У канцы ХІХ ст. у педагагічнай практыцы пачынае выкарыстоўвацца «экскурсійны метад», які прадугледжвае перадачу ведаў праз назіранне і вывучэнне аб’ектаў на месцы іх натуральнага знаходжання пры дапамозе перамяшчэння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, гэта значыць шляхам правядзення экскурсій. Прафесар Б.Я. Райкоў называў гэты метад «адным з відаў актыўна-рухальнага засваення ведаў». Як і любое іншае новаўвядзенне ён выклікаў актыўнае абмеркаванне сярод педагогаў. З’явіліся як гарачыя прыхільнікі, так і праціўнікі гэтага метаду. Першыя прапаноўвалі зрабіць экскурсіі, асабліва па прыродазнаўчых прадметах і гісторыі, асноўным метадам выкладання, а школьныя заняткі – дапаўненнем да экскурсій. Іх апаненты не бачылі ў экскурсіях адукацыйнай складальнай і разглядалі такі від працы з навучэнцамі як дадатковы кампанент, у першую чаргу выхаваўчай работы.
Нягледзячы на навізну і няпоўную распрацаванасць, у пачатку ХХ ст. экскурсіі становяцца дастаткова папулярным метадам выкладання і выхавання ў навучальных установах па ўсёй Расійскай імперыі, і звяртаюць на сябе ўвагу Міністэрства народнай асветы. 2 жніўня 1900 года Міністр народнай асветы выдае цыркуляр папячыцелям навучальных акруг (№ 20.185), у якім абавязковыя летнія работы вучняў, уведзеныя цыркулярам № 168 ад 1 студзеня 1873 года, адмяняюцца. Замест іх уводзяцца прагулкі і падарожжы. Міністр звяртае ўвагу на правядзенне, у першую чаргу, такіх мерапрыемстваў з адукацыйнымі мэтамі: «…з надзеяй, што з цягам часу, калі вопыт дасць неабходныя практычныя ўказанні, гэты матэрыял можна будзе выкарыстаць для высвятлення пытання аб тым, што магчыма належыць увесці такія прагулкі і падарожжы з больш шырокім размахам, як сродак, здольны зрабіць выкладанне ў сярэдняй школе больш жывым і наглядным» [1, с.319]. Да таго ж, ад кіраўнікоў навучальных акруг патрабавалася накіроўваць справаздачы аб праведзеных прагулках, падарожжах, экскурсіях і ўмовах іх правядзення ў Міністэрства народнай асветы.
Наступным крокам прызнання важнасці правядзення экскурсій у навучальных установах стала распараджэнне Міністра народнай асветы «Аб узнагароджанні выкладчыкаў прыродазнаўства за экскурсіі з навучэнцамі» (ад 20 лістапада 1901 года № 33.139). У дакуменце звяртаецца ўвага на значную колькасць часу, фізічнае напружанне і пэўныя асабістыя матэрыяльныя выдаткі, якія арганізатары-выкладчыкі трацяць на падрыхтоўку і правядзенне экскурсій. Згодна з гэтым «Міністэрства прапаноўвае ўстанавіць норму ўзнагароджання за кожную экскурсію ў памеры: 5 руб. за гарадскую і 10 руб. за загарадную» [1, с.323]. Звярталася ўвага на тое, што экскурсіі ў выхадныя і святочныя дні не могуць быць абавязковымі як для навучэнцаў, так і для настаўнікаў, да таго ж забаранялася праводзіць іх падчас святочных набажэнстваў. Міністэрствам прапанавалася прыкладная норма колькасці экскурсій у трох малодшых класах сярэдніх навучальных устаноў – 12 (4 восеньскія, 6 вясенніх і 2 зімовыя), з якіх 2–4 гарадскія, а 8–10 загарадныя [1, с.323]. Узнагароджанне выкладчыкаў павінна было ажыццяўляцца са спецыяльных сродкаў навучальнай установы. Неабходна адзначыць, што далёка не ўсе навучальныя ўстановы мелі такія спецыяльныя фонды. Напрыклад, многія выкладчыкі звярталі ўвагу, што
«настаўніцкія інстытуты і настаўніцкія семінарыі не маюць сваіх спецыяльных сродкаў, а ва ўстройстве экскурсій маюць патрэбу не менш іншых навучальных устаноў» [2, с.56].
Значную фінансавую палёгку ў арганізацыі дальніх экскурсій унёс прыняты 9 сакавіка 1902 г. Міністэрствам шляхоў зносін тарыф на праезд па чыгунцы навучэнцаў, якія адпраўляюцца ў адукацыйныя экскурсіі (Спецыяльны тарыф № 6900 з усімі наступнымі дапаўненнямі і змяненнямі). Дадаткам да дакумента сталі пералікі навучальных устаноў (пералік А – вышэйшыя і сярэднія, пералік Б – ніжэйшыя навучальныя ўстановы), якія мелі права карыстацца ільготамі. Згодна з новым тарыфам «навучэнцам ніжэйуказаных навучальных устаноў, якія адпраўляюцца ў арганізаваныя гэтымі навучальнымі ўстановамі экскурсіі, а таксама асобам вучэбнага персаналу, якія іх суправаджаюць, даецца магчымасць патанненага праезду ў вагонах ІІІ класа па ўсіх рускіх чыгунках, якія прымаюць агульны пасажырскі тарыф…» [3, с.201]. Кошт білетаў для іх прыраўнялі да кошту дзіцячых білетаў ІІІ класа на працягу ўсяго маршрута – ад пачатковай да канцавой станцыі. Для навучэнцаў ніжэйшых навучальных ўстаноў пры адлегласці паездкі да 50 вёрст прадугледжваўся бясплатны праезд. Яшчэ адным дадаткам да дадзенага тарыфу з’яўляліся Правілы праезду навучэнцаў, якія адпраўляліся ў адукацыйныя экскурсіі, дзе падрабязна быў прапісаны механізм афармлення неабходных дакументаў і іх узоры, а таксама інструкцыі для суправаджаючых. Пры наяўнасці вялікіх груп экскурсантаў, ім выдзяляліся асобныя вагоны, для невялікіх – асобныя купэ. Аб актыўным выкарыстанні азначанага тарыфу сярод навучальных устаноў заходніх губерняў сведчыць інфармацыя, змешчаная ў газеце «Минский листок» (№ 81 ад 5 лютага 1910 г.), у якой падрабязна тлумачацца некаторыя моманты праезду экскурсантаў і звяртаецца ўвага на магчымасць ільготнага праезду толькі для арганізаваных груп навучэнцаў. Азначаны Спецыяльны тарыф з пэўнымі змяненнямі дзейнічаў у Расійскай імперыі да 1917 г.
Згодна з патрабаваннем Міністэрства народнай асветы, навучальныя ўстановы павінны былі накіраваць запыт губернскім уладам, куды накіроўваліся экскурсанты, аб адсутнасці перашкод да іх прыезду, прыкладаць спіс удзельнікаў і пералік месц, якія планавалі наведаць. Такія запыты змяшчаюцца, напрыклад, у фондах Канцылярыі мінскага грамадзянскага губернатара (фонд 295), Канцылярыі магілёўскага грамадзянскага губернатара (фонд 2001), Канцылярыі магілёўскага грамадзянскага губернатара (фонд 1430). Практычна на кожным з іх пастаўлена рэзалюцыя аб дазволе правядзення экскурсіі і ўказанне перадаць дадзеную інфармацыю ў паліцэйскае ўпраўленне [4]. У сваю чаргу практыка арганізацыі экскурсій выклікала занепакоенасць Міністэрства унутраных спраў у сувязі з тым, што «… сярод выхаванцаў навучальных устаноў, якія ўваходзяць у лік экскурсантаў, могуць быць асобы іўдзейскага веравызнання, якія не маюць права самастойнага жыхарства і знаходжання па-за мяжой яўрэйскай аселасці». [3, с.193]. У сувязі з гэтым Міністэрства народнай асветы накіравала кіраўнікам навучальных акруг Прапанову (ад 8 мая 1908 г. № 11612) «Аб парадку зносін з губернскімі ўладамі пры ўстройстве вучнёўскіх экскурсій, у склад якіх уваходзяць яўрэі». У ёй кіраўнікам навучальных устаноў, у выпадку наяўнасці сярод экскурсантаў яўрэяў, прапаноўвалася загадзя атрымліваць у губернскіх улад дазвол на іх знаходжанне па-за мяжой яўрэйскай аселасці. Атрыманне такіх дазволаў уносіла значныя складанасці ў арганізацыю экскурсій і сур’ёзна павялічвала тэрмін яе падрыхтоўкі. Практыка паказвае, што кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі пайшло іншым шляхам і прымяняла дыскрымінацыйныя меры ў адносінах да навучэнцаў-яўрэяў. Аб гэтым сведчыць сакрэтны цыркуляр папячыцеля Віленскай навучальнай акругі ад 4 лістапада 1910 г. № 165, у якім прадпісваецца кіраўнікам сярэдніх мужчынскіх навучальных устаноў пры падрыхтоўцы дальніх экскурсій (у дадзеным выпадку ва Уладзівасток) «у выпадку паступлення заяў ад навучэнцаў-яўрэяў аб жаданні прыняць удзел у экскурсіі, такія хадайніцтвы адхіляць» [5, л. 10]. Неабходна адзначыць, што ў экскурсіі-паломніцтвы, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам законанастаўнікаў (выкладчыкаў Закона Божага), не рэкамендавалася ўключаць католікаў.
Пытанні арганізацыі школьных экскурсій, іх ролі ў адукацыйным працэсе выклікалі значную зацікаўленасць у Віленскай навучальнай акрузе, аб чым сведчаць пратаколы з’ездаў выкладчыкаў сярэдніх навучальных устаноў. На з’ездзе выкладчыкаў рускай мовы і гісторыі, які адбыўся ў сакавіку 1907 г., удзельнікі прыйшлі да высновы, што ў курсе ўсеагульнай гісторыі «звесткі па мясцовай гісторыі сапраўды маюць сваё значэнне». Падчас дыскусіі аб аб’ёмах і метадах выкладання радзімазнаўства, большасць педагогаў падзялілі меркаванне аб тым, што «вельмі карыснымі для дадзенай справы з’яўляюцца экскурсіі», і звярнулі ўвагу на неабходнасць «падымаць іх якаснае значэнне» [6, с.18]. З гэтай мэтай удзельнікі з’езду прапанавалі выкладчыкам гісторыі складаць спецыяльныя брашуры, у якіх змяшчаліся бы звесткі пра гістарычныя помнікі мясцін, куды накіроўваліся экскурсанты, а таксама дзяліцца вопытам правядзення экскурсій.
Экскурсіі сталі прадметам абмеркавання і на з’ездзе выкладчыкаў матэматыкі, фізікі, прыродазнаўства і геаграфіі (люты – сакавік 1908 г.). Падчас разгляду пытання аб арганізацыі экскурсій па геаграфіі, выкладчыкі абазначылі праблему неабходнасці стварэння асобага даведачнага аддзела пры Віленскім педагагічным музеі, дзе б сканцэнтраваліся апісанні асноўных маршрутаў, карты, даведачныя матэрыялы па экскурсійна-турыстычнай справе. Удзельнікі таксама прапанавалі аказваць матэрыяльную дапамогу для ўдзелу ў экскурсіях
«бяднейшым, але годным вучням». У завяршэнні, выкладчыкі прынялі рэзалюцыю, у якой прызналі, што: «Экскурсіі па геаграфіі карысныя і пажаданыя, так як знаёмяць навучэнцаў з іх радзімай, прывучаюць да назіральнасці і самастойнасці, а па гэтаму неабходна спрыяць іх ажыццяўленню ўсімі мерамі», і было рэкамендавана праводзіць у першую чаргу мясцовыя экскурсіі. Да таго ж у рэзалюцыі адзначалася неабходнасць пакрываць расходы кіраўнікам экскурсій за кошт сродкаў навучальных устаноў, а пры іх адсутнасці – за кошт акружных сродкаў. Таксама ў дакуменце зафіксавана прапанова стварыць даведачны аддзел пры Віленскім педагагічным музеі, куды б маглі звяртацца за дапамогай арганізатары экскурсій, а кіраўнікам навучальных устаноў населеных пунктаў, куды накіроўваюцца экскурсанты, аказваць ім магчымае садзейнічанне [2, с.56].
Тэма арганізацыі экскурсій для навучэнцаў была разгледжана і на пасяджэннях камісіі пры Упраўленні Віленскай навучальнай акругі па пытанні аб мерах садзейнічання фізічнаму, маральнаму і разумоваму развіццю навучэнцаў (кастрычнік 1908 г.). Трэба адзначыць, што яна выклікала гарачыя дэбаты сярод членаў камісіі. Прызнаўшы «…важнае значэнне экскурсій, як для фізічнага развіцця навучэнцаў, так і для іх разумовага і маральнага развіцця», дыскусійным стала абмеркаванне пытанняў аб працягласці экскурсій, колькасці ўдзельнікаў, матэрыяльных выдатках, заахвочванні арганізатараў і кіраўнікоў экскурсій. Старшыня камісіі выказаўся за першачарговае правядзенне бліжніх, мясцовых экскурсій, так як яны «прыносяць несумненную карысць арганізму дзяцей і будуць служыць дапаўненнем да вучэбных прадметаў, даючы магчымасць тэарэтычныя звесткі праверыць на практыцы, будуць пашыраць кругагляд і паглыбляць веды навучэнцаў» [7, с.7]. Яго падтрымала частка выкладчыкаў, якая адзначыла, што дальнія экскурсіі патрабуюць значных матэрыяльных унёскаў (30–40 рублёў), якія могуць сабе дазволіць нямногія бацькі, а большасць вучняў не мае магчымасці прыняць у іх удзел, і таму экскурсіі на далёкія адлегласці маюць элітны характар. Да таго ж, прыхільнікі мясцовых экскурсій звярнулі ўвагу на тое, што падчас дальніх экскурсій навучэнцы вельмі стамляюцца ад шматлікіх пераездаў і велізарнай колькасці новай інфармацыі: «маюць вялы, маркотны выгляд», падрываецца дысцыпліна сярод экскурсантаў: «часта можна бачыць экскурсанта з папяросай у зубах, а то і са шклянкай піва ў руках ля вакзальнага буфета» [7, с.9]. Настаўнікі, якія арганізавалі ўжо не адну экскурсію далёка за межы беларускіх губерняў, на аснове свайго вопыту пастараліся ўпэўніць сваіх апанентаў у неабходнасці і эфектыўнасці дальніх экскурсій. Яны звярнулі ўвагу на тое, што большасць праблем у дальніх падарожжах узнікае ад няправільнай іх падрыхтоўкі і арганізацыі, а парушэнні дысцыпліны не залежаць ад працягласці экскурсій. Таксама нагадалі сваім калегам, што навучэнцы-экскурсанты плацяць толькі ¼ частку ад поўнага кошту білета і пакуль ёсць магчымасць, гэтай ільготай неабходна карыстацца, тым больш што для навучэнцаў сельскіх населеных пунктаў і маленькіх павятовых гарадоў гэта практычна адзіная магчымасць пабачыць свет. У выніку была прынятая пастанова аб пажаданасці як бліжніх (мясцовых), так і дальных экскурсій.
Па пытанні заахвочвання арганізатараў і кіраўнікоў экскурсій члены камісіі былі больш згоднымі паміж сабой. Бяручы да ўвагі што: «…экскурсіі будуць новай цяжкай працай для выкладчыкаў», якая патрабуе значнай падрыхтоўкі, ахвяравання сваім вольным часам, матэрыяльных выдаткаў, камісія пастанавіла «прызнаць неабходным узнагароджваць выкладчыкаў за працу па арганізацыі экскурсій… і хадайнічаць перад Папячыцелем навучальнай акругі аб выпрацоўцы норм гэтага ўзнагароджання» [7, с.14].
На наступным пасяджэнні камісія вярнулася да тэмы экскурсій і вырашыла дапоўніць пастанову аб экскурсіях інфармацыяй аб часе іх правядзення. У сувязі з прадстаўленнем Міністэрствам народнай асветы (цыркуляр ад 15 жніўня 1902 г.) выкладчыкам гісторыі і прыродазнаўчых дысцыплін права выкарыстання для экскурсій сваіх вучэбных гадзін, ім дазволілі праводзіць навучальныя экскурсіі ў буднія дні (да сямі дзён на працягу вучэбнага года). Астатнія экскурсіі павінны праводзіцца толькі ў вольныя ад заняткаў дні (выхадныя і святочныя), а дальнія – толькі падчас канікул [7, с.18].
Кожная навучальная ўстанова распрацоўвала гадавы план правядзення экскурсій, а таксама абмяркоўвала план практычна кожнай экскурсіі на педагагічным савеце, пратаколы якіх перадаваліся кіраўнікам адукацыі з просьбай аб дазволе на яе правядзенне. Не сталі выключэннем у экскурсійнай дзейнасці і гады Першай сусветнай вайны, адзінае, што было рэкамендавана кіраўніцтвам навучальнай акругі – засяродзіцца на мясцовых экскурсіях без выкарыстання чыгунак. Так калектыў Віцебскай мужчынскай гімназіі ў 1916 г. запланаваў правядзенне больш 2-х дзясяткаў адукацыйных экскурсій (на мясцовыя фабрыкі і заводы, электрычную станцыю, пасеку) і экскурсій- паломніцтваў у манастыры вакол горада [8, л.32].
У абмеркаванне пытанняў неабходнасці правядзення экскурсій уключыліся і бацькоўскія камітэты. На сваім пасяджэнні бацькі Віцебскай мужчынскай гімназіі выказалі меркаванне, што «найбольш станоўчымі сродкамі для выхавання маральнай устойлівасці навучэнцаў з’яўляюцца меры, якія адцягваюць ад гультайства, служаць здаровым адпачынкам, умацоўваюць фізічна і маральна: гульні на паветры, карысныя чытанні і заняткі музыкай, адукацыйныя экскурсіі і ваенныя прагулкі» [8, л.5732]. Бацькоўскі камітэт Мінскай мужчынскай гімназіі прыйшоў да высновы, што «з мэтай памяншэння
праступкаў і грубага абыходжання паміж вучнямі неабходна праводзіць пад наглядам класных настаўнікаў розныя разумныя забавы – музычныя і літаратурныя вечарыны, гульні, адукацыйныя і пазнавальныя экскурсіі» [9, л. 244]. Большасць бацькоўскіх і папячыцельскіх камітэтаў падтрымалі ініцыятыву аказання матэрыяльнай дапамогі вучням, бацькі якіх былі не ў стане аплаціць экскурсію сваім дзецям. Напрыклад грошы на ўдзел навучэнцаў Гомельскай мужчынскай гімназіі ў падарожжы ў Туркестанскі край сабралі шляхам правядзення дабрачынных паэтычных і музычных вечарын.
Тэма правядзення школьных экскурсій найшла сваё адлюстраванне ў прэсе, у першую чаргу ў газетах і часопісах Міністэрства народнай асветы і Віленскай навучальнай акругі. На іх старонках ішло абмеркаванне пытанняў эфектыўнасці выкарыстання экскурсій у навучальным і выхаваўчым працэсе, змяшчаліся справаздачы аб праведзеных экскурсіях, ішоў абмен вопытам. Найбольшая колькасць такіх публікацый размяшчалася ў часопісе «Народнай адукацыі ў Віленскай навучальнай акрузе» (спачатку дадатак да «Цыркуляра па кіраванню Віленскай навучальнай акругай», потым асобны часопіс). Так у № 4 за 1902 г. была надрукавана справаздача экскурсіі Мсціслаўскага гарадскога вучылішча на мясцовы цагельны завод у рамках урокаў фізікі [10]. У № 1 за 1904 г. было размешчана апісанне экскурсій навучэнцаў Маладзечненскай настаўніцкай семінарыі ў Кіеў [11], а ў № 6 за 1905 г. – Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі ў Маскву [12]. Экскурсія Сакольскага гарадскога вучылішча ў Вільню і Трокі ў 1907 г. [13], экскурсія-паломніцтва Брэстскай жаночай гімназіі ў Яблачынскі манастыр (1910 г.) [14] таксама былі прадстаўлены ў часопісе. Інфармацыя аб экскурсійнай дзейнасці ў беларускіх губернях змяшчалася і ў агульнарасійскіх педагагічных выданнях, напрыклад часопісе «Народная асвета» – выданні Вучылішчнага Савета пры Свяцейшым Сінодзе (экскурсія выхавальніц Яновіцкай двухкласнай жаночай школы ў Санкт-Пецярбург, вучняў Ізяслаўскай двухкласнай школы ў Маскву і інш.) [15]. Некаторыя кіраўнікі навучальных устаноў, арганізатары экскурсій накіроўваюць ў сродкі масавай інфармацыі просьбы размясціць матэрыял з апісаннем праведзеных экскурсій з мэтай іх папулярызацыі. Сярод іх кіраўнік Новасвержаньскага двухкласнага сельскага вучылішча, які звярнуўся ў часопіс
«Народная асвета» з просьбай размясціць апісанне паездкі ў Маскву настаўнікаў Мінскай губерні ў сакавіку 1912 г. [5, л.86].
Не астаюцца ў баку і мясцовыя выданні. Справаздачы аб экскурсіях, якія праводзяцца навучальнымі ўстановамі, друкуюцца ў неафіцыйных частках губернскіх ведамасцяў, напрыклад «Віцебскія губернскія ведамасці» № 90 ад 20.04.1908, № 126 ад 06.06. 1909 і інш.
Апісанні найбольш значных падарожжаў выходзілі асобнымі выданнямі. У 1903 г. у Санкт-Пецярбургу была надрукавана кніга А. Палтарацкага
«Старым варажскім шляхам», прысвечаная арганізаванаму ім рачному падарожжу для полацкіх кадэтаў у 1901 г. Яно доўжылася тры тыдні, за якія ўдзельнікі прайшлі на зробленай уласнымі рукамі шлюпцы 425 км ад Полацка да Рыгі [16]. Не меншую цікавасць мела «Апісанне экскурсіі выхаванцаў сярэдніх навучальных устаноў Віленскай навучальнай акругі ў Туркестанскі край», якое ўбачыла свет у 1912 г. Яно складзена кіраўніком групы С.І. Мядзведзевым на аснове журнала, які вялі на працягу падарожжа, і асабістых дзённікаў навучэнцаў. На працягу 41 дня экскурсанты праехалі 10002 вярсты, наведалі і апісалі амаль дваццаць гарадоў у розных рэгіёнах Расійскай імперыі [17].
Аб зацікаўленасці кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі ў адукацыйным турызме сведчыць выданне ў 1911 г. «Апісання экскурсій навучэнцаў Віленскай навучальнай акругі за 1910 год», складзенае па даручэнні папячыцеля А.І. Шастовым (дырэктар Дзвінскай настаўніцкай семінарыі). Матэрыялам для напісання паслужылі справаздачы аб праведзеных экскурсіях, якія навучальныя ўстановы павінны былі дасылаць ва Упраўленне навучальнай акругі. Аўтар звяртае ўвагу, што апісанне няпоўнае, так як частка справаздач прадстаўленая не была: «у рэальнасці экскурсій было значна больш». А.І. Шастовў падзяляе ўсе экскурсіі навучэнцаў Віленскай вучэбнай акругі на тры групы: паломніцтвы, адукацыйныя экскурсіі, прагулкі (рэкрэацыйныя, спартовыя, забаўляльныя), якіх за 1910 г. было праведзена звыш 200. Апрача справаздач і статыстычных матэрыялаў, кніга ўтрымлівае узоры распрацоўкі экскурсій, фінансавых разлікаў, і метадычныя рэкамендацыі [3].
Такім чынам, нягледзячы на дыскусійны характар месца і ролі экскурсій у жыцці навучальных устаноў, экскурсійна-турыстычная дзейнасць у пачатку ХХ ст. паступова станавілася часткай адукацыйна-выхаваўчага працэсу ў Віленскай навучальнай акрузе. Экскурсійны метад выкладання заваёўвае вартае месца ў педагагічнай практыцы. У педагагічных кругах ідзе актыўнае абмеркаванне пытанняў арганізацыі адукацыйных экскурсій, абмен вопытам, распрацоўка метадычных парад, напісанне спецыяльнай літаратуры. Правядзенне вучнёўскіх экскурсій у цэлым атрымала падтрымку з боку кіраўніцтва навучальнай акругі, хаця і мела некаторыя абмежаванні, якія былі абумоўлены грамадска-палітычнай сітуацыяй, рэлігійнымі і нацыянальнымі абмежаваннямі ў адносінах да пэўных груп насельніцтва. Да турыстычна- экскурсійнай дзейнасці станоўча ставіліся бацькоўскія камітэты, яна знайшла адлюстраванне ў сродках масавай інфармацыі. Усё пералічанае сведчыць аб тым, што ў гэты час закладаюцца асновы будучага масавага адукацыйнага турызму ХХ ст.
Спіс выкарыстанай літаратуры:
- Педагогический ежегодник. Школьные экскурсии, их значение и организация: сб. ст. / Санкт-Петербургское лесное коммерческое училище ; под ред. Б.Е. Райкова. – СПб : тип. Б.М. Вольфа, 1910. – 333 с.
- Съезд преподавателей математики, физики, естествознания и географии средних учебных заведений Виленского учебного округа. – Вильна : тип. А.Г. Сыркина, 1908. – 79 с.
- Шестов, А. И. Описание экскурсий учащихся Виленского учебного округа за 1910 г. / А. И. Шестов. – Вильна : изд. упр. Виленского учеб. окр., 1911. – 238 с.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Ф. 295. Воп. 1. Спр. 8135.
- Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў (ЛДГА). – Ф. 567. Воп. 1. Спр. 2010.
- Съезд преподавателей русского языка и истории средних учебных заведений Виленского учебного округа. – Вильна : тип. А.Г. Сыркина, 1907г. – 68 с.
- Протоколы заседаний Комиссии при управлении Виленского учебного округа по вопросу о мерах содействия физическому, нравственному и умственному развитию учащихся. – Вильна : тип. А.Г. Сыркина, 1907. – 171 с.
- НГАБ. – Ф. 2554. Воп. 1. Спр. 1230.
- НГАБ. – Ф. 466. Воп. 1. Спр. 110.
- Сергеев, И. Экскурсия учеников Мстиславского городского училища / И. Сергеев // Народное образование Виленском учебном округе: приложение к Циркуляру по управлению Виленским учебным округом. Вильна : тип. Русский почин, 1902. – № 4. С. 169–170.
- Русецкий, А. Экскурсия воспитанников Молодечненской учительской семинарии в г. Киев (12–20 июня 1903 г.) /А. Русецкий // Народное образование Виленском учебном округе: приложение к Циркуляру по управлению Виленским учебным округом. Вильна : тип. А.Г. Сыркина, 1904. – № 1. С. 11– 16.
- Лавров, Г.П. Описание экскурсии воспитанников Несвижской учительской семинарии в Москву, составленное преподавателем Г.П. Лавровым / Лавров Г.П. // Народное образование Виленском учебном округе: приложение к Циркуляру по управлению Виленским учебным округом. Вильна : тип. А.Г. Сыркина, 1905. – № 6. С. 169–170.
- Малинин, А.Н. Экскурсия учеников Сокольского городского училища / А.Н. Малинин // Народное образование Виленском учебном округе: приложение к Циркуляру по управлению Виленским учебным округом. Вильна : тип. Артель печатного дела, 1907. – № 1. С. 37–39.
- Товаров, С. Экскурсия-поломничество учениц Брестской женской гимназии в Яблочинский монастырь (12 сентября 1910 г.) / С. Товаров //Народное образование Виленском учебном округе: педагогический журнал при Управлении Виленским учебным округом. Вильна : тип. А.Г. Сыркина, 1910. – № 4. С. 29–38.
- Еланская, В. Школьная поездка в Петербург / В. Еланская // Народное образование. – 1908. – Том 2, № 6. – С. 153–169.
- Сущинский, П. Школьная поездка в Москву (из жизни Изяславской второклассной школы) / П. Сущинский // Народное образование. – 1908. – Том 2, № 6. – С. 170–176.
- Полторацкий, А. Старым варяжским путем / А. Полторацкий. – СПб : тип. М.М. Стасюлевича, 1903. – 121 с.
- Медведев, С.И. Описание экскурсии воспитанников средних учебных заведений Виленского Учебного Округа в Туркестанский край / С.И. Медведев. – Ковно : тип. И. Задворянского, 1912. – 176 с.