Да 900-годдзя першай згадкі ў пісьмовых крыніцах горада Слуцка

ИзображениеСлуцк з’яўляецца адным з найстарэйшых беларускіх гарадоў і мае своеасаблівую і вельмі адметную ад іншых паселішчаў нашай краіны гісторыю. Летапісны Случэск упершыню ўпамінаецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 1116 г., як адзін з гарадоў Тураўскай зямлі. З 1160 г. Слуцк стаў цэнтрам удзельнага Слуцкага княства. Пачынаючы з 1320–1330-х гг., ён знаходзіцца ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. З 1395 г. Слуцк належаў князю Уладзіміру Альгердавічу і яго нашчадкам князям Алелькавічам, а ў 1612–1695 гг. і 1744–1832 гг. – Радзівілам. У 1832 г. уладальнікам горада стаў князь Людвіг Леан Вітгенштэйн, а з красавіка 1847 г. Слуцк перайшоў у дзяржаўную ўласнасць.

ИзображениеУ XV ст. гэта быў ужо буйны феадальны горад, меў Верхні, Ніжні і Новы замкі. У 1433 г. ён стаў цэнтрам выступлення беларускіх феадалаў супраць вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча. У 1441 г. гораду было нададзена абмежаванае самакіраванне паводле магдэбургскага права. У пачатку XVI ст. у выніку нападаў крымскіх татар Слуцк быў разбураны і заселены новапасяленцамі, князі фактычна скасавалі самакіраванне. З 1507 г. Слуцк увайшоў у склад Навагрудскага павета, меў замкавы суд, апалчэнне. З 1586 г. у горадзе дзейнічалі праваслаўнае брацтва пры Праабражэнскім манастыры, з XVII ст. – Успенскае брацтва. У 1593 г. у Слуцку налічвалася каля 7 тысяч жыхароў і каля 1100 двароў. У 1595 г. горад быў захоплены казакамі Севярына Налівайкі.

У 1630–1640 гг., дзякуючы намаганням князя Багуслава Радзівіла, Слуцк быў ператвораны ў горад-крэпасць. У горадзе было некалькі праваслаўных цэркваў і манастыроў, лютэранскі і кальвінскі зборы, а таксама каталіцкі касцёл. Пры княжацкім двары вёўся Слуцкі летапіс, мелася бібліятэка, на падставе кніг і летапісу якой напісаў сваю “Хроніку” Мацей Стрыйкоўскі. У час казацка-сялянскай вайны 1648–1651 гг. у жніўні 1648 г. Слуцк вытрымаў аблогу атрада палкоўніка  Сакалоўскага.

27 жніўня 1652 г. Слуцку зноў нададзена магдэбургскае права (герб “Пагоньчык”), якое ў час вайны з Маскоўскай дзяржавай было ўведзена часткова, а канчаткова Изображениеўсталявана толькі 9 верасня 1700 г. У пачатку XVІІІ ст. у горадзе працавала школа пры Праабражэнскім праваслаўным брацтве, з 1617 г. кальвінісцкая школа, з 1624 г. Слуцкая гімназія, школы для гараджан, з 1707 г. Слуцкі езуіцкі калегіум і інш. З 1672 г. дзейнічала Слуцкая друкарня.

У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Слуцк паспяхова вытрымаў штурм расійскіх і казацкіх войскаў. Багдан Хмяльніцкі 7 мая 1656 г. выдаў універсал, які гарантаваў недатыкальнасць гораду, а слуцкім купцам – вольны гандаль на Украіне. У 1683 г. Слуцк налічваў каля 9 тысяч жыхароў, тут працавала 16 рамесных цэхаў, 4 аб’яднанні (без правоў цэха), рамеснікі складалі больш за палову жыхароў, у 1777 г. дзейнічалі 18 цэхаў (гарбарны, кравецкі, шавецкі, кавальскі, ткацкі, слясарны, рымарскі, кушнерскі, ганчарны, панчошны, піваварны, сталярны і інш.), папяровая фабрыка, існавала купецкая карпарацыя. У 1730–1740-х гг. узніклі суконная і палатняная мануфактуры. У пачатку 1760-х гг. уладальнікам горада Міхалам Казімірам Радзівілам Рыбанькам заснавана мануфактура шаўковых паясоў.

ИзображениеУ час Паўночнай вайны 1700–1721 гг. Слуцк быў заняты з 1705–1706 гг. рускімі войскамі, у 1706 і 1708 гг. шведскімі, у 1711 г. зноў рускімі. У 1715–1736 гг. тут працавалі тэатры пры езуіцкім калегіуме, у 1751–1760 гг. Слуцкі тэатр Гераніма Фларыяна Радзівіла. У 1785 г. у Слуцку знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага епіскапа Віктара Садкоўскага і была адчынена праваслаўная духоўная семінарыя.

Да канца XVІІІ ст. Слуцк паступова страчвае сваё эканамічнае значэнне, скарачаецца колькасць насельніцтва да 5,5 тысяч чалавек. З 1791 г. горад стаў цэнтрам Случарэцкага павета Навагрудскага ваяводства. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. увайшоў у склад Расійскай імперыі, з 1795 па 1924 гг. ён быў цэнтрам Слуцкага павета Мінскай губерні.

З XV да канца XVIII ст. Слуцк з’яўляўся цэнтрам адной з найбуйнейшых зямельных латыфундый у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай – Слуцкага княства. Эканамічная і палітычная магутнасць яго ўладальнікаў дазваляла ім адчуваць пэўную самастойнасць ад цэнтральнай улады. Таму насуперак канфесійнай палітыцы Рэчы Паспалітай, скіраванай найперш на падтрымку рымска-каталіцкай царквы, Слуцк пад пратэкцыяй князёў Алелькавічаў і Радзівілаў зрабіўся буйнейшым цэнтрам праваслаўя і пратэстантызму на беларуска-літоўскіх землях. Гэта абумовіла спецыфіку культурнага развіцця горада. Акрамя таго, уласнікі Слуцка прыкладалі значныя намаганні для яго эканамічнага і культурнага развіцця, што спрыяла хуткаму росту паселішча. Таму ў XV–XVIII ст. Слуцк стаў адным з буйнейшых гарадоў ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Сіла і заможнасць горада адбілася ў актыўным фартыфікацыйным будаўніцтве ў згаданы перыяд. У выніку Слуцк ператварыўся ў наймагутнейшы горад-крэпасць і пакінуў значны след у ваеннай і палітычнай гісторыі. Пасля ўваходжання ў склад Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст., дзякуючы багатай гістарычнай і культурнай спадчыне, Слуцк працягваў захоўваць сваю адметнасць.

ИзображениеУ цяперашні час мала што нагадвае аб былым росквіце горада. Прычына гэтага найперш у тым, што ў самім Слуцку захавалася зусім няшмат помнікаў, якія б сведчылі аб яго глыбокай гісторыі. Яшчэ ў 1909 г. даследчык слуцкай мінуўшчыны Андрэй Снітка пісаў, што “кожная царква ў Слуцку ўяўляе сабой цэлы музей даволі каштоўных прадметаў царкоўных старажытнасцей”. Але пераважна драўляная забудова горада моцна пацярпела ў час бурлівых падзей XX ст. Многія драўляныя будынкі былі спалены, а мураваныя пашкоджаны і затым не аднаўляліся. Таму з сямі драўляных цэркваў і званіц, якія былі ўзяты пад ахову дзяржавы ў 1926 г., да цяперашняга часу захавалася ўсяго адна. Акрамя таго, у другой палове XX ст. з-за непрадуманай горадабудаўнічай палітыкі былі амаль цалкам знішчаны рэшткі земляных умацаванняў XVII–XVIII ст.ст.

Нягледзячы на неспрыяльныя для захавання культурнага ландшафту абставіны, да нашага часу дайшоў цэлы комплекс сапраўды ўнікальных візуальных крыніц, якія ў літаральным сэнсе дазваляюць убачыць стары Слуцк. Гаворка ідзе пра планы горада і яго частак. Пры гэтым у параўнанні з многімі іншымі паселішчамі Беларусі Слуцку неверагодна пашанцавала, бо ў архівах і бібліятэках розных краін захавалася значная колькасць планаў горада сярэдзіны XVII – пачатку ХХ ст. Разам з тым у архівасховішчах захоўваецца значны масіў пісьмовых крыніц па гісторыі Слуцка. Аднак у адрозненне ад іх планы, як іканаграфічныя крыніцы, даступны для ўспрымання і вывучэння не толькі спецыялістам–гісторыкам, але і шырокаму колу зацікаўленых людзей. Гэта робіць іх важнейшым сродкам для папулярызацыі гісторыі горада.

На сённяшні дзень планы Слуцка раскіданы па архівах розных краін, у тым ліку ў Беларусі, Польшчы, Расіі, Германіі і Літве. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца найбольш значная колькасць планаў Слуцка і яго частак, а так сама іншыя графічныя матэрыялы па гісторыі горада. Сярод іх самы ранні план Слуцка сярэдзіны XVII ст. аўтарства Януша Радзівіла. Найбольш значная частка графічных матэрыялаў сканцэнтравана ў архіўных фондах “Мінская губернская чарцёжная”, “Мінская палата грамадзянскага суда”, “Радзівілы, князі”, “Тапаграфічныя карты і планы вёсак, сёлаў і маёнткаў Мінскай губерні” і інш.

 

Літ.: Грыцкевіч А.П. Слуцк. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мн., 2001. С. 345–347; Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мн., 2006. С. 589–590.

Аўтар-складальнік: 
старшы навуковы супрацоўнік М.А. Волкаў, галоўны архівіст У.М. Дзянісаў
Год выставы: 
2016