«Абрысы розныя» : малюнкі і чарцяжы гетмана Януша Радзівіла
Кніга ўтрымлівае каштоўныя звесткі пра адну з самых знакавых і супярэчлівых асоб беларускай гісторыі XVII ст. – Януша Радзівіла, якому выпала быць гетманам Вялікага Княства Літоўскага ў адзін з найбольш складаных перыядаў яго гісторыі, напоўнены бясконцымі паўстаннямі і войнамі. Асноўным прадметам увагі ў кнізе з’яўляецца калекцыя малюнкаў і чарцяжоў, якая захавалася ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
У аб’ёмным суправаджальным тэксце падрабязна раскрываецца сутнасць апублікаванага збору, паказваецца яго ўнікальнасць ва ўсім усходнееўрапейскім рэгіёне. Кніга напоўнена вялікай колькасцю ілюстрацый, якія паходзяць з самых розных крыніц і дазваляюць лепей зразумець эпоху, калі былі створаны малюнкі і чарцяжы. Для зручнасці карыстання кніга забяспечана багатым каментатарскім апаратам і ітынерарыем (дзённікам пераездаў) Януша Радзівіла.
Кніга – вынік некалькіх гадоў карпатлівай працы. Яе асноўны аб’ём выкананы старшым навуковым супрацоўнікам аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Мікалаем Волкавым, якому ў напісанні тэксту дапамагаў магістр гісторыі Кірыл Карлюк.
Падрыхтоўка і выданне кнігі здзейснена ў партнёрстве з выдавецтвам «Беларусь».