Ад Усебеларускага з’езда да Беларускай Народнай Рэспублікі: грамадска-палітычнае жыццё Мінска ў 1917—1918 гг. (Частка 4)

ИзображениеЗ пачаткам Першай сусветнай вайны 1914—1918 гг. Мінск паступова ператвараецца ў галоўны цэнтр беларускага нацыянальнага руху. У выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у, якая прывяла да звяржэння манархіі, на тэрыторыі былой Расійскай імперыі ўсталяваўся адзін з самых дэмакратычных на той час рэжымаў. У сакавіку 1917 г. у Мінску адбыўся з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, быў створаны орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху — Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Р. Скірмунтам. У ліпені 1917 г. была сфарміравана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый, якая пазней рэарганізавана ў Вялікую Беларускую Раду. Пачалі выходзіць перыядычныя выданні на беларускай мове, першай з якіх у маі 1917 г. стала газета “Вольная Беларусь”. Вынікам дзейнасці новых палітычных арганізацый стала правядзенне ў Мінску Усебеларускага з’езда, які праходзіў 5—18 (18—31) снежня 1917 г. На гэтым з’ездзе сабраліся прадстаўнікі самых розных палітычных сіл з усіх беларускіх зямель, у тым ліку з тэрыторый, акупаваных германскай арміяй. З’езд быў разагнаны ўзброенымі сіламі Савета Народных Камісараў Заходнай вобласці і фронту, а яго прэзідыум арыштаваны. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, Рада з’езда працягвала сваю дзейнасць.Изображение У выніку быў сфарміраваны Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда, які стаў правобразам урада Беларусі. Пасля ўцёкаў з Мінска 19 лютага 1918 г. Аблвыкамзаха і Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту у сувязі з наступленнем германскай арміі, Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда стаў легальным органам улады. 20 лютага 1918 г. Выканкам Рады выдаў 1-ю Устаўную грамату да народаў Беларусі, паводле якой ён абвяшчаўся найвышэйшай часовай уладай і сфарміраваў урад — Народны Сакратарыят Беларусі. 9 сакавіка 1918 г. Выканкам выдаў 2-ю Устаўную грамату да народаў Беларусі, якая абвясціла стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, а 18 сакавіка 1918 г. Рада Усебеларускага з’езда была рэарганізавана ў Раду БНР. 25 сакавіка 1918 г. Рада БНР прыняла 3-ю Устаўную грамату, паводле якой Беларусь была абвешчана незалежнай і вольнай дзяржавай.

Изображение

У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захоўваюцца дакументы, звязаныя з гэтымі гістарычнымі падзеямі. Значную ролю ў грамадска-палітычным жыцці Мінска ў 1917—1918 гг. адыгралі органы мясцовага самакіравання, у першую чаргу Мінская гарадская дума. Пасля выбараў ў ліпені 1917 г. новага складу гласных гарадской думы, якія прайшлі паводле дэмакратычных прынцыпаў, у яе склад упершыню трапілі прадстаўнікі беларускіх нацыянальных партый і арганізацый. Сярод гласных думы трэба адзначыць Л. Заяц-Зайцава, Я. Лёсіка, А. Смоліча і інш., а таксама ветэрана беларускага нацыянальнага руху А. Уласава. На працягу свайго існавання Мінская гарадская дума была адной з самых дэмакратычных устаноў у горадзе. Пасля разгону Усебеларускага з’езда яна адзінадушна выступіла з пратэстам і асудзіла гэту падзею. У 1918 г. дума падтрымала як 1-ю так і 2-ю Устаўныя граматы Выканаўчага камітэта Усебеларускага з’езда і накіравала ў склад Рады БНР 10 сваіх прадстаўнікоў, а таксама прыняла рашэнне аб выдзяленні 10 тысяч рублёў на падтрымку Рады. У канцы красавіка 1918 г. Мінская гарадская дума вырашыла адклікаць сваіх прадстаўнікоў з Рады БНР, а таксама спыніць далейшую выплату асігнаваных Радзе сродкаў. У маі 1918 г. дзейнасць Мінскай гарадской думы была спынена германскімі акупацыйнымі ўладамі, замест яе быў створаны Мінскі гарадскі магістрат.

 

Літ.: Рудовіч С. Минская гарадская дума і праблема самавызначэння Беларусі (1917—1918 гг.). // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі ( да 940-годдзя горада) : Мат-лы Міжнар. навук.-практ. канф. (Мінск, 7-9 верасня 2007 г.). Мн., 2008. С. 326—333.

Аўтары-складальнікі: 
Галоўны архівіст - загадчык сектара выставачнай дзейнасці У.М.Дзянісаў
Год выставы: 
2018