31 мая 2024 г. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі прыняў удзел у дакументальнай выставе да ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў конкурса «Вяршыня права». Цырымонія адбылася ў гасцініцы «Рэнесанс» (прасп. Дзяржынскага, 1Е).
НГА Беларусі прадставіў на выставе дакументы XVI – пачатку ХХ стст., якія адлюстроўваюць развіццё судаводства на беларускіх землях у перыяды Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Самы старажытны дакумент адносіцца да 1597 года. Гэта запіс у актавай кнізе Брэсцкага земскага суда аб пачатку судовых рокаў (пасяджэнняў). Сярод прадстаўленых дакументаў тэкст прысягі («Клятвеннага абяцання») засядацеляў Мінскай крымінальнай і грамадзянскай палат (1837 г.), узорны праект турэмнага замка ў павятовых гарадах Беларусі (1846 г.) і шэраг іншых.
У прэзентацыі выставы ўдзельнічалі дырэктар НГА Беларусі Міхаіл Глушакоў, намеснік дырэктара Наталія Булойчык і загадчык аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Сяргей Рындзін. Матэрыялы былі адабраны вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі НГА Беларусі Уладзімірам Дзянісавым.




З 13 па 17 мая 2019 г. дэлегацыя беларускіх архівістаў пад кіраўніцтвам першага намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.А.Ледаўской знаходзілася з візітам у Нацыянальным архіве Фінляндыі (г. Хельсінкі, Фінляндская Рэспубліка). У склад дэлегацыі ўваходзілі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Д.У.Яцэвіч, намеснік дырэктара Д.В.Лісейчыкаў, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.А.Стуканава, загадчык аддзела камплектавання Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі В.Ю.Жук.