Да 125-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры М.А. Багдановіча

ИзображениеБеларускі паэт, перакладчык, крытык, гісторык літаратуры Максім Адамавіч Багдановіч нарадзіўся ў Мінску 27(9 снежня) лістапада 1891 г. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892–96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896–1908) і Яраслаўлі (1908–16). Скончыў юрыдычны ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню пераехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губернскай харчовай камісіі. У лютым 1917 цяжка хворы на сухоты выехаў на лячэнне ў Ялту, дзе і памёр 12(25) мая 1917 г.

Творчасць Багдановіча развівалася ў атмасферы вострых сацыяльна-палітычных канфліктаў пачатку XX стагоддзя, яна прасякнута пафасам патрыятычнага служэння сацыяльнаму і нацыянальнаму вызваленню беларускага народа, ідэямі роўнасці і братэрства, гуманістычнымі ідэаламі. У сваёй паэзіі ён выказваў глыбокае і рознабаковае разуменне гісторыі беларускага народа, яго багатых дзяржаўна-палітычных і культурных традыцый (цыклы вершаў “Старая Беларусь”, “Старая спадчына”), якасна развіў і ўзбагаціў традыцыі народнасці і гістарызму ў новай беларускай літаратуры. Гістарычныя матывы гучаць у вершах “Безнадзейнасць”, “Летапісец”, “Перапісчык”, “Слуцкія ткачыхі”, у паэтычным цыкле “Места” (1911), паэме “Максім і Магдалена” і вершы “Агата” (абодва 1915). Водгукам на Першую сусветную вайну з’яўляюцца вершы “Ты доўга сядзела за сталом” (1914) і “Цёмнай ноччу лучына дагарала” (1915).

У літаратуразнаўчых і публіцыстычных творах Багдановіч зрабіў сістэматызаваны і комплексны агляд гісторыі беларускай літаратуры ад XII да пачатку ХХ стагоддзя ва ўзаемасувязі з агульнаславянскім і ўсееўрапейскім гісторыка-культурным кантэкстам. Ён паставіў і пачаў распрацоўваць шэраг метадалагічных і гістарыяграфічных пытанняў мінулага. Высока ацэньваў дзяржаўна-палітычны і духоўны набытак Вялікага Княства Літоўскага, узлёт беларускага пісьменства, яе культуры ў эпоху Адраджэння. Адзначыў супярэчлівую ролю ў гісторыі Беларусі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, іх прычыненне да заняпаду старабеларускай культуры, да асіміляцыі беларускага насельніцтва; станоўча ўспрымаў уніяцтва як альтэрнатыву дэнацыяналізацыі ў рэлігійным жыцці беларусаў. Распрацоўваў праблемы этнічнай кансалідацыі беларускага народа, яго нацыянальна-вызваленчага руху (артыкул “Беларускае адраджэнне”, “Беларусы”, “За сто гадоў”, “На беларускія тэмы”, “Аб гуманізме і неабачлівасці”, “Хто мы такія?”, накіды незавершаных прац “З барацьбы Полаччыны з Кіеўшчынай”, “Літоўская Пагоня”). Спрыяў замацаванню ў грамадскай думцы галоўных паняццяў, стасавальных да нацыянальнага развіцця: “Беларусь”, “беларускі народ”, “беларуская нацыя”, “Бацькаўшчына”, “беларуская мова”, “беларуская культура”, “беларуская інтэлігенцыя”, “нацыянальная дзяржава”, “нацыянальная свядомасць”, “нацыянальнае пачуццё”, “беларускі нацыянальны рух” і іншае. У артыкуле “Беларускае адраджэнне” (1915) даў перыядызацыю нацыянальна-вызваленчага руху на працягу XIX – пачатку XX стагоддзя.

ИзображениеДарэформенны этап, на думку Багдановіча, звязаны з ростам антыпрыгонніцкіх настрояў сярод часткі мясцовай шляхты і ажыўленнем лакальнага, “краёвага” патрыятызму, зараджэннем пераважна ў асяроддзі спаланізаванай інтэлігенцыі новай беларускай літаратуры (Я. Баршчэўскі, Я. Чачот, У. Сыракомля, А. Кіркор, А. Вярыга-Дарэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч). Паслярэформенны этап (пачатак 1860-х – 1890-я гады) адзначаны сацыяльна-палітычным выбухам падчас паўстання 1863–1864 гг., з’яўленнем беларускага нелегальнага друку (“Мужыцкая праўда” К. Каліноўскага), зараджэннем народніцка-сацыялістычнага руху (група “Гоман”), паглыбленнем навуковага вывучэння Беларусі, творчасцю Ф. Багушэвіча, які “бадай ці не першы стаў прапаведнікам усебаковага нацыянальнага адраджэння беларусаў, даводзячы, што яны прадстаўляюць асобны, самастойны народ” (Багдановіч М. Збор твораў. Мінск, 1968. Том 2. С. 229–230). Рэвалюцыя 1905–1907 знаменавала пачатак наступнага этапу ў нацыянальна-вызваленчым руху, яго якаснае паглыбленне і дынамізацію (дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады, выдавецкіх, грамадска-культурных суполак і гурткоў, газет “Наша доля”, “Наша ніва”, творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі, А. Гаруна, Ядвігіна Ш., Зм. Бядулі, К. Буйло, М. Гарэцкага і іншых). Багдановіч сфармуляваў канкрэтныя патрабаванні беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў кантэксце агульнай барацьбы за дэмакратычныя пераўтварэнні ў Расіі: самакіраванне для Беларусі ў форме “краёвай” аўтаноміі; скасаванне абмежаванняў у адносінах да беларускай мовы, увядзенне яе ў школьнае навучанне, дзяржаўныя ўстановы і царкоўна-рэлігійны ўжытак. Выключнае значэнне надаваў фарміраванню беларускай інтэлігенцыі, падкрэсліваў яе грамадскую і культуратворчую ролю (артыкул “Новая інтэлігенцыя”). Праводзіў ідэю адкрытасці беларускага народа, ўплыў яго культуры на сусветную цывілізацыю, вітаў станоўчы ўплыў на духоўнае жыццё Беларусі суседніх велікарускай і польскай культур, але засцерагаў пры гэтым ад абсалютызацыі ўплыву звонку, каб той “не меў сваёй высновай дэнацыяналізацыю беларускага народа” (Там жа. С. 346). У друкаваных працах, публічных выступленнях Багдановіч выявіў глыбокую дасведчанасць у нацыянальна-адраджэнцкіх рухах братніх славянскіх народаў: украінцаў, чэхаў, сербаў, чарнагорцаў, балгараў, славенцаў, лужыцкіх сербаў, кашубаў (артыкул “Галіцкая Русь”, “Чырвоная Русь”, “Браты-чэхі”, рэцэнзія на кнігу А.Л. Пагодзіна “Славянскі свет”), звярнуў увагу на недастатковасць гістарызму, разумення карэнных гістарычных праблем у паасобных тагачасных публікацыях па славяназнаўству.

Багдановічу пастаўлены помнікі ў Місхоры і Мінску, створаны літаратурныя музеі ў Мінску і Гродне, яго імем названы вуліцы ў Гродне і Мінску.

 

Каўка А.К. Багдановіч Максім Адамавіч. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мінск, 1993. Том 1. С. 271–272.

Авторы-составители: 
галоўны архівіст У.М. Дзянісаў
Год выставки: 
2016