У выніку працы па выяўленні дакументаў у архівах культавых устаноў супрацоўнікамі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі быў апісаны архіў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.
13 верасня 2021 года намеснікам дырэктара НГА Беларусі Д.В. Лісейчыкавым і загадчыкам аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм М.Т. Скіданавай быў апрацаваны парафіяльны архіў Будслаўскага касцёла, у якім утрымліваюцца дакументы з 1731 да канца 1930-х гг., у тым ліку спаведныя ведамасці (т.зв. «status animarum») за 1826–1933 гг.
З ксяндзом-пробашчам парафіі Дзмітрыем Дубовікам была дасягнута дамоўленасць аб вырабе лічбавых копій названых дакументаў і перадачы копій у НГА Беларусі.


З 13 па 17 мая 2019 г. дэлегацыя беларускіх архівістаў пад кіраўніцтвам першага намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.А.Ледаўской знаходзілася з візітам у Нацыянальным архіве Фінляндыі (г. Хельсінкі, Фінляндская Рэспубліка). У склад дэлегацыі ўваходзілі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Д.У.Яцэвіч, намеснік дырэктара Д.В.Лісейчыкаў, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.А.Стуканава, загадчык аддзела камплектавання Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі В.Ю.Жук.