Правядзенне ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі мерапрыемстваў, прымеркаванных да Міжнароднага дня абароны дзяцей
1 чэрвеня 2024 г. ў Рэспубліцы Беларусь быў адзначаны Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэта вялікае свята, якое заклікана прыцягнуць увагу людзей да праблем, з якімі сутыкаюцца дзеці на ўсёй планеце.
3 чэрвеня 2024 г. на сходзе калектыву дырэктар архіва Міхаіл Глушакоў павіншаваў калег з міжнародным святам. Намеснік дырэктара Наталія Булойчык азнаёміла супрацоўнікаў з гісторыяй свята і асноўнымі накірункамі аховы і абароны дзяцей ў Беларусі. Загадчык аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Сяргей Рындзін выступіў з дакладам «Сістэма дзіцячага догляду на тэрыторыі Беларусі на мяжы XIX–XX стст.», у якім разгледжаны асноўныя тыпы дабрачынных устаноў па аказанні дапамогі дзецям.
Да мерапрыемства падрыхтавана выстава дакументаў XIX–пачатку ХХ ст., у якіх адлюстравана гісторыя ўзнікнення і развіцця сістэмы сацыяльнай работы з дзяцьмі ў беларускіх губернях. Складальнік выставы, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і фондаў Уладзімір Дзянісаў падрабязна распавёў аб прадстаўленых на выставе дакументах.
Выставу агледзелі супрацоўнікі НГА Беларусі і Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы.