Спроба стварэння культу асобы Міхаіла Мураўёва і яе ўплыў на развіццё гістарыяграфіі паўстання 1863–1864 гг. у Беларусі (1890–1905 гг.)
У перыяд праўлення Аляксандра ІІІ і Мікалая ІІ (прыкладна да 1905 г.) у Расійскай Імперыі ўзмацніліся вялікадзяржаўніцка-манархічныя і шавіністычныя тэндэнцыі. На так званых "нацыянальных ускраінах" гэта вылілася ў чарговыя кампаніі па іх русіфікацыі (у самым шырокім разуменні гэтага тэрміна) з мэтай дамагчыся як мага больш шчыльнага іх зліцця з уласна рускімі тэрыторыямі імперыі. У заходняй яе частцы (сучасныя Беларусь, Літва, Польшча, Украіна, Латвія, Эстонія) гэтыя працэсы праявіліся найбольш яскрава. Напрыклад, у спробе стварыць культ асобы Міхаіла Мураўёва.
Адной з форм правядзення русіфікатарскай палітыкі ў Беларусі і Літве стала т. зв. "сімвалічнае засваенне прасторы", пад чым традыцыйна разумеецца запаўненне пэўных геаграфічных абшараў сімваламі, якія сведчаць пра прысутнасць і аўтарытэтнасць улады. Найбольш яскравымі прыкладамі такога засваення з’яўляюцца архітэктурныя збудаванні (напрыклад, рэзідэнцыі губернатараў і генерал-губернатараў, праваслаўныя цэрквы) і помнікі гістарычным асобам.
Адной з найбольш гучных і палітычна важных (у імперскім, ці, у ранейшай тэрміналогіі, вялікадзяржаўніцка-манархічным сэнсе) падзей на беларускалітоўскіх землях у гэты перыяд стала ўсталяванне ў Вільні помніка былому віленскаму генерал-губернатару Міхаілу Мураўёву ў 1898 г. Паводле маштабнасці і палітычнай напружанасці, якая яе суправаджала, з гэтай акцыяй можа параўнацца толькі іншая аналагічная — усталяванне помніка Кацярыне ІІ у 1904 г. Як бачна, абедзве постаці з’яўляюцца ў гісторыі зямель былой Рэчы Паспалітай вельмі знакавымі — адна здзяйсняла падзелы гэтай дзяржавы ў другой палове XVIII ст., другая душыла паўстанне за яе аднаўленне. Інакш кажучы, дзейнасць згаданых асоб умацоўвала прысутнасць Расійскай Імперыі ў Беларусі і Літве. І менавіта гэтым іх вобраз быў карысны для расійскага палітычнага дыскурсу канца ХІХ — пачатку ХХ ст.
Аднак усталяванне помніка Мураўёву з’яўлялася значна больш шырокай акцыяй у ідэалагічным плане і выйшла далёка за межы сімвалічнага засваення геаграфічнай прасторы, перакінуўшыся на засваенне прасторы інтэлектуальнай. У выніку маштабы акцыі дараслі да спробы стварэння культу асобы Мураўёва. Пад гэтым разумеецца, што любыя дзеянні Мураўёва ацэньваліся выключна станоўча. Не дапускалася ніякая крытыка яго асобы, а тыя, хто крытыкаваў, асуджаліся.
У стварэнні падобнага культу асобы зацікаўленыя былі не толькі ўлады імперыі, але і (а можа, нават у першую чаргу) прадстаўнікі віленскай адміністрацыі. Іх пазіцыю ў гэтым плане можна праілюстраваць словамі прадстаўніка расійскай ліберальна-народніцкай палітычнай плыні Лонгіна Панцялеева, які ў 1860-я гг. сядзеў у віленскіх турмах, западозраны ў падтрымцы паўстання. У 1907 г. ён пісаў: "<...> легенда пра Мураўёва як дальнабачнага дзяржаўнага чалавека і рашучага барацьбіта за рускую справу, стварылася ў больш позні час (пасля 1860-х гг. — Д.М.), калі ў заходнім краі цалкам асела рускае чыноўніцтва. Яно добра разумела, што толькі нагадваючы пра неабходнасць трымацца запаветаў вялікага чалавека (выдзелена мной. — Д.М.), можа быць спакойнае за сваё становішча". Пазіцыя ліберала-народніка Панцялеева адносна крайняга рэакцыянера Мураўёва не можа, безумоўна, лічыцца аб’ектыўнай, аднак ім добра акрэслена логіка тагачасных вышэйшых віленскіх чыноўнікаў — для таго каб "трымацца запаветаў", неабходны "вялікі чалавек", і постаць Мураўёва да ролі ў гэтым палітычным спектаклі пасавала самым найлепшым чынам. Для лепшага разумення з’явы неабходна адзначыць, што колькасць публікацый напярэдадні і падчас адкрыцця помніка Кацярыне ІІ была не меншай, але хвалебная рыторыка — больш стрыманай і значна больш якаснай. На гэта паўплывалі два фактары. Па-першае, расійская імператрыца была немкай, адпаведна, сцвярджаць пра яе "рускасць", барацьбу за "рускую справу" і ўвогуле ўжываць любыя "рускія" нацыянальныя хвалебныя эпітэты было складаней. Па-другое, Кацярына ІІ — аўгусцейшая асоба, а значыць, любая публічная рыторыка ў адносінах да яе, у тым ліку і хвалебная, патрабавала самага пільнага разгляду і дазволу вышэйшых чыноўнікаў Цэнзурнага камітэта альбо нават імператара. Ні адно, ні другое Мураўёва не тычылася. Ён быў і рускім, і асобай неаўгусцейшай — чыноўнікам хоць і высокага, але ў маштабах імперыі не найвышэйшага рангу. Апрача таго на яго карысць як кандыдата на ролю "вялікага чалавека" гралі храналагічная блізкасць падзей, а значыць, наяўнасць сведкаў яго дзейнасці і паплечнікаў, гатовых удзельнічаць у прапагандысцкай кампаніі, а таксама вялікая колькасць створаных у папярэдні перыяд мемуарных і публіцыстычна-прапагандысцкіх твораў на тэму паўстання, якія можна было выкарыстоўваць як практычны матэрыял пры напісанні новых прапагандысцкіх тэкстаў.
Спроба стварыць цалкам станоўчы вобраз М.Мураўёва ў гістарычнай літаратуры, зробленая ў 1890— 1905 гг., не была першай. Публіцысты і афіцыёзныя гісторыкі 1860-х гг. (Васіль Ратч, Мікалай Гогель, Мікалай Цылаў, Ксенафонт Гаворскі, Сяргей Райкоўскі і іншыя) працавалі ў тым жа накірунку. Менавіта яны і заклалі падмурак працы 1890-х гг. і ўвялі ва ўжытак вялікую колькасць прапагандысцкіх штампаў і ярлыкоў, якія выкарыстоўваліся ў 1890—1905 гг. Аднак з прыходам на пасаду віленскага генерал-губернатара Аляксандра Патапава ў 1868 г. большая частка згаданых асоб была звольнена. Смерць у 1870 г. Гогеля і Ратча і ў 1871 г. Гаворскага і Райкоўскага проста фізічна паклала канец гэтаму перыяду расійскай гістарыяграфіі паўстання 1863—1864 гг. Цікавасць да асобы М.Мураўёва рэзка ўзрасла дзякуючы публіцысту, гісторыку і выдаўцу Міхаілу Сямеўскаму — рэдактару часопіса "Русская старина", які ў 1882— 1883 гг. выдаў "Нататкі пра кіраванне ПаўночнаЗаходнім краем" аўтарства М.Мураўёва, напісаныя яшчэ ў 1866 г. Дыскусія, якая пачалася пасля гэтага на старонках расійскай перыёдыкі і ўцягнула шырокае кола інтэлектуалаў, канчаткова замацавала постаць Мураўёва ў гістарыяграфіі.
Пачатак планамернай працы па стварэнні культу асобы М.Мураўёва быў пакладзены ў 1890 г., калі некалькі праваслаўных віленчукоў распачалі збор подпісаў пад прашэннем да ўлад аб усталяванні помніка М.Мураўёву ў Вільні. У лютым 1891 г. віленскі генерал-губернатар Іван Каханаў падаў адпаведны даклад міністру ўнутраных спраў Пятру Дурнаво і, атрымаўшы ў сакавіку дазвол, абвясціў збор сродкаў. Быў створаны адпаведны камітэт на чале з самім І.Каханавым, у які ўваходзілі ўсе падначаленыя яму губернатары (віленскі, гродзенскі і ковенскі), віленскі архіепіскап, старшыня Віленскай казённай палаты, начальнік штаба Віленскай вайсковай акругі, віленскі гарадскі галава і некаторыя чыноўнікі. У снежні 1896 г. праект помніка быў зацверджаны імператарам Мікалаем ІІ, 3 кастрычніка 1897 г. адбылася закладка помніка, а 8 лістапада 1898 г. урачыстае адкрыццё 2 (гл. іл. 1). Палацавую плошчу, на якой ён быў узведзены, перайменавалі ў Мураўёўскую. Урачыстыя малебны з нагоды адкрыцця помніка служыліся ў праваслаўных храмах ва ўсім Віленскім генералгубернатарстве. Пра імкненне надаць акцыі маштабнасць гаворыць той факт, што камітэт па стварэнні помніка некалькі месяцаў шукаў асоб, якія служылі ў Віленскім генерал-губернатарстве пры М.Мураўёве ці ўдзельнічалі ў задушэнні паўстання. Яны разам з прадстаўнікамі сялянства ад усіх шасці падначаленых губерняў удзельнічалі ў адкрыцці помніка ў Вільні. Самую вялікую ўвагу помніку і ўсяму, што было з ім звязана, удзяляла газета "Литовские епархиальные ведомости". Праекту надавалася агульнадзяржаўнае значэнне. Ён шырока асвятляўся не толькі ў віленскай, але і ў пецярбургскай прэсе. Адна з галоўных расійскіх афіцыйных газет "Правительственный вестник" у лістападзе 1898 г. змясціла больш за 10 публікацый рознага кшталту (навіны, паведамленні, біяграфічны нарыс), прысвечаных адкрыццю помніка альбо звязаных з ім. Была нават выдадзена асобная ілюстраваная кніга, якая распавядала пра працэс стварэння помніка.
Аднымі з найбольш актыўных удзельнікаў ідэалагічнай кампаніі з’яўляліся структуры Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) і набліжаныя да яе колы. Так, Віленскае праваслаўнае Свята-Духаўскае брацтва ў 1893 г. выступіла з ініцыятывай будаўніцтва праваслаўнага храма ў імя М.Мураўёва "як адданага абаронцы праваслаўнай царквы". У выніку ў верасні 1895 г. у Вільні ў раёне Сніпішкі на Кальварыйскай вуліцы была ўрачыста адкрыта царква-школа імя Святога Архістратыга Міхаіла. У Гродна ў 1900 г. будынак мясцовай брацкай царкоўна-прыхадской школы пры кафедральным саборы быў асвечаны ў гонар М.Мураўёва. Цэнтральны орган РПЦ "Церковный вестник" друкаваў артыкулы да адкрыцця помніка.
У развіццё прапагандысцкай лініі імем М.Мураўёва ў Вільні было названа некалькі арганізацый культурна-асветніцкага накірунку. Спачатку ў 1898 г. з’явілася народная бібліятэка-чытальня, "у памяць графа М.М.Мураўёва заснаваная". Затым расійскія чыноўнікі выступілі з ініцыятывай адкрыцця асобнага музея імя М.Мураўёва. Памочнік папячыцеля Віленскай навучальнай акругі Аляксей Бялецкі ў сакавіку 1898 г. падаў нататку віленскаму генерал-губернатару Віталію Троцкаму аб неабходнасці стварэння такога музея (паводле іншай версіі, ініцыятыва належала віленскаму чыноўніку Аляксандру Жыркевічу). У выніку ён быў урачыста адкрыты 17 красавіка 1901 г. і займаў напачатку частку чытальнай залы Віленскай публічнай бібліятэкі. Пра патрэбу такой установы супрацоўнік музея, а затым яго дырэктар Аляксандр Мілавідаў — адзін з найбольш заўзятых удзельнікаў стварэння культу М.Мураўёва — пісаў: "Неабходнасць у такім музеі адчулася з той пары, як у свядомасці рускіх людзей дзяржаўны подзвіг М.М.Мураўёва праявіўся ва ўсёй велічы".
Аднак найбольш актыўна прапагандысцкая кампанія праводзілася ў друку. Яшчэ напярэдадні адкрыцця помніка публікаваліся артыкулы, якія паказвалі М.Мураўёва ў самым станоўчым святле. Напрыклад, публіцыст Васілій Разанаў у артыкуле "Ці быў жорсткі М.М.Мураўёў-Віленскі" сцвярджаў: "<...> гэта быў чалавек рэдкай, але схаванай гуманнасці". Актыўнымі праваднікамі прапаганды культу асобы Мураўёва былі газеты "Виленский вестник" і "Литовские епархиальные ведомости", а таксама штогоднік "Виленский календарь". Паказальная ў гэтым плане колькасць публікацый за пэўныя гады. Напрыклад, за ўвесь 1890 год "Литовские епархиальные ведомости" не змясцілі ніводнага артыкула, прысвечанага М.Мураўёву альбо паўстанню ўвогуле, але закладка помніка дала нагоду для дзевяці самастойных публікацый і перадрукаў з іншых выданняў і нават для панегірычнага верша. Штогоднік "Виленский календарь" за перыяд ад свайго заснавання (1884 г.) да 1890 г. уключна (7 нумароў) не надрукаваў ніводнага артыкула, прысвечанага М.Мураўёву альбо паўстанню ў цэлым, а толькі ў двух выпусках за 1898— 1899 гг. — пяць, у тым ліку падрабязныя апісанні закладкі помніка і яго адкрыцця, і два вершы (прычым адзін з іх двойчы), часткова гэта былі перадрукі з "Литовских епархиальных ведомостей". Асноўнай мэтай падобных публікацый было праслаўленне і ўзвелічэнне М.Мураўёва, апраўданне праведзеных ім рэпрэсій, а таксама ачарненне любых яго апанентаў — як паўстанцаў, так і крытыкаў з лагера рускіх публіцыстаў. Напрыклад, "Але граза ворагаў, М.М.Мураўёў чысты ад абвінавачвання ў жорсткасці. Ён не меў толькі слабадушнасці, ён разумеў, што сілу ламаюць толькі сілай... Ва ўсялякім выпадку, сотні смяротных пакаранняў, здзейсненых пры ім, выратавалі край ад тысяч забойстваў, якія праводзіліся "жандарамі-вешальнікамі"*, і некалькі тысяч бунтаўшчыкоў і іх памагатых, сасланых у Сібір — складаюць мізэрную колькасць у параўнанні з сотнямі тысяч здраднікаў, якія асмеліліся прызнаць "ржонд" адзіным законным урадам". Гісторык і публіцыст Аляксандр Ліпрандзі ў сваім нарысе даваў М.Мураўёву наступную хвалебную характарыстыку: "Жывы выразнік рускага патрыятызму, змагар за рускі народны пачатак, абаронца рускага гонару ад польскага зганьбавання". Уся фактаграфія, якая прыводзілася ў такіх артыкулах, выклікае вялікія сумненні і патрабуе глыбокай крытыкі. Аналагічныя публікацыі з’явіліся і ў іншых выданнях. Некаторыя прапагандысцкія артыкулы друкаваліся па некалькі разоў. Напрыклад, нарыс гісторыка і публіцыста Мікалая Імерацінскага ў 1892 г. быў перадрукаваны ў скарочаным выглядзе і без подпісу аўтара ў "Правительственном вестнике", адкуль у сваю чаргу ў 1898 г. трапіў у "Литовские епархиальные ведомости".
Неабходна згадаць, што ўся кампанія па стварэнні культу асобы М.Мураўёва праводзілася ў той час, калі на старонках расійскай публіцыстыкі актыўна абмяркоўвалася "польскае пытанне" ў цэлым. Шэраг аўтараў выдаў у гэты перыяд творы адпаведнай тэматыкі — Іван Філевіч, А.Ліпрандзі і інш. І хаця ўсе без выключэння расійскія аўтары сыходзіліся ў адным — неабходнасці ўзмацнення русіфікацыі Паўночна-Заходняга краю, вастрыня рыторыкі ў розных творах моцна адрознівалася: ад адносна нейтральнай да прапагандысцка-зневажальнай. Напрыклад, А.Ліпрандзі пісаў: ""Сям’я не без вырадка" — гаворыць прыслоўе. У нашай славянскай сям’і такім вырадкам з’яўляюцца, несумненна, палякі".
Усё ж для гістарыяграфіі паўстання ў Беларусі кампанія мела шэраг станоўчых момантаў. У гэты час было напісана некалькі біяграфічных нарысаў пра М.Мураўёва. Іх аўтарамі выступілі М.Імерацінскі, Леў Ціхаміраў, Аляксандр Парахаўшчыкоў, Арсеній Турцэвіч, Пётр Майкоў, Яўстафій Чарвя-коўскі, Яўстафій Арлоўскі. Некалькі твораў выйшлі ананімна. Аднак навуковая каштоўнасць усіх гэтых нарысаў невысокая (а часам увогуле адсутнічае), бо матэрыяламі для іх служылі ўжо выдадзеныя на той час гістарычныя і публіцыстычныя творы, а таксама апублікаваныя крыніцы, пераважна мемуары самога М.Мураўёва, яго асабістага сакратара Аляксандра Масолава і інш. Так, асноўнай крыніцай звестак пра жыццё М.Мураўёва перыяду да 1830 г. з’яўлялася манаграфія Дзмітрыя Кропатава. Толькі ў малой ступені прыцягваліся дакументы (напрыклад, цыркулярныя распараджэнні). Рукапісная архіўная спадчына заставалася практычна па-за ўвагай аўтараў. Нават на этапе падбору фактаграфічнага матэрыялу пытанне пра аб’ектыўнасць не ставілася. Адзін з мураўёўскіх чыноўнікаў 1860-х гг. і адданы прыхільнік яго палітычнага курсу Васіль Кулін у адным са сваіх артыкулаў рэкамендаваў аўтарам падобных брашур звяртаць асаблівую ўвагу менавіта на выпадкі забойстваў паўстанцамі праваслаўных святароў і фанатызм каталіцкіх ксяндзоў. Адзін з твораў А.Турцэвіча быў простым дадаткам да ўсёй кампаніі па стварэнні помніка і самімі ініцыятарамі задумваўся як "выданне ў народна-папулярным і магчыма кароткім выкладанні нарыса жыцця і дзяржаўнай дзейнасці нябожчыка-графа ўвогуле і пераважна ў Паўночна-Заходнім краі". Сама ж брашура бясплатна раздавалася 8 лістапада 1898 г. жыхарам Вільні, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемствах па адкрыцці помніка (было раздадзена 2900 асобнікаў), а таксама вайскоўцам і чыноўнікам, што служылі на тэрыторыі Віленскай вайсковай акругі.
Істотна зніжае навуковую каштоўнасць згаданых нарысаў іх відавочны публіцыстычны характар, гераізацыя і праслаўленне М.Мураўёва. Напрыклад, А.Турцэвіч выкарыстоўвае традыцыйны прыём паказу гаротнага стану праваслаўных цэркваў і ўсяго духавенства да пачатку паўстання і іх росквіту пасля прыезду М.Мураўёва. Розніца паміж нарысамі заключаецца ў ступені гераізацыі яго асобы, а таксама ў ступені апісання падзей 1863—1865 гг.: П.Майкоў і А.Турцэвіч адводзяць гэтаму большую частку сваіх нарысаў, М.Імерацінскі — толькі некалькі старонак, а Л.Ціхаміраў увогуле ўвесь свой тэкст прысвячае гераізацыі М.Мураўёва за дзейнасць у 1863—1865 гг. Большасць падобных твораў увогуле цяжка ацэньваць з навуковага пункту гледжання, бо ў іх цалкам адсутнічаюць спасылкі на крыніцы альбо хаця б іх спіс. Менавіта такі прынцып напісання маюць панегірычныя нарысы, якія былі выдадзеныя да адкрыцця помніка М.Мураўёву Віленскім павятовым камітэтам апекі аб народнай цвярозасці і Віленскім СвятаДухаўскім брацтвам. Вялікую частку іх аб’ёму складаюць фразы накшталт наступнай: "Ужо пры жыцці сваім, як усім вядома, Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў набыў сярод рускага народу вядомасць за гэтую дзейнасць (на пасадзе віленскага генерал-губернатара. — Д.М.), якой раней ніхто не набываў, за выключэннем хіба што царскіх асоб"; і тут жа: "<...> ён бясспрэчна можа быць аднесены да ліку самых вялікіх людзей у рускай гісторыі". Аўтары панегірыкаў, жадаючы ўсялякім чынам узвялічыць М.Мураўёва, нават сыходзяць да простай хлусні. Напрыклад, адзін з іх, гаворачы пра паўстанне 1830—1831 гг., сцвярджаў: "Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў аднавіў спакой на ўсёй прасторы Паўночна-Заходняга краю". Прытым што ва ўсіх даследаваннях, як сучасных, так і выдадзеных на канец ХІХ ст., роля М.Мураўёва ў задушэнні гэтага паўстання ніколі не ацэньвалася настолькі высока. Падобны характар мае таксама нарыс А.Парахаўшчыкова, пабудаваны на свядомым замоўчванні адных фактаў, выстаўленні наперад другіх, тэндэнцыйнай інтэрпрэтацыі іншых. У якасці ідэйнай асновы ім узятыя непасрэдна "Нататкі аб кіраванні Паўночна-Заходнім краем" М.Мураўёва. Адпаведна, любыя ацэнкі падзеям і асобам даюцца менавіта з яго пункта гледжання, а верыфікацыя звестак не праводзіцца. Адна з прапагандысцкіх брашур, прысвечаных М.Мураўёву, увогуле з’яўляецца яскравым прыкладам рускай шавіністычнай публіцыстыкі свайго часу і змяшчае фразы накшталт: "рускі чалавек — усечалавек", "нездарма мы — Святая Русь" і г. д. Аналагічныя ацэнкі рабіў А.Вінаградаў, які ў адным са сваіх палемічных артыкулаў пісаў: "Так, імя графа Мураўёва яшчэ доўга будзе служыць цэнтрам, вакол якога будуць кішэць самыя супрацьлеглыя, самыя крайнія думкі. Гэта лёс кожнага генія, кожнага выдатнага дзеяча на ніве роднай, нацыянальнай справы і барацьбы з падпольнай крамолай", і крыху ніжэй: "Адзін толькі М.Мураўёў, не баючыся ні Еўропы, ні дамарослых нашых лібералаў смела і адкрыта сказаў, што тут (у Віленскім генерал-губернатарстве. — Д.М.) Расія, і даў дарогу Рускім".
Больш важнай для гістарыяграфіі рысай гэтай прапагандысцкай кампаніі стаў зварот да дакументальнай спадчыны М.Мураўёва. У выніку з’явілася некалькі публікацый асобных крыніц да яго біяграфіі. Так, у 1897 г. тры дакументы былі надрукаваныя ў часопісе "Русский архив", у часопісе "Русский вестник" апублікаваны фрагмент карэспандэнцыі М.Мураўёва з публіцыстам Міхаілам Катковым за 1866 г., у 1898 г. гісторык і публіцыст Сяргей Шарамецеў выдаў (спачатку ў часопісе "Старина и новизна" , а затым асобнай брашурай) фрагменты карэспандэнцыі М.Мураўёва за 1863 г. і некаторыя іншыя нататкі; у 1898 г. газета "Литовские епархиальные ведомости" надрукавала развітальны ліст М.Мураўёва (у сувязі з яго ад’ездам з Вільні) да мітрапаліта Іосіфа Сямашкі ; у 1901 г. А.Мілавідаў апублікаваў два цыркулярныя распараджэнні М.Мураўёва і тры дакладныя запіскі яму архіепіскапа мінскага Антонія Зубко ад 1864 г. ; "Русская старина" ў 1902 г. апублікавала яго справаздачу аб кіраванні "Паўночна-Заходнім краем" за 1863—1865 гг. і ў 1903 г. — два лісты М.Мураўёва да шэфа корпуса жандараў В.Далгарукава, А.Бялецкі ў "Литовских епархиальных ведомостях" — некалькі распараджэнняў М.Мураўёва наконт пераўтварэнняў у адукацыйнай сферы (у гэтым жа годзе выпушчаны асобным адбіткам) . Публікацыя справаздачы выклікала асаблівую цікавасць і ў гэтым жа годзе была выдадзена асобным адбіткам . Яна нават была заўважана ў лагеры палітычных праціўнікаў М.Мураўёва. Польскі гісторык, удзельнік паўстання 1863—1864 гг. Валеры Пшыбароўскі ў львоўскім часопісе "Kwartalnik Historyczny" апублікаваў невялікую рэцэнзію, дзе ацаніў яе з глыбокай эмацыянальнай крытыкай: "Не падае <...> нічога новага, дае толькі дакладны вобраз знішчальнага праўлення ў Літве і Беларусі новага рускага Чынгісхана", "плюгавая душа Мураўёва глядзіць на нас з кожнага радка гнюснай справаздачы" і г. д.
У развіццё тэмы публікацыі дакументаў М.Мураўёва В.Кулін увогуле ставіў пытанне аб неабходнасці выдання поўнага збору яго распараджэнняў на пасадзе віленскага генерал-губернатара . Былы папячыцель Віленскай навучальнай акругі Іван Карнілаў пайшоў яшчэ далей — у 1894 г. прапанаваў правесці паўнавартаснае маштабнае даследаванне ў архівах на прадмет выяўлення любых дакументаў, напісаных непасрэдна М.Мураўёвым, і іх апублікаваць , а ў 1898 г. развіў думку і прапанаваў "узвесці яму (М.Мураўёву. — Д.М.) і помнік нерукатворны" — выдаць "увесь матэрыял, які застаўся пасля яго і тычыцца яго кіравання Паўночна-Заходнім краем" . Аднак у такой форме гэтыя праекты ніколі не былі рэалізаваныя.
Прапагандысцкая кампанія прыцягнула таксама ўвагу да мемуарнай спадчыны, героем якой з’яўляўся М.Мураўёў, паспрыяла выданню новых і перавыданню ранейшых твораў. Так, у 1892 г. С.Шарамецеў выдаў свае ўспаміны пра апошні перыяд жыцця былога віленскага генерал-губернатара , М.Імерацінскі — дастаткова падрабязныя пра сваю службу ў якасці віленскага павятовага начальніка і пра М.Мураўёва , В.Кулін — пра падзеі ў Вільні ў 1861— 1863 гг. і дзейнасць М.Мураўёва ў горадзе , Аўсей Штэйнбэрг — пра яго ўзаемаадносіны з яўрэйскім насельніцтвам Вільні , Уладзімір Войт — пра некалькі сваіх сустрэч з М.Мураўёвым , Уладзімір Зыбін — пра некалькі эпізодаў перыяду знаходжання М.Мураўёва ў Вільні , Уладзімір Адзінцоў — пра сустрэчы з М.Мураўёвым падчас паўстання і пасля яго адстаўкі , князь Мікалай Мяшчэрскі — пра адзіную сустрэчу з ім (з аб’ёмным вершаваным панегірыкам у яго адрас) ; родны брат апошняга, рускі кансерватар князь Уладзімір Мяшчэрскі, — пра інтрыгі супраць М.Мураўёва ў вышэйшых колах пецярбургскай знаці і прызначэнне на пасаду віленскага генерал-губернатара Канстанціна фон Каўфмана ; Андрэй Аўэрбах — пра сваё знаходжанне ў Вільні ў 1863 г., у тым ліку сустрэчы з М.Мураўёвым, генералам Якавам Бакланавым, смяротныя пакаранні паўстанцаў і інш.
Асабліва цікавыя ў гэтым шэрагу мемуары М.Імерацінскага. Хаця яны не пазбаўленыя палітычнай заангажаванасці, бо аўтар непасрэдна ўдзельнічаў у задушэнні паўстання, аднак змяшчаюць некаторыя станоўчыя характарыстыкі паўстанцкіх ка-мандзіраў — Людвіка Нарбута, Зыгмунта Серакоўскага, Антонія Мацкевіча (Антанаса Мацкявічуса). Вобраз М.Мураўёва ў творы — цалкам станоўчы. М.Імерацінскі нават спрабуе дыскутаваць з іншымі гісторыкамі, якія ацэньвалі таго негатыўна. Аднак, нягледзячы на сваю пазіцыю, аўтар у шэрагу выпадкаў прама аспрэчвае некаторыя палажэнні "Нататак" М.Мураўёва, напрыклад пра ролю Уладзіміра Назімава ў задушэнні паўстання. М.Імерацінскі падае вялікую колькасць фактаграфіі пра падзеі ў Віленскім павеце і іншых мясцовасцях: дзеянні расійскіх войскаў, сутычкі з паўстанцамі, адносіны да паўстання мясцовага насельніцтва і г. д. Але да некаторых яго звестак неабходна ставіцца з вялікай асцярожнасцю. Напрыклад, напрыканцы твора ён прыводзіць доказы "крыважэрнасці" паўстанцаў і называе некаторыя выпадкі "польскіх лютасцяў" , аднак робіць гэта выключна на падставе чутак, не бачыўшы ніводнага выпадку на ўласныя вочы.
Незадоўга да адкрыцця помніка М.Мураўёву ў Вільні асобнай кнігай былі перавыдадзеныя ўспаміны А.Масолава . Да іх быў далучаны яшчэ адзін раздзел — "Апошні год жыцця графа М.М.Мураўёва", у якім пададзеныя, сярод іншага, некаторыя акалічнасці стварэння "Нататак" М.Мураўёва . Кніга была заўважана грамадскасцю, і ў прэсе з’явіліся некалькі паведамленняў пра яе выхад. "Правительственный вестник" пісаў пра яе: "<...> усялякае паказанне сведкі такога праўдзівага і пранікліва назіральнага чалавека, як А.М.Масолаў, з’яўляецца крайне пажаданым, асабліва ў цяперашнюю хвіліну" . У "Русском вестнике" яна была названа "цудоўнай кнігай" . Літаратуразнаўца і журналіст Канстанцін Храневіч адзначыў галоўную каштоўнасць мемуараў як гістарычнай крыніцы, у якой "з падрабязнасцю ўказана знаходжанне асобных вінтоў знішчальнай машыны, якая прыводзілася ў дзеянне цвёрдай рукой графа М.М.Мураўёва" . Адзіным недахопам мемуараў ён лічыў адсутнасць яскравых характарыстык дзеячаў эпохі. Тут жа варта адзначыць, што ва ўсіх згаданых паведамленнях выхад кнігі з’яўляўся хутчэй інфармацыйнай нагодай для працягу стварэння культу асобы М.Мураўёва. Большая частка тэкстаў прысвечаная яго гераізацыі, а дзейнасць на пасадзе віленскага генерал-губернатара ацэньваліся як "подзвіг", "вялікая заслуга" і г. д. Уласна ж кнізе А.Масолава ўвагі надавалася нашмат менш.
Асаблівай паўнатой і фактаграфічнай насычанасцю вылучаюцца мемуары віленскага чыноўніка Івана Нікоціна, апублікаваныя ўжо пасля яго смерці (1890 г.) у 1902—1904 гг. у "Русской старине" 77 і ў 1905 г. выпушчаныя асобнай кнігай 78 . Яны ахопліваюць перыяд з 1855 па 1865 г. і з’яўляюцца падрабязным апісаннем дзейнасці на пасадзе віленскага генерал-губернатара У.Назімава і М.Мураўёва. І.Нікоцін дае разгорнутыя характарыстыкі як ім, так і іншым асобам, якія ў гэты час дзейнічалі галоўным чынам у Вільні. Мемуары маюць несумненную каштоўнасць для параўнання працы расійскай адміністрацыі пры кожным з генерал-губернатараў. Тут жа маюцца звесткі пра смяротныя пакаранні, якія выконваліся ў горадзе — Станіслава Ішоры, З.Серакоўскага, Баляслава Калышкі і інш., а таксама пра іншыя мерапрыемствы па задушэнні паўстання. Насычанасць хвалебнай рыторыкай у адрас М.Мураўёва і ў цэлым публіцыстычнасць апавядання ў І.Нікоціна значна меншая ў параўнанні з прапагандысцкімі нарысамі 1898—1899 гг. Гэтыя ўспаміны — адны з найбольш поўных мемуараў пра "назімаўскі" і "мураўёўскі" перыяды ў гісторыі Вільні і Віленскага генерал-губернатарства.
Прапагандысцкая кампанія паспрыяла і павелічэнню цікавасці да мемуарных твораў пра разнастайныя аспекты паўстання на тэрыторыі беларускалітоўскіх губерняў, не звязаных з М.Мураўёвым непасрэдна. Так, свае ўспаміны пра службу доктарам у Гродне падчас паўстання, у тым ліку пра догляд параненых паўстанцаў і ў цэлым пра сітуацыю ў горадзе, апублікаваў Іван Мітрапольскі 79 , пра знаходжанне ў Лідскім павеце напярэдадні паўстання і ў Брэсцкай фартэцыі падчас яго — доктар Іван Любарскі 80 ; пра службу ў Дзісне і Вільні адразу пасля задушэння паўстання, у тым ліку пра шматлікіх дзеячаў "мураўёўскага" перыяду (В.Куліна, І.Карнілава і інш.) — настаўнік Мацвей Пяскоўскі 81 . Гісторык Фёдар Серна-Салаўевіч апублікаваў аповед афіцэра Восіпа Баброўскага пра арышт апошняга ў Вільні ў дзень замаху на віленскага маршалка Аляксандра Дамейку 82 ; Мітрафан Мяжэцкі — пра сітуацыю ў Лідскім павеце і Вільні напярэдадні (з 1861 г.) і ў першыя месяцы паўстання ("маніфестацыйны перыяд", задушэнні сялянскіх бунтаў) 83 . Вышэйзгаданы І.Захар’ін апісаў некаторыя эпізоды паўстання ў Ковенскай і Мінскай губернях, у тым ліку расстрэл у мястэчку Лагойск Барысаўскага павета паўстанца Эдварда Харэвіча і забойства паўстанцамі расійскага доктара ў Ігуменскім павеце 84 ; генерал Іван Носціц — сваю дзейнасць па задушэнні паўстання ў Паўднёва-Заходняй Беларусі (Пружанскі, Пінскі, Мазырскі і іншыя паветы) і Усходняй Польшчы, у тым ліку знішчэнне атрада Рамана Рагінскага 85 ; Генадзь Цвяткоў — жыццё ў Кастрамской губерні сасланых "адміністрацыйным парадкам" шляхціцаў з Віленскай і Гродзенскай губерняў 86 . Успаміны генерала І.Ганецкага перавыдадзеныя І.Карнілавым у пашыранай версіі ў часопісе "Русский архив" 87 і асобнай брашурай 88 . Працягвалі ў гэты перыяд публікавацца мемуары ўдзельнікаў паўстання. Так, ксёндз Юзаф Маеўскі ў 1891 г. апісаў свой удзел у рэлігійнапалітычнай працэсіі 14 жніўня 1861 г. (падчас "маніфестацыйнага" перыяду) 89 , Аляксандр (Юльян) 90 Ягмін — дзейнасць у складзе брэсцкага паўстанцкага атрада ў 1863 г. пад камандаваннем Фларыяна Стасюлевіча 91 . Пісьменнік і журналіст Станіслаў Акрэйц (пісаў пад псеўданімам С.С.Арліцкі) надрукаваў два нарысы пра паўстанне ў Магілёўскай губерні 92 .
Паступовае назапашванне друкаваных крыніц і фактаграфічных звестак спрыяла ў сваю чаргу павелічэнню колькасці гістарычных даследаванняў. У гэты перыяд з’явіліся адпаведныя манаграфіі: Паўла Бранцава "Польскі мяцеж 1863 г." (1892 г.) 93 і Аляксея Сідарава "Польскае паўстанне 1863 года: гістарычны нарыс" (1903 г.) 94 . Абодва аўтары прытрымліваліся афіцыйнай палітычнай лініі, іх працы маюць як станоўчыя, так і адмоўныя бакі, аднак моцна розняцца паміж сабой паводле зместу. І гэтая розніца вельмі паказальная. П.Бранцаў належаў да клерыкальнага кірунку заходнерусізму (паходзіў з сям’і праваслаўнага святара і быў братам епіскапа рыжскага і мітаўскага (1887—1897 гг.) Арсенія. Апрача таго ён працяглы час служыў у Віленскім рэальным вучылішчы настаўнікам гісторыі і геаграфіі (1875—1898 гг.), адпаведна ўваходзіў у кола мясцовых афіцыёзных дзеячаў. Менавіта адсюль вынікае той факт, што ў сваёй манаграфіі ён вельмі (нават празмерна) вялікае значэнне надае падзеям у Літве і Беларусі і менавіта М.Мураўёва робіць галоўным персанажам кнігі, а аналізу яго дзейнасці прысвячае найбольшую ўвагу. Для гэтага ў манаграфію ўведзены нават асобны аб’ёмны раздзел 95 , які пачынаецца наступнай пахвалой: "Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў паводле сваёй грамадскай і дзяржаўнай дзейнасці можа заняць не апошняе месца сярод дзеячаў сусветнай гісторыі; а паводле тых карэнных змяненняў, якія ён зрабіў у Паўночна-Заходнім краі адносна ўмацавання ў ім праваслаўна-рускіх пачаткаў, і паводле народнай памяці да яго за гэта, Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў заняў у гісторыі рускай, сярод яе дзеячаў, такое месца, якое нямногім выпала".
А.Сідараў, хаця таксама з’яўляўся прыхільнікам імперскай палітычнай лініі, але ніколі не служыў у Віленскім генерал-губернатарстве і, адпаведна, не залежаў ад колаў вышэйшага віленскага чыноўніцтва ні адміністрацыйна, ні інтэлектуальна, ні фінансава. Таму, у адрозненне ад працы П.Бранцава, у яго манаграфіі значна больш увагі надаецца падзеям у Царстве Польскім і Украіне. Падзеі ў Беларусі і Літве паказаныя толькі ў некалькіх фрагментах, але і яны не канцэнтруюцца толькі вакол асобы М.Мураўёва, а хвалебная рыторыка ў адрас апошняга практычна адсутнічае. Сам жа Мураўёў паказаны толькі адным з шэрагу дзяржаўных чыноўнікаў, якія займаліся задушэннем паўстання.
Апрача манаграфічных даследаванняў, прысвечаных уласна паўстанню, звесткі пра яго ўключаліся ў навуковыя працы, якія тэматычна з ім перасякаліся. У гэтым плане ў асобную групу вылучаюцца публікацыі па гісторыі Віленскай навучальнай акругі і яе навучальных устаноў. Як правіла, уласна гісторыя паўстання адлюстраваная ў іх у рэдкіх фрагментах — пераважна у тых выпадках, калі тэматыка тычылася ўдзелу гімназістаў у ім альбо, часцей за ўсё, у падзеях "маніфестацыйнага перыяду". Аднак усе даследчыкі падрабязна канцэнтруюцца на зменах, што адбываліся ў гімназіях у выніку правядзення мураўёўскай палітыкі, ацэньваючы іх, безумоўна, цалкам станоўча. Напрыклад, Я.Арлоўскі толькі два абзацы прысвячае ўдзелу вучняў Гродзенскай гімназіі ў паўстанні і больш за 10 старонак — разнастайным змяненням (арганізацыйным, структурным, кадравым і інш.), што адбыліся ў 1863—1865 гг. 96 . Нарыс Уладзіміра Краснянскага 97 , раздзел у манаграфіі Івана Глебава 98 і праца А.Бялецкага 99 захоўваюць прыкладна падобную логіку пабудовы.
Уплыў стварэння культу асобы прасочваецца ў гістарычных працах самай рознай тэматыкі. Напрыклад, у манаграфіі праваслаўнага святара Мікалая Ізвекава пра стан праваслаўнай канфесіі на беларуска-літоўскіх землях 100 . Логіка пабудовы яго тэксту ўжо традыцыйная для прапагандыстаў таго часу: паказ заняпаду праваслаўнай царквы ў Віленскім генерал-губернатарстве да паўстання і яе аднаўлення пасля прыбыцця М.Мураўёва. М.Ізвекаў вылучае толькі новы перыяд заняпаду — з канца 1860-х гг. — часу знаходжання на пасадзе генерал-губернатара А.Патапава. Праца напоўнена шматлікімі негатыўнымі пасажамі ў адрас каталіцтва і ўніяцтва, згадкі пра якія толькі крытычныя. У цэлым уся кніга з’яўляецца глыбока тэндэнцыйнай, на што ўказвалі нават некаторыя сучаснікі. Выкладчык Літоўскай духоўнай семінарыі Грыгорый Кіпрыановіч пісаў, што яна "далёка не задавальняе самым сціплым навуковым патрабаванням", у тым ліку з пункту гледжання колькасці і якасці выкарыстаных крыніц і літаратуры 101 . Сябра Віленскай археаграфічнай камісіі Юльян Крачкоўскі на старонках "Литовских епархиальных ведомостей" раскрытыкаваў працу з ідэалагічнага пункта гледжання. На яго думку, М.Ізвекаў занадта негатыўна ацаніў стан праваслаўя і дзейнасць праваслаўных іерархаў і недаацаніў іх поспехі 102 .
У 1899 г. прысяжным павераным Баляславам Альшамоўскім была выдадзеная праца "Правы па землеўладанні ў Заходнім краі", дзе разглядаўся ўплыў паўстання на фарміраванне новай сістэмы набыцця зямлі ў спадчыну пасля 1863 г. на тэрыторыях Віленскага і Кіеўскага генерал-губернатарстваў 103 . У прыватнасці, крытыкавалася дзеянне асобных абмежавальных законаў набыцця зямлі "для асоб польскага паходжання". Аднак у кантэксце ўплыву на гістарыяграфію праца цікавая рэакцыяй на яе палітычных праціўнікаў. Ананімны аўтар у праўрадавым "Русском вестнике" крытыкаваў пазіцыю Б.Альшамоўскага і настойваў на неабходнасці захавання дыскрымінацыйных законаў для "распалячання заходніх губерняў", хоць сам прызнаваў іх незаконнасць 104 .
Культ асобы М.Мураўёва праводзіўся таксама праз зборнікі артыкулаў асобных дзеячаў "мураўёўскага" перыяду. Так, І.Карнілавым быў складзены і ў 1898 г. выдадзены зборнік дакументаў і артыкулаў, асновай якога сталі нататкі ўласна І.Карнілава пра стан Віленскай навучальнай акругі ў 1863— 1867 гг., што складаліся ім штогод падчас знаходжання на пасадзе папячыцеля акругі 105 . Апрача гэтага ў кнізе змешчаны яго мемуары пад назвай "Дарожныя нататкі" і некалькі артыкулаў іншых аўтараў. У 1901 г. быў выдадзены складзены ім жа зборнік "Руская справа ў Паўночна-Заходнім краі", у які ўвайшлі разнастайныя дакументы (даклады, прапа-новы, лісты, праекты, распараджэнні і інш.) і публіцыстычныя творы прадстаўнікоў праўладнага кірунку (В.Куліна, самога І.Карнілава і інш.), прысвечаныя дзейнасці Віленскай навучальнай акругі пераважна "мураўёўскага" перыяду 106 (у 1908 г. выйшла другое — дапоўненае — выданне зборніка). У 1902 г., ужо пасля смерці самога І.Карнілава, быў выдадзены зборнік яго артыкулаў на тэму адукацыі ў Расійскай Імперыі, некаторыя з якіх прысвечаныя разгляду змен, уведзеных у Віленскай навучальнай акрузе ў 1863—1868 гг., а таксама ўзаемаадносінаў паміж "рускімі" і "палякамі" ў Беларусі і Літве 107 .
Вобраз М.Мураўёва ў гэты час становіцца самым папулярным у працах даследчыкаў паўстання. У 1893 г. чыноўнік і публіцыст Аляксей Уладзіміраў выдаў працу "Аб стане праваслаўя ў Паўночна-Заходнім краі" 108 , у якой паўтарыў традыцыйны прыём расійскіх публіцыстаў — паказ росквіту праваслаўя ў выніку мерапрыемстваў віленскіх генерал-губернатараў М.Мураўёва, К. фон Каўфмана і Эдуарда Баранава і чарговага заняпаду пасля ўступлення на гэтую пасаду А.Патапава. М.Мураўёў характарызуецца як "узвелічальнік праваслаўя ў Паўночна-Заходнім краі". Галоўнымі ворагамі называюцца "пальшчызна" і "лацінства", прычым асобна адзначалася, што "кіраўніком і галоўным дзеячам барацьбы пальшчызны з рускай народнасцю і дзяржаўнасцю з’яўляецца ксёндз" 109 . У цэлым рыторыка А.Уладзімірава напоўненая паланафобіяй і католікафобіяй, больш характэрнай для твораў 1860-х гг. (напрыклад, К.Гаворскага).
Адным з найбольш актыўных праслаўляльнікаў М.Мураўёва ў Вільні быў Аляксандр Мілавідаў — яскравы прадстаўнік свайго пакалення гісторыкаў, якія даследавалі паўстанне 1863—1864 гг. на беларускалітоўскіх землях. Свае навуковыя працы ён сумяшчаў з палітычнай прапагандай — прыніжэннем усяго "польскага" і каталіцкага, што мелася ў Беларусі і Літве ў мінуўшчыне і ў сучасны для яго перыяд, і праслаўленнем усяго "рускага" і праваслаўнага. Увогуле, ва ўсіх яго творах тэрміны "паляк" і "польскі" выкарыстоўваюцца амаль выключна з крытыкай. Ён не толькі з’яўляўся прадстаўніком заходнерусізму, але і належаў да, так бы мовіць, яго клерыкальнай плыні, прадстаўнікі якой былі шчыльна звязаныя з Рускай праваслаўнай царквой (мелі духоўнае паходжанне, вучыліся і выкладалі ў духоўных навучальных установах, уваходзілі ў склад праваслаўных арганізацый і г. д.) і вылучаліся асаблівай нецярпімасцю ў адносінах да неправаслаўных канфесій. Гэта моцна адбівалася на яго тэрміналогіі і на інтэрпрэтацыі звестак з гістарычных крыніц. Адпаведна, аб’ектыўнасць у падачы А.Мілавідавым матэрыялу проста адсутнічае, і фактычна ён ніколі да яе не імкнецца (хоць і заяўляе пра гэта).
А.Мілавідаў прыбыў на службу ў Вільню ў 1894 г. і адразу далучыўся да кампаніі па стварэнні культу асобы М.Мураўёва. Яго першыя артыкулы, напісаныя ў Вільні, прысвечаныя менавіта абгрунтаванню неабходнасці і асвятленню працэсу стварэння вышэйзгаданага помніка і напісаныя ў хвалебным тоне 110 . За-тым ён пачаў супрацоўнічаць з Мураўёўскім музеем, прыцягнуты да разбору архіўных спраў 111 . Гэта моцна паўплывала на яго даследаванні, бо для іх характэрна самае шырокае выкарыстанне архіўных дакументаў, аднак інтэрпрэтацыя звестак заставалася выключна тэндэнцыйнай і аднабаковай. Яго публікацыі тычыліся не столькі самога паўстання, колькі палітыкі М.Мураўёва падчас і пасля яго задушэння: змен, што ўносіліся ў канфесійнае жыццё ў Беларусі і Літве 112 , у стан сялянства 113 і ў адукацыйную сістэму 114 . Увогуле, у артыкулах і манаграфіях Мілавідава існуе выразны прапагандысцкі падзел на чорнае і белае, дабро і зло. Для Мілавідава ўсялякі ўціск на каталіцкую царкву (закрыццё касцёлаў і кляштараў, перавод каталікоў у праваслаўе, накладанне штрафаў на ксяндзоў і г. д.) і любыя захады па ўкараненні праваслаўя — адназначнае дабро. Пры гэтым станоўчае ў дзейнасці праваслаўнай царквы і ўстаноў адукацыі, у становішчы сялянства на беларуска-літоўскіх землях ён знаходзіць выключна пасля прыезду ў Вільню Мураўёва ў 1863 г. Сітуацыя да гэтага апісваецца ім у негатыўным святле — амаль як поўны матэрыяльны і духоўны заняпад. Як станоўчыя захады разглядаюцца закрыццё гімназій і землямерна-таксатарскіх вучылішчаў у некаторых гарадах, выключэнне вучняў і звальненне настаўнікаў (каталіцкага веравызнання, закрыццё касцёлаў і высылка ксяндзоў і г. д.). Звычайна заканчваюцца працы А.Мілавідава хвалебнымі пасажамі ў адрас Мураўёва, накшталт наступнага: "Калі ў выдадзеных пры ім (М.Мураўёве. — Д.М.) падручніках па гісторыі і геаграфіі вызначалася старажытная тэрыторыя заходне-рускага племені, высвятлялася гісторыя яго старажытнага засялення, культурны ўплыў народу на Літву, пакуты яго пад ярмом Польшчы, высвятляліся даўнасць і правы царквы праваслаўнай параўнальна з рымска-каталіцкай, і ўсё гэта грунтавалася на гістарычных неабвержных фактах і дакументальных дадзеных, то гэта была не прапаганда, а навука, чыстыя веды" 115 .
У цэлым ацэнкі М.Мураўёва ў літаратуры ў 1890— 1905 гг. істотна змясціліся ў бок станоўчасці. Аднак цалкам дасягнуць пастаўленай мэты — сфарміраваць выключна пазітыўны яго вобраз — і выцесніць з поля дыскусій сваіх апанентаў стваральнікам яго культу не ўдалося. Сярод часткі расійскіх інтэлектуалаў, не звязаных з Вільняй, яго асоба і дзейнасць па задушэнні паўстання працягвалі ацэньвацца крытычна. Яшчэ напярэдадні ўсталявання помніка адзін з найбольш актыўных прыхільнікаў праекта А.Уладзіміраў пісаў у 1896 г., што "<...> супраць помніка графу Мураўёву дзейнічае двайная варожая сіла — польскай злосці і рускай здрады, якія падалі адна адной рукі на згубу Расіі" 116 . Рэдакцыя санкт-пецярбургскага літаратурнага часопіса "Северный вестник" у 1897 г. у палеміцы з вышэйзгаданым Л.Ціхаміравым іранізавала над яго ўзнёслай хвалебнай рыторыкай і нелагічнасцю прыведзеных аргументаў 117 . Аднак найбольш адыёзнасці "мураўёўскай" кампаніі супрацьстаяў часопіс "Вестник Европы", які некалькі разоў выступаў з крытычнымі артыкуламі ў адрас стваральнікаў культу. Напрыклад, на выхад панегірыкаў да адкрыцця помніка ён адгукнуўся разгромным артыкулам, дзе падобную дзейнасць ацаніў глыбока негатыўна. Рыторыка ў адносінах да іх аўтараў гучала дастаткова вострая — "няўмераныя праслаўляльнікі гр. Мураўёва", "тэндэнцыйныя праслаўляльнікі" і г. д., а іх аргументы — "яўнае скажэнне ісціны", "бесцырымонныя адносіны да гістарычнай праўды", "у аднолькава хлуслівым святле выстаўляецца значэнне гр. Мураўёва як у знешняй, так і ва ўнутранай палітыцы Расіі", "тэндэнцыйныя перабольшванні", "фантасмагорыі", "паклёп", "хлусня і крывадушнасць" і да т. п. 118 . І ў цэлым ацэнка самога М.Мураўёва "Вестником Европы" была значна больш стрыманай і рэалістычнай, заснаванай на шматлікіх крыніцах. Хаця і сам часопіс за падобную пазіцыю трапляў пад крытыку, напрыклад, А.Вінаградава, які з’яўляўся сябрам Камітэта па стварэнні помніка і актыўным мураўёўскім "праслаўляльнікам" 119 .
У польскамоўнай грамадскасці Вільні і ўсяго Віленскага генерал-губернатарства спроба стварэння культу Мураўёва ўвогуле выклікала супрацьлеглую рэакцыю. На адкрыццё помніка Мураўёву яна адгукнулася сабатажам і контрагітацыяй, а сам помнік ператварыўся ў аб’ект пратэстных акцый. Апісанне адной з іх пакінула беларуская грамадская дзеячка Паўліна Мядзёлка: "Іду на Дварцовую плошчу ў шэры дом, што насупраць сквэру з помнікам Мурав’ёву-вешацелю. Каля помніка спацыруе ўзад і ўперад гарадавы. Я ўспомніла, што мне апавядалі аб гэтым помніку. Даўней не было тут гарадавога. Ён паявіўся пасля адной штукі, якую выкінула віленская моладзь. Набралі хлопцы ў бойні трыбухаў і кішок, ноччу абляпілі імі помнік з галавы да ног, а на пастамент вылілі некалькі бутэлек валерыянкі. Зляцеліся са ўсяго гораду сабакі да трыбухаў, а каты на пах валерыянкі. І што там тварылася ў падножжа помніка, можна сабе ўявіць! З таго часу гарадавы днём і ноччу сцеражэ гэты помнік" 120 . Напярэдадні, падчас і пасля адкрыцця помніка сярод віленчукоў распаўсюджваліся пракламацыі і адозвы "антымураўёўскага" зместу 121 . Вобраз помніка стаў цэнтральным адразу ў некалькіх карыкатурах (гл. іл. 2 і іл. 3).
У польскамоўнай гістарыяграфіі спроба стварэння культу прыцягнула, несумненна, увагу да Мураўёва, аднак ацэнкі яго былі абсалютна негатыўнымі. Пытанне пра змяненне адносінаў нават не паўставала перад польскімі гісторыкамі. Найбольш паказальнай будзе ў гэтым плане асоба публіцыста і гісторыка Валерыя Пшыбароўскага — рэдактара львоўскага часопіса "Kwartalnik Historyczny". У адной са сваіх кніг гэтага перыяду, прысвечанай паўстанню, "Гісторыі 1863 года", ён нават увёў асобны падраздзел "Мураўёў-вешальнік" 122 і апісваў М.Мураўёва наступным чынам: "Ён меў самую горшую рэпутацыю злодзея, рэакцыянера, пыхліўца падчас поспеху, які поўзае, як раб, падчас няшчасця, душы нікчэмнай і плюгавай. Партыя Заходнікаў шчыра яго ненавідзела за гультайства і мангольскія капрызы, Славянафілы пагарджалі ім, зрэшты, не маглі лічыць сваім, бо ён не меў на гэты конт ніякай дакладнай рэпутацыі, апрача адной, каб напоўніць уласную кішэню і задаволіць свае арыентальныя амбіцыі. Не меў сяброў, усе яго не цярпелі, а яго маленькая тоўстая фігура, нездарова налітая, пасаджаная на кароткія ножкі, з апухлым, хваравіташэрым тварам, з выражэннем бульдога і мангольска-маскоўскім тыпам, з тыгрынымі вочкамі, круглымі і бліскучымі, як у змяі, сваім выглядам выклікала агіду" 123 . І ўсе яго дзеянні апісваліся ў падобнай рыторыцы. Варта таксама згадаць яшчэ адну публікацыю В.Пшыбароўскага, дзе ім былі надрукаваныя пераклады тых частак мураўёўскіх "Нататак", якія не трапілі ў свой час у публікацыю ў часопісе "Русская старина" і ў якіх даюцца негатыўныя характарыстыкі брату імператара вялікаму князю Канстанціну (намесніку ў Царстве Польскім), міністрам, А.Патапаву і іншым саноўнікам 124 . Гэта менавіта тыя часткі, дзе Мураўёў выглядае асабліва радыкальным рэакцыянерам.
Літаральна праз некалькі тыдняў пасля адкрыцця помніка гісторык Браніслаў Лазінскі 3 снежня 1898 г. выступіў на пасяджэнні Гістарычнага таварыства ў Львове з дакладам, дзе змяшчаліся наступныя словы: "Усе кáты, як напрыклад, Мураўёў, былі славутымі баязліўцамі" 125 . У наступным годзе ён ужыў не менш негатыўны эпітэт — "новы Чангісхан, Мураўёў "Вешальнік" 126 .
Варта ізноў паўтарыць, што ацэнкі В.Пшыбароўскага і Б.Лазінскага — гэта толькі прыклады. Падобная пазіцыя характэрная для ўсёй тагачаснай польскай гістарыяграфіі і мемуарыстыкі паўстання.
Моцным ударам па кульце асобы Мураўёва сталі падзеі першай рускай рэвалюцыі 1905—1907 гг. і выданне 17 кастрычніка 1905 г. "Маніфеста аб удасканаленні дзяржаўнага парадку", якім сярод іншага уводзілася свабода сумлення і істотна змяншаўся кантроль за выданнем друкаванай прадукцыі ў імперыі. Гэта прывяло да таго, што ў расійскай гістарыяграфіі і палітычнай рыторыцы ацэнкі Мураўёва вярнуліся да разнастайнасці, і яго "праслаўляльнікі" перасталі дамінаваць настолькі выразна. Паказальная ў гэтым плане пазіцыя ліберала Васіля Сямеўскага, які пры публікацыі ў 1913 г. лістоў М.Мураўёва да міністра дзяржаўных маёмасцяў Аляксандра Зелянога забяспечыў іх аб’ёмнай прадмовай, дзе паспрабаваў даць ацэнку яго асобе і дзейнасці на пасадзе віленскага генерал-губернатара. Яго пазіцыя была значна больш крытычнай, шмат у чым падобнай да поглядаў яго брата Міхаіла, выдаўца мураўёўскіх "Нататак" у 1882—1883 гг., і князя Пятра Далгарукава — аднаго з першых рускіх аўтараў палітычных памфлетаў супраць Мураўёва. В.Сямеўскі маляваў яго як асобу вельмі прагматычную і з вялікай колькасцю маральных заганаў — "Разам з уладалюбствам іншымі выдатнымі рысамі яго характару былі цудоўнае працалюбства, брутальнасць і жорсткасць" 127 . Апрача гэтага, у віну Мураўёву ставілася незаконнасць шматлікіх дзеянняў і мерапрыемстваў, неабгрунтаваная лютасць у адносінах як да палонных паўстанцаў, так і да цывільнага насельніцтва.
Для паўнаты карціны неабходна яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што ў перыяд пасля 1905 г. прыхільнікі стварэння культу М.Мураўёва працягвалі сваю дзейнасць і мелі пэўныя станоўчыя вынікі на ніве гістарыяграфіі — напрыклад, падрыхтоўка і выданне А.Мілавідавым двух тамоў зборніка дакументаў па гісторыі паўстання 128 . Аднак паспяховасць іх дзеянняў на палітычнай арэне ўжо стала нашмат меншай, а рэакцыя на іх грамадскасці значна менш вострай: усё большыя пазіцыі ў палітычнай барацьбе заваёўвалі іншыя сілы — палітычныя партыі і нацыянальныя рухі, для якіх Мураўёў не з’яўляўся асабліва важнай постаццю для пабудовы ўласнай пазіцыі.
Сімвалічным роспісам Расійскай Імперыі ў паражэнні сваёй ідэалогіі на землях Беларусі і Літвы, як і ў спыненні развіцця найбольш рэакцыйнай — шавіністычна-клерыкальнай — плыні заходнерусізму ў расійскай гістарыяграфіі паўстання 1863—1864 гг., стаў дэмантаж помніка Мураўёву (помніка Кацярыне ІІ таксама), які быў праведзены ў 1915 г. расійскімі ўладамі падчас падрыхтоўкі Вільні да эвакуацыі перад акупацыяй яе нямецкімі войскамі.