Фонды архіва

Апісанне ўсіх фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Фондавым каталозе дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь.

Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 3 148 фондаў, 23 калекцыі мікрафотакопій, 1 023 512 адзінак захоўвання

Храналагічны перыяд: з ХIV да пачатку XX стст., метрычныя кнігі – да пачатку 50-х гг. XX ст.

Тэрытарыяльны ахоп:

Аршанскі, Ашмянскі, Браслаўскі, Брэсцкі, Віцебскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Лідскі, Мінскі, Мазырскі, Навагрудскі, Пінскі, Рэчыцкі, Слонімскі паветы, Мсціслаўскае і Полацкае ваяводствы Вялікага Княства Літоўскага, Падляшскае ваяводства Каралеўства Польскага

Беларуская, Віцебская, Магілёўская, Мінская і Полацкая губерні Расійскай імперыі

Асноўны комплекс дакументаў НГАБ складаецца з дзвюх частак:

Па ўсёй тэрыторыі Беларусі (у сучасных межах) – дакументы за ХIV – канец ХVIII ст.

Па тэрыторыях Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерні Расійскай імперыі – дакументы канца ХVIII – пачатку XX ст.

Заўвага: дакументы (большая частка) па Ашмянскім, Вілейскім, Дзісенскім, Лідскім і Свянцянскім паветах Віленскай губерні (да пачатку XX ст.) знаходзяцца на захоўванні ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літвы па адрасе: вул. Міндаўго, 8, г. Вільнюс, 03107, Літва, а па Гродзенскай губерні – у Нацыянальнам гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна па адрасе: вул. Гаспадарчая, 21, г. Гродна, 230005, Беларусь).

Асноўны комплекс дакументаў НГАБ, якія ўтрымліваюць звесткі генеалагічнага характару, уключае наступныя рэгіёны Беларусі:

  • па ўсёй тэрыторыі Беларусі (у яе гістарычных межах) – дакументы ХVI – канца ХVIII ст.
  • па Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях – дакументы канца ХVIII – пачатку XX ст.
  • па Ашмянскім, Вілейскім, Дзісенскім і Свянцянскім паветах Віленскай губерні (у межах сучаснай Мінскай вобласці) – дакументы канца ХIХ –- пачатку XX стст.

Склад фондаў

Фонды Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі сфарміраваны з дакументаў, якія раней захоўваліся ў архівах судовых устаноў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, а пасля ўключэння тэрыторыі Беларусі ў склад Расійскай імперыі – у палатах грамадзянскіх судоў, архіўных магістратаў, ратушаў, павятовых судоў і прыватных асобаў, у Віленскім архіве старажытных актаў і Віцебскім архіве старажытных актавых кніг.

У архіве зберагаюцца ўнікальныя помнікі нацыянальнай культуры. Гэта дакументы аб палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і культурнай гісторыі беларускага народу. Найбольш раннія з іх – арыгінальныя пергаментныя акты XIV–XVII стст., якія напісаны на старабеларускай, старапольскай і лацінскай мовах і ўяўляюць сабой прывілеі і даравальныя лісты вялікіх князёў літоўскіх, польскіх каралёў, дакументы дыпламатычнага і ўнутрыдзяржаўнага характару. Сярод гэтых дакументаў: пацвярджальны прывілей князёў Фёдара і Канстанціна Карыятавічаў ад 20 чэрвеня 1391 г. пану Грынку на горад Сакалец за верную службу; ліст пінскага і клецкага князя Фёдара Іванавіча Яраславіча і яго жонкі Алены ад 20 красавіка 1511 г. баярыну Фёдару Пятровічу Шчэпе на землі ў маёнтку Паўлікоўшчына каля горада Клецка; прадажны ліст ад 4 чэрвеня 1626 г. ад князя Мікалая Чартарыйскага слонімскаму маршалку Аляксандру Палубінскаму на маёнтак Глуск (пад тэкстам сярод іншых подпіс аднаго з продкаў Фёдара Дастаеўскага); прывілеі на Магдэбургскае права гарадам Нясвіжу (1586 г.), Мазыру (1680 г.) і інш.

Асаблівую каштоўнасць уяўляюць: універсал Багдана Хмяльніцкага ад 7 мая 1656 г. аб наданні купцам г. Слуцка права вольнага гандлю на тэрыторыі Украіны; актавая кніга Драгічынскага земскага суда 1416–1444 гг., актавыя матэрыялы магістратаў; гродскіх, земскіх, каптуровых, падкаморскіх, кампрамісарскіх, канфедэрацкіх і іншых судоў, кароннага трыбунала Рэчы Паспалітай; Галоўнага, скарбовага трыбуналаў Вялікага Княства Літоўскага; Віцебскага езуіцкага калегіўма.

Важнай крыніцай па гісторыі беларускай вёскі XVI – першай паловы XIX ст. з’яўляюцца інвентары памешчыцкіх і дзяржаўных маёнткаў.

У архіве захоўваюцца дакументы губернскіх канцылярый, губернскіх праўленняў, канцылярый грамадзянскіх губернатараў, гарадскіх дум і ўпраў, губернскіх будаўнічых камісій, губернскіх па фабрычных і горназаводскіх справах прысутнасцей, губернскіх камітэтаў для разгляду і складання інвентароў памешчыцкіх маёнткаў.

Сярод дакументаў архіва – фамільныя фонды князёў Радзівілаў, Друцкіх-Любецкіх, Любамірскіх, Паскевіча-Эрыванскага, графаў Плятэраў-Зібергаў, Румянцава-Задунайскага і інш.

У архіве маюцца фонды ўстаноў народнай асветы, аховы здароўя, культурна-асветніцкіх і рэлігійных устаноў, грамадскіх і дабрачынных арганізацый, якія змяшчаюць дакументы аб адкрыцці Віцебскага, Магілёўскага, Мінскага настаўніцкіх інстытутаў, Горацкіх сельскагаспадарчых навучальных устаноў, Бабруйскай, Гомельскай, Полацкай, Рагачоўскай настаўніцкіх семінарый, мужчынскіх і жаночых гімназій, рэальных вучылішчаў; аб будаўніцтве, адкрыцці і дзейнасці бальніц, аптэк, бібліятэк, Мінскага гарадскога тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы); аб стварэнні Беларускага вольнага эканамічнага таварыства, мінскіх таварыстваў урачоў, прыгожых мастацтваў, апекі над жывёламі, губернскіх апякунстваў дзіцячых прытулкаў і г.д.

Дзякуючы дакументам архіва, якія змяшчаюць звесткі па архітэктурных пабудовах, распрацавана праектная дакументацыя па аднаўленні помнікаў архітэктуры (Сафійскага сабору ў Полацку, замка ў Міры, палаца Агінскага ў Залессі, гістарычных цэнтраў Брэста, Віцебска, Мінска, Магілёва, Заслаўя, Нясвіжа, Полацка, Навагрудка), а таксама разнастайных жылых дамоў, прамысловых будынкаў.

У архіве маюцца дакументы аб будаўніцтве і закрыцці Мінскага кафедральнага сабору, цэркваў, касцёлаў, манастыроў, сінагог Беларусі, інвентарныя апісанні іх маёмасці.

Маюцца у архіве і дакументы, якія датычацца выхадца з Беларусі Андрэя Тадевуша Банавентуры Касцюшкі (1746–1817 гг.) – змагара за свабоду народаў Паўночна-Амерыканскіх Штатаў і Ўсходняй Еўропы, кіраўніка паўстання 1794 г. у Польшчы, Беларусі і Літве.

У фондах архіва адклаліся дакументы, што датычацца вядомых палітычных дзеячаў, навукоўцаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў (К. Лышчынскага, Ф. Дзяржынскага, У. Ігнатоўскага, А. Міцкевіча, М. Багдановіча, Я. Коласа, Я. Купалы, М. Лынькова, В. Ваньковіча, І. Хруцкага, І. Рэпіна, М. Шагала, М. Агінскага, С. Манюшкі, М. Глінкі і інш.).

Захаваліся дакументы па гісторыі войнаў: Паўночнай (1700–1721 гг.), Айчыннай 1812 г., Руска-турэцкай (1877–1878 гг.), Руска-японскай (1904–1905 гг.), Першай сусветнай (1914–1918гг.), а таксама аб паўстанні дзекабрыстаў 1825 г. і аб рэвалюцыйных падзеях 1905 і 1917 гг.

Вялікая колькасць архіўных матэрыялаў прысвечана нацыянальна-вызваленчаму, рабочаму і аграрнаму руху ў Беларусі, у прыватнасці, маюцца дакументы аб адным з найбуйнейшых паўстанняў беларускіх сялян у Крычаўскім старостве у 1743–1744 гг. пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы; справы, якія распавядаюць аб фарміраванні і баявых дзеяннях паўстанцкіх атрадаў падчас паўстанняў 1830–1831 гг., 1863–1864 гг., арыштах, вобшуках, пакараннях іх удзельнікаў, пратаколы допытаў, спісы ўдзельнікаў паўстанняў і інш.

У архіве захоўваюцца дакументы аб сямейных і роднасных сувязях (па генеалогіі сямей, гісторыі і геральдыцы шляхецкіх родаў); дакументы аб нараджэнні, шлюбе, смерці жыхароў Беларусі і замежных грамадзян, якія вядуць паходжанне з тэрыторыі былых Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай губерняў.