Маёнткі Слуцкага княства, якія знаходзіліся на ўсход ад Слуцка, не вылучаліся вялікай колькасцю зямянскага насельніцтва, што адрознівала іх ад іншых двароў латыфундыі (Баславічы, Вызна, Івань, Пагост, Прусы, Старчыцы), а таксама Капыльскага княства, дзе прысутнасць зямян на працягу XVII–XVIII стст. была значнай. Ва ўсходніх маёнтках найбольш выразнай наяўнасць зямян была на землях, падпарадкаваных Урэцкаму двару. Пачынаючы з інвентароў 1670-х гг., да гэтага двара адносілася вялікае зямянскае сяло Сорагі (Сорага), у якім налічвалася 70 валок і адпаведна 14 зямянскіх «коней», і некалькі больш дробных засценкаў, якія ўзніклі на працягу другой паловы XVII – XVIII ст. [43, арк. 11–12]. У маёнтках Новы Двор4 і Яромічы знаходзіліся толькі невялікія зямянскія паселішчы – адпаведна Мохарты і Мардзвінавічы (Мардзвілавічы).
У Дарогах і Скаўшыне па стане на сярэдзіну XVIII ст. зямяне наогул не фіксаваліся [29, арк. 4–5 адв.]. У выпадку Сорагаў фарміраванне зямянскай супольнасці прасочваецца яшчэ для другой паловы XVI ст. – часу, калі Слуцкім і Капыльскім княствамі валодалі апошнія пакаленні роду князёў Алелькавічаў. Гэта адлюстравана ў інвентары Слуцкага княства ад 1600 г., дзе жыхары Сорагаў вылучаны ў асобную групу, а таксама рэестры Слуцкага княства ад 1566 г. [28, арк. 7; 54, k. 64–66; 70, с. 330–331; 79]. У апошнім з іх службоўцы Алелькавічаў паказаны агулам, без падзелу па паселішчах, але прадстаўнікоў Сорагаў у ім магчыма вызначыць на падставе матэрыялаў судовага працэсу ад 1679 г. паміж Гурыновічамі і Шубамі [14, арк. 44–45], дзе рэтраспектыўна згадваліся жыхары Сорагаў, паказаныя ў рэестры ад 1566 г. […]
Автор статьи: Глінскі Яўген Станіслававіч
Должность: Намеснік загадчыка аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці
Опубликовано: Архіварыус. – Вып. 19. – Мінск: НГАБ, 2021. – С. 250–272.