Аб правядзенні супрацоўнікамі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі адукацыйных мерапрыемстваў для навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій

У рамках падпісанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж НГА Беларусі і ўстановай адукацыі «Мінскі дзяржаўны каледж лічбавых тэхналогій» прадстаўнікі архіва 22 верасня 2023 года правялі шэраг адукацыйных мерапрыемстваў для навучэнцаў каледжа.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Аксана Зянько ў фармаце агляднай экскурсіі распавяла дзецям пра гістарычную забудову цэнтральнай часткі Мінска – раёна Верхняга горада і Нямігі. Яна прадэманстравала вучням каледжа копіі архіўных дакументаў (планаў, чарцяжоў, малюнкаў), якія адлюстроўваюць знешні выгляд будынкаў гістарычнага Мінска ў канцы XVIII – пачатку XX стагоддзя. Варта падкрэсліць, што ў экскурсіі прымалі ўдзел дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія атрымліваюць інклюзіўную адукацыю ў Мінскім дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій.

Намеснік загадчыка аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Яўген Глінскі правёў для навучэнцаў каледжа ўрок на тэму «Мінск у канцы XVIII – пачатку XX стагоддзя». Пры дапамозе прэзентацыі і раздатачнага матэрыялу на занятку вучням былі паказаны карты і планы Мінска канца XVIII – першай паловы XIX стагоддзя (у тым ліку знакаміты план 1800 г. аўтарства Фёдара Крамера), чарцяжы і іншыя выявы знакавых мінскіх новабудоўляў другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя: гасцініцы «Еўропа», будынка Вольнага пажарнага таварыства, дамоў Абрампальскага і Ліўшыца. Падчас урока Я. Глінскі таксама распавёў пра ўстановы кіравання, культурнае жыццё ў горадзе, звярнуў увагу на шматканфесійны склад насельніцтва Мінска ў дадзены перыяд.

У падрыхтоўцы матэрыялаў да экскурсіі і ўрока актыўны ўдзел прымаў выдатны даследчык гісторыі Мінска, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Уладзімір Дзянісаў.

НГА Беларусі выказвае падзяку навучэнцам і педагагічнаму калектыву Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій (і асабіста дырэктару Георгію Уладзіміравічу Козелу) за гасцінны прыём і праяўленую вялікую цікавасць да дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Падобныя мерапрыемствы, прысвечаныя мінуўшчыне нашай Радзімы, спрыяюць умацаванню патрыятызму сярод юных жыхароў Рэспублікі Беларусь і ўсведамленню імі важнасці захавання гістарычнай памяці.

 

Изображение

Дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій Георгій Уладзіміравіч Козел адкрывае ўрок
 

Изображение

Супрацоўнік НГА Беларусі Яўген Глінскі пачынае «архіўны ўрок»
 

Изображение

Навучэнцы каледжа знаёмяцца з ілюстратыўным матэрыялам па гісторыі горада Мінска
 

Изображение

Вучні задаюць удакладняючыя пытанні на перапынку
 

Изображение

Я. Глінскі дэманструе лічбавую копію плана Мінска 1817 г.
 

Изображение

Лічбавая копія плана Мінска 1800 г.
 

Изображение

Я. Глінскі з настаўніцай гісторыі Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій Аленай Львоўнай Галенка
 

Изображение

Супрацоўнік НГА Беларусі Аксана Зянько (пры ўдзеле сурдаперакладчыка) распавядае навучэнцам Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій пра гістарычную забудову Мінска
 

Изображение

А. Зянько распавядае вучням пра гістарычны цэнтр горада Мінска
 

Изображение

А. Зянько дэманструе ілюстратыўны матэрыял з выявай Верхняга горада пачатку ХІХ ст.
 

Изображение

Удзельнікі экскурсіі каля скульптуры «Войт з ключом»
 

Изображение

Агульнае фота ўдзельнікаў экскурсіі