
Людзі па-рознаму распараджаюцца часам, адпушчаным ім на жыцьцё. За аднолькавую колькасць пражытых гадоў хтосьці паспявае зрабіць вельмі шмат, а каму няма пра што ўспомніць.
Іван Васільевіч Рошчын пражыў свае гады годна, пакінуўшы пасля сябе добрую памяць. Ён нарадзіўся ў 1908 г. у звычайнай сялянскай сям’і, у вёсцы Віхляеўка Байчураўскага (цяпер Барысаглебскага) раёна былой Варонежскай губерні. Яго бацька Васіль Іларыёнавіч, у мінулым парабак, з 1913 г. працаваў шахцёрам у Данбасе, адкуль у 1914 г. з пачаткам Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў дзеючую армію. Быў двойчы паранены, патрапіў у палон і знаходзіўся ў Балгарыі, адкуль вярнуўся ў 1921 г.
Пераехаўшы з сям’ёй у Сталінградскую вобласць, І.В. Рошчын працаваў на розных пасадах у сельгаскамуне, адслужыў два гады ў арміі ў кавалерыйскіх войсках.
Іван Васільевіч у верасні 1936 г. паступіў на рабфак Наркамата лёгкай прамысловасці ў Маскве, які скончыў у ліпені 1939 г. Потым па спецнаборы паступіў на педфак Ваенна-палітычнай акадэміі ім У.І. Леніна, які ў 1940 г. быў рэарганізаваны ў Вышэйшы ваенна-педагагічны інстытут Чырвонай арміі імя М. Калініна ў Маскве, дзе вучыўся на аддзяленні ўсеагульнай гісторыі і гісторыі міжнародных адносін.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны 3 ліпеня 1941 г. ён датэрмінова скончыў інстытут і быў накіраваны ў дзеючую армію. Іван Васільевіч прайшоў усю вайну, ваяваў спачатку на Паўночна-Заходнім, потым на 2-м Беларускім фронце. Быў чатыры разы паранены, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай зоркі, ордэнам Чырвонага сцяга, медалямі СССР «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «ХХ гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», «ХХХ гадоў Савецкай арміі і флота» і інш., двума польскімі медалямі – «Medal Zwycięstwa i Wolności» («Медаль перамогі і свабоды»), «Medal Za Odrę, Nysę i Bałtyk» («Медаль за Одэр, Нэйсе і Балтыку)» і чэхаславацкай «Dukelská pamětní medaile» («Дукельскі памятны медаль»). Яго ўзнагароды перададзены на захоўванне ў Музей Вялікай Айчыннай вайны.
Вайну Іван Васільевіч скончыў у траўні 1945 г. на рацэ Эльбе каля горада Торгау, удзельнічаў у сустрэчы з амерыканскімі войскамі. Гэтая сустрэча стала завяршальным этапам баявых дзеянняў узброеных сіл антыгітлераўскай кааліцыі ў Еўропе.
Адным з фотакарэспандэнтаў, якія здымалі сустрэчу, быў А.С. Шайхет, франтавы карэспандэнт, вядомы савецкі фатограф, майстар дакументальнай фатаграфіі. Частку фатаграфій ён перадаў І.В. Рошчыну, да канца 1960-х гг. яны захоўваліся ў яго сям’і. На добра захаваных фатаграфіях былі паказаны савецкія і амерыканскія афіцэры, на адваротным баку подпіс: «Сустрэча на Эльбе». У канцы 1960-х гг. ён перадаў некаторыя з іх у Валгаградскі краязнаўчы музей. Пасля яго смерці ўдава перадала астатнія здымкі і некаторыя дакументы і памятныя рэчы ў гэты ж музей. Супрацоўнікі музея сабралі аб ім дакументальны і фатаграфічны матэрыял, які зараз з’яўляецца часткай музейнай калекцыі.
Пасля вайны І.В. Рошчын застаўся ў арміі, з 1951 г. па 1956 г. служыў у Паўночнай групе савецкіх войскаў у г. Легніца (раней г. Лігніц, на захадзе Польшчы). Падчас службы ў Легніцы ён садзейнічаў перадачы ў Беларусь выратаваных кніжных фондаў.
Фашысцкімі войскамі з акупаваных краін, апрача іншых каштоўнасцей, была вывезена ў Германію вялізная колькасць грамадскіх і прыватных бібліятэк. Вялікі масіў кніг трапіў у г. Масловіцы (Польшча). Палітупраўленне Паўночнай групы войскаў паслала брыгаду з 15 чалавек, якой на працягу двух з паловай месяцаў была праведзена разборка літаратуры. Пры разборы былі выяўлены кнігі з парыжскай Тургенеўскай бібліятэкі, і большая яе частка была перавезена ў афіцэрскі клуб г. Легніца.
Іван Васільевіч ведаў пра каштоўнасць гэтых кніг. Жонка І.В. Рошчына, Я.І. Рошчына, добра знаёмая з дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І.Леніна І.Б. Сіманоўскім, пазнаёміла з ім мужа. І ён расказаў І.Б. Сіманоўскаму пра кнігі, якія бачыў у Доме афіцэраў у г. Легніцы і якія неабходна было ратаваць. Гаворка ішла ў першую чаргу аб той самай Тургенеўскай бібліятэцы. Так частка гэтай бібліятэкі трапіла ў Мінск.
Руская бібліятэка імя Івана Сяргеевіча Тургенева – грамадская бібліятэка ў г. Парыжы, адна са старэйшых рускамоўных бібліятэк за мяжой. Унікальная бібліятэка была створана ў г. Парыжы пры ўдзеле Івана Сяргеевіча Тургенева ў другой палове XIX ст. Ідэя яе стварэння належыць вядомаму рэвалюцыянеру-народніку Герману Лапаціну, які пражываў у эміграцыі і звярнуўся за садзейнічаннем да Тургенева, які жыў у той час у г. Парыжы. Пісьменнік арганізоўваў дабрачынныя мерапрыемствы, каб сабраць сродкі для яе адкрыцця, дапамагаў уласнымі грашыма, а таксама падараваў шмат кніг, галоўным чынам уласных твораў. Выкарыстоўваючы свае сувязі, ён дапамог атрымаць кнігі і часопісы ад іншых літаратараў.
Бібліятэка стваралася найлепшымі прадстаўнікамі рускай інтэлігенцыі ў эміграцыі. Яе каштоўнасць – унікальная: былі сабраны цэлыя аддзелы па гісторыі літаратуры, публіцыстыцы, рускай і ўсеагульнай гісторыі, сусветнаму мастацтву, аддзел навуковай літаратуры. Пасля акупацыі Францыі фонды бібліятэкі разам з многімі іншымі кнігазборамі былі вывезены ў Германію. Доўгі час лічылася, што Тургенеўская бібліятэка загінула ў 1945 г. у ваколіцах г. Берліна. Аднак сёння вядома, што значная яе частка ацалела, шмат што было вывезена на тэрыторыю Савецкага Саюза. Самая значная колькасць кніг Тургенеўкі захоўваецца ў г. Маскве, апэўная частка – у г. Мінску, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Іван Васільевіч Рошчын быў дэмабілізаваны з арміі ў званні падпалкоўніка ў 1956 г. Ён застаўся жыць з сям’ёй у г. Мінску. У 1957 г. ён быў прызначаны начальнікам Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, а ў 1964 г. стаў першым дырэктарам Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у г. Мінску, дзе працаваў да 1968 г. У пачатку 1960-х гг. ён кіраваў будаўніцтвам першага спецыяльнага будынка для архіўных устаноў у сталіцы Савецкай Беларусі –Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР і Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці (вул. Казлова, 26).
Узначальвая архіўныя ўстановы, Іван Васільевіч адначасова даследаваў архіўныя дакументы па гісторыі медыцыны, адукацыі і літаратуры дарэвалюцыйнай Беларусі, удзельнічаў у выяўленні матэрыялаў і падрыхтоўцы да выдання двух зборнікаў матэрыялаў і дакументаў у серыі «Восстание 1863 года»: «Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861–1862 гг. (1964 г.); «Восстание в Литве и Белоруссии, 1863–1864 гг.» (1965 г.); «Инвентари магнатских владений Белоруссии XVII–XVIII вв. Владение Сморгонь» (1977 г.) і інш.
З 1968 да 1971 г. І.В. Рошчын з’яўляўся першым дырэктарам мемарыяльнага комплексу «Хатынь», філіяла Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ён працаваў там у самы цяжкі для комплексу час – станаўлення мемарыялу. Будаўнічыя работы працягваліся і пасля 9 ліпеня 1969 г., калі мемарыял быў афіцыйна адкрыты. Не хапала людзей, матэрыялаў, былі вялікія арганізацыйныя цяжкасці. Вёўся пастаянны кантроль з боку ЦК КПБ, Міністэрства культуры БССР. А людзі ехалі на мэмарыял з усіх канцоў Беларусі, прыязджалі шматлікія дэлегацыі з-за мяжы…
У час працы ў Хатыні Іван Васільевіч вёў дзённік. Захаваліся два тоўстыя блакноты з амаль штодзённымі кароткімі запісамі за перыяд з 1 верасня 1969 г. па 25 ліпеня 1970 г. У іх штодзённае жыццё мемарыялу з яго праблемамі, цяжкасцямі, вырашэннем складаных гаспадарчых, будаўнічых і арганізацыйных пытанняў, сустрэчамі з рознымі людзьмі.
У 1971 г. па стане здароўя Іван Васільевіч звольніўся з музея. У 1972 г. ён паехаў на сваю радзіму наведаць сваякоў. 20 ліпеня 1972 г. ва ўзросце 63 гадоў яго не стала. Ён пахаваны ў роднай вёсцы Верхні Кардаіл Нова-Мікалаеўскага раёна Валгаградскай вобласці.
Публікацыі: Обзор документальных и печатных материалов по вопросам здравоохранения Белоруссии, хранящихся в Государственном архиве Минской области // Вопросы истории медицины и здравоохранения БССР: (Тез. докл. науч. конф.). Минск, 1960. С. 17–20; Имени гениального писателя: [б-ка им. Л.Н. Толстого в Минске] // Сов. Белоруссия. 1961. 12 ноября; Ценный источник по истории аграрных отношений Белоруссии (разам з П.Г. Казлоўскім) // Науч.-информ. бюллетень АУ при Совете Министров БССР. 1962. № 12 (макет); Его, Ильичево, имя: ценные архивные находки // Сов. Белоруссия. 1964. 21 июня; Общественная деятельность работников медицины дореволюционной Белоруссии // Вопросы истории медицины и здравоохранения БССР: (Материалы 2-й науч. конф.). Минск, 1965. С. 153–155; «По мере сил и возможностей…»: [Архив. материалы о лит. деятельности учителей нар. училищ Минск. губ. С прил. рапорта учителя 1-го Минск. приходского училища А.Е. Богдановича и 2-х песен, записанных им] // Неман. 1966. № 3. С. 189–191; Залпы на плошчы: да 60-годдзя першай рэвалюцыі ў Расіі // Мінская праўда. 1965. 31 кастрычніка.
Літаратура: Люшкевич А. Белорусский след «русского Парижа» // Для служебного пользования. 2003. № 1; Рошчына Т.І. Рошчын Іван Васільевіч // Архівісты Беларусі: біябібліягр. даведнік / склад. С.У. Жумар, М.Ф. Шумейка. Мінск: БелНІІДАД, 2006. С. 186–187; Рошчына Т.І. Рошчын Іван Васільевіч // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі – скарбніца дакументальнай спадчыны, 1938–2008. Мінск: НАРБ, 2008. С. 162; Одинокова Н. Кто нас на Эльбе обнимал… // Губернские вести (Волгоград). 2011. № 5(8). С. 8–11; Одинокова Н. Встреча на Эльбе // [Волгоградский областной краеведческий музей]. Архив. Новости. 24.04.2019. Режим доступа: http://vokm134.ru/novosti/2430.html; дата доступа: 21.07.2021.
І.В. Рошчын у маладосці. Каля 1925 г. І.В. Рошчын на тэрміновай службе ў кавалерыйскіх войсках Чырвонай Арміі. 1930–1932 гг. І.В. Рошчын на тэрміновай службе ў кавалерыйскіх войсках Чырвонай Арміі. 1930–1932 гг. І.В. Рошчын на тэрміновай службе ў кавалерыйскіх войсках Чырвонай Арміі. 1930–1932 гг. І.В. Рошчын на тэрміновай службе ў кавалерыйскіх войсках Чырвонай Арміі. 1930–1932 гг. І.В. Рошчын на тэрміновай службе ў кавалерыйскіх войсках Чырвонай Арміі. 1930–1932 гг. І.В. Рошчын на Паўночна-Заходнім фронце. 1941–1942 гг. І.В. Рошчын на Паўночна-Заходнім фронце. 1941–1942 гг. Маёр І.В. Рошчын на Паўночна-Заходнім фронце. 1943 г. Маёр І.В. Рошчын на 2-м Беларускім фронце. 1944 г. Маёр І.В. Рошчын, удзельнік гістарычнай сустрэчы саюзных войскаў на Эльбе. Горад Таргаў, Германія, красавік 1945 г. Маёр І.В. Рошчын, удзельнік гістарычнай сустрэчы саюзных войскаў на Эльбе. Горад Таргаў, Германія, красавік 1945 г. Маёр І.В. Рошчын, удзельнік гістарычнай сустрэчы саюзных войскаў на Эльбе. Горад Таргаў, Германія, красавік 1945 г. Маёр І.В. Рошчын, удзельнік гістарычнай сустрэчы саюзных войскаў на Эльбе. Горад Таргаў, Германія, красавік 1945 г. Маёр І.В. Рошчын, удзельнік гістарычнай сустрэчы саюзных войскаў на Эльбе. Горад Таргаў, Германія, красавік 1945 г. Маёр І.В. Рошчын, удзельнік гістарычнай сустрэчы саюзных войскаў на Эльбе. Горад Таргаў, Германія, красавік 1945 г. Падпалкоўнік І.В. Рошчын. Мінск, канец 1940-х – пачатак 1950-х гг. І.В. Рошчын прымае экзамены ў вячэрнім універсітэце марксізму-ленінізму пры Мінскім акруговым Доме афіцэраў. Канец 1940-х – пачатак 1950-х гг. І.В. Рошчын, першы дырэктар Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у Мінску. 1964–1968 гг. І.В. Рошчын, першы дырэктар Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у Мінску. 1964–1968 гг. І.В. Рошчын, першы дырэктар мемарыяльнага комплексу «Хатынь», філіяла Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 1968–1971 гг. І.В. Рошчын, першы дырэктар мемарыяльнага комплексу «Хатынь», філіяла Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 1968–1971 гг. І.В. Рошчын, першы дырэктар мемарыяльнага комплексу «Хатынь», філіяла Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 1968–1971 гг. І.В. Рошчын, першы дырэктар мемарыяльнага комплексу «Хатынь», філіяла Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 1968–1971 гг. І.В. Рошчын разам з касманаўтамі У.А. Шаталавым і А.С. Елісеевым. Хатынь, 16 ліпеня 1970 г. Першы дырэктар мемарыяльнага комплекса «Хатынь» І.В. Рошчын, 1970 г.
Аўтары-складальнікі: У.М.Дзянісаў, Т.І.Рошчына
Год выставы: 2023