Правядзенне НГА Беларусі ўрока «Мінск у канцы XVIII – пачатку XX стагоддзя» для навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій
12 верасня 2025 г. у рамках падпісанага паміж НГА Беларусі і установай адукацыі «Мінскі дзяржаўны каледж лічбавых тэхналогій» пагаднення аб супрацоўніцтве праведзена адукацыйнае мерапрыемства для навучэнцаў каледжа. Намеснік дырэктара НГА Беларусі па навуковай рабоце Сяргей Рындзін правёў для навучэнцаў каледжа ўрок на тэму «Мінск у канцы XVIII – пачатку XX стагоддзя». Тэма ўрока прысвечана Дню горада, які адзначаецца 13 верасня 2025 г.
Пры дапамозе прэзентацыі на занятку вучням паказаны карты і планы Мінска канца XVIII – першай паловы XIX стагоддзя (у тым ліку знакаміты план 1800 г. аўтарства Фёдара Крамера), чарцяжы і іншыя выявы знакавых мінскіх новабудоўляў другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя: гасцініцы «Еўропа», будынку вольнага пажарнага таварыства, дамоў Абрампольскага і Ліўшыца. Падчас урока С. Рындзін таксама распавёў аб установах кіравання, культурным жыцці ў горадзе, звярнуў увагу на шматканфесійны склад насельніцтва Мінска ў дадзены перыяд.
НГА Беларусі выказвае навучэнцам і педагагічнаму калектыву Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій (і асабіста дырэктару Георгію Уладзіміравічу Козелу) шчырую падзяку за гасцінны прыём і праяўленую вялікую цікавасць да дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
Намеснік дырэктара НГА Беларусі Сяргей Рындзін праводзіць занятак
Навучэнцы каледжа