ўсяго іншага «Акты» даюць багаты матэрыял для слоўнікаў беларускай і польскай моў. У прадмовах, якія маюцца у кожным томе, аўтары звычайна выкладалі свой пункт гледжання на той прадмет, якому прысвечаны былі дакументы тома. У выніку гэтага ў прадмовах маецца свайго роду гістарыяграфія па шэрагу пытанняў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць у рабоце камісіі, яе выданні з’яўляюцца важнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі і культуры Беларусі, гісторыі беларускай мовы. Выдаўшы, хоць бы і самым прымітыўным чынам і з вельмі тэндэнцыйным падборам, тысячы самых разнастайных дакументаў, частка якіх у ХХ ст. загінула, Камісія выканала велізарную культурную працу. На падставе гэтых публікацый напісаная вялікая колькасць прац па гісторыі Беларусі, Літвы і часткова Ўкраіны феадальнага перыяду, і наогул без «Актаў» і іншых выданняў Камісіі даследаванні па гісторыі гэтых краін у феадальную эпоху немагчыма ўявіць. Віленская археаграфічная камісія спыніла сваю дзейнасць улетку 1915 г. у сувязі з эвакуацыяй дзяржаўных устаноў з Вільні перад наступам нямецкіх войскаў. Архіўны фонд Віленскай археаграфічнай камісіі захоўваецца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве (фонд 596). Літаратура: Выставка документов |
niab@niab.by | |||