21 мая 2018 г. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі наведаў загадчык кафедры бібліятэчнай справы і архівазнаўства факультэта СМІ і інфарматыкі Універсітэта Мальты прафесар Уільям Замміт, які знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь на стажыроўцы па праграме Нацыянальнага савета па архівах Мальты.
У ходзе экскурсіі па фондах прафесар У.Замміт азнаёміўся з гісторыяй і структурай архіва, складам фондаў «Радзівілы, князі», «Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход», «Мінская духоўная кансісторыя», у тым ліку з дакументамі, якія тычацца заснавання і дзейнасці структур Мальтыйскага ордэна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў XVII ст.
У ходзе сустрэчы з кіраўніцтвам архіва былі абмеркаваны напрацоўкі беларускіх архівістаў ў навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці.



З 13 па 17 мая 2019 г. дэлегацыя беларускіх архівістаў пад кіраўніцтвам першага намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.А.Ледаўской знаходзілася з візітам у Нацыянальным архіве Фінляндыі (г. Хельсінкі, Фінляндская Рэспубліка). У склад дэлегацыі ўваходзілі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Д.У.Яцэвіч, намеснік дырэктара Д.В.Лісейчыкаў, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.А.Стуканава, загадчык аддзела камплектавання Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі В.Ю.Жук.