Аб правядзенні круглага стала

28 красавіка 2022 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адбыўся круглы стол «Photografica: фатаграфічныя матэрыялы ў зборах архіваў і музеяў Беларусі».

Яго ўдзельнікамі сталі спецыялісты ў галіне камплектавання і даследавання збораў фотадакументаў: кандыдат гістарычных навук, в. а. намесніка дырэктара НГА Беларусі Максім Макараў, загадчык аддзела аўтаматызацыі і інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Генадзь Дубатоўка, загадчык аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Надзея Саўчанка, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Латушкін, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці НГА Беларусі Дзмітрый Матвейчык і вядучы навуковы супрацоўнік таго ж аддзела, кандыдат гістарычных навук Маргарыта Кароль.

Удзельнікі абмеркавалі пытанні, звязаныя з гісторыяй стварэння збораў фатаграфічных матэрыялаў у дзяржаўных сховішчах Беларусі, сучасным станам і праблемамі іх захавання, перспектывамі распрацоўкі іх у навуковых і навукова-папулярных мэтах, а таксама азнаёміліся з вынікамі выканання навуковай тэмы «Фатаграфічныя матэрыялы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі».

У межах круглага стала была праведзена прэзентацыя зборніка дакументаў «Минская мужская гимназия: фотографические материалы» і новай выдавецкай серыі «Архивное фото». Падрыхтоўка кнігі – вынік амаль двух гадоў навукова-даследчай працы, асноўная частка якой была выканана вядучым навуковым супрацоўнікам НГА Беларусі Сяргеем Рындзіным.

Напрыканцы ўдзельнікі дамовіліся аб правядзенні падобнага круглага стала перыядычна – па меры далейшага выканання навуковай тэмы і поспехаў у рэалізацыі выдавецкай серыі.

Изображение
Удзельнікі круглага стала за работай

Изображение
Мадэратары круглага стала Максім Макараў і Дзмітрый Матвейчык

Изображение
Маргарыта Кароль дэманструе выяўленыя фотадакументы

Изображение