Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі сумесна з Музеем палаца караля Яна ІІІ у Вілянаве (г. Варшава, Рэспубліка Польшча) выпушчаны 1-шы том выдавецкай серыі «Monumenta Sobesciana» пад назвай «Лісты Марыі Казіміры з Архіва Сабескіх у Алаве, т. 1: лісты да сыноў за 1696–1704 гг.»
Кніга ўтрымлівае 62 прыватныя лісты каралевы Марыі Казіміры Сабескай з фонда «Архіў Сабескіх у Алаве», які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Лісты да сыноў, напісаныя з Варшавы, Венецыі, Вены, Гданьска, Жоўквы, Львова, Рыма праліваюць святло на прыватнае жыццё каралеўскай сям’і і палітычную барацьбу вакол змагання за манаршы сталец Рэчы Паспалітай у канцы XVII – пачатку XVIII ст.
Апрацоўка, пераклад дакументаў з французскай мовы і іх навуковае рэдагаванне здзейснена доктарам Ганнай Лейк і доктарам Янам Ежы Совам.
Выданне паўстала ў выніку сумеснай працы Архіва і Музея ў межах рэалізацыі падпісанага Пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы навуковага выкарыстання дакументальнай спадчыны роду Сабескіх.



З 13 па 17 мая 2019 г. дэлегацыя беларускіх архівістаў пад кіраўніцтвам першага намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.А.Ледаўской знаходзілася з візітам у Нацыянальным архіве Фінляндыі (г. Хельсінкі, Фінляндская Рэспубліка). У склад дэлегацыі ўваходзілі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Д.У.Яцэвіч, намеснік дырэктара Д.В.Лісейчыкаў, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.А.Стуканава, загадчык аддзела камплектавання Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі В.Ю.Жук.