Национальный |
||||
Паўстанне 1863-1864 гг. у дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі |
||||||||||||
ХІХ стагоддзе ў гісторыі Беларусі з’яўляецца перыядам складаным і цікавым адначасова, напоўненым супярэчлівымі з’явамі і тэндэнцыямі. Гвалтоўнасць працэсу ўключэння беларускіх зямель ў склад Расійскай імперыі выклікала існаванне і развіццё на працягу ўсяго перыяду руху за аднаўленне падзеленай Рэчы Паспалітай. Найбольш яскравымі старонкамі яго гісторыі сталі тры ўзброеныя паўстанні – 1794, 1830 1831 і 1863 1864 гг. Усе яны цярпелі паражэнне, што ў выніку прыводзіла да эвалюцыі самога руху, адна з плыняў якога ў рэшце рэшт пераўтварылася ў рух беларускі нацыянальны (у сучасным разуменні гэтага тэрміну). Паўстанні закраналі, хоць і ў рознай ступені, усе сацыяльныя слаі без выключэння. Яны ўплывалі на лёсы дзясяткаў тысяч людзей, выклікалі міграцынйыя хвалі і змены ў міжсаслоўных і міжканфесійных узаемаадносінах. Без разумення іх прычын і наступстваў немагчыма разуменне гісторыі Беларусі на тагачасным і сучасным этапах развіцця. Паўстанне 1863 1864 гг. (у польскай гістарыяграфіі – «студзеньскае» («styczniowe»)) ахапіла амаль усю тэрыторыю сучаснай Беларусі і з’явілася знакавай падзеяй яе гісторыі другой паловы ХІХ ст. Аднак да гэтага часу яно адносіцца да адной з недастаткова даследаваных праблем беларускай гістарыяграфіі. Адзіная выдадзеная на Беларусі спроба комплекснага даследавання – «1863 год на Беларусі: Нарыс падзей» аўтарства Усевалада Ігнатоўскага – была выдадзена ў 1930 г. На працягу ХІХ ХХІ стст. у Польшчы і Расіі былі выдадзены яшчэ некалькі прац, у якіх даследавалася паўстанне ў Беларусі, аўтарства Давіда Файнгаўза, Анатоля Смірнова, Стэфана Кяневіча і іншых даследчыкаў, аднак шматлікія аспекты гэтай складанай і маштабнай праблемы да гэтага часу застаюцца нераскрытыя. Адна з прычын гэтага – недастатковы ўзровень апрацоўкі факталагічнага матэрыялу і крыніцавай базы. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей – НГАБ) – найбольш буйное ў краіне сховішча дакументальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод амаль мільёну спраў, што тут захоўваюцца, некалькі тысяч асвятляюць розныя бакі паўстання 1863 1864 гг. Яны з’яўляліся падставай для напісання шматлікіх навуковых прац (артыкулаў, манаграфій), што выходзілі ў Беларусі і па за яе межамі. Некалькі разоў дакументы з НГАБ публікаваліся ў разнастайных навуковых зборніках, але ў цэлым большая іх частка да гэтага часу застаецца невядомай альбо малавядомай айчынным і замежным даследчыкам. Прадстаўленая віртуальная выстава дакументаў – гэта спроба раскрыцця багацця і разнастайнасці дакументаў па гісторыі паўстання, якія захоўваюцца ў НГАБ, што ў сваю чаргу павінна надаць даследчыкам стымул звяртацца да гэтых дакументаў і выкарыстоўваць іх у сваіх працах. Зыходзячы з гэтага, для экспанавання былі адабраны дакументы з розных фондаў. Гэта дазваляе як паказаць асноўныя комплексы, дзе змяшчаюцца дакументы па гісторыі паўстання, так і іх разнастайнасць і разнапланавасць. У фонды НГАБ трапілі ў першую чаргу фонды разнастайных расійскіх дзяржаўных устаноў. Гэта моцна паўплывала на спецыфіку дакументаў, што захоўваюцца ў архіве. Па сутнасці, праз гэтыя дакументы магчыма глядзець на паўстанне вачыма тых, хто яго падаўляў – расійскіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. У гэтых фондах засталося дастаткова мала дакументаў, створаных непасрэдна паўстанцамі. Як правіла, гэта копіі і вытрымкі з паўстанцкіх адозваў, маніфестаў і г.д. Нават паўстанцкая эпісталярыя з’яўляецца вельмі рэдкай і таму яшчэ больш каштоўнай. Таксама варта памятаць, што НГАБ захоўвае матэрыялы, якія тычацца Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У сувязі з гэтым гісторыя паўстання на іншых тэрыторыях (Віленская, Гродзенская губерні, тэрыторыі сучасных Літвы, Украіны і Польшчы) у іх адлюстраваны выключна фрагментарна і няпоўна. Арганізацыя падаўлення паўстання і мерапрыемствы расійскіх уладаў відавочныя са змешчаных на выставе разнастайных цыркуляраў віленскага генерал-губернатара і губернатараў, іх загадаў, распараджэнняў, перапіскі з расійскімі міністрамі, інструкцый аб парадку выканання службовых абавязкаў і ўвядзення той ці іншай сістэмы кіравання, і да т.п. дакументаў. Максімальна наблізіцца да паўстання ў геаграфічным і храналагічным плане дазваляюць разнастайныя рапарты расійскіх грамадзянскіх чыноўнікаў і вайскоўцаў, якія праводзілі арышты і вобыскі, удзельнічалі ў баях з паўстанцамі, назіралі за іх перамяшчэннямі і да т.п. Немалую каштоўнасць маюць у гэтым плане таксама паказанні ўдзельнікаў падзей – схопленых у палон паўстанцаў, сялянаў-сведкаў і інш. Тэксты канфірмацый прысудаў, данясенні аб іх выкананні, вытрымкі са следчых спраў даюць уяўленне пра ступень і маштабы рэспрэсій у адносінах да ўдзельнікаў паўстання. Пра гэта ж гавораць і шматлікія спісы аддадзеных пад следства і суд, схопленых у палон і сасланых асобаў, секвестраваных і канфіскаваных маёнткаў. Гэтыя ж спісы могуць быць выкарыстаны і ў генеалагічных даследаваннях, бо шматлікія ўраджэнцы Беларусі ў выніку паўстання апынуліся далёка па за межамі краіны – у эміграцыі ці ў ссылцы. Гэтыя і іншыя віды дакументаў яскрава сведчаць пра неабходнасць іх выкарыстання для ўяўлення поўнай карціны паўстання на землях Беларусі і, несуменна, будуць цікавымі не толькі для прафесійных даследчыкаў, але і для самага шырокага кола наведвальнікаў выставы. Дзмітрый Матвейчык Тэматычны пералік дакументаў да выставы
|
niab@niab.by | |||