11 красавіка 2019 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адбылася сустрэча прадстаўнікоў архіўнай службы Рэспублікі Беларусь на чале з першым намеснікам дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.А.Ледаўской з дэлегацыяй Агенцтва Злучаных Штатаў Амерыкі па міжнародным развіцці на чале з намеснікам адміністратара Агенцтва, Кіраўніком Бюро па справах Еўропы і Еўразіі сп. Б.Бірманам з удзелам паверанага ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь сп. Дж.Мур.
У ходзе сустрэчы былі абмеркаваны пытанні магчымага беларуска- амерыканскага супрацоўніцтва ў архіўнай сферы, сумесных праектаў па алічбоўцы дакументаў. Дырэктар НГА Беларусі Д.У.Яцэвіч азнаёміў гасцей з вопытам работы архіва па правядзенні генеалагічных даследаванняў, дынамікай алічбоўкі дакументаў канца XIV – пачатку XX стст. з фондаў архіва, перспектывамі арганізацыі онлайн-доступу да дакументаў архіва.
Прысутныя на сустрэчы прадстаўнікі амерыканскай некамерцыйнай грамадскай арганізацыі «FamilySearch International» перадалі беларускім архівістам лічбавыя копіі дакументаў, якія былі змікрафільмаваны ў межах ранейшага супрацоўніцтва гэтай арганізацыі з архіўнай службай Рэспублікі Беларусь.
Амерыканскім гасцям былі ўручаны апошнія навуковыя выданні архіва.





З 13 па 17 мая 2019 г. дэлегацыя беларускіх архівістаў пад кіраўніцтвам першага намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.А.Ледаўской знаходзілася з візітам у Нацыянальным архіве Фінляндыі (г. Хельсінкі, Фінляндская Рэспубліка). У склад дэлегацыі ўваходзілі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Д.У.Яцэвіч, намеснік дырэктара Д.В.Лісейчыкаў, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.А.Стуканава, загадчык аддзела камплектавання Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі В.Ю.Жук.