
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі з’яўляецца адным з самых значных архіўных сховішчаў нашай краіны. У яго фондах захоўваецца больш за 1 мільён спраў самай рознай відавай прыналежнасці за перыяд з канца XIV па сярэдзіну ХХ ст. Адным з самых цікавых пластоў матэрыялаў у яго фондах з’яўляюцца фотаздымкі. Іх планамернае выяўленне было пачата некалькі гадоў таму ў межах асобнай навуковай тэмы, і на сённяшні дзень гэтая дзейнасць ужо прыносіць своё плён – выяўлена каля 3 тысяч фотаздымкаў. Пераважную іх большасць складаюць партрэтныя выявы людзей, якія жылі на беларускіх землях у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст.
Адным з самых першых комплексаў, які быў распрацаваны на прадмет выяўлення фатаграфічных матэрыялаў, стаў фонд Мінскай мужчынскай гімназіі. Як вядома, гэтая навучальная ўстанова з’яўляецца адной з самых старых на беларускіх землях. Яна была заснавана ў 1803 г. на базе свецкай 6-класнай школы сярэдняга ўзроўню адукацыі (функцыянавала з 1773 г.), якая ў сваю чаргу з’яўлялася пераемнікам Мінскага езуіцкага калегіума, адчыненага яшчэ ў XVІІ ст. У хуткім часе пасля свайго адкрыцця яна пераехала ў рэканструяваны корпус былога базыльянскага манастыра на Саборнай плошчы (у цяперашні час адрас будынка – пл. Свабоды, 23), адкуль у 1844 г. – у адмыслова для яе збудаваны корпус на вуліцы Францысканскай (з канца ХІХ ст. называлася Губернатарскай). Там яна дзейнічала да 1915 г., калі была эвакуявана ўглыб Расіі ў сувязі з адступленнем расійскай арміі і набліжэннем фронту да г. Мінска. З 1919 па 1941 г. у будынку дзейнічала 2-я савецкая працоўная школа 2-й ступені. Падчас Другой сусветнай вайны будынак моцна пацярпеў і пасля вызвалення Мінска быў канчаткова разабраны.
Пачаткова ў гімназіі моглі вучыцца толькі дзеці з сямей дваранскага паходжання, але з цягам часу доля прадстаўнікоў непрывілеяваных саслоўяў няспынна расла, і на 1914 г. яны ўжо складалі большую палову навучэнцаў.


* * *
У фондзе Мінскай мужчынскай гімназіі захоўваюцца дакументы за 1846–1920-я гг. Гэта цыркуляры папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, пратаколы пасяджэнняў педагагічнай рады, справаздачы пра стан гімназіі, класныя журналы, ведамасці аб паспяховасці, навучэнцаў, прашэнні прыватных асоб, фармулярныя спісы супрацоўнікаў і іншыя дакументы багатай відавай прыналежнасці. Сярод іх вылучаюцца, безумоўна, фотаматэрыялы.
У працэсе распрацоўкі фонду ў яго складзе было выяўлена 356 фотаздымкаў. Усе яны – партрэтныя фотадакументы, і сярод іх няма ніводнай выявы выкладчыка альбо службоўцы гімназіі. На 88-мі фотаздымках змешчаны выявы вучняў гімназіі альбо абітурыентаў, на астатніх – партрэты людзей, якія здавалі ў гімназіі іспыты на розныя званні (настаўнікаў народных вучылішчаў, аптэкарскіх вучняў, вольнаслужылых другога разраду і інш.). Менавіта гэтым тлумачцца той факт, што ў фондзе мужчынскай гімназіі захоўваюцца 59 жаночых фотапартрэтаў, на якіх змешчаны ў сваёй пераважнай большасці маладыя жанчыны яўрэйскага паходжання, якія здавалі іспыты на атрыманне звання аптэкарскай вучаніцы ці атэстата сталасці альбо на паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Усе выяўленыя ў гэтым фондзе фотаматэрыялы ўжо апублікаваны НГА Беларусі ў асобным выданні, выхад якога адбыўся ў пачатку гэтага года (больш падрабязна азнаёміцца з ім магчыма па спасылцы: https://niab.by/newsite/by/minskaja-muzhskaja-gimanzija).
На гэтай выставе, якая прымеркавана да святкавання 955-годдзя горада Мінска, увазе наведвальнікаў прапануецца азнаёміцца з выявамі больш чым 30-ці дарэвалюцыйных фотаздымкаў, на якіх паказаны навучэнцы альбо абітурыенты Мінскай мужчынскай гімназіі.
Станіслаў Адамовіч Герасім Бекерман Ісаак Бененсан Уладзімір Бірыла Антон Багдановіч Арон Батвінік Тэафіл Быльчынскі Уладзімір Ванцлоў Вульф Гітліц Веніямін Галавенчыц Ілля Гольдзін Леапольд Грынблат Эзэкііл-Эмунуэл Ельяшоў Натан Зандэр Маісей Ізралімскі Ісаак Юзафовіч Платон Каспераў Юліян Каралёў Давід Ліпманаў Якаў Мельцэр Леанід Сагалін Багдан-Станіслаў Сяліцкі Іван Тавараў Мікалай Фёдараў Ілля Фрэнкель Леў Фрыдлянд Сяргей Хруцкі Сяргей Чарапанаў Аляксандр Чымбаевіч Аляксандр Шатэрнік Аркадзь Шчарбовіч-Вечар
Аўтар-складальнікі: Д.Ч.Матвейчык
Год выставы: 2022