Апякун навукі і мастацтваў: выстава, прысвечаная графу М.П. Румянцаву (1754–1826)
Мікалай Пятровіч Румянцаў (1754–1826), выдатны дзяржаўны дзеяч, канцлер Расійскай дзяржавы, першы старшыня Дзяржаўнага Савета, мецэнат, апякун навукі і мастацтваў. М.П. Румянцаў унёс значны ўклад у фарміраванне Гомеля як еўрапейскага горада ў пачатку XIX стагоддзя. Нарадзіўся 3 (14) красавіка 1754 г. у сям'і рускага палкаводца і ваеннага тэарэтыка, генерал-фельдмаршала Пятра Румянцава-Задунайскага і Кацярыны Румянцавай (у дзявоцтве Галіцынай). У сям'і быў сярэднім сынам, меў таксама старэйшага брата Міхаіла і малодшага – Сяргея.
Мікалай Пятровіч Румянцаў. Партрэт пэндзля Джорджа Доу
Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. З ранніх гадоў быў запісаны ў лейб-гвардыі Конны полк, затым пераведзены ў Сямёнаўскі полк, у 1769 годзе стаў прапаршчыкам, у 1772 годзе атрымаў званне камер-юнкера. У 1774–1776 гадах здзейсніў падарожжа па шэрагу еўрапейскіх краін, слухаў лекцыі ў Лейдэнскім універсітэце.
У 1781–1795 гадах знаходзіўся на дыпламатычнай службе ў Франкфурце-на-Майне, у 1793–1795 гадах быў прадстаўніком расійскай імператрыцы Кацярыны II пры будучым французскім каралі Людовіку XVIII.
Пасля вяртання ў Расію ў 1795 годзе атрымаў прызначэнне ў камісію для абмеркавання пытання аб змене курсу расійскай меднай манеты, выконваў абавязкі служачага ў дэпартаменце Сената, дзяржаўным Пазыковым банку. Пры Паўле I займаў пасады генерал-пракурора і галоўнага папячыцеля Дапаможнага Банка, стаў сенатарам.
З узыходжаннем на прастол Аляксандра I пачынаецца новы віток кар'еры М.П. Румянцава. У 1801 годзе граф уведзены ў склад Дзяржаўнага савета, атрымаў пасаду міністра водных шляхоў зносін. У наступным годзе, захаваўшы ранейшы пост, ён стаў міністрам камерцыі і ўвайшоў у бліжэйшае асяроддзе Аляксандра I. Пад кіраўніцтвам М.П. Румянцава абодва міністэрствы разгарнулі энергічную дзейнасць. Было ажыццёўлена будаўніцтва шэрагу каналаў і дарог, праведзена расчыстка Буга, Заходняй Дзвіны, Нёмана і іншых важных водных артэрый, пачалася распрацоўка новага мытнага тарыфу, які прадугледжваў, у прыватнасці, свабоду вывазу і абмежаванне ўвозу хлеба, пераабсталяваны парты ў Рызе і Адэсе, стала выходзіць газета «Санкт-Петербургские коммерческие ведомости».
У 1808–1814 гадах М.П. Румянцаў узначальваў Міністэрства замежных спраў. На гэтай пасадзе Мікалай Пятровіч імкнуўся да ўрэгулявання адносін паміж Расіяй і Францыяй дыпламатычнымі сродкамі, аднак ўварванне Напалеона ў Расію ў 1812 годзе звяло на нішто гэтыя намаганні. У 1813 годзе граф падаў прашэнне аб адстаўцы.
Нароўні з шматбаковай дзяржаўнай дзейнасцю М.П. Румянцаў вядомы як калекцыянер, мецэнат, апякун навукоўцаў.
У галіне геаграфіі граф цікавіўся пошукамі марскога шляху з Атлантычнага ў Індыйскі і Ціхі акіяны. У 1803 годзе ён прыняў удзел у падрыхтоўцы першага рускага кругасветнага падарожжа І.Ф. Крузенштерна і Ю.Ф. Лісянскага. У 1815–1818 гадах граф рыхтуе экспедыцыі О.Я. Кацэбу на караблі «Рурык» для адкрыцця і асваення паўночна-усходняга марскога шляху праз Паўночны Ледавіты акіян.
М.П. Румянцаў захапляўся калекцыянаваннем старажытнасцяў: старадрукаваных і рукапісных кніг, манет, археалагічных прадметаў, твораў мастацтва. Сваю найбуйнейшую ў Расіі калекцыю граф завяшчаў дзяржаве. Пасля смерці ў Санкт-Пецярбургу ў яго доме на Ангельскай набярэжнай быў адкрыты музей.
Пасля выхаду Румянцава ў адстаўку, вакол яго склалася нефармальнае аб'яднанне гісторыкаў, археографаў і філолагаў колькасцю звыш 200 чалавек, якое дзейнічала ў 1813–1826 гадах. Сучаснікі называлі іх «Румянцаўскім кружком» або «Румянцаўскай акадэміяй». Дзейнасцю гуртка граф кіраваў, як правіла, шляхам перапіскі. У адпаведнасці з яго заданнямі члены гуртка ажыццяўлялі пошук і капіраванне гістарычных крыніц для іх публікацыі, выданне прац па гісторыі, здзяйснялі пакупкі рукапісаў, старадрукаваных кніг, манет. У гуртку працавалі М.М. Бантыш-Каменскі, А.Х. Вастокаў, І.І. Грыгаровіч, мітрапаліт Яўген (Балхавіцінаў), К.Ф. Калайдовіч, П.І. Кеппен, І.М. Лабойка, М.П. Строеў і інш. У 1824 годзе Румянцаў прафінансаваў падрыхтаванае святаром Іванам Грыгаровічам з Прапойска (у цяперашні час – Слаўгарад Магілёўскай вобласці) выданне «Белорусский архив древних грамот».
Адным з накірункаў дзейнасці М.П. Румянцава стала добраўпарадкаванне горада Гомеля. Пасля смерці бацькі ў 1796 годзе ён атрымаў у спадчыну Гомельскі маёнтак і разгарнуў тут шырокамаштабныя будаўнічыя работы. У цэнтры горада была ўладкавана плошча, ад якой прамянямі разышліся тры галоўныя вуліцы: Прабойная (у цяперашні час – Савецкая), Садовая (у цяперашні час – праспект Леніна), Фельдмаршальская (у цяперашні час – Пралетарская). Быў узведзены велічны Петрапаўлаўскі сабор і мноства грамадскіх будынкаў у стылі класіцызму, у тым ліку гасціны двор, аптэка, ратуша, бальніца, ланкастэрская школа. У 1800–1805 гадах праводзіліся перапланіроўка і рэканструкцыя графскай рэзідэнцыі –Гомельскага палаца, які цяпер з'яўляецца галоўнай славутасцю горада Гомеля.
Сучасны выгляд палаца Румянцавых і Паскевічаў і помнік графу М.П. Румянцаву
Па ініцыятыве графа ў Гомелі адкрываліся навучальныя ўстановы. У 1797 годзе – гімназія, дзе атрымлівалі «самые элементарные сведения в русском языке, счисления и каллиграфии». Праз некалькі гадоў гімназія была ператворана ў духоўнае вучылішча. У Гомелі пачала дзейнічаць ланкастэрская школа, дзе кожны з выхаванцаў павінен быў потым навучыць асновам граматы дзвух іншых выхаванцаў. Гэтую сістэму навучання распрацаваў англійскі педагог Джозэф Ланкастэр.
Ліст кіраўніка Гомельскім маёнткам А.Ф. Дзярабіна графу М.П. Румянцаву аб адкрыцці ланкастэрскай школы і будаўніцтве шклянога завода ў г. Гомелі. 1818 год
У сваёй эканамічнай дзейнасці М.П. Румянцаў ўлічваў замежны вопыт, запрашаў замежных спецыялістаў, увозіў сыравіну, насенне і новыя пароды жывёлы. Граф імкнуўся захаваць і тэхнічна ўдасканаліць традыцыйныя для Беларусі галіны вытворчасці, напрыклад, вінакурэнне.
М.П. Румянцаў памёр 3 (16) студзеня 1826 г. у Санкт-Пецярбургу. Па яго завяшчанні пахаваны ў Гомелі ў Петрапаўлаўскім саборы. Над яго магілай узвялі пастамент з чорнага мармуру, на якім бронзавы бюст канцлера стаяў побач з бронзавай фігурай анёла свету з пальмавай галіной у руцэ. На пастаменце былі высечаны наступныя словы: «Воздал Божия – Богови, Кесарево – Кесарю, Отечеству – любовию и жертвами». У студзені 2026 года спаўняецца 200 гадоў з дня смерці гэтага выдатнага апякуна навукі і мастацтваў.
У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захаваліся дакументы, звязаныя з гісторыяй Гомельскага маёнтка, які належаў графам Румянцавым і Паскевічам. На выставе дэманструюцца дакументы за 1776–1820-я гады, сярод якіх адказная кніга на Гомельскі маёнтак 1776 года, перапіска аб адкрыцці ў г. Гомелі навучальных устаноў, першай аптэкі, план Гомельскага замка.
Крыніцы:
Василенко, Н.П. Румянцев, Николай Петрович // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. – СПб., 1899. – Т. XXVII. – С. 286.
Магидович, В.И., Магидович, И.П. Очерки по истории географических открытий. – М.: Просвещение, 1985. – Т. 4.
Майков, П.М. Румянцов, Николай Петрович // Русский биографический словарь : в 25 томах. – Петроград, 1918. – Т. 17: Романова – Рясовский. – С. 493–521.
Морозов, В.Ф. Гомель классический. Эпоха. Меценаты. Архитектура. – Минск: Четыре четверти, 1997.
НИАБ. – Ф. 3014. – Оп. 1. – Д. 44. Переписка с экономами о покупке хлеба, об открытии аптеки в м. Гомеле и др. вопросам. 1818.
НИАБ. – Ф. 3014. – Оп. 1. – Д. 45. Переписка с главноуправляющим об открытии ланкастерской школы, о постройке стекольного завода, о постройке моста и др. вопросам. 1818.









