Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі падрыхтаваны чарговы том Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага – Кніга запісаў № 35 (1551 – 1558 гг.) (укладальнік доктар гістарычных навук А.А.Мяцельскі).
Метрыка ВКЛ з’яўляецца ўнікальнай гістарычнай крыніцай, якая ўтрымлівае комплекс дакументаў па гісторыі асноўных рэгіёнаў Вялікага Княства Літоўскага. У ёй запісаны разнастайныя дакументы, якія асвятляюць сацыяльныя, палітычныя, царкоўна-рэлігійныя працэсы, заканадаўчую дзейнасць вярхоўнай улады, феадальнай гаспадаркі. Дакументы, змешчаныя ў кнізе № 35 Метрыкі, датуюцца 1551–1558 гг. Яны праліваюць святло на дзейнасць канцылярыі ВКЛ, дазваляюць прасачыць развіццё шляхецкага землеўладання, дапоўніць звесткі па генеалогіі шляхецкіх родаў і маюць вялікае значэнне для вывучэння гісторыі населеных пунктаў.
Кніга Метрыкі ВКЛ № 35 уводзіць у навуковы ўжытак новыя дакументы, невядомыя дагэтуль шырокаму колу даследчыкаў, і будзе карыснай для гісторыкаў, правазнаўцаў, архівістаў, дакументазнаўцаў, мовазнаўцаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй.
Набыць выданне можна ў кнігарні «Акадэмкніга» (г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 72, 8(017) 379 46 52).

З 13 па 17 мая 2019 г. дэлегацыя беларускіх архівістаў пад кіраўніцтвам першага намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.А.Ледаўской знаходзілася з візітам у Нацыянальным архіве Фінляндыі (г. Хельсінкі, Фінляндская Рэспубліка). У склад дэлегацыі ўваходзілі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Д.У.Яцэвіч, намеснік дырэктара Д.В.Лісейчыкаў, намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.А.Стуканава, загадчык аддзела камплектавання Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі В.Ю.Жук.