Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ізноў ідзе ў школы г. Мінска

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі працягвае комплекс мерапрыемстваў да 955-годдзя горада Мінска, Года гістарычнай памяці, 100-годдзя архіўнай службы Беларусі і рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе». 8 верасня 2022 г. работнікі архіва наведалі Мінскі дзяржаўны каледж электронікі.

Тут сярод іншых праходзяць таксама навучанне дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця – пад дэвізам «Мы не побач, мы – разам!». Дырэктар каледжа Георгій Козел правёў для архівістаў экскурсію па каледжы, падчас якой паказаў вучэбныя аўдыторыі і ўнікальныя лабараторыі, распавёў пра гісторыю ўстановы і яе спецыфіку, а таксама пазнаёміў з выкладчыкамі, якія забяспечваюць інклюзіўнасць навучання дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

У сваім прывітальным слове да навучэнцаў і настаўнікаў каледжа дырэктар НГА Беларусі Алег Воінаў распавёў пра гісторыю архіўнай справы Беларусі пачынаючы з XV стагоддзя і пра дзейнасць уласна НГА Беларусі з 1938 года, калі ён быў створаны. Ён таксама перадаў кіраўніцтву каледжа некалькі кніг, якія былі выпушчаны архівам у 2022 г. – даведнік «Национальный исторический архив Беларуси: путеводитель по фондам» і зборнік дакументаў «Минская мужская гимназия: фотографические материалы». Намеснік дырэктара НГА Беларусі, кандыдат гістарычных навук Максім Макараў падаў прысутным агульную характарыстыку фондаў архіва і звярнуў увагу на спецыфіку і ўнікальнасць іх матэрыялаў. Навуковыя супрацоўнікі НГА Беларусі, кандыдаты гістарычных навук Маргарыта Кароль і Алёна Любая правялі дэманстрацыю навучэнцам каледжа арыгіналаў дакументаў – справы аб дваранскім паходжанні роду Луцэвічаў, дзе фігуруюць продкі Янкі Купалы, генеалагічных схем, фаграфічных матэрыялаў пачатку ХХ стагоддзя, карт і планаў г. Мінска, метрычных кніг XVII–XVIII стагоддзяў і некаторых іншых.

Выступленні архівістаў і матэрыялы архіва выклікалі ў навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа непадробную цікавасць і яны задалі вялікую колькасць пытанняў па гісторыі сям’і, малой радзімы і захаванні гістарычнай спадчыны, на якія работнікі архіва далі падрабязныя адказы.

Напрыканцы свайго візіту архівісты пакінулі запіс у кнізе ганаровых гасцей і паабяцалі праводзіць аналагічныя мерапраемствы ў далейшым.

Изображение

Изображение

Изображение

 

Изображение

Изображение

Изображение

Изображение

Изображение

Изображение

Изображение

Изображение