Ян Дамель: невядомыя малюнкі. Да 240-годдзя з дня нараджэння мастака (1780–1840)

Ян Дамель – вядомы мастак першай паловы ХІХ ст. на беларускіх землях, выпускнік факультэта літаратуры і свабодных мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, стваральнік шматлікіх партрэтаў сучаснікаў, батальных сцэн і алтарных палотнаў. Аднак нягледзячы на знакамітасць імя для нас ён застаецца невядомай фігурай. Цьмяныя звесткі яго біяграфіі сталі прычынай стварэння шматлікіх міфаў і выдумак, якія і сёння лунаюць вакол асобы майстра.


Ян Дамель. Аўтапартрэт. 1828 (?) г. Нацыянальны музей у Варшаве

Дадзеная выстава адкрывае юбілейны год мастака і пачынае шэраг падзей, прымеркаваных да гадавіны нараджэння і смерці Яна Дамеля, якія закліканы развеяць міфы і ўвесці ў навуковы зварот новыя звесткі жыцця і мастацкай спадчыны слаўнага жывапісца і графіка ХІХ стагоддзя.

Ян Дамель нарадзіўся ў 1780 годзе ў Курляндыі (сучасная Латвія), дакладная дата і мясцовасць невядомыя. Вельмі часта ў літаратуры месцам нараджэння мастака памылкова называецца горад Мітава (сучасная Елгава). Згодна з дакументам, напісаным уласнаручна Дамелем [1], у Мітаве ён хадзіў у школу да 1797 года, потым выехаў у Жмудзь і на працягу аднаго года працаваў гувернёрам. На сённяшні дзень не выяўлена метрыка аб нараджэнні мастака або іншы дакумент, дзе была б пазначана дакладная дата нараджэння або, прынамсі, год. У архіўных дакументах [2] і літаратуры [3] першай паловы ХІХ стагоддзя, сустракаюцца наступныя гады — 1777, 1778, 1779, 1781 і нават 1790.


Ян Дамель. Маленне аб чашы. 1830-я гг. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Пра сям’ю Дамеля звестак яшчэ менш, чым пра дату нараджэння. Сам мастак піша, што яго бацька быў гандляром, жыў на тэрыторыі Курляндыі ў двары Беркер (верагодна, сённяшняя сядзіба Беркенэ, Латвія), пазней пераехаў у Жмудзь, жыў у Жагорах (сёння Жагары, Літва), дзе і памёр [1]. Першы біёграф і сябра Яна Дамеля Адам Шэмеш у сваіх успамінах пра мастака зазначае, што яго бацькі былі шляхетнага паходжання, дзед быў палкоўнікам саксонскіх войскаў [4], пазней гэтыя звесткі былі скажоныя ў слоўніку мастакоў Эдварда Раставецкага, дзе палкоўнікам саксонскіх войскаў названы ўжо бацька [5], і паўтараліся ў шматлікіх выданнях ХХ і ХХІ стагоддзяў [6]. Згадкі пра шляхетнае паходжанне Дамеля сустракаюцца ў рэгістры студэнтаў Віленскага ўніверсітэта [7], фармулярных спісах выкладчыкаў Віленскай губерніі [8] і дакументах Мінскага галоўнага суда ў справе па абвінавачванні Ігната Цэйзіка [9]. Сярод імёнаў крэўных вядома толькі імя бацькі – Ян [10]. Вышэйзгаданую сціплую інфармацыю можна толькі дапоўніць словамі Адама Шэмеша: “…акалічнасці яго нараджэння, выхавання, успаміны яго маладосці і нават пазнейшых гадоў нікому не вядомы” [4].

У 1799 годзе Дамель пераяжджае ў Вільню і паступае ва ўніверсітэт на курс малюнка і жывапісу да прафесара Францішка Смуглевіча, пасля смерці якога ў 1807 годзе змяніў Ян Рустэм. З прычыны адсутнасці інфармацыі пра студэнцкія гады, гэты перыяд жыцця мастака можна ўмоўна рэканструяваць па ўскосных крыніцах, што апісваюць працэс навучання ў Віленскім універсітэце. Так, студэнты навучаліся малюнку праз капіраванне гравюр і гіпсаў [11]. Лекцыі па жывапісе працягласцю паўтары гадзіны тры разы на тыдзень чытаў прафесар Смуглевіч, па малюнку два разы на тыдзень па паўтары гадзіны – ад’юнкт Рустэм [12].

Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта і здачы адпаведных іспытаў, у 1809 годзе, Ян Дамель атрымаў ступень магістра свабодных мастацтваў і пачаў выкладаць у віленскай гімназіі. Трэба адзначыць, што з падачы Адама Шэмеша [13] ва ўсіх выданнях ХІХ–ХХІ стагоддзяў Дамелю прыпісвацца званне ад’юнкта пры кафедры жывапісу Віленскага ўніверсітэта, гэту памылку ўпершыню адзначыла Каліна Бартніцка [14]. Згодна са штогадовымі імяннымі спісамі чыноўнікаў у Віленскім Імператарскім універсітэце і вучылішчах яго акругі, Ян Дамель ніколі не выкладаў на кафедры жывапісу, ён з’яўляўся настаўнікам малявання віленскай гімназіі [15].


Ян Дамель. Святая Канстанцыя. Каля 1825 г. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Падчас навучання ў Віленскім універсітэце Дамель знаёміцца з Ігнатам Цэйзікам, які першапачаткова працаваў у канцылярыі, а пазней слухаў курсы хіміі, агульнай гісторыі, французкай мовы і малявання, аднак навуковай ступені не атрымаў [16]. Прыяцельскія адносіны паміж студэнтамі перараслі ў сяброўства, якое працягвалася і пасля заканчэння навучання. Дамель выкладаў малюнак у віленскай гімназіі, Цэйзік займаўся арганізацыяй уласнай гаспадаркі ў Слуцкім павеце, бачыліся яны рэдка, таму кантакт падтрымліваўся праз ліставанне. 1811–1814 гады, бадай што, самы вывучаны перыяд жыцця мастака менавіта дзякуючы захаванай перапісцы. Сяброўскія лісты, якія сёння з’яўляюцца каштоўным скарбам для даследчыкаў, у 1815–1820 гадах падчас судовага працэсу сталі кампраматам і адной з прычын для асуджэння Дамеля на турэмнае зняволенне і ссылку ў Сібір.

Асноўнымі фігурантамі судовай справы па падробцы асігнацый выступалі Ігнат Цэйзік і яго брат Фелікс, Дамеля абвінавачвалі ў пасобніцтве (дасылаў вяленевую паперу, з якой вырабляліся фальшывыя асігнацыі) і перадачы ўласнага пашпарта для выезда за мяжу. Нягледзячы на тое, што пасобніцтва Яна Дамеля ў падробцы асігнацый не было даказана, сам мастак у гэтым не прызнаўся і Ігнат Цэйзік яго не агаварыў, пастановай сената ён быў сасланы на пасяленне ў Сібір [17].

Ссылка доўжылася два гады. Яе дакладныя даты пазначае Адам Шэмеш пры апісанні дзённіка, што Дамель пісаў для сябраў ад выезду з Мінска 13 ліпеня 1820 года і да вяртання ў той самы горад 5 кастрычніка 1822 года [18]. Дзённік змяшчаў апісанне ўражанняў, дарожных выпадкаў, малюнкі розных народаў і карыкатуры; сённяшняе месцазнаходжанне дзённіка невядома.

Пасля вяртання з Сібіры Ян Дамель вырашае пасяліцца ў Мінску. Што кіравала мастаком пры выбары месца пражывання, застаецца таямніцай. Шэмеш піша, што падчас “Мінскага” перыяду мастак не выяжджаў на далёкія адлегласці, за выключэннем падарожжа ў Санкт-Пецярбург у 1836 г., ён наведваў сваіх сяброў і знаёмых у вёсках і мястэчках [19]. Гэты час стаў найбольш плённым для Дамеля як мастака: была створана вялікая колькасць партрэтаў сучаснікаў, гістарычных карцін і алтарных палотнаў для касцёлаў.

Ян Дамель памёр ў Мінску ў 1840 годзе, дакладную дату (30 жніўня) і прычыну смерці (апаплексічны ўдар) першым у сваіх успамінах пазначыў Адам Шэмеш [19], потым гэта дата паўтаралася ў іншых выданнях і стала агульнапрынятай у навуковым асяроддзі Беларусі, Літвы і Польшчы [20]. Выяўленая ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі метрыка аб смерці мастака падае блізкую, але іншую дату смерці – 1 верасня [21]. Дамель быў пахаваны ў крыпце Мінскага Кальварыйскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа.

Ян Дамель памёр халастым, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў. Пасля яго засталася багатая мастацкая спадчына, якая размяшчалася пераважна ў прыватных калекцыях (партрэты, палотны на гістарычную тэматыку і альбомы малюнкаў) беларускай шляхты і касцёлах (алтарныя палотны). Сёння вядома месцазнаходжанне толькі лічаных карцін і графічных твораў пераважна ў музейных зборах Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі.

Арэол таямнічасці вакол асобы Дамеля створаны найперш недахопам інфармацыі аб яго жыцці, таму з’яўленне новых, нават фрагментарных звестак, звязаных з імем мастака, становіцца сапраўднай падзеяй. Дакументы Мінскага галоўнага суда 1-га Дэпартамента (Фонд 76) дазволілі не толькі запоўніць лакуны яго біяграфіі і выправіць памылкі папярэдніх даследаванняў, але і ўвесці ў навуковы зварот невядомыя раней малюнкі. Упершыню фрагменты перапіскі  Яна Дамеля і Ігната Цэйзіка з судовых спраў, а таксама інфармацыя пра невядомыя малюнкі мастака, якімі былі аздоблены яго лісты, былі апублікаваны ў 2005 г. навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Т. А. Карповіч [22].

Асноўная частка невялічкіх малюнкаў, якія змешчаны ў лістах Яна Дамеля – карыкатуры, якія зараз складана суаднесці з канкрэтнымі асобамі, пра якіх ідзе гаворка ў лісце. Трэба адзначыць, што ўся перапіска Дамеля і Цэйзіка пранізана шматлікімі гумарыстычнымі гісторыямі, падзеямі і здарэннямі з жыцця самога мастака або яго знаёмых жыхароў Вільні і аколіц. Нешта Дамель бачыў на свае вочы, нешта мог пачуць ад іншых людзей. Вышэйзгаданая акалічнасць ліставання, а таксама наяўнасць мноства карыкатур у альбомах мастака сведчаць аб дасціпнасці і тонкім пачуцці гумару. Таму можна зрабіць выснову, што аздабленне лістоў карыкатурамі было натуральным для мастака, самі ж карыкатурныя персанажы могуць быць канкрэтнымі асобамі яго атачэння або ўвасабленнем шматлікіх дасціпных аповедаў.


Мінскі Кальварыйскі касцёл, дзе пахаваны Ян Дамель. Фота Яна Балзукевіча. Пач. XX ст. Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі

Асобнай увагі заслоўговае апісанне механізма малацьбы і яго малюнак [23], якія Дамель даслаў Цэйзіку ў адказ на яго просьбу. Ліст змяшчае дэталёвыя памеры і матэрыял састаўных частак механізма і, па-сутнасці сваёй, з’яўляецца кіраўніцтвам да збору і выкарыстання, а таксама ўдакладняе нюансы, якія могуць узнікнуць падчас эксплуатацыі.

У сваіх лістах да Ігната Цэйзіка Дамель часам узгадвае пра свае творы, некаторыя ён выконваў па ўласным натхненні, некаторыя рабіў на заказ. Па шчаслівым збегу абставін сярод перапіскі, што захоўвалася ў Цэйзіка, знаходзілася і адна гравюра, выкананая гравёрам Віленскага ўніверсітэта Міхалам Падалінскім па малюнку Яна Дамеля [24]. У сваім лісце ад 29 жніўня 1813 г. мастак апісвае партрэтуемага і гравюру наступным чынам:

“…Маеш тут партрэт слаўнага Сэнт-Урсін вядомага Французскага Доктара, тыя тытулы, што пад нім напісаны – гэта яго справы, ён чартоўскі жывы… Вялікі Француз нікому не дае і роту адкрыць, размаўляе за ўсіх, нават калі б сто кабет было ў кампаніі, усіх перагаворыць; атрымаўся ён вельмі падобным, але валасы і твар занадта правільныя, не перадаў ён тую лёгкасць, што была ў маім малюнку…”[25].

Менавіта ліст Яна Дамеля да свайго прыяцеля Ігната Цэйзіка ад 29 жніўня 1813 г. дапамог у атрыбуцыі партрэтуемага, а таксама паспрыяў выяўленню дадзенай гравюры ў французкай кнізе пачатку ХІХ стагоддзя. Падобная гравюра знаходзіцца таксама ў калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве [26] і атрыбутавана як партрэт Францішка Леапольда Лафантэна (1756–1812), хірурга і вайсковага доктара Варшаўскага княства. Падобнай атрыбуцыі ў сваім артыкуле “Варшаўскія дактары ў масонскіх ложах” прытрымліваецца і Эдвард Тоўпік [27]. Аднак падрабязная згадка імені ў лісце і сам подпіс на гравюры не пакідаюць сумніваў, што гэта французкі доктар Марыя дэ Сэнт-Урсін (1763–1819), сакратар Парыжскага акадэмічнага таварыства, аўтар вядомай кнігі “Сябра жанчын” [28], якая перавыдавалася сямнаццаць разоў з 1804 да 1992 года. У выданнях пасля 1813 года ў кнізе з’явілася вышэйзгаданая гравюра Міхала Падалінскага па малюнку Яна Дамеля. Таксама вядома аб наяўнасці апісанай гравюры ў іншай кнізе Марыя дэ Сэнт-Урсін – “Этыялогія і тэрапія артрыту і вылічэнні”, 1816 г.

На сённяшні дзень вядома аб знаходжанні ў Беларусі толькі трох жывапісных палотнаў Яна Дамеля (калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь).

Прадстаўленыя на выставе малюнкі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі стануць цудоўным дадаткам да мастацкай спадчыны майстра.

 

Дзмітрый Моніч,

вядучы навуковы супрацоўнік

аддзела старажытнабеларускага мастацтва

Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

 

 

1. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 76, воп. 2, спр. 404, арк. 317 адв.

2. Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyrius. F2-DC15 L. 36-37; L. 84-85; L. 88-89; Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 567, Apr. 2, B. 312, L. 8; Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 567, Apr. 2, B. 392, L. 5.

3. Szemesz, A., Wspomnienia o Damelu // Athenaeum. – 1842. – T. 2. – S. 170; Rastawiecki, A. Słownik malarzów polskich tudzież obcych w Polsce osiadłych lub czasowo w niej przebywających. – T. 1. – Warszawa: Drukarnia S. Orgelbranda księgarza i typografa, 1850. S. 128; Biographie Universelle et portative des contemporains ou, dictionnaire historique des hommes vivants et des hommes morts depuis 1788 jusqu'a nos jours, qui se sont falt remarquer par leurs ecrits, leurs actions, leurs talents, leurs vertus ou leurs crimes; publié sous la direction de MM. Rable, Vieilh de Boisjolin et Sainte-Preuve. – Tome Deuxième. – Paris: chez l'éditeur. P. 1180.

4. Szemesz, A., Wspomnienia o Damelu // Athenaeum. – 1842. – T. 2. – S. 170.

5. Rastawiecki, A. Słownik malarzów polskich tudzież obcych w Polsce osiadłych lub czasowo w niej przebywających. – T. 1. – Warszawa: Drukarnia S. Orgelbranda księgarza i typografa, 1850. S. 128.

6. Дробов, Л.Н. Живопись Белоруссии ХІХ – начала ХХ в. Мн.: Вышэйшая школа, 1974. С. 71; Рынкевіч, У.І. Асобы і вобразы. Беларуская графіка ХІХ стагоддзя. Мн.: Беларуская асацыяцыя “Конкурс”, 2019. С. 68; Bieliński, J. Uniwersytet Wileński (1579–1831). – T. 2. – Kraków: Druk W.L. Anczyca i spółki, 1899–1900. S. 745.

7. Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyrius. F2-DC15 L. 88.

8. Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 567, Apr. 2, B. 312, L. 8; F. 567, Apr. 2, B. 392, L. 5.

9. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 76, воп. 2, спр. 390, арк. 171.

10. Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyrius. F2-KC11 L. 25; F2-KC156 L. 18; F2-KC157 L. 18; F2-DC15 L. 88; Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 567, Apr. 2, B. 312, L. 8; F. 567, Apr. 2, B. 392, L. 5.

11. Bartnicka, K. Polskie szkolnictwo artystyczne na przełomie XVIII i XIX wieku (1764–1831). – Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk: Wydawnictwo Polskiej Akademii nauk, 1971. S. 112.

12. Bieliński, J. Uniwersytet Wileński (1579–1831). – T. 2. – Kraków: Druk W.L. Anczyca i spółki, 1899–1900. S. 22–23.

13. Szemesz, A., Wspomnienia o Damelu // Athenaeum. – 1842. – T. 2. – S. 172.

14. Bartnicka, K. Polskie szkolnictwo artystyczne na przełomie XVIII i XIX wieku (1764–1831). – Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk: Wydawnictwo Polskiej Akademii nauk, 1971. S. 122.

15. Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyrius. F2-KC156 L. 18.

16. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 76, воп. 2, спр. 391, арк. 89.

17. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 76, воп. 2, спр. 390, арк. 128.

18. Szemesz, A., Wspomnienia o Damelu // Athenaeum. – 1842. – T. 2. – S. 173.

19. Szemesz, A., Wspomnienia o Damelu // Athenaeum. – 1842. – T. 2. – S. 175.

20. Беларуская савецкая энцыклапедыя – T. 4. – Мн.: Выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 1971. С. 313; Słownik artystów polskich i obcych w Polsce działających. Malarze, rzeźbiarze, graficy. – T. 2. – Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk: Wydawnictwo Polskiej Akademii nauk, 1975. S. 5; Lietuvos dailininkų žodynas artists: T. 2. – Vilnius: Kultūros, filosofijos ir meno institutas, 2012. P. 106.

21. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 741, воп. 1, спр. 35, арк. 29 (адварот).

22. Т.А. Карпович. Новые сведения о жизни и деятельности Яна Дамеля (Виленский период) // Паведамленні Нацыянальнаг мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Выпуск 6, 2005. С. 183–191; Т.А. Карпович. Яна Дамеля. Виленский период // Паведамленні Нацыянальнаг мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Выпуск 7, 2008. С. 138–169.

23. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 76, воп. 2, спр. 392, арк. 411–412.

24. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 76, воп. 2, спр. 404, арк. 175.

25. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 76, воп. 2, спр. 404, арк. 174.

26. Muzeum Narodowy w Warszawie. Numer inw. 25249 MNW.

27. E. Towpik. Lekarze warszawscy w łożach wolnomularskich. Część I: lata 1767-1821 // Nowotwory Journal of Oncology.Vol 54, №4 (2004). S. 401-416.

28. L’ami des femmes, ou lettres d’un médecin, concernant l’influence de l’habillement des femmes sur leurs moeurs et leur santé, et la nécessité de l’usage habituel des bains en conservant leur costume actuel; suivies d’un Appendix contenant des recettes cosmétiques et curatives; ornées de sept gravures en taille-douce. Par P.J. Marie de Saint-Ursin. Paris, 1804.

Аўтары-складальнікі: 
Уладзімір Дзянісаў, Дзмітрый Моніч
Год выставы: 
2020