На сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі размешчана віртуальная выстава, прысвечаная жыццю і дзейнасці Канстанціна Вераніцына

Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі падрыхтавана і размешчана на сайце архіва віртуальная выстава, прысвечаная жыццю і дзейнасці ўдзельніка літаратурнага працэсу ў Беларусі сярэдзіны XIX стагоддзя, найбольш верагоднага аўтара паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына (да 120-годдзя з дня смерці паэта). На выставе прадстаўлены як матэрыялы, што раней ужо часткова былі ўведзены ў навуковы ўжытак беларускімі гісторыкамі Генадзем Кісялёвым і Віталём Скалабанам, так і невядомыя раней дакументы, выяўленыя падчас падрыхтоўкі выставы.

У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захаваўся шэраг цікавых дакументаў і матэрыялаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Канстанціна Вераніцына. У першую чаргу, гэта дакументы пра яго вучобу ў Віцебскай губернскай мужчынскай гімназіі за 1845–1852 гады і ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце за 1854–1859 гады, а таксама пра спробу ўладкавацца на службу ў адну з дзяржаўных устаноў Магілёўскай губерні ў 1861 годзе.

Аўтар-складальнік выставы: вядучы навуковы супрацоўнік Уладзімір Дзянісаў.

Азнаёміцца са зместам выставы можна тут.