Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі падрыхтавана і размешчана на сайце архіва віртуальная выстава «Барацьба з праявамі карупцыі на беларускіх землях у XIX-пачатку ХХ стагоддзя (па матэрыялах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі)». Яна ўключае дакументы за 1829-1913 гг., якія ўтрымліваюць мноства прыкладаў карупцыйных дзеянняў у апараце кіравання Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Сярод правапарушэнняў пераважала хабарніцтва. Прадстаўленыя дакументы асвятляюць меры губернскіх уладаў па расследаванні і прафілактыцы праяў карупцыі.
Выяўленне і адбор матэрыялу па гэтай тэме праведзены вядучымі навуковымі супрацоўнікамі НГА Беларусі Аксанай Зянько, Уладзімірам Дзянісавым і намеснікам загадчыка аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці НГА Беларусі Яўгенам Глінскім.
Азнаёміцца са зместам выставы можна тут.

З 13 па 17 мая 2019 г. дэлегацыя беларускіх архівістаў пад кіраўніцтвам першага намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.А.Ледаўской знаходзілася з візітам у Нацыянальным архіве Фінляндыі (г. Хельсінкі, Фінляндская Рэспубліка). У склад дэлегацыі ўваходзілі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Д.У.Яцэвіч, намеснік дырэктара Д.В.Лісейчыкаў, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.А.Стуканава, загадчык аддзела камплектавання Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі В.Ю.Жук.