Аб падпісанні Пагаднення аб супрацоўніцтве з Прэзідэнцкай бібліятэкай імя Б.М.Ельцына

28 мая 2021 г. адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі і Прэзідэнцкай бібліятэкай імя Б.М.Ельцына (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя).

Прэзідэнцкая бібліятэка імя Б.М.Ельцына – электронная бібліятэка, у якой сабраны лічбавыя копіі кніг, рукапісаў і архіўных дакументаў па гісторыі Расіі і расійскай дзяржаўнасці. Значную частку фондаў складаюць лічбавыя копіі дакументаў Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва (г. Санкт-Пецярбург) і Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі (г. Масква). Асаблівую цікавасць для беларускіх даследчыкаў уяўляюць дакументы аб асабовым складзе чыноўніцтва заходніх губерняў Расійскай імперыі канца XVIII – пачатку XX ст., аб выкупе зямлі сялянамі ў маёнтках Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губерняў другой паловы ХІХ ст., дакументы аб перасяленні ва ўнутраныя расійскія губерні, а таксама фотаздымкі і планы беларускіх гарадоў і многае іншае.

У межах Пагаднення на базе Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі створаны цэнтр аддаленага доступу да фондаў бібліятэкі. Матэрыялы будуць выкарыстаны архівам пры распрацоўцы планавых навуковых тэм «Чыноўнікі беларускіх губерняў перыяду Расійскай імперыі (1772–1917)», «Генеалогія і геральдыка шляхецкіх родаў Беларусі», «Грамадска-палітычны рух у Беларусі (1772–1917)».

Відэа мерапрыемства можна паглядзець па спасылцы.