У выніку працы па выяўленні дакументаў па гісторыі Беларусі ў архівах, бібліятэках і музеях замежжа Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі былі атрыманы лічбавыя копіі актавай кнігі Клецкага замкавага суда за 1596–1598 гг. з аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Навуковай бібліятэкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава. Гэтыя дакументы дазваляюць запоўніць прабел у захаванасці актавай судовай дакументацыі цэнтральных зямель Вялікага Княства Літоўскага канца XVI ст. Звесткі, якія яны ўтрымліваюць, паслужаць асновай для навуковых і краязнаўчых даследаванняў. У хуткім часе лічбавыя копіі кнігі будуць даступны даследчыкам у чытальнай зале архіва.
Атрыманне дадзеных копій з’яўляецца працягам абмена лічбавымі копіямі паміж архіўнымі і бібліятэчнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Знешні выгляд вокладкі і першы аркуш актавай кнігі Клецкага
замкавага суда за 1596–1598 гг.

Знешні выгляд вокладкі і першы аркуш актавай кнігі Клецкага
замкавага суда за 1596–1598 гг.

З 13 па 17 мая 2019 г. дэлегацыя беларускіх архівістаў пад кіраўніцтвам першага намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.А.Ледаўской знаходзілася з візітам у Нацыянальным архіве Фінляндыі (г. Хельсінкі, Фінляндская Рэспубліка). У склад дэлегацыі ўваходзілі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Д.У.Яцэвіч, намеснік дырэктара Д.В.Лісейчыкаў, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.А.Стуканава, загадчык аддзела камплектавання Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі В.Ю.Жук.