Iнфармацыя аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі і Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь

У рамках супрацоўніцтва паміж Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі і Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь быў рэалізаваны першы этап праекта па сумесным выкарыстанні дакументальнай спадчыны.

У выніку работнікамі НГА Беларусі быў апрацаваны і алічбаваны комплекс дакументаў Слуцкага Трайчанскага Свята-Траецкага манастыра са збораў музея.

У XVII–XIX стст. Слуцкі Трайчанскі Свята-Траецкі манастыр з’яўляўся надзвычай важным адміністрацыйным цэнтрам праваслаўнай царквы. Пэўны час ён выконваў функцыі рэзідэнцыі слуцкіх архімандрытаў, юрысдыкцыі якіх падлягалі праваслаўныя цэрквы ўсяго Слуцкага княства, а таксама храмы на працяглай тэрыторыі – ад Лідскага да Мазырскага паветаў. У сувязі з гэтым пры манастыры зберагаўся багацейшы архіў.

Пасля закрыцця манастыра ў 1920-я гг. яго архіў быў расцярушаны па многіх сховішчах. Вялікая частка трапіла ў Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці ў аддзел дарэвалюцыйных фондаў. У 1963 г. пасля пераводу Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР з Магілёва ў Мінск і перадачы сюды дакументаў дарэвалюцыйных фондаў Дзяржархіва Мінскай вобласці быў сфарміраваны асобны фонд пад назвай «Слуцкі Траецкі мужчынскі манастыр». На цяперашні момант фонд 95 «Слуцкі Траецкі мужчынскі манастыр» захоўваецца ў НГА Беларусі і складаецца са 169 спраў за 1747–1914 гг.

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь захавалася найбольш старажытная частка манастырскіх дакументаў. На сённяшні дзень агульны аб’ём часткі архіва, якая захоўваецца ў музеі, налічвае 935 дакументаў за 1517–1837 гг.

Сярод найбольш цікавых дакументаў арыгіналы прывілеяў каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх Жыгімонта ІІІ і Уладзіслава IV Вазаў праваслаўным цэрквам на тэрыторыі Мазырскага, Мінскага, Навагрудскага, Пінскага і Рэчыцкага паветаў, дэкрэты духоўнага суда Слуцкай архімандрыі па розных справах, прыватная перапіска настаяцеляў Слуцкага Трайчанскага манастыра і іншыя. Вялікую мастацкую каштоўнасць мае пергаментны арыгінал фундушовага ліста жыхара г. Слуцка Іаана Скачкевіча Слуцкай саборнай царкве Праабражэння Гасподняга, слуцкаму пратапопу Іаану Бакачычу і ўсяму брацтву на 1000 злотых і царкоўнаму шпіталю на 60 злотых штогод, напісаны ў Слуцку 5 ліпеня 1649 г.

Лічбавыя копіі дакументаў у хуткім часе будуць даступныя карыстальнікам у чытальнай зале архіва.

Изображение
Слуцк, Трайчаны. Акварэль Н. Орды, 1864 г.

Изображение
Фундушавы ліст жыхара горада Слуцка Іаана Скачкевіча Слуцкай саборнай царкве Праабражэння Гасподняга, слуцкаму пратапопу Іаану Бакачычу і ўсяму брацтву на 1000 злотых і на 60 злотых штогод. 5 ліпеня 1649 г.