Удзел дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Глушакова М.М. у прэс-канферэнцыі да Дня архівіста
5 кастрычніка 2026 г. дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Міхаіл Глушакоў прыняў удзел у прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня архівіста. Мерапрыемства адбылося ў Нацыянальным прэс-цэнтры (г. Мінск, вул. Кастрычніцкая, 5).
Для ўдзелу ў рабоце прэс-канферэнцыі былі запрошаны дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Воінаў, кіраўнікі рэспубліканскіх архіўных устаноў, прадстаўнікі вядучых рэспубліканскіх друкаваных і электронных СМІ.
М. Глушакоў азнаёміў аўдыторыю з мерапрыемствамі, якія праводзяцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі з мэтай забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў. Архіў з'яўляецца найбуйнейшым сховішчам дакументаў па гісторыі беларускіх зямель за перыяд з канца XIV стагоддзя па першую траціну ХХ стагоддзя. Найстаражытнейшы дакумент Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі - гэта пергаментны прывілей князя Фёдара Карыятавіча свайму слузе на гарады Сакалец і Збынаў паток, датаваны 20 чэрвеня 1391 года. У нашай краіне афіцыйна прызнаны ўнікальнымі 22 дакументы, і ўсе яны захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. М. Глушакоў распавёў аб працы па аблічбоўцы архіўных дакументаў, асвятліў выставачную, навукова-даследчую і публікацыйную дзейнасць архіва.
Спасылка на відэазапіс прэс-канферэнцыі тут.
Правядзенне прэс-канферэнцыі да Дня архівіста
Выступленне дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Міхаіла Глушакова на прэс-канферэнцыі








