Манюшкі герба «Крыўда»: дакументы па гісторыі роду з фонда «Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход» (да 200-годдзя з дня нараджэння беларускага і польскага кампазітара Станіслава Манюшкі)

Станіслаў Манюшка. Малюнак Ч.Манюшкі, 1840-х гадоў.Славуты кампазітар, дырыжор, педагог Станіслаў Манюшка нарадзіўся ў маёнтку Убель Ігуменскага павета Мінскай губерні ў сям’і Часлава Манюшкі і Альжбеты з Маджарскіх. 5 (17) мая 1819 года ён быў ахрышчаны ў Смілавіцкім рымска-каталіцкім касцёле, аб чым захаваўся адпаведны запіс у касцёльнай метрычнай кнізе. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Першыя ўрокі музыкі яму давала маці, якая добра іграла на фартэпіяна. У 1827 годзе сям’я будучага кампазітара перасялілася ў Варшаву, дзе Станіслаў пачаў сур’ёзна займацца музыкай. У 1830 годзе сям’я Манюшкаў пераехала ў Мінск, дзе Станіслаў паступіў у Мінскую мужчынскую гімназію і адначасова ў музычную школу Дамініка Стэфановіча. У 1837 годзе Станіслаў Манюшка паехаў у Берлін, дзе да 1840 года навучаўся кампазіцыі і ўдасканальваў дырыжорскае мастацтва ў Карла Фрыдрыха Рунгенхагена. У 1840 годзе Станіслаў Манюшка пераехаў у Вільню, дзе ажаніўся з Аляксандрай Мюллер. У Вільні ён служыў арганістам пры касцёле Св. Янаў, даваў урокі фартэп’яна і кампазіцыі, быў дырыжорам гарадскога тэатра.

У 1840—1850-я гады Манюшка пастаянна бываў у Мінску, дзе жылі яго бацькі, актыўна ўдзельнічаў у культурным і музычным жыцці горада. Менавіта з Мінскам была звязана стварэнне першых яго вадэвіляў, музычных камедый і камічных опер. У 1841 годзе ў Мінску была пастаўлена камічная опера на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, музыку да якой напісаў Манюшка ў суаўтарстве з мінскім музыкантам Канстанцінам Крыжаноўскім. У 1852 годзе ў Мінску адбылася прэм’ера першай беларускай нацыянальнай оперы “Ідылія” (“Сялянка”), лібрэта да якой таксама напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, а музыка таксама была створана Манюшкам у суаўтарстве з Канстанцінам Крыжаноўскім.

У 1858 годзе Станіслаў Манюшка перасяліўся ў Варшаву, дзе да 1872 года працаваў дырэктарам і галоўным дырыжорам Варшаўскага Вялікага опернага тэатра, а таксама прафесарам Варшаўскага музычнага інстытута. Манюшка лічыцца стваральнікам польскай нацыянальнай класічнай оперы, класікам польскай і беларускай вакальнай лірыкі. Сусветную вядомасць прынеслі яму оперы “Галька”, “Страшны двор”, “Парыя” і інш.

4 чэрвеня 1872 года Станіслаў Манюшка ва ўзросце 53 гадоў раптоўна памёр у Варшаве ад сардэчнага прыступа. Ён быў пахаваны на знакамітых варшаўскіх Павонскаўскіх могілках.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захавалася вялікая колькасць дакументальных матэрыялаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Станіслава Манюшкі, а таксама яго продкаў і сваякоў. Асобную цікавасць прадстаўляюць дакументы архіўнага фонду “Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход” па гісторыі радаводу Манюшкаў.

Надзвычай шмат цікавай і малавядомай інфармацыі па генеалогіі роду Манюшкаў ўтрымлівае фонд 319 Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі «Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход».

Убельская сядзіба дзе нарадзіўся Станіслаў Манюшка.  Дрэварыт  Ф.Сыпнеўскага.  1872 г. Tygodnik ilustrowany, 1872, Nr. 234У XVI – першай палове XVIII ст. род Манюшкаў герба «Крыўда» належаў да ваколічнай шляхты. Яго прадстаўнікі пражывалі ў Бранскім павеце Падляшскага ваяводства Каралеўства Польскага і валодалі землямі ў ваколіцах Вялікія Манюшкі, Клявянка і Смагароўка. Павелічэнне значэння роду прыпадае на XVIII ст. У матэрыялах, якія падаваліся родам падчас «разбору шляхты» і ў далейшым сталі падставай для апісання гісторыі фаміліі ў генеалагічнай літаратуры[1], сцвярджаецца, што першым яе прадстаўніком, які дасягнуў істотных пасад, быў прадзед кампазітара Станіслава Манюшкі – Юзаф, які займаў урад бельскага падчашага. Аднак незалежнымі крыніцамі гэтыя звесткі не пацвярджаюцца[2]. Так ці інакш, безумоўным стваральнікам магутнасці роду быў сын Юзафа вайсковы суддзя Станіслаў Манюшка, які ў канцы 80-х гг. XVIII ст. разам з яшчэ адным падляшскім шляхціцам Францішкам Оштарпам набыў у князя Міхала Казіміра Агінскага Смілавіцкае графства. Пачаткі яго кар’еры родавая легенда звязвала з нешчаслівымі сямейнымі абставінамі – нібыта з-за канфлікту з мачыхай юны Станіслаў пакінуў роднае Падляшша і выехаў у Вялікае Княства Літоўскае, дзе служыў пры дварах буйных паноў (у тым ліку, быў падкамісарам у маёнтках гетмана ВКЛ і віленскага ваяводы князя Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбанькі») і нядоўга займаўся адвакацкай практыкай[3].

Вядомы таксама некаторыя абставіны позняга перыяду яго жыцця. Ужо пасля набыцця Смілавічаў (якія і сталі галоўнай рэзідэнцыяй Манюшкаў на Міншчыне, іншая частка Смілавіцкага графства – Дукора – адышла да Оштарпаў) Станіслаў Манюшка працягваў актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці позняй Рэчы Паспалітай. Так, у 1792 г. разам з тым жа Францішкам Оштарпам ён быў уцягнуты ў канфлікт з расійскай ваеннай адміністрацыяй падчас дзеянняў Таргавіцкай канфедэрацыі[4].

У справе аб дваранскім паходжанні роду Манюшкаў падзеі XVI–XVIII стст. адлюстраваны лапідарна, дакументаў за гэты перыяд не маецца. Пасля зацвярджэння Герольдыяй Сената ў 1832 г. Манюшкі, як і ўсе легітыманаваныя роды, атрымалі права забраць з дваранскага сходу ўсе прадстаўленыя сямейныя дакументы, гэтай магчымасцю яны і скарысталіся.Праектная прапанова па аднаўленні Убельскай сядзібы Манюшкаў. Архітэктар Ул. Зелянкевіч. 1993 г.

Усе раннія звесткі па гісторыі Манюшкаў паходзяць з дзвюх пастаноў аб прызнанні ў дваранскай годнасці – ад 1802 і 1832 гг.

У першай з іх – вывадзе ад 18 снежня 1802 г. – згадваюцца непасрэдна ўладальнік маёнтка Смілавічы Станіслаў Юзафавіч і яго браты Андрэй, Адам, Дамінік, Тадэвуш, а таксама некаторыя з іх сыноў (у тым ліку бацька кампазітара Станіслава – Часлаў). Больш звестак утрымлівае наступная пастанова ад 17 чэрвеня 1832 г. Яна ўяўляе сабой прызнанне ў дваранстве (далучэнне да роду) пляменнікаў Станіслава Юзафавіча – Антонія, Рыгора і Адама Андрэевічаў, Валентага і Караля Адамавічаў, а таксама яго ўнука – Станіслава Часлававіча.

Дастаткова падрабязна ў справе аб дваранскім паходжанні прадстаўлены звесткі пра пакаленне бацькі Станіслава – Часлава. Занатавана інфармацыя пра яго братоў – мінскага павятовага маршалка, актыўнага прыхільніка Напалеона падчас вайны 1812 г. Ігната, маёра напалеонаўскай арміі і вядомага філантропа Дамініка, барысаўскага павятовага харужага Юзафа, ганаровага наглядчыка ігуменскага павятовага вучылішча ў Лядах і мецэната Казіміра, камер-юнкера расійскага імператарскага двара Аляксандра. У дачыненні да Часлава ў справе аб дваранскім паходжанні пазначана дата яго хрышчэння (20 ліпеня 1790 г.), адзначана яго служба ў напалеонаўскай арміі (у чыне капітана) і ўзнагароджанне расійскім ордэнам Св. Яна Іерусалімскага. Звесткі пра Часлава (а таксама яго братоў Юзафа і Дамініка) дапаўняюцца спісамі аб службе, якія таксама маюцца ў фондзе 319.

Станіслаў Манюшка пасля вяртання з Берліна. Малюнак Ч.Манюшкі. 1838 г.Наступнае пакаленне Манюшкаў не было шматлікім – з яго мужчынскіх прадстаўнікоў у справе адзначаны толькі Станіслаў Часлававіч, а таксама два яго траюрадныя браты Данат і Канстанцін Адамавічы (унукі Андрэя Юзафавіча), якія мелі маёнткі ў Барысаўскім павеце. На Станіслава ў справе маецца метрычны выпіс аб яго нараджэнні 5 мая 1819 г. у фальварку Убель Ігуменскага павета і хрышчэнні ў Смілавіцкім касцёле (як сына Часлава Манюшкі і прадстаўніцы роду стваральнікаў знакамітай Слуцкай персіярні Альжбеты Маджарскай). Апрача таго, справа ўтрымлівае метрычныя выпісы на сыноў Станіслава (народжаных у шлюбе з Аляксандрай Мюлер) – Станіслава-Язафата, Баляслава-Яна-Калікста, Яна-Антонія-Часлава, згадваюцца яго дочкі Ядвіга, Аляксандра і Альжбета.

На дадзенай віртуальнай выставе мы прапануем азнаёміцца з апісаннем і лічбавымі копіямі дакументаў па гісторыі роду, якія ўтрымлівае фонд  «Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход». Многія дакументы прадстаўлены ўвазе шырокай грамадскасці ўпершыню.


[1] Zychliński, T. Złota księga szlachty polskiej. – T. 30. – Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1908. – S. 104–107 (як адзначана ў самім тэксце, на падставе матэрыялаў вядомага мастака і этнографа Альфрэда Ізідора Ромера); Uruski, S. Rodzina. – T. 11. – Warszawa: Gebethner i Wolff, 1914. – S. 235–236.

[2] Ніводзін Манюшка не згаданы сярод падляшскіх ураднікаў (у тым ліку бельскіх падчашых) у адмысловым сучасным даведніку (Urzędnicy podlascy XIV–XVIII wieku. Spisy. – Kórnik: Biblioteka kórnicka, 1994. – S. 45–47).

[3] Walicki, A. Stanisław Moniuszko. – Warszawa: Gebethner i Wolff, 1873. – S. 3–7; żychliński, T. Złota księga szlachty polskiej. – T. 30. – Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1908. – S. 105.

[4] Аніпяркоў, В. В. Паміж супрацоўніцтвам і канфліктамі: расійскія войскі і прарасійскія канфедэраты на беларускіх землях Рэчы Паспалітай у 1792–1793 гадах // Вестник Полоцкого государственного университета. – Серия A: Гуманитарные науки. – 2015. – № 1. – С. 44–53.

 

Авторы-составители: 
Я.С. Глінскі, У.М. Дзянісаў
Год выставки: 
2019