Да Дня горада Мінска Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі падрыхтавана і размешчана на сайце архіва віртуальная выстава, прысвечаная пачатковай гісторыі грамадскага транспарту ў горадзе Мінску, а менавіта функцыянаванню ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя конна-чыгуначнай дарогі (конкі).
На выставе прадстаўлены дакументы, якія раскрываюць працэс будаўніцтва конкі і ўвядзення яе ў эксплуатацыю, адлюстроўваюць асаблівасці яе існавання ў 1886–1918 гадах. Дадзеныя матэрыялы адрозніваюцца вялікай разнастайнасцю: на выставе дэманструюцца кантракты і дагаворы аб пабудове конна-чыгуначнай дарогі; планы, чарцяжы і тлумачальныя запіскі да праекта будаўніцтва і наступнага падаўжэння конкі; расклады руху; спісы асоб, якія забяспечвалі дзеянне першага мінскага рэгулярнага транспартнага сродку.
Аўтар-складальнік: вядучы навуковы супрацоўнік Уладзімір Дзянісаў.
Азнаёміцца са зместам выставы можна тут.

29 мая 2019 г. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі наведала дэлегацыя архівістаў Рэспублікі Мальта ў складзе кіраўніка Нацыянальнага архіва Мальты доктара Чарльза Фаруджы і загадчыка кафедры бібліятэказнаўства, інфарматыкі і архівазнаўства факультэта медыя і навук аб ведах Універсітэта Мальты прафесара Уільяма Замміта.